помнік архітэктуры класіцызму ў Магілёве. Узведзены ў 1770-я г. на Губернатарскай пл. (сучасная Савецкая пл.) як будынак ніжняга земскага суда, урачэбнай управы і архіва. Мураваны прамавугольны ў плане аб’ём быў падзелены капітальнымі сценамі на 3 часткі (для кожнай установы). Збоку дваровага фасада кожная з устаноў мела асобны дворык, абнесены мураванай сцяной (не захавалася). У 1883 надбудаваны 3-і паверх, дэкарыраваны гал. фасад, зменена ўнутр. планіроўка, будынак прыстасаваны пад акр.суд. У цэнтры гал. фасада — уваходны партал. Прамавугольныя аконныя праёмы ў простых ліштвах, на 1-м і 3-м паверхах аздоблены замковым каменем, на 2-м завершаны праз адзін сандрыкамі або трохвугольнымі франтонамі. Разбураны ў Вял.Айч. вайну. У 1950-я г. адноўлены і пераабсталяваны пад Магілёўскі абл. краязнаўчы музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАСВЕ́РЖАНСКАЯ УСПЕ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры ранняга барока ў в. Новы Свержань Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. Узведзена ў сярэдзіне 18 ст. на месцы драўлянай царквы 1590 (фундаваная Радзівіламі, у пач. 17 ст. перабудавана як уніяцкая). Мураваны 1-нефавы 1-вежавы храм (у плане — выцягнуты прамавугольнік) з прамавугольнай алтарнай апсідай і 2 нізкімі рызніцамі па баках. Над вузкім прамавугольным прытворам — масіўны чацвярык вежы з фігурнай галоўкай, накрыты гранёным купалам і аздоблены вертыкальна выцягнутымі плоскімі паўцыркульнымі нішамі, якія імітуюць аконныя праёмы. Сцены царквы ў верхняй частцы расчлянёны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі з раструбамі ў абодва бакі. Адзіны дэкар. элемент фасада — партал бакавога зах. ўвахода. Уваход у царкву з паўн. боку. Алтарная частка перабудавана ў 19 ст. Вакол храма бутавая агароджа, у якую ўбудавана брама-званіца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РСКАЯ КАПЛІ́ЦА,
помнік архітэктуры стылю мадэрн у г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудавана ў 1904 (арх. Р.Марфельд) як фамільная пахавальня князёў Святаполк-Мірскіх — уладальнікаў Мірскага замкава-паркавага комплексу. Будынак — кампактны верт. аб’ём, асіметрычны ў плане, завершаны ў паўн. частцы 5-граннай апсідай, у паўд. — бабінцам. Над бакавым уваходам, вылучаным спец. прыбудовай, узвышаецца 3-ярусная 4-гранная вежа-званіца з купалам. Гал. фасад раскрапаваны рызалітамі і аздоблены вял. паліхромным мазаічным пано «Хрыстос Уседзяржыцель» і аб’ёмным чаканным гербам-картушам князёў Мірскіх. Глыбокі партал увахода размешчаны ў нізкім бабінцы з вуглавымі контрфорсамі. Насычанае каларыстычнае вырашэнне фасадаў ствараецца спалучэннем чырвонай цэглы, белых дэталей арх. дэкору (паўкалонкі, ізумрудна руставаныя ліштвы акон, карніз з сухарыкамі і інш.), шэрага бетону, паліхромнай бутавай муроўкі цокаля, паліхромнай мазаікі. Зала перакрыта самкнутым 4-гранным скляпеннем з арнаментальнай фрэскавай размалёўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ВАРВА́РЫНСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неараманскага стылю. Першапачаткова мураваны касцёл быў пабудаваны ў 1785 на каталіцкіх могілках, побач — мураваная капліца (у 1800 новая) і драўляны дом-плябанія. Пабудовы мелі мураваную агароджу з трохпралётнай уязной брамай. У 1885 касцёл перабудаваны (інж.-арх. В.Піятроўскі), стаў 3-нефавай 2-вежавай базілікай. У цэнтры гал. фасада — арачны партал з трохвугольным франтонам, над ім 3 арачныя нішы. Двух’ярусныя вежы завершаны высокімі шатрамі. Першы ярус вежаў 4-гранны, кожная з граней прарэзана трохарачнымі праёмамі, другі — 6-гранны, кожная грань мае па аднаму арачнаму праёму, скошаная і завершана трохвугольным франтонам. Ярусы аддзяляюцца карнізам з шырокім арнаментальным поясам. У дэкоры неатынкаваных фасадаў касцёла выкарыстаны дэталі з лякальнай цэглы: карнізы з зубчастым поясам, аркатурны пояс, пілястры, калонкі, нішы і інш. У Вял.Айч. вайну будынкі і агароджа часткова разбураны. У 1990 рэстаўрыраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,
помнік архітэктуры барока ў г. Мазыр Гомельскай вобл. Пабудаваны ў 1648 па фундацыі палкоўніка С.Лозкі, перабудаваны ў 1760—75 маршалкам мазырскім К.Аскіркам У 1865 касцёл ператвораны ў Міхайлаўскі сабор, у 1876 адрамантаваны. Касцёл — 3-нефавая 2-вежавая мураваная базіліка з пяціграннай апсідай. Гал. 3-часткавы фасад — увагнута-пукатая арх. плоскасць, раскрапаваная звязкамі пілястраў, тонкапрафіляванымі карнізамі. Партал увахода завершаны фігурным крапаваным шчытом з прамавугольнай нішай для абраза па цэнтры. Трох’ярусныя (васьмярык на 2 чацверыках) шатровыя вежы (надбудаваны ў 1829) з элементамі класіцызму. Рытм бакавых фасадаў ствараюць лучковыя аконныя праёмы і лапаткі ў прасценках. Да касцёла з усх. боку прымыкае кляштарны корпус (арх. Вісконці) — 2-павярховы Г-падобны ў плане будынак. У 1832 кляштар скасаваны, у 1839 пасля пажару корпус прыстасаваны пад бальніцу (1-ы паверх) і дзярж. ўстановы (2-і паверх).
