сямейства млекакормячых атр. няпарнакапытных. Вядомы з эацэну (каля 45 млн. гадоў назад). 4 роды, 5 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі і Афрыцы. Жывуць у трапічных лясах, саваннах, прыбярэжных зарасніках, на балотах. Трымаюцца паасобна, парамі або невял. групамі. Найб. буйны від — афрыканскі белы Н. (Ceratotherium simum, або Diceros simum). На Беларусі знойдзены рэшткі выкапнёвых відаў: Н. валасатага — Coelodonta antiquitatis (больш чым у 30 месцах) і Н. этрускага — Dicerorihinus etruscus (каля г. Смаргонь), якія жылі ў познім пліяцэне і плейстацэне (каля 2 млн. — 50 тыс. гадоў назад). Усе віды Н. занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. да 5 м, выш. ў карку да 2 м, маса да 5 т. Скура тоўстая, цёмна-шэрая, амаль без валасоў. Тулава масіўнае, ногі кароткія, трохпальцыя. На канцах пальцаў капыты, з якіх сярэдні самы вялікі. Шыя кароткая, вочы маленькія. На лбе і пераноссі рогі (1 ці 2, у Н. чорнага — часам да 5), размешчаныя адзін за адным; іх аснову складае патоўшчаная, арагавелая скура. Даўж. пярэдняга рога дасягае 1,58 м. Нюх і слых развітыя, зрок слабы. Расліннаедныя. Нараджаюць 1—2 дзіцяняці раз у 2—3 гады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗДЗЕ́ЛЬНАЯ АПЛА́ТА ПРА́ЦЫ,
форма аплаты працы, пры якой заработная плата работніка вызначаецца за кожную адзінку выкананай работы (мЗ, м, шт.і г.д.) па здзельнай расцэнцы. Пры прамой здзельнай сістэм е аплата працы ставіцца ў залежнасць ад яе вынікаў — колькасці вырабленай прадукцыі па нязменнай (прамой) здзельнай расцэнцы. Ускосная здзельная сістэма практыкуецца пры аплаце працы дапаможных рабочых, якія займаюцца тэхн. абслугоўваннем і бягучым рамонтам абсталявання. Іх заработак ставіцца ў залежнасць ад вынікаў працы абслугоўваемых ім рабочых-здзельшчыкаў. Пры здзельна-прэміяльнай сістэме працаўніку акрамя аплаты працы налічваецца прэмія за выкананне і перавыкананне колькасных і якасных паказчыкаў. Здзельна-прагрэсіўная сістэма адрозніваецца ад прамой здзельнай тым, што ўся прадукцыя, вырабленая звыш нормы, аплачваецца не па звычайнай (прамой) здзельнай расцэнцы, а па павялічанай (прагрэсіўнай). У спалучэнні з прэміяльнай аплатай яна ўтварае здзельна-прагрэсіўна-прэміяльную сістэму. Пры акорднай а п лаце працы заработак устанаўліваецца не на асобную аперацыю, а на ўвесь аб’ём работ. Пры гэтым работнікі прэміруюцца за скарачэнне тэрмінаў выканання акорднага задання, што стымулюе ролю гэтай сістэмы ў росце прадукцыйнасці працы. З.а.п. можа быць індывідуальнай, калі вынікі працы кожнага работніка ўлічваюцца і аплачваюцца паасобна, і калектыўнай, калі аплата працы робіцца па выніках працы калектыву (брыгады). Існуе брыгадная (калектыўная) аплата працы па канчатковых выніках на падставе комплексных норм выпрацоўкі і расцэнак калект. (брыгаднага) падраду. Гл. таксама Заработная плата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫМА́ТЫ (Primates),
атрад вышэйшых млекакормячых надатр. плацэнтарных. Вядомы з верхняга мелу (каля 130 млн.г. назад). Найб.стараж. прадстаўнікі — залямбдалестасы, ад якіх эвалюцыяніравалі лемурападобныя і тарзіпадобныя (продкі даўгапятаў) і ад якіх паходзяць шыраканосыя і вузканосыя малпы. 2 падатр.: паўмалпы і малпы. Каля 200 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных лясах Азіі, Афрыкі, Цэнтр. і Паўд. Амерыкі. Жывуць на дрэвах, ёсць паўназемныя і наземныя формы. Большасць відаў актыўныя днём. Трымаюцца статкамі, радзей парамі ці паасобна. Згуртаванні П. маюць складаную арганізацыю і супадпарадкаванне. 69 відаў і падвідаў П. занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. ад 13 см (лемуры мышыныя, ігрункі карлікавыя) да 200 см (гарыла), маса ад 60 г да 180 кг і больш (у няволі). Большасць П. маюць хвост. Валасяное покрыва развітое, у паўмалпаў — з падшэрсткам. У многіх П. поўсць і безвалосыя ўчасткі скуры ярка афарбаваныя. Вочы карыя або жоўтыя. Ва ўсіх малпаў канечнасці пяціпальцыя, добра развітыя, вял. пальцы ў многіх П. проціпастаўлены інш. пальцам. Іх канцавыя фалангі маюць ногці (акрамя тупайевых). Кара галаўнога мозга ў паўмалпаў з малой колькасцю барознаў і звілін, у малпаў (і чалавека) вял. паўшар’і мозга добра развітыя, са шматлікімі барознамі і звілінамі (акрамя ігрунковых). Зрок і слых развітыя, нюх рэдукаваны. Зрок пераважна бінакулярны, у малпаў і чалавека каляровы. Зубная сістэма гетэрадонтная (разцы, іклы, карэнныя); у большасці паўмалпаў і ўчэпістахвостых малпаў 36 зубоў, у вузканосых малпаў і чалавека — 32. Усёедныя. Размнажаюцца ўвесь год, нараджаюць звычайна 1 дзіцяня (у ніжэйшых — 2—3).
Літ.:
Жизнь животных. Т. 7. 2 изд. М., 1989. Гл. таксама літ. да арт.Прыматалогія.