ЛЕДАВІКО́ВЫЯ ЛАГЧЫ́НЫ, лагчыны ледавіковага выворвання і размыву,
выцягнутыя далінападобныя паглыбленні ў рэльефе ложа антрапагенавых адкладаў, утвораныя актыўнымі ледавікамі і напорнымі водамі падледавіковых патокаў. На Беларусі трапляюцца ў паласе канцова-марэнных утварэнняў (напр., у бас. Дняпра і Нёмана). Глыб. лагчын 50—250 м ніжэй узроўню вады ў сучасных рэках, адзнакі макс. заглыбленняў да 120—168 м ніжэй узроўню мора; некаторыя дасягаюць крышт. фундамента і ўразаюцца ў яго да 40 м; даўж. ад соцень метраў да дзесяткаў кіламетраў, шыр. ад 0,5 да 25—30 км. Стромкасць схілаў да 30—35°. Падоўжаны профіль днішчаў няроўны. На дне і на бартах звычайна дыслакацыі, шмат адорвеняў. Ніжняя ч. разрэзу запоўнена гляцыяалювіем, марэннымі адкладамі; верхняя складзена азёрна-ледавіковымі і маладымі ледавіковымі адкладамі. Самыя глыбокія Л.л. ўтвораны беларускім (раннебярэзінскім) і бярэзінскім (познабярэзінскім) ледавікамі. Большасць лагчын аднаўлялася ў час кожнага зледзянення. На асобных участках наследаваны сучаснымі рэкамі. Л.л. з’яўляюцца сховішчамі падземных вод.
Літ.:
Горецкий Г.И. Особенности палеопотамологии ледниковых областей. Мн., 1980;
Нечипоренко Л.А. Условия залегания и тектоническая предопределенность антропогенового покрова Белоруссии. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРО́ШАК (Vicia),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 150 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі 11 дзікарослых відаў. Найб. вядомыя гарошкі: валасісты — V. hirsuta, вузкалісты — V. angustifolia, кашубскі — V. cassubica, мышыны — V. cracca, зараснікавы — V. dumetorum, гарохападобны — V. pisiformis, плотавы — V. sepium, лясны — V. sylvatica, танкалісты — V. tenuifolia, чатырохнасенны — V. tetrasperma і 4 інтрадукаваныя (гарошак буйнакветны — V. grandiflora, нарбонскі — V. narbonensis, панонскі — V. pannonica, пацеркападобны, або франц. сачавіца, — V. ervilla) віды. Дзікарослыя віды трапляюцца ў лясах, на лугах, у хмызняках, уздоўж дарог, на пустках, у населеных мясцінах і як пустазелле; інтрадукаваныя вырошчваюць ў Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі і на доследных дзялянках. Да культ. відаў гарошку адносіцца і віка. Да роду гарошку іншы раз адносяць боб.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны са слабым узыходным, ляжачым, зрэдку прамастойным галінастым сцяблом Лісце парнаперыстаскладанае, з прылісткамі, вусікамі ці шчацінкамі. Кветкі адзіночныя або па 2—3 у пазухах лісця ці ў гронкападобных суквеццях. Вяночак рознага колеру (найчасцей сіні, фіялетавы, блакітны, пурпурны, бэзавы). Плод — струк на ножцы, лінейны ці падоўжаны, шматнасенны. Каштоўныя кармавыя, зернефуражныя, лек. меданосныя і дэкар. расліны, некат. віды – пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКАЯ ЗА́МКАВАЯ ЦАРКВА́.
