«ЛІ́СКІ»,
бел. нар. гульня. Ад 6 да 20 чал. выбіраюць вядучага «ліса», строяцца ў круг і кладуць каля сябе Л. (невял. прадмет, які павінен быць у кожнага гульца). «Ліс» падыходзіць да аднаго з гульцоў і просіць «ліску», а той адказвае, што аддасць, калі «ліс» абгоніць яго. Пасля гэтага «ліс» бяжыць у адзін, а гаспадар «ліскі» ў процілеглы бок круга. Хто раней зойме свабоднае месца, той гаспадар Л., а «лісам» становіцца той, хто адстаў.
Я.Р.Вількін.
т. 9, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫПУ́ СУЛТА́Н (1750—4.5.1799),
правіцель (падзішах) паўд.-інд. дзяржавы Майсур [1782—99]. Вёў 3 вайны з Вялікабрытаніяй (гл. Англа-майсурскія войны). Уступіў на прастол у час 2-й англа-майсурскай вайны 1780—84. Пасля паражэння ў 3-й англа-майсурскай вайне 1790—92 спрабаваў стварыць баяздольную армію шляхам пераймання пэўных элементаў еўрап. ваен. арганізацыі. Дзеля гэтага заключыў саюз з урадам рэв. Францыі. У час 4-й англа-майсурскай вайны 1799 загінуў пры штурме англ. войскамі сталіцы Майсура — г. Серынгапатам.
т. 16, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАЗРО́НЫ,
асоба, затрыманая па падазрэнні ва ўчыненні злачынства, а таксама асоба, якой абрана мера стрымання да прад’яўлення абвінавачання. Паводле крымін.-працэсуальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, П. з’яўляецца ўдзельнікам крымін. працэсу, які ўступае ў працэсуальныя адносіны на стадыі ўзбуджэння крымін. справы і папярэдняга следства. У працэсуальным становішчы ён можа знаходзіцца толькі на працягу вельмі кароткага тэрміну (не больш за 3 сутак), пасля чаго павінна быць вырашана пытанне пра прад’яўленне яму абвінавачання і меры стрымання, калі для гэтага будуць законныя падставы.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 11, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРНАРДЗІ́НЦЫ,
1) другая назва цыстэрыянцаў, якая замацавалася за імі з 12 ст. пасля рэарганізацыі ордэна Бернарам Клервоскім (1090—1153, кананізаваны ў 1174).
2) Манахі-францысканцы, якія строга прытрымліваліся першапачатковага статута гэтага жабрацкага ордэна і ў 1473 аселі ў Польшчы пры саборы св. Бернарда ў Кракаве (названы ў гонар францысканскага рэфарматара Бернарда Сіенскага, 1380—1444). На Беларусі вялі місіянерскую і пастырскую дзейнасць сярод правасл. насельніцтва. Іх кляштары (мужчынскія і жаночыя) існавалі ў Брэсце, Будславе, Беразіне, Віцебску, Гродне, Друі, Заслаўі, Мінску, Магілёве, Нясвіжы, Оршы, Полацку, Слоніме і інш. Пры іх былі школы (у Будславе і музычная), б-кі, часам аптэкі. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ўплыў бернардзінцаў паступова змяншаўся. У 1860-я г. амаль усе іх кляштары забаронены і спынілі сваю дзейнасць.
т. 3, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМУІ́Л (?—6.10.1014),
цар [997—1014] Заходне-Балгарскага царства, якое ў 969 вылучылася са складу Першага Балгарскага царства і адстойвала сваю незалежнасць пасля захопу Візантыяй Усх. Балгарыі (971). Нанёс шэраг паражэнняў візантыйцам і вызваліў ад іх б.ч. балг. зямель, далучыў да свайго царства Сербію, значныя часткі Фесаліі і Эпіра. У 1014 пры Бяласіцы пацярпеў паражэнне ад візант. імператара Васілія II Балгарабойцы. Пераможца асляпіў 15 000 балг. палонных і накіраваў іх да С., які не вытрымаў гэтага відовішча і раптоўна памёр. У балг. гіст. традыцыі С. — узор цара-воіна і барацьбіта за незалежнасць.
т. 14, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УРА́ДАВЫ КРЫ́ЗІС,
у палітычнай практыцы парламенцкіх дзяржаў (дзе ўрад фарміруецца парламентам і адказны перад ім) сітуацыя, калі ўрад страціў падтрымку большасці ў парламенце або ў той яго палаце, перад якой нясе адказнасць. Звычайна пачынаецца з моманту выказвання парламентам вотуму недаверу ўраду. Пасля гэтага або ўрад ідзе ў адстаўку і пачынаецца фарміраванне новага ўрада або кіраўнік дзяржавы па просьбе ўрада распускае парламент і прызначае датэрміновыя парламенцкія выбары (урад разлічвае на падтрымку большасці ў новым складзе парламента). У.к. лічыцца пераадоленым з атрыманнем новым урадам вотуму даверу.
т. 16, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЭ́СЕКС (Wessex),
раннесярэдневяковае каралеўства англасаксаў на ПдЗ Англіі. Засн. ў пач. 6 ст. саксамі ў ходзе англасаксонскага заваявання Брытаніі. З 740 пад уладай Мерсіі. У 825 яго кароль Эгберт вызваліўся з-пад улады Мерсіі і аб’яднаў б.ч. краіны, якая з гэтага часу стала наз. Англіяй. У канцы 9 ст. пасля цяжкага змагання са скандынавамі кароль Альфрэд Вялікі вымушаны заключыць дагавор аб падзеле краіны (ПдЗ з У. застаўся пад яго ўладай). У гіст. л-ры праўленне Альфрэда традыцыйна лічыцца завяршэннем гісторыі У. і пачаткам гісторыі Англіі.
