Існавала ў Віцебску ў 1870—1917. Засн. на базе Марыінскай жаночай школы (з 1863). Утрымлівалася на сродкі грамадскіх арг-цый, органаў гар. самакіравання і дабрачынныя ахвяраванні. Прымалі пераважна дачок дваран, чыноўнікаў, святароў (у 1900 было 413 навучэнак). Тэрмін навучання 7 гадоў. Выкладаліся Закон Божы, рус. мова і славеснасць, гісторыя, геаграфія, матэматыка, фізіка, франц. і ням. мовы, дамаводства, чыстапісанне, рукадзелле, маляванне, спевы, танцы. Выпускніцы не мелі права на паступленне ва ун-т з-за скарочанага аб’ёму выкладання ў гімназіі дакладных і прыродазнаўчых навук. Той, хто жадаў, мог скончыць дадатковы 8-ы (педагагічны) клас (выкладалася педагогіка, методыка навучання ў пач. класах, праводзілася пед. практыка ў пач. школах) і атрымаць атэстат настаўніцы пач. класаў. Штогод гімназія выпускала 80 чал. За гады існавання падрыхтавана каля 3 тыс. вучаніц, у т. л. 1 тыс. настаўніц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПЕНСА́ЦЫЯ (ад лац. compensatio ураўнаважванне, замена) у біялогіі, 1) рэакцыя арганізма на парушэнне яго жыццядзейнасці, пры якой здаровыя органы і сістэмы бяруць на сябе функцыю пашкоджаных структур. Напр., замяшчальная гіперфункцыя здаровай ныркі пасля выдалення ці выключэння хворай — вырашальны фактар выдзялення прадуктаў абмену з арганізма; кампенсатарная гіперфункцыя сэрца пры яго пароках ці пры гіпертаніі забяспечвае нармальнае паступленне крыві да тканак. Працяглая замяшчальная гіперфункцыя суправаджаецца гіпертрафіяй органа, які працуе інтэнсіўна, і можа выклікаць яго знясіленне. К. функцый — адзін з механізмаў гамеастазу.
2) Аднаўленне нармальнага развіцця арганізма пасля яго парушэння на адной з папярэдніх стадый. Напр., пры недастатковым харчаванні маладых лічынак насякомых зніжаецца іх рост, што можа кампенсавацца ўзмоцненым харчаваннем і паскарэннем росту на наступных стадыях іх развіцця. К. наз. таксама працэсы ў філагенезе, звязаныя з функцыян. замяшчэннем аднаго органа (яго часткі) інш. органам (яго часткай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАВУ́ЗЕЛ,
комплекс гідратэхнічных збудаванняў, тэрытарыяльна аб’яднаных для агульнага нар.-гасп. выкарыстання. Будуюцца на рэках, азёрах, каналах, вадасховішчах і сажалках, у прыбярэжных зонах мораў.
Гідравузлы бываюць: энергетычныя (для пераўтварэння воднай энергіі ў электрычную), воднатранспартныя (для паляпшэння ўмоў суднаходства і лесасплаву), водазаборныя (забяспечваюць паступленне вады для арашэння, водазабеспячэння, рыбнай гаспадаркі і інш.), вадасховішчныя (рэгулююць сцёк), комплексныя (напр., транспартна-энергетычна-водазаборныя); напорныя (плацінныя) і безнапорныя (бесплацінныя); нізканапорныя (напор, або рознасць узроўняў вады верхняга і ніжняга б’ефаў, не перавышае 10 м), сярэдненапорныя (напор 10—40 м) і высоканапорныя (больш за 40 м). Для Беларусі характэрныя нізка- і сярэдненапорныя (да 15 м) Гідравузлы — вадасховішчныя плацінныя і рачныя (а таксама на каналах) пераважна бесплацінныя вадазаборныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СОНЕЧНАЯ РАДЫЯЦЫЯ.
