ПСІХАПАТЫ́Я (ад псіха... + грэч. pathos пакута, хвароба),
расстройства асобы, паталагічны стан псіхічнай дзейнасці чалавека. Анамаліі характару, якія вызначаюць псіхічнае аблічча індывідуума, выяўляюцца з дзяцінства, яскрава выражаны ў падлеткаў і захоўваюцца на працягу жыцця. Адрозніваюць П. ўзбудлівую, істэрычную, шызоідную і інш. формы. Праяўляецца дысгарманічнасцю эмацыянальна-валявых уласцівасцей асобы (празмерная раздражняльнасць, замкнёнасць, эгацэнтрызм і інш.), парушэннем прыстасавальнасці да навакольнага асяроддзя пры адносным захаванні інтэлекту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМПЛУА́ (франц. emploi літар. выкарыстанне),
своеасаблівая спецыялізацыя акцёра на выкананні роляў, якія найб. адпавядаюць яго вонкавым сцэн. даным, характару, таленту. Амплуа мужчынскія; герой, комік, прастак, палюбоўнік, рэзанёр, фат; жаночыя: гераіня, камічная старая, гранд-дама, інжэню, субрэтка, травесці і інш. У сучасным т-ры падзелу на амплуа фармальна не існуе, сцвярджаецца шырокі творчы дыяпазон акцёра. Найб. устойлівае амплуа — травесці (актрыса на ролі хлопчыкаў, дзяўчынак, падлеткаў) захоўваецца ў т-ры для дзяцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТЭСПА́Н,
вялізная пячора на ПдЗ Францыі, у перадгор’ях Пірэнеяў (дэпартамент Верхняя Гарона) з рэшткамі культуры позняга палеаліту. Адкрыта ў 1923 франц. археолагам Н.Кастэрэ. Ва ўнутр. частках пячоры выяўлены выгравіраваныя на сценах выявы бізонаў і коней, а таксама вылепленая з гліны фігура мядзведзя без галавы (замест яе да фігуры мацаваўся мядзведжы чэрап). На глінянай падлозе пячоры захаваліся сляды ног старых людзей і падлеткаў. М. была месцам культавых і магічных абрадаў (магчыма, і абрадаў ініцыяцыі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМІСКУІТЭ́Т (ад лац. promiscuus змешаны, агульны),
хаатычныя палавыя зносіны са многімі партнёрамі. Пашыраны сярод падлеткаў. Да П. можа прывесці паталаг. павышаная палавая цяга (сексуальная растарможанасць узнікае пры пашкоджаннях глыбінных структур мозга, розных расстройствах псіхікі). Часта спалучаецца з алкагалізмам. У чалавечым грамадстве станаўленню норм шлюбу і формы сям’і папярэднічалі нічым не акрэсленыя адносіны паміж паламі. П. у жывёл — форма палавых зносін, пры якой за сезон размнажэння адбываецца хаатычнае спарванне з рознымі партнёрамі. Гл. таксама Панміксія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛІЗНЕ́Ц (Віктар Сямёнавіч) (10.4.1933, с. Уладзіміраўка Кампанееўскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 2.4.1981),
украінскі пісьменнік. Скончыў Кіеўскі ун-т (1957). Пісаў пераважна для дзяцей. Творы вызначаюцца драматызмам, глыбокім псіхалагізмам, паасобныя з элементамі казачнай фантастыкі (аповесці «Ветразі над стэпам», 1965; «Зямлянка», 1966; «Драўляне», 1968; «Маўчун», 1972; раман «Падземныя барыкады», 1977). Развіццю духоўнасці падлеткаў прысвечана аповесць «Гук павуцінкі» (1970). Літ. прэмія імя Л.Украінкі 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЮ́ЦЫІ (лац. polluo, pollutio пэцканне, забрудненне),
міжвольнае семявывяржэнне, не звязанае з палавым актам. Бывае ў начны і дзённы час. Начныя П. — нармальная фізіял. з’ява, у падлеткаў сведчаць пра дасягненне імі пэўнага этапу палавога выспявання. У дарослых мужчын бываюць пры палавым устрыманні. Дзённыя П. падзяляюцца на адэкватныя і неадэкватныя. Адэкватныя бываюць пад уздзеяннем сексуальна-эратычнага ўзбуджэння (напр., ласкі, пацалункі), неадэкватныя ўзнікаюць пад уплывам несексуальных раздражняльнікаў станоўчага і адмоўнага характару (весялосць, хваляванне, страх і інш.). Дзённыя неадэкватныя П. патрабуюць спец. лячэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРОНХААДЭНІ́Т (ад бронхі + грэч. adēn залоза),
запаленчы працэс у лімфатычных вузлах кораня лёгкага і міжсцення. Найчасцей бронхаадэніт — клінічная форма пач. перыяду туберкулёзу ў дзяцей і падлеткаў.
