БІ́О-БІ́О (Віо-Віо),

рака ў Паўд. Амерыцы, у Чылі. Даўж. 380 км, пл. басейна 24 тыс. км². Пачынаецца з ледавіковых азёраў на зах. схілах Патагонскіх Андаў, упадае ў Ціхі ак., дзе каля г. Кансепсьён утварае эстуарый шыр. каля 3 км. Паводка зімой і вясной (з чэрв. да ліст.). Сярэдні расход вады 1000 м³/с. Суднаходства ў ніжнім цячэнні ад г. Насім’ента.

т. 3, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАХАРЫ́Я (ад гідра... + ...харыя),

распаўсюджванне спораў, пладоў, насення і інш. зачаткаў раслін з дапамогай вады. Бывае выпадковая (перанясенне плынямі на плывучых прадметах) і звычайная, што абумоўлена асаблівай марфалогіяй і біялогіяй дыяспор (нязмочвальнасць вадой, нізкая шчыльнасць, працяглая жыццяздольнасць насення ў вадзе). Звычайная гідрахарыя характэрная для водных і каляводных раслін (асокі, ірдзесты і інш.). Распаўсюджванню відаў найб. садзейнічаюць марскі прыбой, рачное цячэнне, паводка і інш.

т. 5, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАВАРЫ́ (Javari),

рака ў Паўд. Амерыцы, правы прыток р. Амазонка. Амаль на ўсім працягу з’яўляецца мяжой паміж Бразіліяй і Перу. Даўж. 1056 км, пл. бас. 91 тыс. км- Вытокі ў Перуанскіх Андах (Мантанья), цячэ па Амазонскай нізіне ў звілістым рэчышчы. Жыўленне дажджавое. Паводка са снеж. да красавіка. Сярэдні гадавы расход вады 4260 м³/с. Суднаходная на 500 км для невял. суднаў.

т. 6, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМО́ДАР,

рака ў Індыі, у штатах Біхар і Зах. Бенгалія. Даўж. 580 км, пл. бас. больш за 20 тыс. км². Пачынаецца на плато Чхота-Нагпур, сярэдняе і ніжняе цячэнне — на Інда-Гангскай раўніне, упадае ў рукаў дэльты р. Ганг—Хуглі. Гал. прыток — р. Баракар (левы). Сярэдні расход вады 330 м³/с. Летняя паводка. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. У бас. Д. — ГЭС, вадасховішча, арашальныя каналы.

т. 6, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЭ́ЛАМ,

рака ў Індыі і Пакістане, правы прыток р. Чынаб (бас. Інда). Даўж. 810 км, пл. бас. 55,3 тыс. км².

Пачынаецца ў хр. Пір-Панджал (Цэнтр. Гімалаі), перасякае Кашмірскую даліну, Паўн. і Зах. Гімалаі, цячэ па раўнінах Пенджаба. Сярэдні расход вады каля 900 м³/с. Летняя паводка. Ад Дж. адыходзіць сетка арашальных каналаў. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. ГЭС. На Дж. — гарады Срынагар (Індыя), Джэлам (Пакістан).

т. 6, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАСЮ́К ((Ivasiuc) Александру) (1933—1977),

румынскі пісьменнік. Друкаваўся з 1965. У раманах «Вестыбюль» (1967), «Інтэрвал» (1968), «Начное знаёмства» (1969), «Птушкі» (1970), «Паводка» (1973), «Азарэнне» (1975), «Рак» (1976) аналізуе пасляваен. рэчаіснасць, паліт. процістаянне ў краіне. Творы І. адметныя сюжэтнай разнастайнасцю, вастрынёй канфліктаў, глыбокім псіхалагізмам, філасафічнасцю, апавядальным поліфанізмам. Аўтар зб. нарысаў «Pro domo» (1972 і 1974), эсэ, навел.

Тв.:

Рус. пер. Половодье. Охотничий рог. Рак. М., 1982.

Е.А.Лявонава.

т. 7, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШГА́Р,

рака на З Кітая (вярхоўі ў Кыргызстане і Таджыкістане). Даўж. 765 км (685 км на тэр. Кітая), пл. басейна (з р. Гёздар’я) 90,8 тыс. км². Пачынаецца на схілах Алайскага і Заалайскага хрыбтоў, цячэ па Кашгарскай раўніне. Летняя паводка. Сярэдні расход вады ў нізоўях каля 80 м³/с. Раней упадала ў р. Яркенд, цяпер губляецца ў пясках. Вада разбіраецца для арашэння зямель Кашгарскага аазіса.

т. 8, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУДАНЬЦЗЯ́Н,

рака на ПнУ Кітая, правы прыток р. Сунгары (бас. р. Амур). Даўж. каля 700 км (па інш. звестках 550 км), пл. басейна каля 40 тыс. км². Большая ч. цячэння ў Маньчжура-Карэйскіх гарах. Вясенне-летняя паводка, зімовая межань. Сярэдні расход вады ў сярэднім цячэнні каля 200 м³/с Ледастаў з ліст. да красавіка. У вярхоўі — вадасх. Цзінпаху. ГЭС. Сплаўная. На М. — г. Муданьцзян.

т. 11, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́НУЭ (Benue),

рака ў Зах. Афрыцы, у Камеруне (вярхоўі) і Нігерыі, левы прыток Нігера. Даўж. 1300 км, пл. басейна 441 тыс. км². Пачынаецца на ўсх. схілах нагор’я Камерун, перасякае яго па цясніне, далей цячэ па раўніне сярод вільготных саваннаў у шырокай густанаселенай даліне. Паводка з чэрв. да верасня. Сярэдні расход вады 3170 м³. Суднаходная ад г. Ібі, у сезон дажджоў ад г. Гаруа. Каля вусця (шыр. да 1,5 км) — г. Лакоджа.

т. 3, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЛТА́ВА (Vltava),

рака ў Чэхіі, левы прыток р. Лаба (Эльба). Даўж. 446 км, пл. бас. 28 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Шумава; пасля прарыву цераз цясніну «Чортавы сцены» (каля г. Вішы-Брод), цячэ па Будзеёвіцкай раўніне, потым па ўзвышшах Сярэдняй Чэхіі. Сярэдні расход вады каля г. Прага 142 м³/с. Веснавая паводка. Суднаходная (з дапамогай шлюзаў) у ніжнім цячэнні на 84 км. Вадасховішча. ГЭС. На Влтаве гарады Прага, Чэске-Будзеёвіцы.

т. 4, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)