ІНФІЛЬТРА́ЦЫЯ (ад лац. in у, унутры + фільтрацыя),

прасочванне, пранікненне атм. і паверхневай вады ў глебу, горныя пароды і рух яе па капілярных і субкапілярных порах, шчылінах і пустотах да ўзроўню грунтавых вод. Залежыць ад магутнасці зоны аэрацыі, літалагічнага складу парод, водапранікальнасці глебы і горных парод, рэльефу, расліннасці, с.-г. асваення зямель і інш. Пачатковая форма І. — усмоктванне, калі вільгаць ідзе толькі на папаўненне водазапасаў глебы і на выпарэнне з паверхні. Далейшы рух вільгаці ў глыбіню (фільтрацыя) адбываецца толькі ў перыяды значнага і працяглага ўвільгатнення (пры моцных ліўнях, снегараставанні), калі ідзе папаўненне падземных вод. Адносіны колькасці інфільтраванай вады да сумы ападкаў (у %), што выпалі, наз. каэфіцыентам І. Яго велічыня мяняецца ад 1—3% да 25—30%. На тэр. Беларусі перавышэнне колькасці атм. ападкаў над сумарным выпарэннем спрыяе добраму інфільтрацыйнаму жыўленню падземных вод. Сярэдняя велічыня каэфіцыента І. складае 13%, найб. (да 30%) адзначаецца на Прыпяцкім Палессі пры глыбіні залягання падземных вод 1—2 м.

т. 7, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРСТ (ням. Karst ад назвы плато Карст, або Крас, у Славеніі),

карставыя з’явы, з’явы і працэсы, якія ўзнікаюць пад уплывам прыродных паверхневых і падземных вод у растваральных горных пародах (гл. таксама Карставыя воды). Развіваецца ў карбанатных (вапняк, даламіт, мел, мергель, мармур) і галагенных (гіпс, ангідрыт, каменная соль) пародах, чаму спрыяюць высокая трэшчынаватасць і порыстасць парод, інтэнсіўная цыркуляцыя вод, прысутнасць у іх свабоднай вуглекіслаты і раствораных солей. Характарызуецца комплексам падземных (пячоры, поласці, хады, каверны, галерэі) і паверхневых (варонкі, кары, польі, паноры, жалабы, катлавіны і інш.) форм рэльефу, мінер. нацёчнымі ўтварэннямі (сталактыты, сталагміты), своеасаблівым рэжымам і цыркуляцыяй падземных вод, рачной сеткі, якая знікае ў падземных поласцях, і азёр. У залежнасці ад ступені пакрыцця растваральных парод глебай або скальнымі пародамі вылучаюць К. задзернаваны, накрыты, браніраваны і пахаваны. На карставыя з’явы знешне падобны псеўдакарст, тэрмакарст і суфозія. Развіты ў Зах. Еўропе, Расіі, Кітаі, ЗША, Цэнтр. Амерыцы. На тэр. Беларусі К. прымеркаваны да карбанатных парод дэвонскага і мелавога ўзросту, асабліва ў далінах рэк Дняпро і Зах. Дзвіна. Ускладняе будаўніцтва, месцамі здабычу карысных выкапняў. Карставыя пячоры вывучае спелеалогія; яны выкарыстоўваюцца для лячэння некаторых хвароб і як аб’екты турызму.

Да арт. Карст. Карставыя ўтварэнні ў горным масіве (схема): 1 — кары; 2 — прыродныя шахты; 3 — сталактыты; 4 — пячорная галерэя; 5 — гарызантальная пячора; 6 — сталагнат; 7 — сталагміты; 8 — падземныя рэкі і ручаі; 9 — вертыкальныя пячоры; 10 — падземны вадаспад.