Існавала ў 14—19 ст. у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Пабудавана ў 14—16 ст. на тэр. дзядзінца (гл. ў арт.Навагрудскія замкі). У час даследавання ў 1924 выяўлены падмурак, рэшткі сцен і падкупальных слупоў. Першапачатковы храм быў бясстоўпны, у плане амаль квадратны; з усх. боку меў невял. закругленую апсіду, з зах. — прытвор. Падмуркі выш. 2 м узведзены з валуноў на вапнава-пясчаным растворы. Сцены таўшчынёй да 1,2 м з цэглы. Рэшткі сцен усх. часткі храма пабудаваны ў вендскай, зах. сцяна і прытвор — у гатычнай тэхніках муроўкі. Па перыметры храма закладзены драўляныя брусы. У сярэдзіне — 2-й пал. 14 ст. храм рэканструяваны: узведзены 4 цагляныя крыжападобныя ў плане стаўпы, на якія, верагодна, апіраўся барабан з купалам; зроблены паўн.-ўсх. прытвор і набрана новая цагляная падлога, пад якой выяўлены 2 скляпы. У такім выглядзе помнік уяўляў сабой сінтэз усх.слав. дойлідства з раманскім і гатычным стылямі. У 2-й пал. 17 ст. царква перабудавана пад касцёл у стылі барока. Аб’ём падоўжаны на З, павялічана апсіда (новая даўж. будынка 34 м), над паўд. сцяной пабудавана вежа складанай канфігурацыі; фасады дэкарыраваны фігурнымі атынкаванымі карнізамі, цягамі, нішамі і інш. Да 1775 у будынку касцёла адбываліся сесіі Трыбунала — вышэйшага апеляцыйнага суда ВКЛ. Храм існаваў да 1850.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЖО́ВА-КУ́ПАЛЬНЫ ХРАМ,
тып хрысціянскага храма. Узнік у 6 ст., канчаткова сфарміраваўся ў 9—12 ст. у Візантыі. У класічным варыянце мае 4 злучаныя аркамі верт. апоры, на якія з дапамогай ветразяў апіраецца барабан, перакрыты купалам. Прасторавыя ячэйкі паміж апорамі і сценамі размешчаны па ўзаемна перпендыкулярных восях, перакрываюцца паўцыркульнымі і крыжападобнымі скляпеннямі. Вуглавыя ячэйкі перакрываюцца больш нізкімі скляпеннямі ці купаламі. Гэта ўстойлівая сістэма ўзаемазвязаных прасторавых ячэек абумоўлівае стройную кампазіцыю храма. Гал. ролю ў ёй адыгрывае цэнтр. купал, высока падняты на барабане. Ярусам ніжэй размяшчаюцца скляпеністыя рукавы крыжа, яшчэ ніжэй — вуглавыя памяшканні. Арх. аблічча стварае пластычная выразнасць масіўных сцен і апор. У кампазіцыю інтэр’ера з вял. паверхнямі сцен і скляпенняў арганічна ўваходзіла храмавая размалёўка. У бел. культавай архітэктуры ў залежнасці ад форм крыжа (падоўжанылац. ці роўнаканцовы грэчаскі) адчуваецца зах.-еўрап. ці грэка-візант. ўплыў. Храмы ў верхнім сячэнні накшталт грэч. крыжа паявіліся ў 11 ст. (Сафійскі сабор і Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку і інш.). Пазней гэты тып выкарыстоўваўся пры буд-ве правасл. драўляных сабораў (Богаяўленскі сабор Куцеінскага манастыра ў Оршы, Троіцкі сабор Маркава манастыра ў Віцебску). У 16—18 ст. у архітэктуры барока пашырыўся тып К.-к.х. з базілікальнай структурай (з планам у верхнім сячэнні накшталт лац. крыжа), які выкарыстоўваўся пры буд-ве найб. значных культавых пабудоў усіх кірункаў хрысц. веравызнання на Беларусі (касцёлы езуітаў у Нясвіжы, Гродне, Полацку, саборы Жыровіцкага і Быценскага уніяцкіх манастыроў, правасл. храмы Магілёва), а таксама ў драўляным дойлідстве (сабор Ляшчынскага манастыра ў Пінску, Ільінская царква ў Віцебску). Прыклады К.-к.х. перыяду класіцызму — Іосіфаўскі сабор у Магілёве, Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі, драўляная Троіцкая царква ў г. Ельск Гомельскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЬЧЫЦКІ БАРЫСАГЛЕ́БСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 12 — 1-й пал. 20 ст. на месцы рэзідэнцыі полацкіх князёў у б. прадмесці Полацка Бельчыцы, за км ад Верхняга замка, на левым беразе р.Зах. Дзвіна пры ўпадзенні ў яе р. Бельчанка. Унікальны культавы комплекс 12 ст., выключная з’ява ў дойлідстве і манум. жывапісе Стараж. Русі. Уключаў 4 мураваныя храмы (захаваліся фундаменты 3 цэркваў), пабудаваныя ў 12 ст. ў тэхніцы муроўкі сцен з плінфы са схаваным радам, характэрнай для Полацкай школы дойлідства.
