БАЛЬЗУКЕ́ВІЧ (Баляслаў Вінцэнтавіч) (12.11.1879, Вільня — 13.2.1935),

бел. скульптар. Вучыўся ў Віленскай школе малявання і рамёстваў (1894—97), у школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1902—09), скончыў Кракаўскую АМ (1902). З 1904 працаваў у Вільні, з 1908 — у Пецярбургу, потым у Парыжы (удзельнік салонаў 1909, 1912, 1914). З 1919 жыў у Вільні. У рэаліст.манеры ствараў партрэты, помнікі, бюсты, мемар. дошкі, медальёны і інш.

А.​К.​Лявонава.

т. 2, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКЕ́ ((Marquet) Альбер) (27.3.1875, г. Бардо, Францыя — 14.6.1947),

французскі жывапісец-пейзажыст. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1895—98) у Г.​Маро. У ранні перыяд зазнаў уплыў мадэрну (афармленне Сусв. выстаўкі ў Парыжы, 1900). У 1905—07 прымыкаў да фавізму («Кірмаш у Гаўры», «Пляж у Сент-Адрэс», «14 ліпеня ў Гаўры», «Сяржант каланіяльных войск»). Пазней пісаў пейзажы, адметныя лаканізмам малюнка, спакойнай яснасцю кампазіцыі, зладжанай гамай лёгкіх валёрных тонаў з выразнымі колеравымі акцэнтамі: «Гамбургскі порт», «Везувій», «Марына (Неапаль)» (усе 1909), «Нотр-Дам зімой», «Дажджлівы дзень у Парыжы» (абодва 1910), «Мост Сен-Мішэль» (1912), «Бужы» (1925), «Порт Гаўр» (1934), «Парыж уначы» (1938), «Набярэжная Канці ў снезе» (1947) і інш. Ствараў таксама партрэты, літаграфіі, малюнкі, кніжныя ілюстрацыі.

В.​Я.​Буйвал.

А.Марке. Марына (Неапаль). 1909.

т. 10, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУД ((Rude) Франсуа) (4.7.1784, г. Дыжон, Францыя — 3.11.1855),

французскі скульптар, прадстаўнік рамантызму. Вучыўся ў жывапісца Ф.​Дэвожа ў Дыжоне (з 1798), у скульпт. Э.​Голя і П.​Картэлье ў Парыжы (з 1807). Зазнаў уплыў Ж.​Л.​Давіда. У 1815—27 працаваў у Бельгіі, у 1842 у Італіі. Аўтар манум. рэльефу «Марсельеза» («Выступленне добраахвотнікаў у 1792 годзе», 1833—36), трыумфальнай аркі на плошчы дэ Голя ў Парыжы, якія вызначаюцца абагульненасцю і адначасова глыбокай жыццёвасцю вобразаў, рытмічнай цэласнасцю і дынамікай кампазіцыі, багатай пластыкай фігур. Сярод. інш. твораў: «Меркурый завязвае сандалю», партрэтны бюст Давіда (абодва 1827), «Неапалітанскі рыбак з чарапахай» (1833), надмагіллі Г.​Кавеньяка на могілках Манмартр (1845—47), Напалеона (1846), помнік маршалу Нею на плошчы Абсерваторыі (1852—53) у Парыжы.

Ф.Руд. Надмагілле Напалеона. 1846.

т. 13, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАНДЭ́ЛЬ ((Blondel) Франсуа) (1617, паводле інш. звестак 15.7.1618, Рыбемон-сюр-Анкр, дэпартамент Сома, Францыя — 21.1.1686),

французскі архітэктар, прадстаўнік класіцызму. Дырэктар Каралеўскай акадэміі архітэктуры (з 1672). Планаваў гарады і ўмацаванні, пабудаваў у Парыжы арку Сен-Дэні (1672), падобную на стараж.-рым. трыумфальныя аркі. У кн. «Курс архітэктуры» (1675—83) абвясціў арх. формы антычнасці і Адраджэння «вечнымі сапраўднымі законамі», імкнуўся знайсці для іх абс. лічбавае выражэнне.

Ф.Бландэль. Арка Сен-Дэні ў Парыжы. 1672.

т. 3, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСКО́ ((Lescot) П’ер) (паміж 1500 і 1515, Парыж ? — 10.9.1578),

французскі архітэктар эпохі Адраджэння. Працаваў у Парыжы (пераважна са скульпт. Ж.Гужонам). Творы Л. адметныя багаццем ордэрных чляненняў, вытанчанага скульпт. дэкору, тонкасцю прафілёўкі дэталей: драўляны амбон царквы Сен-Жэрмен л’Аксеруа (каля 1542—44), праект перабудовы Луўра (часткова ажыццяўляўся з 1546), атэль Ліньеры (цяпер Музей Карнавале; пачаты ў 1544, скончаны ў 1661 Ф.​Мансарам) у Парыжы, замак Валеры каля Санса (з Ф.​Дэлормам, 1549).

