ГРЫШАНО́ВІЧ (Валерый Мікалаевіч) (псеўд.Дзедаў Валерый, Баркоўскі-Дзедаў Валерый; н. 3.3.1947, г.п. Халопенічы Крупскага р-на Мінскай вобл.),
паэт, публіцыст. Піша на рус. і бел. мовах. Скончыў Маскоўскі ун-т (1973). З 1969 на камсамольскай, з 1983 на парт. рабоце. У 1987—93 дырэктар выд-ва «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1968. Аўтар зб. вершаў «Стронцый у кроплі расы» (1990), паэм «Вока бездані» (1989), «Беларусь, Хрыстос і маланка» (1993), «Святое прычасце» (1994), кінасцэнарыя (з М.Кацюшэнкам) «Хроніка знаходжання на Зямлі» пра лётчыка-касманаўта У.Кавалёнка (паст. 1980). У творах Грышановіча — роздум над складанымі праблемамі сучаснасці, сутнасцю чалавечага жыцця, боль за бездухоўнасць грамадства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР НЕ́ЎСКІ (каля 1200 — 14.11.1263),
князь наўгародскі [1236—51], вял. князь уладзімірскі (з 1252). Праводзіў палітыку абароны паўн.-зах. зямель Русі ад шведаў, якіх разбіў у Неўскай бітве 1240, пасля чаго стаў звацца Неўскім. Выйграў бітву супраць крыжаносцаў у Лядовым пабоішчы 1242. Імкнуўся ўстанавіць мірныя адносіны з Залатой Ардой. Маючы на мэце аб’яднанне сіл у барацьбе са шведска-ням. экспансіяй, падтрымліваў цесныя сувязі з Полацкам. У 1239 ажаніўся з Аляксандрай, дачкой полацкага князя Брачыслава Васількавіча. На адной з пячатак князя была выява конніка, якая нагадвала герб «Пагоня». Пасля смерці кананізаваны правасл. царквой. У Расіі з 1725 і ў СССР з 1942 быў уведзены ваенны ордэн Аляксандра Неўскага.
Аляксандр Неўскі. Цэнтральная частка трыпціха П.Дз.Корына. 1942.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ (БНА) у Канадзе, бел. грамадская культ.-асв.арг-цыя. Узнікла ў 1952 у выніку расколу Згуртавання беларусаў Канады. У 1953 з царквой імя св. Ефрасінні Полацкай стварыла ў Таронта рэліг. і грамадскі асяродак. Працавала нядзельная школа (1953), Бел. страхавое т-ва «Пагоня» (1954), танц. група. БНА — арганізатар і ўдзельнік сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі (Таронта, 1956 і 1960; Саўт-Рывер, 1958; Нью-Йорк, 1966), удзельнічае ў міжнар. і этнічных фестывалях і канцэртах. У 1960 было адным з заснавальнікаў Каардынацыйнага к-та беларусаў Канады. З 1969 саўладальнік бел. Цэнтра адпачынку «Слуцак». Выдае газ.«Беларускі голас».