Найважнейшай энергет. крыніцай фарміравання клімату з’яўляецца сонечная радыяцыя. Яна вызначае інтэнсіўнасць развіцця фіз.-геагр. працэсаў, што адбываюцца ў геаграфічнай абалонцы. Колькасць радыяцыі вызначаецца становішчам Беларусі паміж 56° і 51°паўн. ш., залежыць ад вышыні сонца над гарызонтам у розныя сезоны года, працягласці дня і воблачнасці. Працягласць дня залежыць ад шыраты месца і па-рознаму змяняецца на працягу года. Зімой працягласць дня ў напрамку з Пд на Пн памяншаецца, а летам, наадварот, павялічваецца. У дні раўнадзенстваў (21 сакавіка і 23 верасня) вышыня сонца роўная 90° — 23,5°. Гадавыя велічыні сумарнай радыяцыі на тэр. Беларусі складаюць 3500 МДж/м² на Пн і 4100 МДж/м² на Пд (85—97 ккал/см²). У напрамку на Пд гэтая велічыня паступова павялічваецца. У ліпені — самым цёплым месяцы — сумарная радыяцыя прыкладна ў 9 разоў большая, чым у самым халодным месяцы — студзені. Летам пераважае прамая сонечная радыяцыя (складае 50—52% ад сумарнай), зімой — рассеяная радыяцыя (складае 70—80% ад сумарнай). Гадавыя сумы рассеянай радыяцыі змяняюцца ў межах ад 2100 МДж/м² на Пд да 1900 МДж/м² на Пн. Моцным фактарам, што ўплывае на паступленне сонечнай радыяцыі, з’яўляецца воблачнасць. Ад воблачнасці залежыць велічыня прамой радыяцыі. У пахмурнае надвор’е яе паступленне зусім прыпыняецца, аднак рассеяная радыяцыя пры гэтым павялічваецца. Так, у Мінску прамая радыяцыя складае 38% ад той колькасці, якая магчыма пры бязвоблачным небе. Воблачнасць абумоўлівае павелічэнне рассеянай радыяцыі і з’яўляецца істотным фактарам міжгадавых ваганняў сонечнай радыяцыі. За інструментальны перыяд назіранняў у асобныя гады мінім. сумы прамой, рассеянай і сумарнай радыяцыі ў Мінску складалі адпаведна 1175, 1824, 3000 МДж/м², а макс. — 2204, 2275 і 4174 МДж/м². Воблачнасць вызначае працягласць сонечнага ззяння. Сярэдняя гадавая працягласць сонечнага ззяння змяняецца ад 1750 гадзін на Пн да 1870 гадзін на Пд, што складае 40% ад магчымага пры адсутнасці воблакаў. У астатні час сонца закрыта воблакамі і да зямлі прыходзіць толькі рассеяная радыяцыя. Максімум працягласці сонечнага ззяння назіраецца ў чэрвені (265—290 гадзін), мінімум — у снежні (25—30 гадзін). На цёплае паўгоддзе прыпадае каля 80% гадавой працягласці сонечнага ззяння. Частка сумарнай радыяцыі, якая спажываецца зялёнымі раслінамі на фотасінтэз, і з’яўляецца фотасінтэтычнаактыўнай радыяцыяй (ФАР). Гадавая сума ФАР на Беларусі змяняецца ад 1900 МДж/м² на Пн да 2200 МДж/м² на Пд. Доля спажывання ФАР для фотасінтэзу невялікая. Звычайныя аграфітацэнозы засвойваюць усяго 1% яе, а найбольш прадуктыўныя — 4—5%. Радыяцыйны баланс на ўсёй тэр. краіны дадатны. У сярэднім за год ён складае 1500—1800 МДж/м², паступова нарастаючы з ПнУ на ПдЗ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЗА́ТАР,
прыстасаванне для адмервання (дазіравання) зададзеных масы або аб’ёму вадкіх ці сыпкіх матэрыялаў. Бываюць вагавыя (адмерваюць па масе) і аб’ёмныя (па аб’ёме), перыядычнага (дыскрэтнага) і бесперапыннага дзеяння, адна- і шматкампанентныя (з паслядоўным дазіраваннем некалькіх матэрыялаў), з ручным і аўтам. кіраваннем.
