ВЯСЕ́ЛЛЕ,

комплекс абрадаў і звычаяў, якія суправаджаюць заключэнне шлюбу і з’яўляюцца своеасаблівым актам зацвярджэння новай сям’і. Вяселле як абрадавае афармленне шлюбу ўзнікла ў перыяд патрыярхату з усталяваннем аднашлюбнасці (гл. Манагамія). Для кожнага народа на пэўнай ступені яго развіцця характэрны традыц. ўстойлівы комплекс вясельных абрадаў, які спалучаецца з усімі відамі нар. мастацтва (тэатралізаваныя дзеянні, музыка, спевы, танцы і да т.п.). Асн. момант вясельнай абраднасці ўсіх народаў свету — пераезд нявесты з дому бацькоў у дом жаніха.

Багацце і разнастайнасць абраднасці бел. вяселля вынікаюць з прававой сілы яго працэдур, якія павінны былі абавязкова выконвацца пры сведках (родзе, суседзях), што ў сваю чаргу ўзаконьвала маёмасныя, этычныя правы, адносіны і абавязкі будучай сям’і. Толькі з моманту вяселля маладыя прызнаваліся самаст. членамі абшчыны. Згодна з паслядоўнасцю абрадавых дзеянняў традыц. бел. вяселле падзяляецца на 3 асн. часткі: давясельную, або падрыхтоўчую (выглядзіны, даведкі, сватанне, запоіны, агледзіны, заручыны); уласна вясельную (суборная субота, каравай, пасад, прыезд дружыны маладога да маладой, шлюб, пераезд да маладога, камора, пасаг, завіванне, выпрабаванне здольнасцей і характару маладой, дзяльба каравая, абдорванне маладых); паслявясельную (пярэзвы). У агульным цыкле абраднасці значэнне гэтых частак неаднолькавае. Давясельная з’яўляецца пераважна фармальна-бытавой — у час яе адбываецца пагадненне паміж бацькамі маладых пра заключэнне шлюбу. Уласна вяселле займае гал. месца ў традыц. вясельнай абраднасці і характарызуецца багаццем цырымоній, гал. сярод якіх абрад звядзення маладых, які замацоўвае іх шлюб і злучае на ўсё жыццё. Заключная частка вясельнага цыкла мае пераважна гульнёвы характар. У кожнай мясцовасці была свая ўсталяваная вясельная пара: у адных жаніліся пасля Вялікадня, у другіх — пасля Пятра і Паўла, ў трэціх — зімой, але найчасцей жаніліся ўвосень ад Пакроваў да каляднага посту, пасля заканчэння асн. палявых работ. Вяселле было важнай падзеяй у жыцці маладых і ўсёй грамады. Гэтым у першую чаргу тлумачыцца дакладная распрацаванасць усіх эпізодаў вясельнага абраду, кожнаму з якіх адпавядаў свой рытуал. Багатымі і разнастайнымі былі вясельныя песні, прыгаворкі, прыказкі, абрадавыя танцы, якія суправаджалі і тлумачылі кожны з гэтых эпізодаў. Удзельнікі вяселля (маладая, або княгіня, малады, або князь, сват і свацця, дружкі нявесты і дружына жаніха) выконвалі адведзеную ім ролю паводле нар. светапогляду, традыцый і этыкету.

Характэрная рыса бел. вяселля — наяўнасць стараж. рэлігійна-абрадавых і сац.-быт. элементаў, якія ўзыходзяць да эпохі матрыярхату і захоўваюць перажыткі і водгукі татэмістычных вераванняў і культаў (культ расліннасці, жывёл, нябесных свяціл). Ад эпохі родаплемяннога побыту ў выглядзе гульні дайшлі абрады выкрадання і куплі-продажу нявесты. У правасл. перыяд абрад вяселля складаўся з адносна невял. колькасці магічных дзеянняў, сэнс якіх раскрывалі кароткія песні заклікальнага і эратычнага зместу. Пазней вяселле ператварылася ў шматсастаўны абрад з элементамі стараж. магіі, складанае драматычнае дзеянне з мноствам дзейных асоб. У 19 ст. з развіццём капіталіст. спосабу вытв-сці і распадам патрыярхальнай сям’і ў бел. вяселлі паявіліся новыя матывы: павышаная ўвага да пасагу, нязгода маладых з існуючым сямейным укладам і г.д. Абавязковым стаў абрад вянчання ў царкве (касцёле). У наш час многія элементы традыц. вяселля зніклі або змяніліся, а само яно ператварылася ва ўрачыстую цырымонію пасля афіц. рэгістрацыі шлюбу.

