ДЗЯРЖА́ЎНЫ САНІТА́РНЫ НАГЛЯ́Д,

сістэма мерапрыемстваў, накіраваных на прадухіленне і ліквідацыю забруджвання навакольнага асяроддзя шкоднымі прамысл. выкідамі і гасп.-бытавымі адходамі, на аздараўленне ўмоў працы, папярэджанне інфекцыйных, прафесійных і інш. захворванняў. У яго рэалізацыі ўдзельнічаюць асн. ўстановы сан. службы, у т. л. санітарна-эпідэміялагічныя станцыі. У практыцы сан. нагляду шырока выкарыстоўваюцца лабараторныя метады ацэнкі прафесійна-вытв. фактараў. Папярэдні санітарны нагляд накіраваны на кантроль за захаваннем сан. норм і правіл пры праектаванні, будаўніцтве, рэканструкцыі і пуску ў эксплуатацыю прамысл. і с.-г. аб’ектаў, за ўкараненнем у практыку новых тэхнал. працэсаў, новага абсталявання, машын, механізмаў, хім. рэчываў і інш. Бягучы санітарны нагляд кантралюе выкананне сан. заканадаўства на прадпрыемствах, вывучэнне ўмоў працы і захворванняў на прадпрыемствах і ў с.-г. вытв-сці; аказвае дапамогу ў арганізацыі правядзення папярэдніх і перыядычных мед. аглядаў і кантралюе іх якасць; вядзе ўлік, рэгістрацыю і расследаванне прычын прафесійных хвароб; правярае выкананне заканадаўства аб ахове працы жанчын і падлеткаў; распрацоўвае комплексныя планы аздараўленчых мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне ўмоў працы і інш.

т. 6, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДЫЯ́ТАРЫ (лац. mediator пасрэднік),

нейратрансмітэры, біялагічна актыўныя рэчывы, якія перадаюць узбуджэнне ці тармажэнне з нервовых клетак на іншыя (нервовыя, мышачныя, залозістыя). Найчасцей М. — нізкамалекулярныя рэчывы, якія ўтвараюцца з амінакіслот, сінтэзуюцца ў нейронах. Да М. належаць ацэтылхалін, гістамін, норадрэналін, сератанін і інш., некат. к-ты (напр., α-глютамінавая). У нейронах існуе селектыўнасць прадукцыі М. У залежнасці ад М. розныя нерв. ўтварэнні вегетатыўнай нерв. сістэмы падзяляюць на адрэнэргічныя (норадрэналін) і халінэргічныя (ацэтылхалін). З нерв. клеткі М. паступаюць да перадсінаптычных канцоў нерва, дзе назапашваюцца ў сакраторных пузырках. Пры праходжанні нерв. імпульсу М. вызваляюцца з пузыркоў, звязваюцца з рэцэптарамі на постсінаптычнай мембране, выклікаюць змену яе палярызацыі і далейшае праходжанне імпульсу. Потым М. разбураюцца ферментамі (напр., ацэтылхалін — халінэстэразай), што аднаўляе папярэдні ўзровень палярызацыі мембраны і гатоўнасць сінапсу да перадачы наступнага нерв. імпульсу.

Літ.:

Харкевич Д.А. Фармакология. 6 изд. М., 1999;

Руководство по медицине: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1997.

М.​К.​Кеўра.

т. 10, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́РНЫ ДАГАВО́Р,

від дагавора міжнароднага, якім юрыдычна замацоўваецца спыненне становішча вайны і аднаўленне мірных адносін паміж ваюючымі дзяржавамі. Як правіла, уключае пастанову аб спыненні ваен. дзеянняў і становішча вайны, урэгуляванні тэр. пытанняў, пакрыцці страт, нанесеных вайной, вяртанні ваеннапалонных, адказнасці ваен. злачынцаў, лёсу заключаных да вайны дагавораў і пагадненняў і г.д. Можа быць прэлімінарны (папярэдні) або канчатковы, агульны (яго ўдзельнікі — усе ваяваўшыя дзяржавы) або сепаратны (дагавор заключаны толькі паміж некаторымі з дзяржаў, якія ўдзельнічалі ў вайне). Змест М.д. вызначаецца характарам вайны, якая папярэднічала яму. Напр., Парыжскія М.д. 1947 паміж дзяржавамі — пераможцамі ў 2-й сусв. вайне і былымі саюзнікамі фаш. Германіі ў Еўропе — з Італіяй, Румыніяй, Балгарыяй, Венгрыяй і Фінляндыяй — пабудаваны на дэмакр. і справядлівых прынцыпах, якія з’явіліся выяўленнем вызв. характару 2-й сусв. вайны. М.д. 1947 аднолькавыя па сваёй структуры і складаюцца з 8 асн. раздзелаў: прэамбулы, тэр., паліт., ваен., эканам. пастаноў, раздзелаў адносна вываду войск, рэпарацый і рэстытуцый. Адсутнасць М.д. паміж дзяржавамі не азначае наяўнасці становішча вайны.