А.М.Кулагін.
Мазырскі касцёл і кляштар бернардзінцаў. Будынак касцёла.Мазырскі касцёл і кляштар бернардзінцаў. З гравюры 1865.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛЬБРАХТ (Olbracht) Іван [сапр.Земан
(Zeman) Каміл; 6.1.1882, г. Семілі, Чэхія —30.12.1952], чэшскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Чэхаславакіі (з 1946). Вучыўся ў Берлінскім і Карлавым (Прага) ун-тах. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік руху Супраціўлення. Сваёй творчасцю развіваў традыцыі крытычнага рэалізму. Першы зб.апавяд. «Пра злых адзіночак» (1913). Аўтар псіхал. раманаў «Самы цёмны астрог» (1916),
«Дзіўнае сяброўства акцёра Есенія» (1919). Вынік наведвання ў 1920 Расіі — зб. рэпартажаў «Замалёўкі сучаснай Расіі» (1920—21). Вядомасць прынёс раман «Ганна-пралетарка» (1928) пра рэв. падзеі ў Чэхаславакіі. Гал. прынцыпам новай эпікі лічыў міф: раман «Мікола Шугай, разбойнік» (1933, экранізацыя 1947), зб.апавяд. «Яўрэйскае мястэчка ў даліне» (1937). На бел. мову асобныя яго творы пераклаў Ю.Лявонны.
Тв.:
Бел.пер. — Ганна-пралетарка. Мн., 1932;
Рус.пер. — Путешествие за познанием. Страна Советов 1920 r. М., 1967;
У кн.: Майерова М., Ольбрахт И. Избранное. М., 1973.
А.У.Вострыкава.
І.Ольбрых. Партал дома Э.Людвіга ў г. Дармштат. 1900—01.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРУ́ЦЫ ((Pemzzi) Бальдасарэ) (хрышчаны 7.3.1481, г. Сіена, Італія — 6.1.1536),
італьянскі архітэктар і жывапісец. Супрацоўнічаў з Д.Брамантэ і Рафаэлем. У творчасці спалучаў прынцыпы Высокага Адраджэння з ранне-маньерыстычнымі тэндэнцыямі. Раннім пабудовам уласцівы лірычнасць і вытанчаная лёгкасць форм, больш познім — кантрасты нясучых і нясёных элементаў, напружана-дынамічная сувязь кампазіцыі з гар. асяроддзем. Сярод пабудоў: віла Фарнезіна (1509—11) і Палацца Масіма але Калоне (1536) у Рыме, партал царквы Сан-Франчэска (1519) у Сіене, палац Фарнезе (1535) у Капрароле і інш. З 1520 кіраваў буд-вам сабора св. Пятра ў Рыме. Аўтар манум. размалёвак, якія вызначаюцца тонкім дэкаратывізмам, часам ілюзіяністычнымі эфектамі: фрэскі ў царкве Сант-Анофрыо (каля 1503), на віле Фарнезіна (з 1511), у капэле Панцэці царквы Санта-Марыя дэла Пачэ (1516—17) у Рыме, у царкве Фантэджуста (1528), на віле Белькара (1530) у Сіене і інш. Афармляў спектаклі і феерыі, паўплываў на развіццё перспектыўнай тэатр. дэкарацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАБО́ДКАЎСКІ КАСЦЕ́Л СЭ́РЦА ІСУ́СА,
помнік архітэктуры неараманскага стылю ў в. Слабодка Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1903 з цэглы на невялікім узгорку. Касцёл — 3-нефавая 2-вежавая базіліка з апсідай, трансептам і сакрысціямі. Гал. фасад сфарміраваны 2 высокімі 5-яруснымі вежамі з вострымі шатровымі вярхамі і параўнальна невял. фасаднай плоскасцю цэнтр. нефа паміж імі. Сцены прарэзаны паўцыркульнымі, лучковымі і круглымі аконнымі праёмамі з вітражамі (каляровае шкло захавалася часткова). Над гал. уваходам і на фасадных плоскасцях трансепта размешчаны вял. вокны-ружы. Сцены раскрапаваны ступеньчатымі контрфорсамі, якія на бакавых фасадах злучаны з дэкар. аркбутанамі. Уваходы ў выглядзе аднатыпных парталаў з паўцыркульнымі праёмамі. Вял.маст. каштоўнасць маюць жалезныя акоўкі дзвярэй касцёла, выкананыя мясц. кавалём. Пры кампазіцыйным адзінстве аковак усіх дзвярэй дэталі не паўтараюцца, што сведчыць пра свабодную імправізацыю майстра. Арыгінальную, багатую па форме і складаную па малюнку кампазіцыю маюць акоўкі дзвярэй цэнтр. ўвахода, вырашаныя як пышныя букеты з арнаментальных элементаў, якія паўтараюцца ў кампазіцыях дэкору бакавых дзвярэй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНЯ́ЖЫЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ,