Літ.:

Вяселле: Абрад. Мн., 1978;

Никольский Н.М. Происхождение и история белорусской свадебной обрядности. Мн., 1956.

Л.​А.​Малаш.

т. 4, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯСЕ́ЛЬНЫЯ ПЕ́СНІ,

найбольш разгорнуты цыкл сямейна-абрадавага фальклору; муз.-паэт. кампанент цэласнай сістэмы абраду вяселля. Вядомыя многім народам свету.

Гістарычна склаліся як форма сімвалічнага выражэння сац.-прававых, маёмасных і сямейных узаемадачыненняў, вераванняў, маральна-этычных і эстэт. поглядаў і каштоўнасцей. Разам з абрадавымі дзеяннямі рытуалізуюць адзін з асн. этапаў жыццёвага шляху чалавека — пераход у іншую сям’ю (род), іншую сац. групу. Як элемент абрадавай сістэмы часта выяўляюць сваю семантыку толькі ў этнагр. кантэксце. Разам з тым муз. і паэт. бакі вясельных песень утвараюць аўтаномныя падсістэмы, кожная з якіх мае спецыфічныя заканамернасці. У паэт. сферы яны раскрываюцца пры класіфікацыі тэкстаў па функцыян.-тэматычным і жанравым прынцыпах.

У бел. вясельных песнях на функцыянальна-тэматычным узроўні выяўляюцца групы песень, якія адпавядаюць пэўным этапам вяселля; на жанравым узроўні вясельныя песні падзяляюцца на апавядальна-каменціруючыя, імператыўныя (заклінанні, распараджэнні, патрабаванні, парады), велічальныя і дакаральныя, лірычныя (з вял. цыклам сірочых песень), прыпевы і меладызаваныя прыгаворы. Паводле геагр. аспекту асн. сюжэты бел. вясельных песень падзяляюць на 3 групы: сюжэты, якія бытуюць на ўсёй тэр. Беларусі; сюжэты, якія пры захаванні асн. сюжэтных характарыстык набываюць рэгіянальныя адметнасці пераважна ў выніку вар’іравання зачынаў, часцей канцовак тэкстаў, і сюжэты, характэрныя толькі для пэўных рэгіёнаў ці мясц. традыцый.

Напевы вясельных песень тыповыя, палітэкставыя, маюць разнастайны характар гучання, утвараючы ў абрадзе 3 вобразна-эмац. сферы: рытуальна-святочную, жартоўную (паводле нар. вызначэння, «вясёлыя») і лірыка-драматычную («абідлівыя»). У розных этнагр. рэгіёнах яны суадносяцца па-рознаму ў залежнасці ад дамінуючага там комплексу вясельнага абраду і асаблівасцей мясц. песеннай сістэмы. На У Беларусі, дзе ў песеннай сістэме пануе карагодна-гульнявы комплекс, а ў вясельным рытуале стаўбавы абрад (паўн. зона), напевы вясельных песень маюць яскравы эмац.-ўзнёслы, воклічны характар, маторны тып рытмікі, тэмбравую звонкасць; асаблівай кантрастнасцю вызначаецца песенны рытуал паўн. зоны, дзе святочнаму гучанню квінтавых вясельных песень процістаяць галашэнні маладой і яе маці, напевы якіх ідэнтычныя пахавальным. У зах. рэгіёне пануе лірычны гукавы вобраз, што звязана з элегічным характарам пашыранага тут абраду зборнай суботы і перавагай у песеннай сістэме пазаабрадавых лірычных песень позняга гіст. пласта, якія часта выступаюць у функцыі вясельных. Вясельным песням Паазер’я ўласціва сказава-апавядальная, напаўрэчытатыўная манера інтанавання, пераважаюць квартавыя напевы з пластычнай меладычнай лініяй. Мясц. галашэнні маюць песенны характар (стабільную складавую муз.-рытмічную форму, адносна спакойную манеру выканання) і складаюць з песнямі адзіны тыпалагічны рад. У гэтых трох рэгіёнах вясельныя песні выконваюцца пераважна аднагалосна, з нярэдкім «адхіленнем» у двухгалоссе: гетэрафоннага тыпу на Паазер’і, квартава-квінтавага ва ўсх. і тэрцава-квінтавага ў зах. рэгіёнах. Асаблівасці вясельных песень Палесся найперш вызначаюцца разгорнутай дэталізацыяй каравайнага абраду, ствараюць атмасферу абшчыннай урачыстасці і весялосці з палкім, часам нават разгульным характарам. Песні выконваюцца ва унісонна-гетэрафонным або дыяфонным на бурдоннай аснове стылі. Іх яркае, сакавітае, часам «вострае» з доўгімі выгукамі і глісанда гучанне абумоўлена і распаўсюджанай на Палессі традыцыяй галаснога спеву. У цэнтр. рэгіёне адбываецца змяшэнне песенных традыцый усходу, захаду, поўначы і поўдня. Пры гэтым у зонах іх перакрыжавання ўтвараюцца версіі тыповых напеваў, спецыфічных для мясц. традыцый.