т. 8, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМФІКАРПІ́Я (ад амфі... + грэч. karpos плод),

утварэнне на расліне пладоў двух тыпаў: надземных і падземных. Падземныя ўтвараюцца з завязі, якая закопваецца пасля апладнення ў глебу (геакарпія). Амфікарпія назіраецца ў кісліцы і некаторых інш. раслін.

т. 1, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЗУ́, апсу,

паводле шумера-акадскай міфалогіі, сусветны акіян падземных прэсных водаў, які абкружае зямлю, а таксама патаемнае месца, схаванае недзе ў яго глыбіні, куды нават багі не могуць зазірнуць і дзе захоўваюцца таямнічыя сілы, што кіруюць светам.

т. 1, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУБЕ́РА,

у старажытнаіндыйскай міфалогіі бог багацця. Яго ўяўляюць з вял. шарападобным жыватом, двухрукім, трохногім, васьмізубым, аднавокім. За набожнасць Брахма прыраўняў К. да багоў, зрабіў яго вартавым падземных скарбаў і захавальнікам (адным з лакапалаў) Поўначы. Блізкім сябрам і апекуном К. лічыцца Шыва.

т. 8, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЭЗІЯ́НСКІ БАСЕ́ЙН (ад Artesium — лац. назвы франц. правінцыі Артуа),

басейн напорных падземных водаў (гл. Артэзіянскія воды), прымеркаваны да адмоўных геал. структур. Адрозніваюць платформавыя артэзіянскія басейны (у сінеклізах, мульдах і інш.) і міжгорныя артэзіянскія басейны (у міжгорных прагінах). Утвараюцца пластавымі водамі платформавага чахла і трэшчынава-жыльнымі водамі крышт. фундамента. У артэзіянскім басейне вылучаюць вобласці жыўлення, напору і разгрузкі падземных водаў. Пл. ад дзесяткаў да мільёнаў квадратных кіламетраў. Самыя вял. артэзіянскія басейны: Заходне-Сібірскі, Маскоўскі (зах. ч. на тэр. Беларусі), Прыбалтыйскі, В. Аўстралійскі, Парыжскі і інш.

Схема будовы артэзіянскага басейна: 1 — ваданосны гарызонт; 2 — водатрывалыя слаі; 3 — узровень грунтавых водаў; 4 — свідравіны (а — без фантанавання, б — з фантанаваннем); аб і вг — вобласці жыўлення; бв — вобласць распаўсюджвання напорных водаў.

т. 1, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫНІ́ЦА,

сканцэнтраваны прыродны выхад падземных вод на зямную паверхню на сушы або пад вадой. Утварэнне К. звязана з перасячэннем ваданосных гарызонтаў адмоўнымі формамі рэльефу (рачнымі далінамі, лагчынамі, ярамі і інш.), геолага-структурнымі асаблівасцямі мясцовасці (трэшчыны, тэктанічныя парушэнні і інш.), фільтрацыйнай неаднароднасцю водазмяшчальных парод. Падзяляюцца: па напрамку руху падземных вод да іх выхаду на паверхню і гідрадынамічных асаблівасцях на сыходныя (жыўленне грунтавымі безнапорнымі водамі) і ўзыходныя (жыўленне артэзіянскімі напорнымі водамі); паводле характару рэжыму — на пастаянна, сезонна і рытмічна дзеючыя; залежна ад саставу — на прэсныя і мінеральныя; па т-ры — на кіпячыя, гарачыя, цёплыя і халодныя. Штучныя К. ўтвараюцца ў выніку інжынерна-гасп. дзейнасці (К. ніжніх б’ефаў плацін, зваротныя К. на масівах арашэння, К., звязаныя з узвядзеннем фундаментаў будынкаў і інш.).

В.​І.​Бучурын.

