БУГЕ́РА—ЛА́МБЕРТА—БЭ́РА ЗАКО́Н,
вызначае паступовае аслабленне паралельнага монахраматычнага пучка святла пры распаўсюджванні яго ў паглынальным асяроддзі. Выражаецца формулай
, дзе I — інтэнсіўнасць пучка святла, што прайшоў праз слой рэчыва таўшчынёй d, I0 — інтэнсіўнасць уваходнага пучка, μ — паказчык паглынання святла, які залежыць ад частаты святла, хім. прыроды і стану рэчыва. Для разбаўленага раствору паглынальнага рэчыва ў непаглынальным растваральніку μ = χC, дзе χ — паказчык паглынання святла на адзінку канцэнтрацыі C паглынальнага рэчыва ў растворы. Адкрыты ў 1729 П.Бугерам, падрабязна разгледжаны ням. вучоным І.Г.Ламбертам у 1760 і доследна правераны для раствораў ням. вучоным А.Бэрам у 1852.
т. 3, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІТАЛААДДА́ЧА,
абагульняльны паказчык, які характарызуе эфектыўнасць выкарыстання капіталу (асн. вытв. фондаў, капітальных укладанняў, інвестыцый), адваротны паказчык капіталаёмістасці. Вызначаецца адносінамі гадавога выпуску прадукцыі да сумарных затрат капіталу на яе вытв-сць і рэалізацыю. У галінах з розным узроўнем матэрыялаёмістасці прадукцыі можа вылічвацца па аб’ёмах чыстай прадукцыі, у здабыўных галінах і тых, якія выпускаюць аднародную прадукцыю, — па натуральных аб’ёмах вытв-сці, у матэрыяльна-тэхн. забеспячэнні і абслугоўванні — па аб’ёме выкананых паслуг. Ступень эфектыўнасці і прыбытковасці капіталу вымяраецца і адносінамі фін. чыстых выгад (паток рэальных грошай), прыбытку да і пасля выплаты карпаратыўнага падатку або прыбытку плюс працэнты, якія выплачваюцца да адпаведных укладанняў капіталу, інвестыцый і інш., г. зн. рэнтабельнасцю капіталу.
У.Р.Залатагораў.
т. 8, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕСЯТКО́ВЫ ЛАГАРЫ́ФМ ліку, паказчык ступені, у якую патрэбна ўзвесці лік 10, каб атрымаць зададзены лік; лагарыфм па аснове 10. Дл. ліку Ν абазначаецца lg N; напр., lg 2 = 0,3010, lg 20 = 1,3010, lg 100 = 2.
т. 6, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАГАВА́Я ЛІ́НІЯ,
лінія перасячэння паверхні мора або возера з паверхняй сушы. З’яўляецца мяжой дадзенага вадаёма. Умоўнае паняцце: узровень вады многіх вадаёмаў непастаянны, рэальная Б.л. няспынна змяняецца, таму за паказчык берагавой лініі прымаюць сярэдняе шматгадовае становішча ўзроўню вадаёма.
т. 3, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЭФІЦЫЕ́НТ ЗМЕ́ННАСЦІ ПРАЦО́ЎНАЙ СІ́ЛЫ,
паказчык, які характарызуе сярэдняе штодзённае выкарыстанне аднаго фактычна занятага працоўнага месца. Разлічваецца як адносіны чалавека-дзён, адпрацаваных ва ўсіх зменах да іх колькасці, адпрацаваных за той жа перыяд у найб. загружаную змену.
У.Р.Залатагораў.
т. 8, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЦЯ́ЧАЯ СМЯРО́ТНАСЦЬ,
смяротнасць дзяцей да 1 года на 1 тыс. жыванароджаных; адзін з найважнейшых паказчыкаў стану здароўя насельніцтва. Узровень Дз.с. бывае нізкі (да 30%), сярэдні (30—50%) і высокі (больш як 50%). Найб. паказчык Дз.с. — першыя 27 дзён — неанатальная смяротнасць (ранняя — першы тыдзень жыцця і позняя — 8—27 дзён), у наступныя 11 месяцаў — постнеанатальная Дз.с. Перынатальная Дз.с. — мёртванароджаныя, ці Дз.с. у першыя 7 сутак (паказчыкі: да 10—15 % — нізкі, 15—25 — сярэдні, больш як 25% — высокі). Перынатальную Дз.с. падзяляюць на антэнатальную (да родаў), інтранатальную (пры родах) і постнатальную (першы тыдзень). Асн. прычына перынатальнай Дз.с. ў апошнія дзесяцігоддзі — асфіксія, расстройствы дыхання. прыроджаныя анамаліі развіцця. Розніца ўзроўню нараджальнасці і смяротнасці вызначае паказчык натуральнага прыросту насельніцтва. На Беларусі Дз.с. складае 12,5% (1996).
Р.У.Дэрфліо.
т. 6, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЧАТКО́ВЫ ГРАМА́ДСКІ ПРАДУ́КТ,
эканамічны паказчык вымярэння аб’ёму нац. вытв-сці. Уяўляе сабой суму нац. даходу і амартызацыйных выдаткаў. Вылічаецца як кошт створанай канчатковай прадукцыі і паслуг у рыначных цэнах за пэўны перыяд (звычайна за год), за выключэннем кошту выкарыстанай сыравіны, матэрыялаў, паўфабрыкатаў і энергарэсурсаў.
т. 8, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДЭКС (ад лац. index паказальнік, спіс),
1) пералік чаго-н.
2) Умоўнае абазначэнне (лічбавае, літарнае ці камбінаванае) у сістэме якой-н. класіфікацыі (напр., паштовы І.).
3) Лічбавы паказчык, які выражае паслядоўныя змены якой-н. эканам. з’явы (напр., індэкс інфляцыі, індэкс цэн). Гл. таксама Індэкс у матэматыцы.
т. 7, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭГІ́СТРАВАЯ ТО́НА, рэгістравы танаж,
паказчык памераў судна (яго ўмяшчальнасць). Адрозніваюць 2 віды ўмяшчальнасці: валавую (умяшчальнасць брута—брута рэгістравы танаж і чыстую (умяшчальнасць нета—нета рэгістравы танаж). Валавая Р.т. дае ўяўленне пра памеры ўсяго судна, чыстая — пра аб’ём яго памяшканняў, што выкарыстоўваюцца для перавозкі грузаў і пасажыраў.
т. 13, с. 548
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РВІС-ПЕРЫ́ЯД,
перыяд ад ацёлу каровы да наступнага яе апладнення (ад заканчэння адной і да пачатку наст. цельнасці). Паказчык плоднасці жывёл і арганізацыі ўзнаўлення статка. Аптымальная працягласць С.-п. ў малочных парод 2—2,5 месяца, што дазваляе штогод атрымліваць прыплод ад кожнай каровы. Павелічэнне С.-п. можа прывесці да перагулу і ялавасці.
т. 14, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)