БАНІФА́ЦЫЙ VIII (Bonifacius VIII; свецкае Бенедзета Каэтані; Benedetto Caetani; каля 1235, Ананьі, Італія — 11.10.1303),

рымскі папа [1294—1303]. Актыўна змагаўся за папскую тэакратыю, за паліт. ўплыў у барацьбе з феад. манархіямі Еўропы. Пацярпеў паражэнне ў канфлікце з франц. каралём Філіпам IV Прыгожым, што з’явілася перадумовай Авіньёнскага паланення папаў.

т. 2, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́БЕРТ ГВІСКА́Р (Robert Guiscard; каля 1015—17.7.1085),

адзін з правадыроў нарманаў, якія ўварваліся ў Італію. Удзельнічаў у войнах з візантыйцамі за тэр. ў Паўд. Італіі, разбіў войскі папы Льва IX пры Чывітатэ (1053). З 1057 граф Апуліі. Папа Мікалай II узаконіў заваяванні Р.Г. і абвясціў яго ў 1059 герцагам Апуліі, Калабрыі і Сіцыліі, а Р.Г. прынёс папу васальную прысягу. Да 1072 валодаў Паўд. Італіяй і Сіцыліяй, залажыў асновы Сіцылійскага каралеўства. Папа Грыгорый VII, імкнучыся прыпыніць далейшыя заваяванні Р.Г., адлучыў яго ў 1074 ад царквы, але ў 1080 зняў адлучэнне і перадаў Р.Г. ў лен усе занятыя ім тэрыторыі. Р.Г. перамог візантыйскія войскі Аляксея I Камніна каля Дырахія (1081). У 1084 прыйшоў на дапамогу папе Грыгорыю VII, якога ў Рыме трымаў у аблозе імп. Генрых IV. Выцесніў войскі імператара з Рыма, зруйнаваў і разрабаваў горад.

т. 13, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГО́РЫЙ VII (Gregorius) Гільдэбранд

(паміж 1015 і 1020, Сарана, каля г. Грасета, Італія — 25.5.1085),

рымскі папа з 1073. Фактычна правіў пры папе Нікалаю II. Праводзіў рэформы, скіраваныя на ўмацаванне каталіцкай царквы. Забараніў сіманію, увёў цэлібат. Дамагаўся верхавенства пап над свецкімі правіцелямі, змагаўся з герм. імператарам Генрыхам IV за інвестытуру. У 1606 кананізаваны.

т. 5, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГО́РЫЙ XIII (Gregorius; свецкае Уга Банкампаньі; Ugo Boncompagni; 1.1.1502, г. Балоння, Італія — 10.4.1585),

рымскі папа з 1572. Натхніцель контррэфармацыі ў еўрап. дзяржавах. Падтрымліваў франц. католікаў у іх барацьбе з гугенотамі, садзейнічаў узмацненню езуітаў. Імкнуўся пашырыць каталіцызм у Расіі, Японіі, Кітаі. Грыгорый XIII правёў рэформу календара (1582), ад яго імя назва стылю — грыгарыянскі.

т. 5, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАТЫКА́НСКАЯ АПО́СТАЛЬСКАЯ БІБЛІЯТЭ́КА,

афіцыйная папская бібліятэка ў Рыме. Засн. ў 4 ст. У 1990 у фондах 1,3 млн. адзінак, у т. л. каля 8 тыс. інкунабул і каля 100 тыс. графічных твораў мастацтва. Неаднаразова знішчалася і мяняла месцазнаходжанне (Рым, Латэран, Авіньён). Сучасны выгляд б-ка набыла ў 15 ст. пры папе Мікалаю V, які арганізаваў скрыпторый (майстэрню па перапісванні кніг) і забяспечыў доступ да бібліятэчнага збору шырокай публікі. У 16 ст. папа Сікст V перанёс б-ку ў Ватыканскі палац, дзе яна знаходзіцца і цяпер. У 1911—18 мадэрнізавана А.​Рацы (будучы папа Пій XI). Абслугоўвае царк. і навук. ўстановы. У фондах б-кі адна з найбагацейшых у свеце калекцый рукапісаў (больш як 61 тыс. адзінак) і аўтографаў (Фамы Аквінскага, Ф.​Петраркі, Т.​Таса, М.​Лютэра, Мікеланджэла, усяго каля 100 тыс.), каштоўныя прыватныя кнігазборы: шведскай каралевы Крысціны, сем’яў Борджа, Барберыні, Кіджы, Росі. Выдае каталогі спец. збораў, тыражуе фотакопіі і мікрафільмы інкунабул. Пры б-цы 3 музеі.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 4, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДР III (Alexander; свецкае Раланда Бандынелі; Rolando Bandinelli; ? — 30.8.1181),