помнік архітэктуры барока. Пабудаваны ў в.Княжыцы Магілёўскага р-на. Касцёл узведзены ў 1681 як уніяцкая царква, у 1863 зачынены, у 1872 перароблены пад правасл. царкву. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя храма складаецца з прамавугольнага ў плане нефа з невял. трансептам у цэнтры і квадратнай апсіды з бакавымі нізкімі сакрысціямі. Гал. фасад расчлянёны магутнымі крапаванымі карнізамі, раскрапаваны пучкамі пілястраў і лучковымі нішамі, па баках яго — сцены-прапілеі, якія ўтвараюць парадны дворык-курданёр. Трохчасткавая з вертыкальна выцягнутымі прапорцыямі кампазіцыя гал. фасада завершана чацверыковымі вежамі з цыбулепадобнымі галоўкамі. Уваходны партал вылучаны нізкім рызалітам з трохвугольным завяршэннем і насычанай арх. пластыкай. Асаблівасць інтэр’ера — адсутнасць прамых вуглоў пры спалучэнні арх. плоскасцей. Фрагменты алтара сведчаць пра яго вырашэнне ў выглядзе каланад са стылізаванымі карынфскімі капітэлямі і выгнутымі антаблементамі. Кляштар існаваў у 1670—1832. Засн. надворным харунжым ВКЛ Канстанцінам Пацам, які перадаў ім 18 тыс. злотых і фальварак з с. Балочычы. У 18 ст. кляштару ахвяравалі сродкі Крыштоф Пац (15 тыс. злотых, 1724), Антон Міхал Пац (2 тыс. злотых, 1750), Андрэй і Соф’я Крукоўскія (2 тыс. злотых, 1739). Апошні драўляны корпус кляштара пабудаваны ў 1801 (мураваны быў толькі флігель).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛА́ЎГАРАДСКАЯ ЦАРКВА́ РАСТВА́ БАГАРО́ДЗІЦЫ,
помнік архітэктуры класіцызму ў г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. Пабудавана ў 1791—93 паводле праекта арх. М.Львова. У ансамбль з царквой уваходзяць: 2-ярусная званіца з невял. вежачкай у завяршэнні, 2 гасп. пабудовы, будынак царк.-прыходскай школы. З паўд. боку ад царквы — парк, які спускаецца да р. Сож. Царква — цагляны цэнтрычны крыжова-купальны храм. Асн. аб’ём у выглядзе роўнаканцовага крыжа, накрыты 2-схільнымі дахамі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. Дамінанта аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі — сферычны гранёны купал на 8-гранным светлавым барабане, грані якога Прарэзаны вял. аконнымі праёмамі-люнетамі. Паміж канцамі крыжа нізкія аб’ёмы (у плане чвэрць круга), перакрытыя сегментамі купала. Фасады маюць сім. кампазіцыю, вырашаны аднолькава, завершаны развітымі антаблементамі. Уваходны партал вылучаны 2 паўкруглымі калонамі тасканскага ордэра і акном-люнетай. На сценах і скляпеннях захаваліся фрэскавыя размалёўкі ў стылі класіцызму (канец 18 ст.; верагодна, пры ўдзеле маст. У.Баравікоўскага). Захаваліся 57 сюжэтных кампазіцый, найб. цікавыя з іх «Пакуты Хрыста» (у 1-м ярусе), «Цябе Бога хвалім» (на купале), выявы евангелістаў у прасценках барабана. У 1793—94 устаноўлены іканастас (не захаваўся). У 1980-я г. царква адрэстаўрыравана.