т. 10, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКАЯ СПА́ДЧЫНА,

вайна за польскую спадчыну (1733—35) паміж Расіяй, Аўстрыяй і Саксоніяй з аднаго боку і Францыяй — з другога. Падстава — выбары караля Рэчы Паспалітай пасля смерці Аўгуста II (1733). Францыя падтрымлівала кандыдатуру Станіслава Ляшчынскага, зацвярджэнне якой вяло да стварэння антырас. блоку дзяржаў на чале з Францыяй. Расія і Аўстрыя падтрымлівалі сына Аўгуста II саксонскага курфюрста Фрыдрыха Аўгуста II. Паводле просьбы групы магнатаў, Расія ў вер. 1733 увяла ў Рэч Паспалітую свае войскі. 12.9.1733 на сейме ў Варшаве каралём быў выбраны Ляшчынскі, але частка шляхты на занятай рас. войскамі тэр. ўзвяла на прастол Фрыдрыха Аўгуста II (гл. Аўгуст Ш). Рас. войскі ў студз. 1734 захапілі г. Торунь, у ліп. — Гданьск (Данцыг), адкуль Ляшчынскі ўцёк у Прусію. У 1734—35 Францыя з пераменным поспехам вяла ваен. дзеянні супраць Аўстрыі на р. Рэйн і ў Італіі. У кастр. 1735 заключаны папярэдні, а ў ліст. 1738 у Вене — канчатковы мір паміж Аўстрыяй і Францыяй, да якога ў 1739 далучыліся Расія, Рэч Паспалітая і Саксонія. Францыя прызнала каралём Рэчы Паспалітай Аўгуста III.

т. 12, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВЫЯ ЗО́РКІ,

зоркі, свяцільнасць якіх раптоўна павялічваецца ў 10​3—10​6 разоў, а потым павольна памяншаецца да зыходнага значэння. Максімум свяцільнасці зоркі дасягаецца за некалькі сутак, спад доўжыцца гадамі. Нават вельмі слабая зорка (гл. Зорная велічыня) у выніку ўспышкі можа стаць бачнай простым вокам (адсюль назва). Н.з. ўваходзяць у склад цесных падвойных зорак.

Пры ўспышцы Н.з. адбываецца раптоўны выбух, выкліканы яе няўстойлівасцю, якая можа быць абумоўлена ўнутр. працэсамі, што ідуць з вылучэннем энергіі, уздзеяннем знешніх фактараў, абменам рэчыва паміж кампанентамі падвойных зорак. Выбух Н.з. закранае толькі прыпаверхневыя слаі і не мяняе яе агульнай структуры. Пры выбуху адбываецца выкід рэчыва — знешняй абалонкі масай каля 10​−4 масы Сонца, якая расшыраецца са скорасцю да 2000 км/с і ўтварае туманнасць. Газавыя туманнасці, што расшыраюцца, выяўлены амаль ва ўсіх блізкіх Н.з. Пасля ўспышкі Н.з. становяцца гарачымі карлікамі. Успышкі Н.з. могуць паўтарацца прыкладна праз 20—100 гадоў (паўторныя Н.з.), пры гэтым нарастанне свяцільнасці меншае, чым папярэдні раз. Вядома больш за 300 Н.з., у т. л. звыш 150 у нашай Галактыцы і больш за 100 у туманнасці Андрамеды.

Літ.:

Шкловский И.С. Звезды: их рождение, жизнь и смерть. 3 изд. М., 1984.

А.​А.​Шымбалёу.

т. 11, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОДАКАРЫСТА́ННЕ,

карыстанне водамі (воднымі аб’ектамі) для забеспячэння патрэб насельніцтва і гаспадаркі.