папа рымскі з 1159. Юрыст і тэолаг, праф. кананічнага права ў Балонні. Папскі легат у Германіі, з 1153 папскі канцлер. Імкнуўся да верхавенства ўлады папства. З гэтай мэтай вёў паспяховую барацьбу з імператарам Фрыдрыхам I Барбаросам з дапамогай Ламбардскай лігі. Асудзіў англ. караля Генрыха II за забойства Т.​Бекета (1170) і прымусіў яго прызнаць уладу папаў.

т. 1, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РЫ́МСКАЕ ПЫТА́ННЕ»,

канфлікт паміж Ватыканам і італьян. дзяржавай, які ўзнік пасля заняцця ў 1870 італьян. войскамі Рыма і далучэння Папскай вобласці да Італьян, каралеўства. Папа Пій ІХ адмовіўся прызнаць ліквідацыю Папскай дзяржавы і адхіліў гарантыі італьян. ўрада сваёй асобе, абвясціўшы сябе «вязнем» Ватыканскага палаца. Доўгі час «Р.п.» ўскладняла адносіны паміж Ватыканам і італьян. дзяржавай. Канчаткова ўрэгулявана ў 1929 пры папе Пію XI у адпаведнасці з Латэранскімі дагаворамі 1929.

т. 13, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДР VI (Alexander; свецкае Радрыга Борджа; Rodrigo Borgia; 1.1.1430 ці 1431 — 18.8.1503),

папа рымскі з 1492. Імкнуўся стварыць у цэнтры Італіі моцную дзяржаву, дзеля чаго падтрымліваў заваёўніцкія планы свайго сына Чэзарэ Борджа, прадаваў царк. пасады, збіраў крыжаносную дзесяціну, канфіскоўваў маёмасць заможных асоб. Паліт. праціўнікаў ліквідаваў з дапамогай атруты і кінжала. У 1497 адлучыў ад царквы свайго праціўніка Саванаролу і садзейнічаў пакаранню яго смерцю. На пачатку італьянскіх войнаў 1494—1559 лавіраваў паміж варагуючымі бакамі.

т. 1, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНАКЕ́НЦІЙ III (Innocentius III; свецкае Латарыо ды Сеньі; Lotario di Segni; 1160 ці 1161, Ананьі, Італія — 16.7.1216),

рымскі папа ў 1198—1216. Прадаўжальнік палітыкі Грыгорыя VIII. Ініцыятар 4-га і 5-га крыжовых паходаў, паходу супраць альбігойцаў. У 1202 санкцыяніраваў заснаванне ордэна мечаносцаў, які потым пагражаў Полацкаму княству, зацвердзіў ордэн францысканцаў (1210). У 1215 склікаў 4-ы Латэранскі сабор (найбуйнейшы царк. сход у сярэдневякоўі). Пры І. III каталіцкая царква дасягнула вяршэнства над свецкай уладай.

т. 7, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНГРЭГА́ЦЫІ (ад лац. congregatio злучэнне, аб’яднанне) у каталіцызме, 1) органы рымскай курыі, якія ажыццяўляюць кіраванне пэўнымі сферамі дзейнасці каталіцкай царквы. Узначальваюцца прэфектам, якога прызначае папа.

2) Рэлігійныя арг-цыі, якія кіруюцца манаскімі ордэнамі. Уваходзяць як свяшчэннаслужыцелі, так і недухоўныя асобы. Члены К. даюць зарокі (цноты, паслушэнства, беднасці) на пэўны тэрмін ці пажыццёвыя. Узніклі ў канцы 16—17 ст., найб. пашыраны ў 19 ст. 3) Аб’яднанне некалькіх манастыроў, якія прытрымліваюцца аднаго статута, пад адзіным кіраваннем.

т. 7, с. 576

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)