Заканамернасці муз. кампанента вясельных песень раскрываюцца і на ўзроўні сістэматызацыі напеваў па функцыянальна-тыпалагічным прынцыпе (тыпізуючым выступае структурна-рытмічны комплекс), што дазваляе вылучыць 8 асн. тыпаў вясельных напеваў, пашыраных на ўсёй Беларусі, і некалькі лакальных груп. Асн. тыпы, захоўваючы ўстойлівасць структурна-рытмічных комплексаў, у розных рэгіёнах мяняюць інтанацыйна-меладычны комплекс і набываюць своеасаблівы характар гучання.

Літ.:

Янчук Н.А. По Минской губернии: (Заметки из поездки в 1886 г.). М., 1889;

Беларускія народныя песні. Т. 4. Мн., 1976;

Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня. Мн., 1977;

Никольский Н.М. Происхождение и история белорусской свадебной обрядности. Мн., 1956;

Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983;

Вяселле: Песні. Кн. 1—6. Мн., 1980—88;

Варфоломеева Т.Б. Северобелорусская свадьба. Мн., 1988;

Вяселле: Мелодыі. Мн., 1990.

Т.​Б.​Варфаламеева.

т. 4, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́БЛІЯ (грэч. biblia літар. кнігі),

зборнік твораў стараж. пісьменства, св. пісанне іудзейскай (Стары запавет) і хрысц. (Стары і Новы запаветы) рэлігій. Першая анталогія выбраных кніг (кн. пра станаўленне Сусвету і чалавечага грамадства, хронікі, кодэксы, паэт. медытацыі, маральна-філас. трактаты, прароцтвы, прытчы, афарызмы, апіяграфіі, малітвы, гімны і інш.), аб’яднаных у адным пераплёце паводле храналагічнага і тэматычнага прынцыпаў, зместу і сімвалічнага сэнсу. Складалася на працягу 1-га тыс. да н.э. — 2 ст. н.э. на тэр. Палесціны (стараж. Ізраільска-Іудзейскае царства) і ў месцах яўрэйскай дыяспары на арамейскай, стараж.-яўрэйскай і стараж.-грэч. мовах. Поўная Біблія складаецца з 2 частак — Старога запавету (50 кніг, з іх 39 кананічных, якія выкарыстоўваюцца ў літургічнай службе, і 11 некананічных, прызнаных хрысц. царквой карыснымі для духоўнага выхавання) і Новага запавету [27 кніг; 4 Евангеллі (паводле Матфея, Марка, Лукі, Іаана), зборнік з 22 твораў пад агульнай назвай Апостал, Апакаліпсіс (Адкрыццё Іаана Багаслова)]. Паводле багаслоўскага тлумачэння, слова «запавет» азначае наказ Бога «выбранаму народу» (стараж. яўрэям), а праз яго — усяму чалавецтву. Іудзейская Біблія складаецца з 39 кананічных кніг: Закон, або Пяцікніжжа, прыпісваецца