КІ́СІНДЖЭР ((Kissinger) Генры Альфрэд) (н. 27.5.1923, г. Фюрт, Германія),

дзяржаўны дзеяч ЗША, дыпламат, палітолаг. Д-р філасофіі (1954). У 1938 з бацькамі эмігрыраваў у ЗША. Скончыў Гарвардскі ун-т (1950), выкладаў у ім (1951—69). Адначасова кансультант па знешнепаліт. і ваен.-паліт. праблемах Аб’яднанага к-та начальнікаў штабоў (1956—60), Савета нац. бяспекі ЗША (1961—62), Агенцтва па кантролі над узбраеннямі і раззбраенні ЗША (1961—68), дзярж. дэпартамента ЗША (1965—69). У 1969—75 пам. прэзідэнта ЗША па нац. бяспецы. У 1973—77 дзярж. сакратар ЗША. Садзейнічаў спыненню вайны ЗША у В’етнаме 1964—73. З 1977 выкладчык Джорджтаўнскага ун-та ў Вашынгтоне, навук. супрацоўнік Гуманітарных даследаванняў Аспена інстытута, кансультант па знешнепаліт. пытаннях шэрагу карпарацый і н.-д. цэнтраў ЗША. З 1983 кіраўнік Нац. двухпарт. камісіі па Цэнтр. Амерыцы. Аўтар кніг «Ядзерная зброя і знешняя палітыка» (1956), «Патрывожанае партнёрства: пераацэнка Атлантычнага саюза» (1965), «Гады ў Белым доме» (1979), «Гады зрухаў» (1982) і інш. Нобелеўская прэмія міру 1973 (разам з Ле Дык Тхо).

Тв.:

Рус. пер. — Дипломатия. М., 1997.

Г.А.Кісінджэр.

т. 8, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПРУ́ДНІК (Янка) (сапр. Вільчыцкі Сяргей Мікалаевіч; н. 9.8.1926, г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. гісторык, палітолаг, паэт, літ.-знавец, публіцыст. Д-р гіст. н. (1969). З 1944 у эміграцыі. Вучыўся ў бел. гімназіі імя Я.Купалы ў Міхельсдорфе (Германія). Скончыў Лувенскі ун-т (Бельгія, 1954). У 1947 дэбютаваў вершамі (пад псеўд. Сяргей Ясень). З 1948 працаваў шахцёрам у Англіі, браў удзел у выданні час. «Наперад» (1948—53), дзе друкаваліся і яго творы. У 1954—91 супрацоўнік бел. рэдакцыі радыё «Свабода» (у 1970—75 адначасова выкладаў гісторыю ў Куінсі-каледжы гарадскога ун-та Нью-Йорка). Публікаваўся і ўваходзіў у склад рэдкалегіі час. «Беларуская моладзь» (1959—64), рэдагаваў бюлетэнь «Навіны з Беларусі» (1964—69), быў гал. рэдактарам газ. «Беларус» (1970—80, з 1980 папераменна з З.Кілель). У 1969 абараніў доктарскую дысертацыю «Палітычная барацьба за Беларусь у царскай Дзяржаўнай Думе. 1906—1917». Аўтар кн. «Спадчына бацькоў: «Агледзіны»: (Да 100-годдзя з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа)» (Нью-Йорк, 1982). Яго манаграфія «Беларусь на гістарычных скрыжаваннях» (1993, на англ. мове) знаёміць заходняга чытача з шматвяковай гісторыяй і сучасным станам Беларусі.

Тв.:

Бел. пер. — Беларусь на гістарычных скрыжаваннях. Мн., 1996.

т. 6, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЖАЗІ́НСКІ ((Brzezinski) Збігнеў) (н. 28.3.1928, Варшава),

амерыканскі сацыёлаг, палітолаг і дзярж. дзеяч. Скончыў ун-т Мак-Гіла ў Манрэалі (Канада, 1949) і Гарвардскі ун-т (1953). У 1977—81 нам. прэзідэнта ЗША па нац. бяспецы. З 1981 праф. Калумбійскага ун-та і дарадчык Цэнтра стратэг. і міжнар. даследаванняў Джорджтаўнскага ун-та (Вашынгтон). У працы «Паміж двух вякоў. Роля Амерыкі ў тэхнатронную эру» (1970) распрацаваў адзін з варыянтаў тэорыі «пост-індустрыяльнага грамадства», паводле якога новы этап развіцця чалавецтва вызначаецца яго эвалюцыйным пераходам ад ніжэйшай стадыі (аграрнай) да «тэхнатроннай эры» і якаснымі зменамі ў сац.-паліт. і эканам. адносінах. Даследуе сац.-філас. аспекты паходжання, праяўленняў і шляхоў вырашэння глабальных праблем чалавецтва (глабалістыка). Адзін са стваральнікаў тэорыі таталітарызму. Упершыню сфармуляваў гіпотэзу пра распад камуніст. сістэмы ў Цэнтр. і Усх. Еўропе, даў характарыстыку спецыфікі пераходу былых сацыяліст. краін ад таталітарнай мадэлі развіцця да цывілізаванага грамадства, якое абапіраецца на прынцыпы дэмакратыі і рыначнай эканомікі («Палітычная ўлада: ЗША/СССР», 1964; «Вялікі крах: зараджэнне і смерць камунізму ў XX ст.», 1989, і інш.). Бжазінскі лічыць, што ў новых абставінах ключавымі момантамі ў дзейнасці Захаду павінны стаць палітыка стрымлівання і пашырэнне дэмакр. ўплыву, уключэнне краін Усх. Еўропы ў НАТО, супрацоўніцтва ў галіне бяспекі з Расіяй, садзейнічанне новым незалежным дзяржавам б. СССР у захаванні рэальнага суверэнітэту.

Тв.:

Totalitarian dictatorship and autocracy. Cambridge, 1956 (разам з К.І.Фрыдрых);

Strategy of game. Boston;

New York, 1986.

С.Ф.Дубянецкі.

т. 3, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)