т. 8, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЧЫ́СТКА АСЯРО́ДДЗЯ,

комплекс мерапрыемстваў па прадухіленні наступстваў забруджвання навакольнага асяроддзя ад антрапагеннага ўздзеяння. Падзяляецца на ачыстку паветра, ачыстку паверхневых і падземных водаў, глебы, біясферы і мерапрыемствы па зніжэнні антрапагеннага, шумавога і тэмпературнага забруджвання. Ачыстка паверхневых водаў прадугледжвае стварэнне сістэмы фільтрацыі, аэрацыі, абясшкоджання вады ў паверхневых крыніцах, ачыстку сцёкавых водаў, стварэнне замкнёных сістэм водазабеспячэння прадпрыемстваў, укараненне сістэм біял. ачысткі, рэканструкцыю сетак і збудаванняў сістэм водазабеспячэння. Ачыстка падземных водаў неабходная ў выпадках забруджвання гэтых водаў нітратамі, радыенуклідамі і інш. шкоднымі для здароўя чалавека рэчывамі. Пры значным перавышэнні забруджвання падземных водаў прадугледжваецца забарона іх ужывання. Ачыстка глебы патрабуецца ў выпадках перанасычэння яе мінер. ўгнаеннямі і ядахімікатамі, назапашваннем адходаў прам-сці ці жыццядзейнасці чалавека (звалкі). Выкарыстоўваюць прыёмы агратэхнікі і севазвароту, утылізацыі адходаў і інш.; у выпадках катастрафічнага яе забруджвання (напр., радыенуклідамі) неабходна радыкальная ачыстка з выдаленнем і пахаваннем паверхневых пластоў глебы і забаронай іх выкарыстання. Ачыстка біясферы прадугледжвае паніжэнне ў ёй узроўню шкодных рэчываў: новых хім. злучэнняў (ксенабіётыкі, некаторыя пестыцыды, поліхлорбіфенілы і інш.), часцінак і чужародных прадметаў (попел, сажа, пыл і інш.), а таксама шуму, радыеактыўнасці (ад ядз. выпрабаванняў, назапашванне радыеактыўных адходаў ад АЭС, пры аварыях на атамных прадпрыемствах і інш.). У выпадках забруджвання біясферы радыенуклідамі неабходна спец. пахаванне заражаных жывёльных і раслінных аб’ектаў ці абмежаванае іх выкарыстанне.

Т.​А.​Філюкова.

т. 2, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛА́СЫ,

плоскія катлавінападобныя прасадкавыя паніжэнні ў раёнах шматгадовай мерзлаты Усх. Сібіры (Якуція) памерам ад дзесяткаў квадратных метраў да соцень квадратных кіламетраў. Глыб. 15—30 м. Узнікаюць ад раставання падземных ільдоў і апускання грунту (тэрмакарст і суфозія). Астаткавыя азёры. Лугі, стэпавая расліннасць. Сенажаці. Месцамі ўзараныя.

т. 1, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДЫ СУ́ШЫ,

воды рэк, азёр, вадасховішчаў, балот, ледавікоў, глеб, а таксама падземныя воды ў вадкім, цвёрдым і газападобным стане. Прэсныя воды сушы — асн. крыніца водных рэсурсаў. З агульных запасаў вод у гідрасферы Зямлі 48,6 млн. км³ (3,5%) адносяцца да вод сушы, у т. л. 35 млн. км³ (або 2,5% усіх вод Зямлі) прэсныя. Найб. аб’ём прэсных вод знаходзіцца ў ледавіках і вечных снягах — каля 24 млн. км³ (1,7%), у падземных водах іх каля 11 млн. км³ (0,8%, разам з мінералізаванымі і расоламі каля 24 млн. км³), у глебе, вадаёмах, вадацёках, балотах, жывых арганізмах каля 1,4 млн. км³ (менш як 0,1%). На Беларусі воды сушы назапашаны ў рачной сетцы, азёрах і вадасховішчах, слоі глебы і ў падземных ваданосных гарызонтах.

Літ.:

Мировой водный баланс и водные ресурсы Земли. Л., 1974.

В.​В.​Дрозд.

т. 4, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)