Д. перыяд. дзеяння звычайна маюць бункерную кампаноўку, выкарыстоўваюцца ў тэхнал. працэсах з верт. размяшчэннем абсталявання. Д. бесперапыннага дзеяння — бункернага і стужачнага тыпаў, выкарыстоўваюцца ў працэсах з гарыз. размяшчэннем абсталявання і канвеерным транспартаваннем матэрыялаў. Аб’ёмныя і аб’ёмна-вагавыя Д. робяць у выглядзе карэтачнай, стужачнай, пласціністай або вібрацыйнай сістэмы (напр., у асфальтазмешвальных устаноўках). Д. выкарыстоўваюць у вытв-сці буд. матэрыялаў, у металургіі, хім., харч. і фармацэўтычнай прам-сці, на транспарце, у гандлі і інш.
І.І.Леановіч.
Схемы дазатараў: а — аб’ёмнага (1 — мерная пасудзіна, 2 — матэрыял, які дазіруецца; 3 — адсякальнік, што закрывае мерную пасудзіну і знімае лішкі матэрыялу); б — вагавага (1 — засаўка, якая прадухіляе паступленне матэрыялу на стужку да запаўнення мернай ёмістасці 2, 3 — транспарцёр); в — штучнага (1 — бункер, 2 — загатоўкі, 3 — адсякальныя штыфты, 4 — фотаэлемент, 5 — лічыльнік загатовак, 6 — крыніца святла).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБРУ́ДЖВАННЕ НАВАКО́ЛБНАГА АСЯРО́ДДЗЯ,
паступленне ў асяроддзе рэчываў, біял. агентаў або розных відаў энергіі ў колькасці, якая перавышае звычайны ўзровень. Аказвае шкодны ўплыў на існаванне жывых арганізмаў і парушае прыродную дынамічную раўнавагу. Вылучаюць прыроднае і забруджванне антрапагеннае, з якімі звязаны забруджванне атмасферы, забруджванне вод, забруджванне глеб. Прыроднае забруджванне звязана з натуральнымі працэсамі (напр., у выніку вулканічнай дзейнасці); бывае часовае, пастаяннае, лакальнае, рэгіянальнае і глабальнае. Рост антрапагеннага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе — эканам., сац., паліт. і прыродазнаўча-навук. праблемы. Барацьба з З.н.а. патрабуе заканадаўчага забеспячэння, кантролю велічынь гранічна дапушчальных канцэнтрацый шкодных рэчываў, грунтуецца на пастаянным павышэнні агульнай, тэхнал., экалагічнай культуры насельніцтва, стварэнні экалагічна бяспечных сістэм гасп. дзейнасці, узвядзенні ачышчальных збудаванняў і інш. (гл. таксама Ахова прыроды, Экалогія). На Беларусі на 1.1.1996 намнажэнне адходаў складала 619 млн.т, за год утвараецца да 20 млн.т (у прам-сці да 80%, у быт. сектары да 20%). Гал. доўгатэрміновай экалагічнай праблемай з’яўляецца радыеактыўнае З.н.а. пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986, якая ахапіла каля 23% тэр. рэспублікі (па цэзіі-137).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНЫ КРУГАВАРО́Т,
паступленнехім. элементаў з глебы, вады і атмасферы ў жывыя арганізмы, ператварэнне іх у новыя складаныя злучэнні і вяртанне зноў у глебу, ваду, атмасферу. Штогод частка арган. рэчыва або поўнасцю адмерлыя арганізмы выходзяць з цыкла і акумулююцца ў зямной кары. Біялагічны кругаварот узнік адначасова з паяўленнем жыцця на Зямлі і з’яўляецца бесперапынным цыклічным працэсам размеркавання рэчываў, энергіі і інфармацыі ў межах экалагічных сістэм. Аснова біялагічнага кругавароту — утварэнне ў працэсе фотасінтэзу першаснай прадукцыі (расліннай), ператварэнне яе ў другасную (у прыватнасці, жывёльную) і яе распад. Актыўны рух арган. рэчыва ў экалагічных сістэмах ажыццяўляецца па трафічных ланцугах. Асн. роля ў біялагічным кругавароце належыць першасным прадуцэнтам (зялёныя кветкавыя расліны, мікраскапічныя планктонныя водарасці, хемасінтэзуючыя мікраарганізмы), кансументам (жывёлы) і рэдуцэнтам (сапрафітныя арганізмы, пераважна бактэрыі). Біямаса арганізмаў розных трафічных узроўняў у межах трафічных ланцугоў неаднолькавая; яна вышэй на ўзроўні прадуцэнтаў і змяншаецца на меры прасоўвання да кансументаў вышэйшага парадку. Найб. значэнне мае біялагічны кругаварот так званых біяфільных (неабходных для жыцця) элементаў — азоту, фосфару, серы. Існуюць таксама кругавароты кіслароду, вадароду, вугляроду і інш.