ДЗІВА́ННА (Verbascum),

род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 350 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. Як пустазелле або здзічэлыя трапляюцца ў Паўн. і Паўд. Амерыцы, у Аўстраліі. На Беларусі 7 дзікарослых відаў: Дз. звычайная, або мядзведжае вуха (V. thapsus), чорная (V. nigrum), мучністая (V. lychnitis), густакветная (V. densiflorum), фіялетавая (V. phoeniceum), лекавая (V. phlomoides), тараканавая (V. blattaria). Растуць на сухіх пясчаных сонечных месцах, у светлых лясах і інш. Дз. джунгарская (V. songoricum) інтрадукавана як лек. расліна Цэнтр. бат. садам Нац. АН Беларусі.

Адна-, двух- і шматгадовыя пераважна густа апушаныя травяністыя расліны з высокімі прамастойнымі простымі ці галінастымі сцёбламі, рэдка паўкусты. Лісце чаргаванае або папарна збліжанае, цэласнае, рэдка перыстараздзельнае. Кветкі з 5 пялёсткамі, звычайна жоўтыя, рэдка фіялетавыя, адзіночныя ці ў простых (гронках ці каласах) або складаных (мяцёлчатых, коласа- ці гронкападобных) суквеццях. Плод — каробачка. Лек., дэкар. і фарбавальныя расліны.

Г.​У.​Вынаеў.

Дзіванна звычайная.

т. 6, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАГА НАСТА́ЎНІЦКАГА ІНСТЫТУ́ТА БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры эклектыкі ў Магілёве. Узведзены ў 1853. Спалучае рысы стыляў позняга класіцызму, псеўдарус. і мадэрн. Мураваны 3-павярховы Т-падобны ў плане будынак. Гал. фасад расчлянёны 3 неглыбокімі рызалітамі з параднымі ўваходамі, балконамі 2-ra і 3-га паверхаў з ажурнымі металічнымі агароджамі і невысокімі атыкамі з паўцыркульнымі франтонамі ў цэнтры. Фасад карнізнымі паясамі падзелены на 3 ярусы. 1-ы ярус масіўны, вырашаны як цокаль, сцены аздоблены руставанымі пілястрамі. Рытм 2-га яруса ствараюць размешчаныя папарна арачныя аконныя праёмы, падзеленыя пілястрамі, з геам. скульпт. арнаментам архівольтаў паўцыркульных арак, міжаконных пілястраў і інш. 3-і ярус з прамавугольнымі аконнымі праёмамі кантрастна вылучаецца больш дробным маштабам арх. дэталей. У Вял. Айч. вайну будынак пашкоджаны, у 1953 адноўлены. Напачатку ў будынку размяшчалася жаночая гімназія, з 1913 — настаўніцкі ін-т, з 1919 — Ін-т нар. адукацыі, з 1930 — пед. ін-т, цяпер Магілёўскі пед. ун-т імя А.​Куляшова.

Ю.​А.​Якімовіч.

Магілёўскага настаўніцкага інстытута будынак.

т. 9, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)