БЕЛАРУ́СКАЯ ПА́РТЫЯ САЦЫЯЛІ́СТАЎ-ФЕДЭРАЛІ́СТАЎ (БПС-Ф),
палітычная партыя ў 1918—21. Аформілася ў ліп. 1918 у выніку распаду Беларускай сацыялістычнай грамады. Аб’ядноўвала каля 2 тыс. чал. У склад ЦК БПС-Ф уваходзілі А.Аўсянік, Я.Варонка, К.Езавітаў, В.Захарка, П.Крачэўскі, І.Серада, А.Цвікевіч і інш. Друкаваны орган — газ. «Бацькаўшчына». Займала цэнтрысцкія пазіцыі. Выступала за скасаванне буйнога землеўладання і паступовую нацыяналізацыю прам-сці, рабіла стаўку на сярэднія слаі вёскі і горада. Падтрымала абвяшчэнне 25.3.1918 незалежнасці БНР, у той жа час схілялася да ідэі сусв. федэрацыі. Большасць чл. партыі ў 1918 выступала супраць ням. арыентацыі Рады БНР, у той жа час знаходзілася ў апазіцыі да бальшавікоў. Польскі акупац. рэжым 1919—20 зрушыў БПС-Ф улева, яна ўступіла ў блок з партыяй бел. эсэраў, адмовілася ад «федэралісцкай канцэпцыі» і стала на пазіцыі поўнай незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. У Зах. Беларусі асобныя яе групы дзейнічалі да сярэдзіны 1920-х г.
М.С.Сташкевіч.
т. 2, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАФ ((Graf) Штэфі) (Штэфані Марыя; н. 14.6.1969, г. Мангейм, Германія),
нямецкая спартсменка (тэніс). Чэмпіёнка свету (1987—90, 1993) і Алімпійскіх гульняў (1988). Пераможца адкрытых чэмпіянатаў Аўстраліі (1988—90, 1993), Францыі (1987—88), ЗША (1988—89, 1993), Уімблдонскага турніру (1988—89, 1991—93) у адзіночным разрадзе. Уладальніца кубка Вялікага Шлема (1988). З канца 1980-х г. займае вядучыя пазіцыі ў рэйтынгу мацнейшых тэнісістак свету.
т. 5, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРО́СНЫ»,
бел. нар. танец. Муз. памер 2/4. Тэмп умерана хуткі. Кампазіцыйна прасторавы малюнак нагадвае рух ніткі ў працэсе ткацтва. Асн. рухі — простыя і пераменныя крокі, па-дэ-баскі, падбіўкі. Пазіцыі рук імітуюць працу ткачых за кроснамі. Сустракаюцца парныя варыянты танца. Вядомы ў Бабруйскім, Бялыніцкім р-нах Магілёўскай вобл. Сцэнічны варыянт танца стварыў у 1955 балетмайстар В.Шалуха з самадз. калектывам Аршанскага льнокамбіната.
т. 8, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУХАВЕ́ЦКІ (Іван Мартынавіч) (? — 27.6.1668),
гетман Левабярэжнай Украіны ў 1663—68. Абраны на Чорнай радзе 1663 у Нежыне. У 1665 падпісаў т.зв. «Маскоўскія артыкулы», якія пацвярджалі правы і прывілеі казацкай старшыны і ўмацоўвалі пазіцыі рус. ўрада на Украіне. Незадаволенасць палітыкай Брухавецкага асабліва ўзмацнілася пасля Андросаўскага перамір’я 1667, паводле якога Правабярэжная Украіна заставалася за Польшчай. Намагаўся перадаць Украіну пад уладу Турцыі. Забіты паўстаўшымі супраць яго казакамі.
т. 3, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬЯНУЭ́ВА ((Villanueva) Карлас Рауль) (30.5.1900, Лондан — 16.8.1975),
венесуэльскі архітэктар. Скончыў Нац. школу прыгожых мастацтваў у Парыжы (1928). Працаваць пачаў у гіст. стылях, з канца 1940-х г. перайшоў на пазіцыі функцыяналізму. Яго пабудовы вызначаюцца маст. выразнасцю канстр. сістэм, дынамічнасцю кампазіцыі, выкарыстаннем скульптуры, жывапісу, мазаікі (комплексы універсітэцкага гарадка, 1944—57, жылых кварталаў Эль-Параіса, 1952—54 у Каракасе і інш.). Аўтар кнігі «Каракас учора і сёння» (1950).