У заканадаўстве Рэспублікі Беларусь адрозніваецца водакарыстанне: паводле мэт — гасп.-пітное, прамысл., с.-г., транспартнае, энергет. і інш.; паводле спосабаў карыстання — забор вады з крыніцы без вяртання ў водны аб’ект (водазабеспячэнне, водаспажыванне), з вяртаннем (гідраэнергетыка і інш.), без адбору вады (суднаходства, рыбагадоўля, гадоўля вадаплаўных птушак), а таксама для скідвання сцёкавых вод; паводле тэхн. умоў — агульнае, без выкарыстання гідратэхн. збудаванняў і абсталявання, і спец., з выкарыстаннем іх; паводле ўмоў перадачы водных аб’ектаў у карыстанне — сумеснае (калі водным аб’ектам карыстаецца некалькі арг-цый ці асоб) і адасобленае (калі крыніца вады замацавана за пэўнай арг-цыяй або асобай); паводле характару выкарыстання вады — як рэчыва з пэўнымі якасцямі, як масы і энергет. патэнцыялу, як асяроддзя жыцця; паводле падстаў узнікнення права водакарыстання — першаснае, калі водны аб’ект даецца ў карыстанне непасрэдна дзяржавай, і другаснае, калі даецца першым водакарыстальнікам. З улікам гэтай класіфікацыі вызначаюцца прававы рэжым розных аб’ектаў, права і абавязкі водакарыстальнікаў. Напр., агульнае водакарыстанне (купанне, вадапой жывёлы і інш.) ажыццяўляецца бясплатна і, як правіла, без дазволу дзярж. органаў; для спец. водакарыстання ва ўсіх выпадках патрабуецца папярэдні дазвол дзярж. органаў, у шэрагу выпадкаў яно можа быць платнае. Невыкананне пэўных патрабаванняў правіл водакарыстання цягне за сабой дысцыплінарную, крымін., адм. адказнасць. Парадак памежнага водакарыстання рэгулюецца міждзярж. дагаворамі і пагадненнямі.

А.​М.​Макарэвіч.

т. 4, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІМІЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. assimilatio прыпадабненне),

зліццё, засваенне. 1) У этналогіі засваенне адным народам мовы, культуры і інш. этнічных прыкмет іншага народа (які сацыяльна больш развіты ці дэмаграфічна пераважае) да поўнага зліцця з ім. У выніку асіміляцыі мяняецца этнічная самасвядомасць асіміляванага народа. Натуральная асіміляцыя адбываецца пры непасрэдных кантактах этнічных груп, абумоўленых агульнасцю іх паліт., сацыяльнага, гасп. і культурнага жыцця, пашырэннем міжэтнічных шлюбаў. Прымусовая асіміляцыя звычайна ажыццяўляецца з дапамогай дыскрымінацыі.

2) У мовазнаўстве прыпадабненне аднатыпных (галосных ці зычных) гукаў у межах слова ці спалучэння слоў. Бывае поўная (адзін гук цалкам прыпадабняецца да другога: «насенне» — з «насеньйе», «шшытак» — пры напісанні «сшытак») і няпоўная [(гукі прыпадабняюцца толькі па якой-н. адной або некалькіх прыкметах, але не ўсіх, напрыклад, «каска» — пры напісанні «казка» (па глухасці-звонкасці), «сьмецце» — пры напісанні «смецце» (па цвёрдасці-мяккасці), «бяссільны» — пры пісьме «бяссільны» (па глухасці-звонкасці і цвёрдасці-мяккасці)]. Асіміляцыя наз. прагрэсіўнай, калі наступны гук прыпадабняецца да папярэдняга, і рэгрэсіўнай, калі папярэдні гук прыпадабняецца да наступнага (больш уласціва бел. мове). У выніку асіміляцыі ў бел. мове ўзніклі падоўжаныя зычныя. Частковае прыпадабненне галосных і зычных наз. акамадацыяй.

3) У біялогіі тое, што анабалізм.

4) У геалогіі працэс паглынання і перапрацоўкі (расплаўленне або растварэнне) магмай асадкавых або метамарфічных парод. Адбываецца каля кантактаў інтрузіўных целаў у бакавых (умяшчальных) пародах або на глыбіні пры абрушэнні ў расплаўленую магму цвёрдых парод скляпення. Асіміляцыя абумоўлівае разнастайнасць магматычных парод, можа быць прычынай дыферэнцыяцыі магмы, важным фактарам металагеніі. Асіміляцыі спрыяе кантрастнасць саставу магмы і ўмяшчальных парод, пераграванне магмы і наяўнасць у ёй лятучых кампанентаў. Значна пашырана пры ўтварэнні габра і дыярытаў у краявых частках гранітных інтрузій на кантакце з вапнякамі і асн. горнымі пародамі.