Майсею, Прарокі (кн. Ісаі, Ераміі, Езекііль, Данілы і 12 «малых прарокаў», кн. Ісуса Навіна, Суддзяў, 4 кнігі Царстваў), Пісанні (кн. Руф, 1-я і 2-я Параліпаменом, Ездры, Неяміі, Эсфір, Іова, Псалтыр, Прытчы Саламона, Эклезіяст, Песня песням, Плач Ераміі). Старазапаветная частка хрысц. (праваслаўнай і каталіцкай) Бібліі ў дадатак да кананічных уключае таксама некананічныя кнігі: 1—3-ю Ездры, Тавіта, Юдзіф, Прамудрасць Саламона, Прамудрасць Ісуса Сірахава, прарока Баруха, 1—3-ю кн. Макавеяў. Кананічныя кн. Старога запавету напісаны стараж.-яўр. і часткова арамейскай мовамі, некананічныя — стараж.-грэч. мовай. На т.зв. александрыйскай гаворцы стараж.-грэч. мовы напісаны Новы запавет, за выключэннем Евангелля паводле Матфея, напісанага на сірыйска-халдзейскай гаворцы стараж.-яўр. мовы. У Бібілію не ўвайшлі апокрыфы. Першы збор старазапаветнай часткі Бібіліі стварылі ў 2 ст. да н.э. ў Александрыі на стараж.-грэч. мове 70 перакладчыкаў (Септуагінта — семдзесят — стаў асн. крыніцай пазнейшых выданняў біблейскіх кніг). У 386—406 багаслоў Еранім зрабіў лац. пераклад Бібліі-Вульгату (агульнадаступная), якая легла ў аснову каталіцкай рэдакцыі Бібліі. У Бібліі адлюстраваны драм. шлях развіцця чалавечай духоўнасці. Яна пачынаецца з кн. Быццё (сімвалічная выява ўзнікнення Сусвету, рассялення народаў, станаўленне грамадства і дзяржавы), а заканчваецца Апакаліпсісам — сімвалічным малюнкам «канца свету». У аснове біблейскай філасофіі гісторыі тэадыцэя (апраўданне жыцця і яго крыніцы — Бога перад тварам сусветна-гіст. зла); правідэнцыялізм (гіст. падзеі, з’яўляючыся выяўленнем людской волі, на касм. узроўні прадвызначаныя Богам), месіянства (вера ў прыход Збавіцеля, у яго царства на Зямлі, упэўненасць у тым, што пакліканыя Богам народы і людзі аб’ектыўна выконваюць боскае прадвызначэнне), эсхаталагізм (перакананне ў тым, што гіст. працэс меў свой пачатак і будзе мець сваё завяршэнне). Большасць кніг Старога запавету ёсць гісторыя стараж. ізраільска-іудзейскай тэакратычнай дзяржавы (часткова інш. рэгіёнаў Блізкага Усходу), стараж.-яўр. культуры і старазапаветнай царквы. Новы запавет — гэта аповесць пра зямное жыццё і вучэнне Ісуса Хрыста, яго апосталаў, пра станаўленне хрысц. царквы і прароцтва пра богачалавецтва пасля канца гісторыі.