Пры туберкулёзным бронхаадэніце выяўляюцца паталагічныя змены ва ўсіх органах міжсцення, што знаходзяцца вакол пашкоджаных лімфатычных вузлоў. Працэс доўгі час актыўны, зацяжны. Прыкметы бронхаадэніту абумоўлены сімптомамі інтаксікацыі, у некаторых хворых — бітанальны ці коклюшападобны кашаль. Бронхаадэніты бываюць пры саркаідозе, лімфагрануламатозе, лімфалейкозе, лімфасаркомах, неспецыфічныя бронхаадэніты ў дзяцей — пры вірусных інфекцыях, адры, коклюшы. Выяўляюць хваробу перкуторна і рэнтгеналагічна. Лячэнне вызначаецца этыялогіяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ МАТАЦЫКЛЕ́ТНЫ І ВЕЛАСІПЕ́ДНЫ ЗАВО́Д.
Засн. ў 1945 у Мінску як веласіпедны з-д. Першую прадукцыю выпусціў у 1946, з 1947 пачалася серыйная вытв-сць веласіпедаў. З 1951 сучасная назва. З 1956 асвоена вытв-сць матацыкла М1М. У 1970—80 з-д рэканструяваны. З 1993 калектыўнае прадпрыемства. Асн. прадукцыя (1999): дарожныя матацыклы, дарожныя веласіпеды для дарослых з закрытай, адкрытай і складной рамамі, веласіпеды для падлеткаў, спарт.-гульнявыя і горныя, інвалідныя каляскі.
Да арт.Мінскі матацыклетны і веласіпедны завод. 1. Цэх зборкі матацыклаў. 2. Складны дарожны веласіпед. 3. Дарожны веласіпед. 4. Матацыкл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮДЖЭ́Т РАБО́ЧАГА ЧА́СУ,
рэальны рабочы час аднаго работніка за год, квартал або месяц. Неабходны для вызначэння патрэбы ў работніках (працаёмкасць вытв. праграмы дзеляць на бюджэт рабочага часу) і для разліку даплат да асн. заработнай платы.
Разлічваецца ў сярэднім па прадпрыемстве, цэху, участку ці групах работнікаў, якія маюць аднолькавыя графікі работы і працягласць адпачынку. Вызначаецца вылічэннем з каляндарнага рабочага часу выхадных і святочных дзён, водпускаў, нявыхадаў па хваробе, выкананні дзярж. і грамадскіх абавязкаў, а таксама колькасці гадзін, на якія паменшаны рабочы дзень падлеткаў і маці з груднымі дзецьмі. У справаздачны бюджэт рабочага часу ўключаюць прагулы, цэладзённыя і ўнутрызменныя прастоі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗІ́НСКІ (Дамінік Іванавіч) (н. 10.3.1921, с. Малая Саліха Хмяльніцкай вобл., Украіна),
бел. вучоны ў галіне педагогікі. Д-рпед.н., праф. (1970). Акадэмік Бел. акадэміі адукацыі. Скончыў Вінніцкі пед.ін-т (1948). Працаваў у школе, Вінніцкім (1966—76) і Мінскім (1979—86) пед. ін-тах. Даследуе праблемы маралі, патрыят., сямейнага выхавання, пазакласнай і пазашкольнай работы, школазнаўства, педагогікі вышэйшай школы. Аўтар прац: «Пазакласная выхаваўчая работа» (1961), «Выхаванне цікавасці да ведаў у падлеткаў» (1963), «Навуковыя асновы маральнага выхавання школьнікаў» (1982), «Фарміраванне маральных каштоўнасных арыентацый будучых педагогаў» (з А.А.Грымацем, 1993).