т. 2, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІ́СІІ НАЦЫЯНА́ЛЬНАГА СХО́ДУ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

дапаможныя органы палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь — Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. Адрозніваюць камісіі пастаянныя і часовыя. Пастаянныя камісіі выбіраюцца палатамі са свайго складу на першых сесіях і дзейнічаюць на працягу ўсяго тэрміну паўнамоцтваў парламента. Яны вядуць законапраектную работу, папярэдні разгляд і падрыхтоўку пытанняў, што адносяцца да ведання палат. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь не прадугледжвае ні наменклатуры пастаянных камісій і іх арганізацыйнай структуры, ні іх колькасці: гэтыя пытанні вырашаюцца непасрэдна на сесіях палат. На снежаньскай 1996 сесіі Палатай прадстаўнікоў створаны 11 пастаянных камісій: па заканадаўстве; па нацыянальнай бяспецы; па эканам. пытаннях; па дзярж. будаўніцтве, мясц. самакіраванні; па праблемах Чарнобыльскай катастрофы, экалогіі і харчаванні; па бюджэце і фінансах; па аграрных пытаннях; па адукацыі, культуры, навуцы і тэхнічным прагрэсе; па працы, сацыяльных пытаннях, ахове здароўя, фіз. культуры і спорце; па правах чалавека і нац. адносінах; па міжнар. справах і сувязях з СНД. Савет Рэспублікі на студзеньскай 1997 сесіі стварыў 5 пастаянных камісій: па заканадаўстве і дзярж. будаўніцтве; па эканоміцы, бюджэце і фінансах; па сац. пытаннях; па рэгіянальнай палітыцы; па міжнар. справах і нац. бяспецы. Склад камісій і іх кіраўнікі зацверджаны пастановамі палат. У выпадку неабходнасці палаты Нац. сходу могуць ствараць часовыя камісіі па любым пытанні (рэвізійную, следчую і інш.). Часовая камісія спыняе сваю дзейнасць пасля выканання пастаўленых перад ёю задач або датэрмінова па рашэнні адпаведнай палаты.

Г.​А.​Маслыка.

т. 7, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РША,

горад абл. падпарадкавання, цэнтр Аршанскага р-на Віцебскай вобл. на р. Дняпро пры ўпадзенні ў яго р. Аршыца. За 80 км ад Віцебска, вузел 6 чыгунак (лініі на Мінск, Магілёў, Крычаў, Смаленск, Віцебск, Лепель) і 8 аўтадарог. 123,9 тыс. ж. (2000).

