ГРЭЙ (Gray) Джон (1798—1850),

англійскі эканаміст, сацыяліст-утапіст. У палітэканоміі паслядоўнік Д.Рыкарда. Аналізаваў пытанні размеркавання багацця. У праекце рэфармавання капіталізму прадугледжваў ліквідацыю яго адмоўных і захаванне станоўчых (тэхн. здабыткі і інш.) рыс; стварэнне сістэмы дробнай вытв-сці, пры якой абмен адбываецца з дапамогай т.зв. рабочых грошай (пасведчанне аб колькасці ўкладзенай у тавар працы). Эканам. погляды Грэя і яго план грамадскай перабудовы выкладзены ў працы «Сацыяльная сістэма. Трактат аб прынцыпах абмену» (1831). Аўтар «Лекцый аб чалавечым шчасці» (1825).

т. 5, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НІЧКАЎ Дзмітрый Сяргеевіч (1733—1.5.1788),

рускі асветнік, філосаф. Праф. філасофіі і матэматыкі Маскоўскага ун-та (з 1771). Паслядоўнік філасофіі Х.Вольфа. У дысертацыі «...Пра пачатак і паходжанне натуральнага богашанавання...» (1769), напісанай з пазіцый дэізму, паходжанне рэлігіі тлумачыў страхам людзей перад незразумелымі сіламі прыроды, неадукаванасцю. За свае погляды зазнаў ганенні царквы і часткі прафесуры. У тэорыі пазнання развіваў ідэі матэрыялістычнага сенсуалізму.

Тв.:

У кн.: Избранные произведения русских мыслителей второй половины XVIII века. М., 1952. Т. 1. С. 112—184.

т. 1, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ХТА (Puchta) Георг Фрыдрых (31.8.1798, г. Кадальцбург, Германія — 8.1.1846),

нямецкі юрыст, паслядоўнік Ф.К.Савіньі, прадстаўнік гістарычнай школы права. Выкладаў права ва ун-тах Германіі, да канца жыцця быў праф. Берлінскага ун-та, дзярж. саветнікам і членам камісіі па рэформе заканадаўства Прусіі. Працы П. прысвечаны гісторыі рымскага права, а таксама цывільнаму і звычаёваму праву. Дзяржаву і права разглядаў як параджэнне містычнага «народнага духу», асн. задачу юрыстаў бачыў у пагадненні права з «развіццём народа», перасцерагаў супраць «раптоўнага» (рэвалюцыйнага) абнаўлення феад. заканадаўства Германіі.

т. 13, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІБН ХАЛЬДУ́Н, Ібн Халдун Абдурахман Абу Зейд ібн Мухамед (27.5.1332, Туніс — 17.3.1406), арабскі гісторык і філосаф. Паслядоўнік Ібн Рушда. Развіў матэрыяліст. тэндэнцыі араб. авераізму і распаўсюдзіў яго прынцыпы на вывучэнне жыцця грамадства. У «Кнізе павучальных прыкладаў па гісторыі арабаў, персаў, бербераў і народаў, якія жылі з імі на зямлі...» выклаў свае погляды на развіццё грамадства (ідэя гіст. цыклаў; адрозненні ў спосабе жыцця людзей звязваў з геагр. асяроддзем), гісторыю народаў мусульм. Усходу, асабліва краін Магрыба.

Літ.:

Игнатенко А.А. Ибн-Хальдун. М., 1980.

т. 7, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛЮТА́ЦІ (Salutati) Калуча (16.2.1331, Стыньяна, каля г. Пістоя, Італія — 4.5.1406),

італьянскі дзярж. дзеяч, гуманіст. Паводле адукацыі натарыус. Вучань і паслядоўнік Ф.​Петраркі. У 1375—1406 канцлер Фларэнційскай рэспублікі, дзе ўзвёў гуманізм у ранг афіц. дзярж. ідэалогіі. Адыграў вял. ролю ў арганізацыі гуманіст. гурткоў, збіранні і вывучэнні ант. рукапісаў. У шматлікіх трактатах абараняў свабоду волі чалавека, выступаў супраць саслоўных прывілеяў, адмаўляў правы рым. пап на свецкую ўладу, крытыкаваў заганы духавенства, адстойваў рэсп. свабоды, абгрунтоўваў права падданых забіць тырана, але апраўдваў сац. няроўнасць.

