ВА́ЛЕНРОД (Wallenrod; сапр. Валенродэ; Wallenrode) Конрад фон
(?, Франконія — 20.8.1393),
вялікі магістр Тэўтонскага ордэна (з 1391). Спрытны дыпламат. Будучы вял. маршалкам ордэна, заключыў у 1382 з польскім каралём Уладзіславам-Ягайлам на р. Дубіса (Літва) перамір’е, паводле якога ордэн атрымаў зах. частку Жамойціі. З 1388 вял. комтур, з 1391 вял. магістр, імкнуўся процідзейнічаць саюзу Польшчы і ВКЛ. Падтрымліваючы вял. князя літ. Вітаўта супраць Ягайлы, арганізаваў узбр. паходы на землі ВКЛ. Герой аднайм. паэмы А.Міцкевіча.
Н.К.Мазоўка.
т. 3, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЬБРЭХТ БРАНДЭНБУ́РГСКІ (Albrecht von Brandenburg; 17.5.1490—20.3.1568),
апошні гросмайстар (з 1510) Тэўтонскага ордэна, першы герцаг Прусіі (з 1525). З роду Гогенцолернаў, сын маркграфа Фрыдрыха Брандэнбург-Ансбахскага і Соф’і — дачкі польск. караля і вял. кн. ВКЛ Казіміра IV Ягелончыка. Імкнуўся вызваліць Тэўтонскі ордэн ад васальнай залежнасці ад польск. караля і вял. кн. ВКЛ Жыгімонта I Старога (свайго дзядзькі). У 1519—21 вёў вайну з Польшчай, але пацярпеў паражэнне. Прыхільна ставіўся да ідэй лідэраў Рэфармацыі М.Лютэра і Ф.Меланхтана. Каб правесці Рэфармацыю на землях ордэна, заручыўся падтрымкай польск. караля, 8.4.1525 заключыў у Кракаве дагавор, паводле якога Прусія ператваралася ў васальнае герцагства. Абвясціў секулярызацыю Тэўтонскага ордэна і ўвядзенне ў Прусіі лютэранства. Клапаціўся аб адкрыцці ў гарадах лац. школ, гімназіі і універсітэта (1544, у Кёнігсбергу), дзе набывалі адукацыю многія бел. і літ. пратэстанты. У сувязі са сваімі выдавецкімі планамі ў 1530 (?) запрасіў у Кёнігсберг «выдатнага і многавучонага мужа» Ф.Скарыну. Час праўлення Альбрэхта характарызаваўся няўстойлівай паліт. сітуацыяй у Прусіі.
А.П.Грыцкевіч.
т. 1, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУСКІ́НА (Стафан) (11.12.1725, Віцебскае ваяв. — 21.8.1793),
бел. публіцыст, астраном, матэматык. Чл. ордэна езуітаў (1742—73). Вучыўся ў Вене (1750—52) і Рыме (1752—56). Выкладаў у Варшаўскім езуіцкім калегіуме (у 1772—73 рэктар). З 1769 супрацоўнічаў у газ. «Wiadomości Warszawskie» («Варшаўскія ведамасці»). Пасля скасавання ордэна 9.11.1773 прызначаны каралём Станіславам Аўгустам Панятоўскім дырэктарам і рэктарам газ. «Gazeta Warszawska» («Варшаўская газета»), якая адлюстроўвала кансерватыўныя погляды. Л. крытыкаваў асветніцкую ідэалогію, абараняў рэлігію, захоўваў сувязі з езуітамі Усх. Беларусі (у складзе Рас. імперыі), падтрымаў Таргавіцкую канфедэрацыю 1792. Адначасова меў добрыя асабістыя адносіны з прыхільнікамі Асветніцтва пры каралеўскім двары.
Э.К.Дарашэвіч.
т. 9, с. 373
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ШСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ Дзейнічаў у 1667—93 (з перапынкамі) у в. Новая Мыш (цяпер у Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл.). Засн. навагрудскім кашталянам, чл. мальтыйскага ордэна М.У.Юдзіцкім, які завяшчаў свае маёнткі Баранавічы, Дамашэвічы, Старая Мыш, Сухарэльшчына і Цешаўля калегіуму. Аднак 2 інш. члены мальтыйскага ордэна М.Сяняўскі і Е.Любамірскі распачалі судовы працэс з мэтай скасаваць калегіум і вярнуць маёнткі свайму ордэну. У выніку судовай спрэчкі калегіум працаваў толькі ў 1667—78, 1679—83, 1688 і 1692—93, а пасля канчаткова закрыты. Свайго касцёла езуіты не мелі і выкарыстоўвалі мясц. парафіяльны касцёл. Будынкі калегіума не захаваліся.