Упершыню ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1067 як горад Ръша. У 1320 у складзе Віцебскага княства далучана да ВКЛ. У 1398—1407 пабудаваны Аршанскі замак. Паводле гіст. крыніц за 1555, М.​К.​Радзівіл Чорны заснаваў у О. кальвінскі (пратэстанцкі) збор — адзін з першых на Беларусі. З 1560-х г. О. — дзярж. ўладанне, цэнтр Аршанскага павета. Упершыню пазначана на «Карце Вялікага княства Літоўскага, Лівоніі і Маскоўскага княства», складзенай у 1589 М.​Струбічам. У ходзе шматлікіх войнаў неаднаразова разбурана і спалена. Каля О. адбыліся Аршанская бітва 1514, Аршанская бітва 1564 і інш. Горад меў гандл. сувязі з Расіяй, Польшчай, Прыбалтыкай і Украінай. У 1612—1820 у О. дзейнічаў Аршанскі езуіцкі калегіум, дзе створаны рукапісны зб. «Аршанскі кодэкс». У 1620 горад атрымаў магдэбургскае права і герб — у блакітным полі залаты паўмесяц, паміж рагамі якога сярэбраны крыж. Складанне гар. статута, зацверджанага 3.3.1621, дапоўніла фарміраванне аршанскага права. У сярэдзіне 17 ст. ў О. каля 5 тыс. ж. У 16—18 ст. О. была значным рэліг. цэнтрам. З 1592 існавала правасл. брацтва. Дзейнічалі манастыры бернардзінцаў, базыльянак, дамініканцаў, францысканцаў, уніятаў, касцёлы трынітарыяў, місіянераў, марыявітак, базыльян, цэрквы. У 1630 пры Куцеінскім Богаяўленскім манастыры бел. асветнік С.Собаль заснаваў Куцеінскую друкарню, якая з’яўлялася асн. цэнтрам бел. кірылічнага кнігадрукавання. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) О. ў складзе Рас. імперыі, цэнтр Аршанскай правінцыі. У 1776 горад пазбаўлены магдэбургскага права: 1700 ж., 309 будынкаў. У 1781 гораду дадзены новы герб: уверсе — палова герба Рас. імперыі, унізе — у блакітным полі пяць стрэл. З 1796 О. — цэнтр павета Беларускай, з 1802 — Магілёўскай губ. У вайну 1812 горад спалены франц. войскамі. У 2-й пал. 19 ст. пасля будаўніцтва чыгунак О. — буйны чыг. вузел, аршанская прыстань — значны трансп. пункт на Дняпры. У 17—19 ст існавалі Аршанскі кляштар бернардзінцаў, Аршанскі кляштар дамініканцаў, Аршанскі кляштар трынітарыяў, Аршанскі кляштар францысканцаў У пач. 1890 у горадзе 15 прамысл. прадпрыемстваў, 9 навуч. устаноў, бальніца, 2 аптэкі, 3 б-кі, 2 кнігарні, друкарня. У 1869 адкрыта тэлеграфная станцыя, у 1899 — публічная б-ка імя А.​С.​Пушкіна. У 1897 у О. 13 161 ж. З 1903 працавала Аршанская жаночая гімназія, з 1906 — рэальнае вучылішча, з 1911 — Аршанская жаночая настаўніцкая семінарыя. З 1915 выдавалася газ. «Оршанский вестник». У 1905 у О. пад кіраўніцтвам мясц. арг-цый РСДРП і сац.-дэмакр. к-та Бунда адбыліся выступленні працоўных. У лют.—кастр 1918 О. часткова акупіравана герм. войскамі. У перыяд усталявання сав. улады і грамадз. вайны (1917—20) у О. дзейнічалі органы і арг-цыі розных паліт. сіл: Савет рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, к-т грамадз. бяспекі, саюз эсэраў-марксістаў, часовы ваенна-рэв. к-т і інш. З 2.2.1919 О. ў складзе Гомельскай, з 1920 — Віцебскай губ. РСФСР. З 1924 цэнтр Аршанскага раёна БССР, да 1930 — Аршанскай акругі. З 17.3.1938 горад абл. падпарадкавання. У 1939 у О. 37,6 тыс. ж. У пач. Вял. Айч. вайны ў баях пад О. 14.7.1941 упершыню былі выкарыстаны рэактыўныя ўстаноўкі «Кацюша». 16.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія стварылі ў О. некалькі канцлагераў, дзе знішчылі 19 тыс. чал., у горадзе і раёне загубілі 37,4 тыс. чал. Дзейнічала Аршанскае патрыятычнае падполле. Горад вызвалены 27.6.1944 войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 У 1970 у О. 100,6 тыс. жыхароў.

Працуюць (2000) прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр., у т. л. Аршанскі станкабудаўнічы завод, Аршанскі інструментальны завод, адкрытае акц. т-ва «Орша», з-ды прылад аўтам. кантролю, форм і тэхнал. аснасткі для прадпрыемстваў зборнага жалезабетону, трактарарамонтны і інш. Развіты тэкст. (Аршанскі льнокамбінат, ф-кі трыкат. спарт. вырабаў, швейная, маст. вырабаў), харч. (Аршанскі мясакансервавы камбінат, камбінаты хлебапрадуктаў, піваварны, малочны і інш.), буд. матэрыялаў (Аршанскі камбінат зборных жалезабетонных вырабаў і канструкцый, камбінат сілікатных вырабаў, з-д жалезабетонных вырабаў і інш.) прам-сці. У горадзе тэхнікумы чыг. транспарту і механіка-тэхналагічны, мед. і пед. вучылішчы. Музеі: К.​С.​Заслонава, Музей гісторыі і культуры горада Оршы, этнагр. «Млыны», драўлянай скульптуры нар. майстра С.​С.​Шаўрова. Выдаецца «Аршанская газета».