т. 9, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПО́ ((Carpeaux) Жан Батыст) (11.5.1827, г. Валансьен, Францыя — 11.10.1875),

французскі скульптар і жывапісец; прадстаўнік рамантызму. Вучыўся ў Ф.​Руда (з 1844), у Школе прыгожых мастацтваў (з 1848) у Парыжы, у Італіі (1854—61), дзе зазнаў уплывы творчасці Данатэла і Мікеланджэла. Аўтар манум. рэльефаў і статуй, якія вызначаюцца дынамікай, блізкай да пластыкі 18 ст., экспрэсіяй, пачуццёвай грацыяй фігур, гульнёй святлацені. Сярод твораў; скульпт. групы «Угаліна і яго дзеці» (1857—60), «Чатыры часткі свету» для фантана ў Люксембургскім садзе (1867—72), гарэльефы «Трыумф Флоры» для павільёна ў садзе Цюільры (1863—66), «Танец» на фасадзе «Гранд-Апера» (1865—69) — усе ў Парыжы, і інш. У жывапісе капіраваў творы старых італьян. і флам. майстроў, Э.​Дэлакруа і Т.​Жэрыко.

Ж.Б.Карпо. Танец. Скульптурная група на фасадзе «Гранд-Апера» ў Парыжы. 1865—69.

т. 8, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ ЭКАНАМІ́ЧНАГА СУПРАЦО́ЎНІЦТВА І РАЗВІЦЦЯ́ (Organization for Ekonomic Cooperation and Development; АЭСР),

міждзяржаўная арг-цыя. Створана ў 1961 у Парыжы. Уваходзяць 18 еўрап. краін, а таксама ЗША, Канада, Аўстралія, Новая Зеландыя, Японія, Турцыя (1994). Асн. мэты арг-цыі — імкненне да эканам. росту, павышэння ўзроўню жыцця і занятасці насельніцтва, падтрыманне фін. стабільнасці праз лібералізацыю міжнар. гандлю і руху капіталу, праз каардынацыю эканам. дапамогі менш развітым краінам. Кожная краіна-ўдзельніца прадстаўлена пастаяннай дэлегацыяй у Савеце АЭСР. Штаб-кватэра ў Парыжы.

т. 1, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮРСА́ ((Lurçat) Андрэ) (27.8.1894, г. Бруер, Францыя — 12.7.1970),

французскі архітэктар. Вучыўся ў школах прыгожых мастацтваў у Нансі і Парыжы. Чл. Акадэміі архітэктуры ў Парыжы (1939). Практык і тэарэтык рацыяналізму. Яго работы вылучаюцца выразнай планіроўкай, гарманічнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй: у прадмесцях Парыжа — школьны комплекс імя К.​Маркса (1931—33), рэканструкцыя раёна Сен-Дэні (1946—62), жылы комплекс у Блан-Меніле (1950—67) і інш. У 1934—37 працаваў у СССР (неажыццёўленыя праекты бальнічных комплексаў для Масквы, Смаленска, Ніжняга Ноўгарада).

т. 9, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРАЕ́ВІЧ-КУН ((Andrejević-Kun) Джорджа) (31.3.1904, г. Вроцлаў — 17.1.1964),

сербскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Бялградзе (1920—25), Венецыі, Рыме і Парыжы. Заснавальнік сац.-крытычнага кірунку ў сербскім мастацтве 1930-х г. Удзельнік грамадз. вайны ў Іспаніі 1936—39, у 1941—45 — нац.-вызв. барацьбы ў Югаславіі. Аўтар станковых кампазіцый «Маці» (1937), «Калона» (1946), «У Парыжы» (1950), цыкла гравюр па дрэве «Крывавае золата» (1934), «За свабоду» (1937) і інш.

Дж.Андраевіч-Кун. Пахаванне. З цыкла гравюр па дрэве «Крывавае золата». 1934.

т. 1, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНТЭО́Н (лац. Pantheon ад грэч. Pantheion месца, прысвечанае ўсім багам),

1) у Стараж. Рыме — «храм усіх багоў» (гл. Рымскі пантэон).

2) Пахавальня выдатных людзей. Звычайна П. размяшчаюць у будынках, якія маюць (ці першапачаткова мелі) культавае прызначэнне [Вестмінстэрскае абацтва ў Лондане; П. у Парыжы, з 1791, (б. царква Сент-Жэнеўеў, 18 ст., арх. Ж.​Ж.​Суфло)]. Гл. таксама Грабніца.

3) У шырокім сэнсе — найменне гал. багоў у пэўнай рэлігіі (напр., П. багоў-алімпійцаў у стараж. грэкаў).

Пантэон у Парыжы. 18 ст.

т. 12, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)