т. 11, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІВО́НСКІЯ ХРО́НІКІ,
сярэдневяковыя гістарыяграфічныя творы, напісаныя на тэр. Лівоніі у 13 — пач. 18 ст., пераважна з пазіцый ням. рыцарства. Найважнейшыя: «Хроніка Лівоніі» Генрыха Латвійскага (завершана ў 1227), «Рыфмаваная хроніка» невядомага аўтара (падзеі да 1290), «Хроніка Прускай зямлі» ІІ.Дусбурга (завершана ў 1326), «Хроніка Лівоніі» Г.Вартберга (падзеі да 1378), «Хроніка Ліфляндскай правінцыі» Б.Русава (падзеі да 1582), Хроніка Кельха (канец 17 — пач. 18 ст.). Прысвечаны ў асн. гісторыі ордэна мечаносцаў, Лівонскага ордэна і Лівоніі. Нягледзячы на тэндэнцыйнасць, Л.х. маюць каштоўныя звесткі, у т. л. такія, якіх няма ў інш. крыніцах, па гісторыі суседніх з Лівоніяй дзяржаў, што змагаліся супраць крыжакоў: Полацкага княства, ВКЛ, Польшчы, Ноўгарада, Пскова, Маскоўскай дзяржавы.
т. 9, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРА́МЕНКА (Дзмітрый Кузьміч) (22.7.1910, в. Філіпкава Віцебскага р-на — 28.1.1981),
поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну камандзір гарматы ст. сяржант Абраменка вызначыўся ў баях пры вызваленні Севастопаля, Шаўляя, каля г. Пройсіш-Эйлаў (Усх. Прусія).
т. 1, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЕ́Р (франц. cavalier літар. коннік),
1) у сярэднія вякі — член рыцарскага ордэна; рыцар; дваранскі тытул у Італіі і Іспаніі.
2) Асоба, узнагароджаная ордэнам.
3) Мужчына, які танцуе з дамай, а таксама суправаджае яе на гулянні, прагулцы, заляцаецца да яе.
т. 7, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГО́РНЫ (Рыгор Фёдаравіч) (5.12.1925, в. Пранчакі Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 3.11.1963),
поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1944. Кулямётчык Н. вызначыўся ў 1945 у баях на тэр. Польшчы. Пасля вайны на гасп. рабоце.
т. 11, с. 116
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІВО́НСКІ О́РДЭН,
каталіцкая і ваен.-паліт. арг-цыя ням. рыцараў-крыжакоў на тэр. сучасных Латвіі і Эстоніі (гіст. Лівоніі) у 1237—1562, а таксама ўтвораная ордэнам феад. дзяржава. Створаны з рэшткаў разгромленага князямі ВКЛ у бітве пры Шаўляі (1236) ордэна мечаносцаў, які ў 1-й трэці 13 ст. падначаліў і прымусова хрысціянізаваў большасць лат. і эст. плямён; існаваў як частка Тэўтонскага ордэна. Ленная залежнасць рыцараў Л.о. ад мясц. біскупаў спынілася каля 1360. З 2-й пал. 15 ст. ў выніку аслаблення Тэўтонскага ордэна Л.о., якому належала каля 2/3 лат. і эст. зямель, стаў фактычна незалежнай феад. дзяржавай. Ордэн складаўся з паўнапраўных членаў — братоў (400—500 чал. да 16 ст., 120—150 у сярэдзіне 16 ст.), святароў і паўбратоў (рамеснікаў і служачых). На чале яго стаяў пажыццёва выбраны магістр з рэзідэнцыяй у Рызе ці Вендэне (цяпер Цэсіс, Латвія). З канца 14 ст. пры магістру існаваў савет з 5—6 вышэйшых чыноўнікаў, які вызначаў усю палітыку ордэна. Мясц. кіраванне ў абласцях, на якія быў падзелены Л.о., належала комтурам (военачальнікам) і фогтам (чыноўнікам пераважна з суд. функцыямі). Войска (каля 4 тыс. чал. у пач. 15 ст.) складалася з братоў з іх узбр. слугамі — кнехтамі і васалаў, а з канца 14 ст. таксама і з наёмнікаў. Л.о. у 13—15 ст. вёў войны супраць Полацкага княства, ВКЛ, Ноўгарада і Пскова, умешваўся ў іх паліт. справы. Ён удзельнічаў у войнах Маск. дзяржавы з ВКЛ 1500—03 (на баку ВКЛ) і 1512—22 (на баку Масквы).
Разгромлены маск. войскамі ў 1560 у час Лівонскай вайны 1558—83, яго тэрыторыя падзелена паміж ВКЛ (большая частка), Даніяй і Швецыяй. Як ордэн і дзяржава скасаваны 5.3.1562.
т. 9, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДАРЧУ́К (Пётр Фёдаравіч) (н. 1.10.1911, в. Забараўцы Пінскага р-на),
поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну з жн. 1944 на 1-м Бел. фронце. Кулямётчык Бандарчук вызначыўся ў 1945 у баях на Вісленскім плацдарме і за г. Познань (Польшча).
т. 2, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)