Літ.:
Sadouski I.A. A history of the Byelorussians in Canada. Belleville, 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́СМАН ((Kosman) Марцэлі) (н. 8.5.1940, г. Ізбіца-Куяўска Куяўска-Паморскага ваяв., Польшча),
польскі гісторык. Д-р габілітаваны (1971), праф. звычайны (1988). Скончыў Пазнанскі ун-т. З 1967 у Ін-це гісторыі Польск. АН у Познані, з 1976 дырэктар Курніцкай б-кі Польскай АН, у 1983—93 заг. кафедры гісторыі Усх. Еўропы Вышэйшай пед. школы ў г. Аполе (цяпер Апольскі ун-т), з 1987 заг. аддзела журналістыкі Ін-та паліталогіі і журналістыкі Пазнанскага ун-та. Аўтар прац па гісторыі культуры новага часу, царквы ў ВКЛ, дыпламатыі, гісторыі Беларусі і Літвы, у т. л.: «Рэфармацыя і контррэфармацыя ў Вялікім княстве Літоўскім у святле канфесійнай прапаганды» (1973), «Гісторыя Беларусі» (1979), «Арол і Пагоня» (1992), «Могілкі даўняй Вільні» (1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯДЗВЕ́ДСКІ (Уладзіслаў Іосіфавіч) (24.7.1929, в. Рахавічы Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 17.10.1973),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1955). У 1955—68 працаваў настаўнікам, на Бел. тэлебачанні і ў час. «Маладосць», з 1972 — у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкаваўся з 1949. Тэма вайны, гераізму, пасляваеннага дзяцінства — асн. ў зб-ках яго паэзіі «Вясновыя барозны» (1958), «Запрашэнне» (1960), «У лясной старане» (1962), «Размова з адсутнымі» (1969), аповесці «Хлопцы з другога корпуса» (1963). Пісаў для дзяцей (кн. вершаў «Сто братоў і сясцёр», 1960). Аўтар зб-каў сатыр. і гумарыст. апавяданняў «Капронавыя галёшы» (1964) і «Начная пагоня» (1966).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХНЮ́К (Алег Васілевіч) (н. 7.5.1928, в. Амбросенка Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл.),
мастак. Вучыўся ў Пастаўскай настаўніцкай семінарыі. З 1944 з бацькамі ў Германіі, дзе скончыў бел. гімназію імя М.Багдановіча (г. Ватэнштэт), рабіў ілюстрацыі для бел. часопіса «Шляхам, жыцця». З пач. 1950-х г. жыве ў г. Саўт-Рывер (штат Нью-Джэрсі, ЗША). Працаваў на з-дзе Форда. Аўтар плакатаў, ілюстрацый для паштовак і часопісаў, дэкарацый, 5 разных іканастасаў для правасл. цэркваў (4 для бел., 1 для рускай), кургана-помніка «Змагарам за вольную Беларусь» у Саўт-Рыверы. Удзельнічае ў штогадовых выстаўках у бел. грамадскім цэнтры ў Саўт-Рыверы; яго кампазіцыі, скульптуры і рэльефы ўзнаўляюць рэаліі ранейшага вясковага жыцця на радзіме («Запрэжаны конік», «Сейбіт», «Стары селянін»), увасабляюць фалькл. персанажаў, гіст. сімвалы («Пагоня»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬГЕ́РДАВІЧЫ,
галіна велікакняжацкай дынастыі ў ВКЛ у 14—16 ст.; нашчадкі вял. князя Альгерда. Мелі ўдзелы на Беларусі, Украіне і ў велікарус. землях. Ад 2 жонак (князёўнаў Марыі Віцебскай і Ульяны Цвярской) Альгерд меў 12 сыноў і 9 дачок. Усе сыны праваслаўныя, некаторыя з 1386 католікі. Вял. князямі ВКЛ з роду Альгердавічаў былі сыны Альгерда Ягайла і Свідрыгайла. Нашчадкі Альгерда сыны Ягайлы наз.Ягелонамі. Нашчадкі Дзмітрыя Альгердавіча наз. князямі Трубяцкімі, нашчадкі Уладзіміра Альгердавіча і яго сына Алелькі (Аляксандра) — князямі Алелькавічамі (Слуцкімі), нашчадкі Івана Уладзіміравіча — князямі Бельскімі; нашчадкі Фёдара Альгердавіча — князямі Кобрынскімі, іх сваякі — князямі Сангушкамі; нашчадкі Лугвена (Лінгвена) Сямёна Альгердавіча — князямі Мсціслаўскімі. Часам Альгердавічы намагаліся заняць велікакняжацкі пасад, карысталіся пэўнымі прывілеямі як найбліжэйшыя сваякі дынастыі Ягелонаў, засядалі ў радзе ВКЛ на спадчыннай аснове, карысталіся гербам «Пагоня».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕДЗІМІ́НАВІЧЫ,