У 14 ст. на месцы стараж. гарадзішча пабудаваны замак. У час шматлікіх войнаў 16 ст. горад неаднаразова быў разбураны. У 1623 у сутоках рэк Дняпро і Куцеінка засн. Аршанскі Куцеінскі Богаяўленскі манастыр, у 1631 пабудаваны Аршанскі Куцеінскі Успенскі манастыр. У 16—18 ст. у горадзе ўзведзены: драўляная царква Ільі Прарока (1505), мураваныя касцёл і 2-павярховы будынак калегіума (1690), манастыры бернардзінцаў (1636), базыльянак (1642), дамініканцаў (драўляныя будынкі пастаўлены ў 1649—50, мураваны касцёл — у 1819), францысканцаў (мураваныя будынкі ўзведзены ў 1680), саборная мураваная царква Раства Маці Божай (1691), касцёлы трынітарыяў (1714), місіянераў (1752), марыявітак (18 ст.), цэрквы Ушэсця (1757), Іаана Багаслова (1790; усе не захаваліся), Аршанскі манастыр базыльян (2-я пал. 18 ст.). У 1778 распрацаваны план забудовы О., які прадугледжваў рэгуляванне вулічнай сеткі, узбуйненне кварталаў, выраўноўванне паўкальцавых магістралей, стварэнне непадалёку ад цэнтр. ядра горада новай грамадскай плошчы з гасціным дваром і адм. установай, развіццё Задняпроўскага р-на. У вайну 1812 горад спалены франц. войскамі. У 1848 распрацаваны новы праект планіроўкі, які ў асн. рысах паўтараў папярэдні план. У 19 — пач. 20 ст. тэр. О. значна павялічылася, пераважала драўляная забудова. За 1,5 км ад горада забудаваўся прывакзальны раён, які ў 1878 злучыўся з гар. цэнтрам брукаванай магістраллю, у цэнтры О. закладзены парк. У 1880 пабудавана Аршанская Ільінская царква, у 1902 — вадзяны млын, у 1906 — рэальнае вучылішча. На плане 1911 горад падзелены Дняпром і Аршыцай на 3 часткі, рэгулярная планіроўка ўяўляла сабой сетку ўзаемна перпендыкулярных вуліц. Паводле генпланаў О. 1940, 1948 («Белдзяржпраект») разрозненыя раёны аб’яднаны. У 1957 распрацавана схема размяшчэння новага жыллёвага буд-ва (Віцебскі філіял ін-та «Белдзяржпраект»), у 1978 і 1980 — генпланы забудовы О. (БелНДІПгорадабудаўніцтва). Сучасны горад уключае цэнтр., прывакзальны, паўн., паўд. планіровачныя раёны, раёны льнокамбіната і Задняпроўя. Асн. жылы масіў з адм.-грамадскім і культ. цэнтрам размешчаны на правым беразе Дняпра, на месцы гіст. ядра О. з радыяльнай сістэмай вуліц. Асн. кампазіцыйныя восі — вуліцы Леніна (захаваўся фрагмент забудовы канца 19 — пач. 20 ст.), Астроўскага, Міру, праспект Тэкстыльшчыкаў. На скрыжаванні вуліц Леніна і Міру ўтворана цэнтр. плошча, з боку Дняпра да яе прылягае прыдняпроўскі парк. Цэнтр і мікрараёны (мікрараён Задняпроўе 1, Задняпроўе 2, па вуліцах Чырвонай і Леніна) забудоўваюцца 5—9-павярховымі дамамі. Сфарміраваны паўн. і паўд. прамысл. зоны. У О. брацкія могілкі і магілы сав. воінаў, падпольшчыкаў, ахвяр фашызму, ваеннапалонных. Помнікі: Вызваліцелям, Курган Славы, мемар. комплекс «Кацюша», ахвярам паліт. рэпрэсій, у гонар воінаў-землякоў, якія загінулі ў Афганістане, Герою Сав. Саюза К.С.Заслонаву, бел. пісьменніку У.С.Караткевічу.

Літ.:

Орша: Ист.-экон. очерк. 2 изд. Мн., 1967;

Шынкевіч А.М. Аршанская даўніна. Мн., 1992;

Асіноўскі С.М. Орша: Залатыя стрэлы на блакітным полі. Мн., 1997;

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Оршы і Аршанскага р-на. Кн. 1—2. Мн., 1999—2000.

А.​М.​Шынкевіч (гісторыя), Г.​К.​Гаранскі, Ю.​І.​Драгун, Ю.​А.​Якімовіч (архітэктура).

Панарама г. Орша з боку ракі Дняпро.

т. 11, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)