т. 14, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТА́ЙНТАЛЬ (Steinthal) Гейман (16.5.1823, Гробцыг, Германія — 14.3.1899),

нямецкі мовазнавец; адзін з заснавальнікаў псіхал. кірунку ў мовазнаўстве і тэорыі «псіхалогіі народаў». З 1863 праф. Берлінскага ун-та. Паслядоўнік ням. мовазнаўца В.​Гумбальта. Адзначаў. асаблівую ролю мовы ў этнапсіхалогіі, стварыў асновы т.зв. культ. антрапалогіі. Распрацаваў анаматапаэтычную (гукапераймальную) тэорыю паходжання мовы. Асн. працы: «Пра паходжанне мовы...» (1851), «Характарыстыка найгалоўнейшых тыпаў пабудовы мовы» (1860), «Гісторыя мовазнаўства ў грэкаў і рымлян» (т. 1—2, 1862—63). Яго погляды паўплывалі на раннія працы А.Патабні і младаграматыкаў.

т. 17, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЙС (Weiss) Войцех (4.5.1875, г. Леорда, Румынія — 7.12.1950),

польскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Кракаве (1892—99) у Я.Матэйкі, Л.​Вычулкоўскага; выкладаў там жа (з 1910 праф.). Паслядоўнік рэаліст. традыцый 19 ст., выкарыстоўваў асобныя прыёмы імпрэсіянізму. Пісаў партрэты, жанравыя карціны, пейзажы («Аўтапартрэт з маскамі», 1900, «Дэман», 1904, партрэт Эміліі Фларковай, 1916—17; «Амур», «Венера», 1919; «Мадысткі», 1922; «Сям’я пад арэхам», 1933, і інш.). Стварыў сімвалічную, амаль манахромную кампазіцыю «Маніфест» (1950).

Літ.:

Juszczak W. Młody Weiss. Warszawa, 1979.

І.​М.​Марціновіч.

т. 4, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКСЕ́ЛЬ (Wicksell) Кнут (20.12.1851, Стакгольм — 3.5.1926),

шведскі эканаміст. Праф. ун-та ў Лундзе (1900—16). Скончыў Упсальскі ун-т (1884). Заснавальнік т.зв. шведскай школы ў палітэканоміі. Займаўся праблемамі эканам. раўнавагі, грошай, крэдыту, а таксама нормы працэнта (рух нормы працэнта звязваў з інвестыцыйным працэсам і ў гэтым пытанні лічыцца папярэднікам Дж.М.Кейнса). Адзін са стваральнікаў тэорыі эканам. раўнавагі ў капіталізме, гал. умовай якой лічыў грашовы фактар — роўнасць паміж зберажэннямі і інвестыцыямі. Паслядоўнік Т.​Р.​Мальтуса: лічыў, што колькаснае павелічэнне чалавецтва перашкаджае ўздыму жыццёвага ўзроўню людзей, якія працуюць.

т. 4, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́КЕЛЬ (Haeckel) Эрнст (16.2.1834, г. Патсдам, Германія — 9.8.1919),

нямецкі біёлаг-эвалюцыяніст. Прыхільнік і паслядоўнік вучэння Ч.​Дарвіна. Вучыўся ва ун-тах Берліна і Вюрцбурга. У 1861—1909 праф. Іенскага ун-та. Навук. працы па агульнай марфалогіі, антрапагеніі, гісторыі развіцця чалавека. Сфармуляваў тэорыю гастрэі: паходжанне шматклетачных жывёл ад гіпатэтычнага продка, які нагадваў двухслаёвы зародак — гаструлу. Прапанаваў першае «радаслоўнае дрэва» жывёльнага свету, сфармуляваў біягенетычны закон. Прадказаў дыскрэтнасць генаў, іх лакалізацыю ў храмасомах і ролю ў антагенезе.

Тв.:

Рус. пер. — Естественная история миротворения. Т. 1—2. СПб., 1914.

т. 5, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭЙ (Bray) Джон Фрэнсіс (1809, Вашынгтон — 1895),

англійскі эканаміст, сацыяліст-утапіст, паслядоўнік Р.Оўэна. Аўтар публікацыі «Несправядлівасці ў адносінах да працы і сродкі да іх устаранення» (1839), у якой гал. ўвага сканцэнтравана на сац.-эканам. пераўтварэнні бурж. грамадства. Лічыў, што ліквідаваць прыватную ўласнасць і заснаваную на ёй сістэму наёмнай працы можна шляхам перабудовы таварна-грашовых адносін (стварэнне сістэмы прац. грошай), на аснове дакладнай эквівалентнасці абмену і выцяснення капіталіст. формаў гаспадаркі т.зв. рабочымі акц. т-вамі. Ідэі Брэя пакладзены П.​Ж.​Прудонам у аснову яго канцэпцыі сацыялізму.

т. 3, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)