хім. элементаў, якія складаюць частку агульнага біялагічнага кругавароту, што цесна ўвязаны з біягеахімічным кругаваротам рэчываў. Інтэнсіўнасць біялагічнага кругавароту вызначае колькасць і разнастайнасць жывых арганізмаў, аб’ём назапашанай арган. прадукцыі, якая можа быць выкарыстана для задавальнення патрэб чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫ РЭЖЫ́М РАСЛІ́Н,
працэс водаабмену паміж раслінамі і навакольным асяроддзем, неабходны для падтрымання іх жыццядзейнасці; частка агульнага абмену рэчываў. Вызначаецца і ажыццяўляецца ў адпаведнасці з генетычна замацаванымі асаблівасцямі ўнутр. будовы і функцыямі раслін (анатама-марфал. структура, відавая і сартавая спецыфіка фізіял. функцый) і знешнімі экалагічнымі ўмовамі (вільготнасць і т-ра глебы і паветра, рэльеф, уласцівасці глебы і інш.). Складаецца з паслядоўных і цесна звязаных працэсаў паступлення вады ў карані раслін з глебы, падымання яе па каранях і сцёблах у лісце і інш. органы, выпарэння лішняй вады лісцем у атмасферу (транспірацыі). Паступленне, перамяшчэнне і выпарэнне вады ў раслінным арганізме складаюць яго водны баланс (суадносіны паміж колькасцю вады, якую расліна атрымлівае і якую траціць за адзін прамежак часу). У розныя гадзіны сутак, а таксама перыяды вегетацыі гэтыя суадносіны неаднолькавыя. Нястача і лішак вады адмоўна адбіваюцца на росце і развіцці раслін. Нармальны стан вышэйшых раслін характарызуецца наяўнасцю невял. воднага дэфіцыту (5—6% ад поўнай вільгаценасычанасці клетак), якому адпавядае найб. высокая інтэнсіўнасць фотасінтэзу. Паводле ўмоў увільгатнення (напр., воднага рэжыму глебы) і прыстасаванняў да яго вылучаюць экалагічныя групы раслін: гідрафіты, гіграфіты, мезафіты, ксерафіты, сукуленты. Водны рэжым раслін уплывае на біял. прадукцыйнасць, колькасць і якасць ураджаю с.-г. раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБРУ́ДЖВАННЕ АТМАСФЕ́РЫ,
працэс змены складу атмасферы ў выніку паступлення ў яе забруджвальнікаў (аэразолей, газаў, цвёрдых часцінак і інш.). Негатыўна ўздзейнічае на жывыя арганізмы, прыносіць шкоду матэрыяльным каштоўнасцям. Адрозніваюць прыроднае (натуральнае) З.а. і забруджванне антрапагеннае. Крыніцы натуральнага З.а. — касмічны пыл, дзейнасць вулканаў, ветравая эрозія глебы, выветрыванне горных парод, зрэдку масавае цвіценне раслін і інш. У атмасферы дамешкі размяркоўваюцца нераўнамерна, у залежнасці ад размяшчэння крыніц забруджвання, метэаралагічных, тапаграфічных і інш. фактараў; маюць значэнне і мясц.атм. працэсы і трансгранічны перанос забруджвальнікаў. Антрапагеннае З.а. абумоўлена інтэнсіўнымі выкідамі і фіз. ўздзеяннямі на атмасферу розных галін гасп. дзейнасці чалавека; асн. забруджвальнікі: аксіды азоту, серы, вугляроду і інш. газападобныя злучэнні, пыл, аэразолі, вуглевадароды. Штогод у атмасферу выкідваецца каля 20 млрд.т вуглякіслага газу CO2, 700 млн.тінш. злучэнняў; тэхнагеннае паступленне CO2 складае каля 150 млн.т.