т. 16, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-ІРА́КСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІ 1922, 1926, 1930, 1948, 1955.
Дагавор 1922, заключаны на 20 гадоў, фактычна аформіў мандатную залежнасць Ірака ад Вялікабрытаніі. Дагавор 1926 прадаўжаў тэрмін дзеяння папярэдняга да 1950 (калі Ірак да гэтага часу не стане чл. Лігі Нацый, што аўтаматычна пазбаўляла яго англ. мандата). Дагавор 1930 падпісаны на 25 гадоў, прадугледжваў адмену мандата і прызнаваў суверэнітэт Ірака (уступіў у сілу ў 1932 пасля прыняцця Ірака ў Лігу Нацый); фактычна захаваў залежнасць Ірака ад Вялікабрытаніі ў знешняй палітыцы і ваен. справах. Дагавор 1948 прадугледжваў стварэнне «камісіі сумеснай абароны», тэр. Ірака заставалася базай англ. узбр. сіл. Пагадненне 1955 захоўвала кантроль Англіі над іракскай арміяй і ваенна-паветр. базамі; англ. ваенна-паветр. сілы заставаліся ў Іраку. Дэнансавана 24.3.1959 урадам Іракскай рэспублікі пасля Іракскай рэвалюцыі 1958.
т. 1, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАЛЬВА́РАК (польск. folwark ад ням. Vorwerk хутар),
від феад. зямельнага ўладання ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай: двор феадала з комплексам будынкаў і ўгоддзяў. Стварэнне Ф. найперш было выклікана значным ростам попыту на збожжа ў краінах Зах. Еўропы ў канцы 15 — пач. 16 ст. Каб скарыстаць спрыяльную сітуацыю і павялічыць вытворчасць таварнага збожжа, урад ВКЛ пачаў рэарганізацыю гаспадаркі, адной з састаўных частак якой стала пашырэнне старых панскіх двароў і стварэнне Ф. Умовы стварэння Ф. вял. кн. Жыгімонт II Аўгуст агаварыў ва «Уставе на валокі» 1557. Паводле гэтага дакумента Ф. уяўляў сабой феад. гаспадарку (панскі двор з жылымі і гасп. пабудовамі, ворныя і інш. ўгоддзі), заснаваную на працы прыгонных сялян і арыентаваную на вытв-сць збожжа на продаж. Велічыні фальварковага і сялянскага ворыва суадносіліся як 1:7. Кожная сялянская сям’я атрымлівала зямельны надзел памерам у валоку ці яе частку, з якой выконвала дакладна вызначаныя павіннасці. Найб. поўнае ўяўленне пра Ф. даюць інвентары — вопісы феад. уладанняў. У 16 ст. Ф. сталі асновай гаспадарання ў зах. і цэнтр. Беларусі (усх. Беларусь у час актыўнага правядзення агр. рэформы была ахоплена Лівонскай вайной 1558—83, і гал. павіннасцю дзярж. сялян тут была даніна для забеспячэння гарнізонаў і войск). У выніку пераводу феад. гаспадаркі на фальваркова-паншчынную сістэму значна вырасла вытв-сць збожжа і ВКЛ стала адным з асн. яго пастаўшчыкоў у Зах. Еўропу. Заняпад фальваркова-паншчыннай сістэмы на Беларусі адбыўся ў сувязі з войнамі сярэдзіны 17—пач. 18 ст., калі ў выніку страты значнай колькасці насельніцтва і цяглай жывёлы не было магчымасці для апрацоўкі значных абшараў панскага ворыва і сяляне пераводзіліся на грашовую рэнту. Новае яе пашырэнне адбылося ў сувязі з правядзеннем Тызенгаўза рэформы. Фальваркова-паншчынная сістэма гаспадарання пачала знікаць у дзярж. уладаннях з правядзеннем агр. рэформы П.Дз.Кісялёва ў 1830—50-х г., канчаткова спыніла сваё існаванне пасля сялянскай рэформы 1861. Пасля гэтага тэрмін «Ф.» ужываўся пераважна ў вузкім значэнні гэтага слова як назва паселішча ці сядзібы — панскага двара з пабудовамі.
В.Ф.Голубеў.
т. 16, с. 308
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРСЕ́НІЙ (Старац; ? — 1681),
разьбяр па дрэве; майстар беларускай рэзі. Манах Куцеінскага Богаяўленскага манастыра (пад Оршай). Пасля 1655 працаваў у майстэрні Іверскага манастыра на Валдаі; магчыма, удзельнічаў у стварэнні разных дзвярэй сабора гэтага манастыра. Пазней выконваў работы для Васкрасенскага сабора Новаіерусалімскага манастыра (г. Істра Маскоўскай вобл.). У 1667 узначальваў майстэрню разьбяроў у Аружэйнай палаце Крамля. Кіраваў работай па аздабленні драўлянай разьбой палаца ў Каломенскім (зараз у межах Масквы). Стварыў «іарданскую сень» на 4 калонах для Суздаля (1668, цяпер — у саборы Раства Багародзіцы ў Суздалі).
Літ.:
Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в.: Из истории рус.-бел. связей. Мн., 1957.
т. 1, с. 503
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)