Вялікі сабор (пабудаваны ў 1120—30-я г., назва невядома) — крыжова-купальны 3-апсідны храм, падзелены 6 стаўпамі на 3 нефы, меў 3 прытворы. Вынесеная ў асобную зону алтарная частка, далучаная да асн. аб’ёму, надавала храму ўзнёслы цэнтрычны выгляд. Фасады дэкарыраваны плоскімі лапаткамі. Падлога была выкладзена паліванымі пліткамі, сцены размаляваны фрэскамі (зберагліся фрагменты). Барысаглебская царква — 3-нефавы 1-апсідны храм. Да невял. квадратнага ў плане 4-стаўповага асн. аб’ёму з З далучаўся нартэкс, які з хорамі ўтвараў паніжаны адносна ўсёй кампазіцыі аб’ём. Сцены ўнутры былі ўпрыгожаны фрэскамі з выявамі святых, арнаментам. Пятніцкая царква — падоўжаная ў плане вузкая пабудова, паніжаная зах. частка якой (магчыма, 18 ст.) стаяла на месцы першапач. прамавугольнай апсіды. Мела таксама прытвор і крыпту (верагодна, пахавальня кн. Барыса Усяславіча). Сцены былі размаляваны фрэскамі. Храм-трыконх паводле малюнка канца 18 ст. — падоўжаны па восі У—З прамавугольнік з паўкруглай апсідай, дзе быў прастол. Бакавыя апсіды ўтваралі своеасаблівы трансепт, на 4 слупы якога абапіраўся барабан з купалам. Падобную планіроўку маюць храмы Афона, Балгарыі і Сербіі.
У 1928 напаўразбураныя Барысаглебскую і Пятніцкую цэрквы даследаваў І.М.Хозераў. Вялікі сабор даследавалі ў 1965 М.К.Каргер, у 1970-я г. П.А.Рапапорт, у 1990 А.А.Трусаў.
Літ.:
Селицкий А.А. Живопись Полоцкой земли XI—XII вв. Мн., 1992.
Г.А.Лаўрэцкі.
Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр. Барысаглебская царква. З гравюры. 19 ст.Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр. Акварэль І.Трутнева. 1866.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ МЕТРАПАЛІТЭ́НБуд-ва пачата 3.5.1977 са ст. «Парк Чэлюскінцаў». У 1984 уведзены ў эксплуатацыю ўчастак 1-й лініі ад ст. «Інстытут культуры» да ст. «Маскоўская»
(даўж. 8,94 км, 8 станцый) уздоўж праспекта Ф.Скарыны. У 1986 гэты ўчастак падоўжаны на 1,71 км да ст. «Усход». У перспектыве 1-я лінія (даўж. 20,8 км) звяжа жылыя раёны Уручча і Паўд. Захад. У 1990 пушчаны ўчастак 2-й лініі ад ст. «Фрунзенская» да ст. «Трактарны завод» (даўж. 7,18 км, 6 станцый). У 1995 на гэтай лініі здадзены ў эксплуатацыю станцыі «Маладзёжная» і «Пушкінская» (даўж. ўчастка 2,8 км),
у 1997 — «Партызанская» і «Аўтазаводская» (даўж. 3,6 км). З завяршэннем буд-ва 2-я лінія (даўж. 20 км) злучыць жылыя раёны Кунцаўшчына і Заводскі. 3-ю лінію (даўж. 17 км) намечана пракласці ад перакрыжавання Слуцкай шашы з вул. Каржанеўскага праз Прывакзальную пл. да жылога раёна Зялёны Луг. Агульная працягласць трох ліній М.м. складзе 59 км. На іх будзе размешчана 45 станцый з 3 перасадачнымі вузламі. У перспектыве плануецца буд-ва 4-й лініі М.м. (даўж. 16 км, 11 станцый), якая злучыць праз цэнтр жылыя масівы Чыжоўка, Серабранка і Навінкі, а праз перасадачныя вузлы забяспечыць сувязь з інш. жылымі раёнамі і прамысл. зонамі горада. Агульная працягласць 4 ліній складзе 75 км.
Станцыі М.м. — арыгінальныя творы архітэктуры. Выкарыстанне сучасных буд. канструкцый дало магчымасць стварыць адзіную прастору станцый. У іх ідэйна-маст. абліччы ўвасоблена грамадскае, вытв. і культ. жыццё Беларусі, яе гераічнае мінулае і сучаснасць. У афармленні М.м. важную ролю адыгрываюць сінтэз мастацтваў, колер і фактура аддзелачных матэрыялаў (мармур, граніт, металы, дрэва, кераміка і інш.), формы калон, дэталі свяцільняў, сродкі манум.-дэкар. і выяўл. мастацтва. Сярод стваральнікаў станцый арх. Ю.Градаў, Я.Леановіч, Л.Левін, Л.Пагарэлаў, М.Пірагоў, мастакі В.Даўгала, Г.Жарын, Ю.Івахнішын, У.Стальмашонак, Л.Хобатаў і інш.
В.Ф.Валошын, В.А.Ярмоленка.
Мінскі метрапалітэн. Станцыя «Аўтазаводская».Мінскі метрапалітэн. Станцыя «Інстытут культуры».Мінскі метрапалітэн. Станцыя «Партызанская».