Канцэнтрацыя забруджвальнікаў паветра ў гарадах большая, чым у аддаленых населеных месцах. Непасрэдна з З.а. звязана ўзнікненне смогу ў буйных гарадах. Да асн. крытэрыяў якасці паветра належаць гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі для населеных месцаў (стандарты якасці паветра). Для аздараўлення павет. басейна ўдасканальваюць тэхналогіі вытв. працэсаў, спосабы газаачысткі, пыла- і попелаўлоўнікаў, герметызацыю абсталявання, удасканальваюць спосабы спальвання паліва, цвёрдае і вадкае паліва замяняюць прыродным газам, ствараюць больш дасканалыя трансп. рухавікі і інш. Барацьба з З.а. — вядучая задача аховы атмасферы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАТВО́Р,
1) рухомая канструкцыя, якая цалкам або часткова перакрывае адтуліну і дае магчымасць рэгуляваць паступленне праз яе вадкасці, газу і інш. З. ў гідратэхнічных збудаваннях робяцца з металу, жалезабетону, дрэва; бываюць паверхневыя і глыбінныя; плоскія, сегментныя, шандорныя, вальцовыя, сектарныя, дыскавыя і інш. 2) Механізм фатаграфічнага апарата, які аўтаматычна рэгулюе працягласць экспанавання (вытрымку) фотаматэрыялу пры здымцы. Бываюць апертурныя (устанаўліваецца ўнутры аб’ектыва каля апертурнай дыяфрагмы) і факальныя (каля задняй факальнай плоскасці аб’ектыва). У залежнасці ад віду светлавых засланак падзяляюцца на дыскавыя (у т. л. абцюратар), пялёсткавыя, шторныя, ламельныя і інш. 3) Прыстасаванне ў агнястрэльнай зброі, прызначанае для дасылання патрона (артыл. выстралу) у патроннік (камору), запірання канала ствала з боку казённай часткі, выканання выстралу і выкідвання гільзы. Падзяляюцца на неаўтам., паўаўтам. і аўтам.; З. артыл. гармат — на клінавыя (вертыкальныя і гарызантальныя; выкарыстоўваюцца з пач. 17 ст.) і поршневыя (такі З. стварыў рус. вынаходнік У.С.Бараноўскі ў 1872).
Схема шторава-шчыліннага фатаграфічнага затвора: 1 — барабан; 2 — святлонепранікальныя шторкі; 3 — тасёмкі шторак; 4 — шчыліна; 5 — плёнка; 6 — гільзы шторак.Затворы артылерыйскіх гармат: а — клінавы вертыкальны ў гармат малых калібраў (1 — казённік, 2 — клін); б — поршневы ў гармат сярэдніх і буйных калібраў (1 — рукаятка рамы, 2 — поршань; 3 — затворнае гняздо казённіка).