ВЕ́ПРАЎШЧЫНА, вепраўшчызна, павепраўшчызна,
грашовы падатак у ВКЛ, які ў 16—18 ст. спаганяўся з сялян за права карыстання ляснымі ўгоддзямі землеўласніка. Памер вызначаўся непасрэдна зямельным уласнікам.
т. 4, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЫ́МНАЕ,
асноўны дзярж. пазямельны падатак у Рэчы Паспалітай, у т. л. на Беларусі, у 17—18 ст. Уведзена ў 1649. Адзінка абкладання — двор ці дым; стаўка 1 П. складала 0,5 злотага (15 грошаў за год). Памер падатку не залежаў ад заможнасці гаспадаркі і вызначаўся сеймам: у 1650—16 П., у 1653—12 П. з дыма. Плацілі П. сяляне, мяшчане і дробная шляхта; феадалы ад яго вызваляліся (да 1775) і збіралі яго з насельніцтва ў сваіх уладаннях. Для налічэння П. перыядычна праводзіліся перапісы дымоў, пры гэтым феадалы нярэдка ўгойвалі частку дымоў, а падатак з іх прысвойвалі. Пасля далучэння Беларусі да Расіі заменены інш. падаткамі.
т. 11, с. 509
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ЙВІД,
кіраўнік сял. паўстання ў ВКЛ у 1544—45. Сяляне Укмергскай і Анікштайскай валасцей, незадаволеныя патрабаваннем вял. князя адправіць у Вільню дзякла (падатак), а таксама злоўжываннямі аканома Кміты, напалі на атрад велікакняжацкага прадстаўніка Ката. Неўзабаве атраду вял. князя ўдалося ўзяць буйвіда ў палон, але хваляванні працягваліся.
т. 3, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫМ,
1) акладная (падатковая) адзінка на Русі і ў Расіі (9—18 ст.), Македоніі (13—14 ст.), Польшчы, Закаўказзі (13—19 ст.). Складаўся з дома і двара аднаго ўладальніка; падатак («падымнае») звычайна браўся з колькасці печаў і дымаходаў у гаспадарцы (напр., у 16—18 ст. спец. падатак на карысць мясц. адміністрацыі ў Расіі).
2) Сялянская гаспадарка ў ВКЛ у 14—18 ст. Уяўляла сабой гасп. комплекс малой або вялікай (якая не падзялялася) сям’і, складалася з хаты, гасп. будынкаў, розных с.-г. угоддзяў, рабочай і прадукц. жывёлы, гасп. інвентару. Д. быў адным з асн. аб’ектаў права ўласнасці феадалаў на зямлю, а таму і адным з асн. аб’ектаў уліку іх маёмасці. Разам са службай, дварышчам, жэрабем і валокай служыў таксама адной з асн. адзінак абкладання дзярж. падаткамі і феад. павіннасцямі.
т. 6, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЛЯ,
1) падатак з сялян ВКЛ у 15—18 ст. на карысць землеўладальніка, які забіраў чацвёртую частку (долю) ураджаю. У 16—18 ст. пашырана на Бел. Падзвінні. Выконвалі гэту павіннасць сяляне — дольнікі. У канцы 18 ст. Д. заменена чыншам або паншчынай.
2) Руская мера вагі да ўвядзення метрычнай сістэмы мер. Д. = 1/96 залатніка = 0,0444 г.
т. 6, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМІНДА́РЫ (ад перс. — землеўладальнік),
зямельна-падатковая сістэма ў Паўн., Усх. і Цэнтр. Індыі ў часы англ. калан. панавання. Уведзеная англ. каланіяльнымі ўладамі на мяжы 18 і 19 ст. Зацвярджала ў правах спадчынных землеўладальнікаў феадалаў — заміндараў і ўстанаўлівала зямельны падатак з іх (пастаянны і часовы) на карысць вярхоўнага ўласніка зямлі — калан. улад. Сістэма З. адменена ў 1950-я г.
т. 6, с. 523
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАРМЛЕ́ННЕ»,
сістэма ўтрымання службовых асоб за кошт мясц. насельніцтва на Русі да сярэдзіны 16 ст. Князь пасылаў у гарады і воласці намеснікаў і інш. служылых людзей, якіх насельніцтва павінна было ўтрымліваць («карміць») на працягу ўсяго тэрміну іх службы. Найб. развіцця сістэма «К.» дасягнула ў 14—15 ст. Паводле земскай рэформы 1555—56 ліквідавана, зборы на ўтрыманне кармленшчыкаў урад ператварыў у асобны падатак на карысць казны.
т. 8, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́МПДЭН, Хемпдэн (Hampden) Джон (1594, Лондан — 24.6.1643), палітычны дзеяч англ. бурж. рэвалюцыі 17 ст. Стрыечны брат О.Кромвеля. Атрымаў адукацыю юрыста. У 1621 абраны ў парламент, адзін з лідэраў парламенцкай апазіцыі. У 1637 асуджаны за адмову плаціць «карабельны падатак», які ўвёў Карл I. У 1640 абраны ў Доўгі парламент, арыштаваны ў 1634 у ліку пяці лідэраў апазіцыі. У пач. 1-й грамадз. вайны далучыўся да індэпендэнтаў. У бітве пад Чалграў-Філд (18.6.1643) смяротна паранены.
т. 5, с. 149
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІ́НА,
старажытная форма падатку. Першапачаткова натуральныя ці грашовыя паборы, што спаганяліся пераможцамі з заваяваных плямён ці дзяржаў. На Русі вядома з 9 ст., у 11—16 ст. дзярж. падатак і феад. рэнта. У 13—15 ст. Д. ясак збіралася з рус. княстваў на карысць Залатой Арды. На Беларусі да канца 15 ст. Д. — асн. форма рэнты. Збіралася натуральнай прадукцыяй (мёд, воск, футра, пазней с.-г. прадукцыя), якая часткова спалучалася з адработачнай і грашовай формамі рэнты.
т. 6, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗАНЬЕ́ЛА (Masaniello, скарочанае ад Тамаза Аньела, Tommaso Aniello; чэрв. 1620, г. Пазітана, Італія — 16.7.1647),
правадыр нар. паўстання ў Неапалі ў чэрв. 1647, накіраванага пераважна супраць ісп. панавання; рыбак. Зачэпкай да паўстання паслужыла ўвядзенне падатку на садавіну. Паўстанцы спалілі падатковыя дакументы, аблажылі палац віцэ-караля і абвясцілі М. капітанам народа Неапаля. Да іх далучыліся сяляне, жыхары шэрагу паўд. італьян. гарадоў. Віцэ-кароль пайшоў на перагаворы і адмяніў падатак, адначасова арганізаваў забойства М. Паўстанне было задушана толькі ў крас. 1648.
т. 9, с. 508
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)