дынастыя вял. князёў і паліт. дзеячаў ВКЛ, вяльмож Рас. дзяржавы. Верагодны пачынальнік роду Скалмант (Скаламенд, сярэдзіна 13 ст.). Назву атрымалі ад імя яго ўнука Гедзіміна. Гербам Гедзімінавічаў і іх дзяржавы ВКЛ, пачынаючы з Віценя, стала «Пагоня», якая пераходзіла па спадчыне разам з годнасцю вял. князя. Іншыя Гедзімінавічы, удзельныя князі, мелі асобныя гербы. У 14 ст. большасць Гедзімінавічаў, якія дагэтуль былі язычнікамі, перайшлі ў праваслаўе, некаторыя — у каталіцтва, засвоілі бел. культуру. Унук Гедзіміна Ягайла, заключыўшы Крэўскую унію 1385, стаў каралём польскім і заснавальнікам каралеўскай дынастыі Ягелонаў, якая правіла ў Польшчы і ВКЛ (да 1572), у Чэхіі і Венгрыі. З Гедзімінавічаў вылучыліся таксама Альгердавічы, галіна велікакняжацкай дынастыі ВКЛ, і буйныя княжацкія роды Беларусі, Украіны і Расіі: Алелькавічы, Бельскія, Вішнявецкія, Галіцыны, Куракіны, Мсціслаўскія, Сангушкі, Трубчэўскія і Трубяцкія, Хаванскія, Чартарыйскія і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖАНЯ́Н (Рыгор Міхайлавіч) (н. 20.9.1922, г. Харкаў, Украіна),
рускі паэт. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага (1952). Друкуецца з 1946. У паэт. зб-ках «Вецер з мора» (1955), «Жыццё жывых» (1960), «Вялікі альбо Ціхі» (1969), «Мачты» (1973), «Зімовы дом» (1975), «Чырвоны сон» (1978), «Макі» (1981), «Пагоня» (1983, Дзярж. прэмія Расіі 1986), «Апусканне» (1985), «Узгоркі Зямлі» (1987), «Хлеб мораў» (1989), «Абараняючы сваю крутасць» (1995, Дзярж. прэмія Расіі 1995) і інш. роздум пра час, лёс радзімы, сэнс чалавечага існавання, тэмы сяброўства і вайны, любоў да мора. Аўтар рэчытатываў, тэкстаў песень да кінафільмаў «Два берагі» («Смага»), «Песня пра сябра» («Шлях да прычала»), «Спадзяюся, кахаю і верую» («Цягнік у далёкі жнівень») і інш. Піша кінасцэнарыі, творы для дзяцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫБУ́ТАВІЧЫ,
княжацкі род у ВКЛ герба «Пагоня»; адгалінаванне Альгердавічаў. Паходзяць ад Карыбута — сына вял.кн.ВКЛ Альгерда і Юльяны Цвярской. Ад шлюбу з удавой друцкага князя Дзмітрыя Васілевіча ён меў сыноў Івана, Жыгімонта і Фёдара.
Жыгімонт (Сігізмунд, каля 1385 — пач. 1435) на чале ўласнай харугвы ўдзельнічаў у Грунвальдскай бітве 1410 як васал караля Польшчы Ягайлы, пазней служыў вял. князю Вітаўту. У 1422 прэтэндаваў на карону Чэхіі. У 1430 падтрымаў абранне вял. князем ВКЛ Свідрыгайлу, ваяваў на баку апошняга ў час яго барацьбы з Жыгімонтам Кейстутавічам. Загінуў у бітве пад Вількамірам. Фёдар (каля 1390 — пасля 1440) упамінаецца з 1422. У бітве пад Вількамірам змагаўся на баку Свідрыгайлы, трапіў у палон. Генеалагічная традыцыя канца 16—17 ст. лічыла яго родапачынальнікам князёў Збаражскіх і Вішнявецкіх, у сувязі з чым іх родавы герб меў назву «Карыбут». Меў трох дачок.