т. 4, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛОРУ́ССКИЙ УЧИ́ТЕЛЬСКИЙ ВЕ́СТНИК»,
штомесячны пед. часопіс. Выдаваўся з мая 1910 да пач. 1911 у Магілёве на рус. мове. Створаны па ініцыятыве Т-ва ўзаемадапамогі настаўнікам нар. вучылішчаў Магілёўскай губ. Друкаваў матэрыялы па педагогіцы і нар. асвеце, пра становішча настаўнікаў. Пэўнай грамадска-паліт. пазіцыі не выявіў, але ў культ.-нац. аспекце прымыкаў да акцябрыстаў (ігнараваў праблемы развіцця бел. л-ры і нац. школы). Выйшла 6 нумароў.
т. 3, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БА-АФРЫКА́НСКІ МІЖНАРО́ДНЫ БАНК (Arab-African International Bank; ААМБ),
міжнародная фінансавая акцыянерная камерцыйная ўстанова. Засн. ў 1964 як Араба-Афрыканскі банк. Акцыянеры ААМБ: Егіпет, Алжыр, Ірак, Іарданія, Кувейт, Катар, а таксама 2 камерцыйныя банкі — Саюз арабскіх і франц. банкаў (Францыя) і Араба-Афрыканскі банк (Маўрытанія). Месца знаходжання — Каір. ААМБ мае на мэце стаць магутным фін. ін-там на Б. Усходзе і ў Паўн. Афрыцы, здольным пацясніць пазіцыі банкаўскіх устаноў зах. краін.
т. 1, с. 442
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКА́НСКІ ЛЕГІЁН (American Legion),
у ЗША арг-цыя былых удзельнікаў розных войнаў. Засн. ў 1919 у Парыжы вайскоўцамі амер. экспедыцыйнага корпуса ў Еўропе, узаконена як афіц. арг-цыя актам Кангрэса ЗША. Штаб-кватэра ў г. Індыянапаліс. Узначальваецца выканкомам і нац. камандорам, якіх штогод выбірае з’езд легіянераў. Выступае за сац. абарону ветэранаў войнаў, займаецца ваенна-патрыят. выхаваннем моладзі. Паліт. пазіцыі Амерыканскага легіёна характарызуюцца антыпрафсаюзным курсам, негатыўным стаўленнем да іншаземцаў.
т. 1, с. 315
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫПЛАМАТЫ́ЧНЫ АКТ,
дзеянне або заява органаў знешніх зносін і службовых асоб суб’ектаў міжнар. права, якія цягнуць за сабой міжнар.-паліт. або прававыя вынікі. Міжнар. практыка выпрацавала разнастайныя Д.а. (устанаўленне дыпламат. адносін, уручэнне даверчых грамат, заявы з выкладаннем пазіцыі і да т.п.). Іх выкарыстанне вызначаецца міжнар. звычаямі і пагадненнямі, пратакольнымі правіламі і нормамі ўнутрыдзярж. права па пытаннях дыпламат. службы. Пад Д.а. разумеюцца таксама пісьмовыя дыпламат. дакументы (дагавор міжнародны, нота, мемарандум і інш.).
т. 6, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТРУМЕНТАЛІ́ЗМ,
кірунак у філасофіі і метадалогіі навукі, які разглядае навук. паняцці, гіпотэзы, тэорыі як інструменты, неабходныя для паспяховай тэарэт. і практ. арыентацыі чалавека ў яго ўзаемадзеянні з прыродай і грамадствам. Звязаны з прагматызмам, аперацыяналізмам і канвенцыяналізмам. Пазнанне лічыць інструментам, які людзі адвольна выкарыстоўваюць у сваіх мэтах незалежна ад ісціннасці пазнання. Разгорнутую канцэпцыю І. сфармуляваў Дж.Дзьюі. Ідэі І. зрабілі ўплыў на пазіцыі вучоных Г.Кірхгофа, Г.Герца, П.У.Брыджмена, А.Эдынгтана.
т. 7, с. 264
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)