У 4—13 ст. узніклі шматлікія рэгіянальныя пераклады Бібіліі. У 9 ст. слав. асветнікі браты Кірыла і Мяфодзій пераклалі Біблію на стараслав. мову. Гэты пераклад лёг у аснову рукапісных біблейскіх кніг, што бытавалі на ўсх.-слав. землях, у т. л. на Беларусі. Першы рукапісны звод Бібіліі на царк.-слав. мове ўкладзены ў Ноўгарадзе (1499) па ініцыятыве архіепіскапа Генадзія («Генадзіеўская біблія»). Першую друкаваную Біблію ў слав. свеце выдалі чэхі (1488). На Беларусі спісы біблейскіх кніг з’явіліся пасля хрышчэння Русі (988). Некаторыя з іх, верагодна, рыхтаваліся Рагнедай Рагвалодаўнай, Ефрасінняй Полацкай. Свае скрыпторыі (цэнтры па перапісцы кніг) мелі бел. гарады, манастыры, епіскапскія кафедры. Пра біблейска-выдавецкую традыцыю сярэдневяковай Беларусі сведчаць высокамаст. ілюстраваныя помнікі рукапісных евангелляў і псалтыроў. Першым зборам царкоўнаслав. рукапісных кніг Бібліі на Беларусі стаў багата аздоблены «Дзесятаглаў», створаны ў 1502—07 у Вільні і Супраслі асветнікам Мацеем Дзесятым. Разам з «Пяцікніжжам», перапісаным дзякам Фёдарам у 1514, «Дзесятаглаў» склаў поўны збор Бібліі. У 1517—19 Ф.​Скарына выдаў 23 ілюстраваныя кнігі першай бел. Бібліі пад агульнай назвай «Библия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славнаго града Полоцка, Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению». Каля 1522 Скарына надрукаваў у Вільні «Малую падарожную кніжку», у якой аб’яднаны Псалтыр, Часасловец (малітвы), урачыстыя гімны (каноны і акафісты, некаторыя з іх — паэт. творы Скарыны). У 1525 ён жа выдаў «Апостал». Напісаныя Скарынам 50 прадмоў і 62 пасляслоўі да сваіх кніг — першыя на Беларусі каментарыі да Бібліі, у якіх тлумачыцца паходжанне кожнай кнігі, іх аўтарства, асаблівасці зместу, вобразаў і сімвалаў, іх значэнне для рэліг., маральнага і грамадскага выхавання. Свецкае выданне Бібліі Скарынам паўплывала на развіццё кніжна-выдавецкай біблейскай традыцыі на Беларусі (гл. Брэсцкая біблія). Прадаўжальнікам кнігавыдавецкай справы Скарыны быў В.Цяпінскі. Каля 1580 ён пераклаў на старабел. мову і выдаў «Евангелле» (паводле Матфея, Марка і частку Евангелля паводле Лукі). Вопыт Скарыны выкарысталі І.Фёдараў і П.Мсціславец, якія выдалі ў Маскве «Апостал» (1564). У 1566 яны пераехалі на Беларусь, на сродкі Р.​Хадкевіча выдалі «Евангелле вучыцельнае» (Заблудаў, 1568—69); Фёдараў выдаў таксама «Псалтыр з Часаслоўцам» (1569). Мсціславец выехаў у Вільню і ў друкарні Мамонічаў выдаў «Евангелле напрастольнае», «Псалтыр» і «Часоўнік» (1575—76). Фёдараў у канцы 1572 — пач. 1573 пераехаў у Львоў, выдаў там «Апостал» (1574), пазней у друкарні К.​Астрожскага ў Астрогу — «Псалтыр» і «Новы запавет» (1580), а таксама поўную слав. друкаваную кірылічным шрыфтам «Астрожскую біблію» (1581). У канцы 16—17 ст. Вільня і мяст. Еўе (каля Вільні) заставаліся асяродкамі выдання біблейскіх кніг на царк.-слав. мове. З 2-й чвэрці 17 ст. дзейнічалі новыя цэнтры выдання біблейскіх кніг — друкарні: Куцеінскага манастыра пад Оршай, С.Собаля ў Буйнічах пад Магілёвам, магілёўская М.Вашчанкі, брацкая Магілёва, Супрасльскага манастыра. У канцы 18 ст. віленскія друкарні перадрукавалі з маскоўскіх выданняў «Евангелле» (1790), «Евангелле вучыцельнае» (1794), «Псалтыр» 1795 (2-е выд. 1796). З канца 18 ст. да 1917 на Беларусі біблейскія кнігі не друкаваліся. Толькі уніяцкая царква выдала шэраг катэхізісаў, малітоўнікаў і падручнікаў, якія знаёмілі вернікаў са зместам Бібліі. Першыя практычныя крокі да перакладу Новага запавету на сучасную бел. мову зроблены ў Зах. Беларусі і Польшчы. Традыцыя перакладу і выдання Бібліі аднавілася ў Зах. Беларусі (пераклад і выданне на бел. мове Новага запавету прапаведнікам Л.​Дзекуць-Малеем і А.​Луцкевічам у 1920—30-я г.), за мяжой [выданне ксяндза П.​Татарыновіча ў 1954 у Рыме, выданне бел. Бібліі ў перакладзе гісторыка і філолага Я.​Станкевіча ў Нью-Йорку (1950—60-я г., 1970, 1973)], замежныя выданні біблейскіх кніг у перакладзе пастара Я.​Пятроўскага (Гейневіл, 1984, 1987). У 1990—95 апублікаваны бел. пераклады біблейскіх кніг В.​Сёмухі, А.​Клышкі; выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя» ажыццёўлена факсімільнае перавыданне «Бібліі» Скарыны (т. 1—3, 1990—91).

Біблія — адзін з самых багатых і складаных помнікаў сусв. культуры, многія старонкі якога насычаны глыбокай жыццёвай мудрасцю і вызначаюцца вял. маст. сілай. Асаблівасцямі Бібліі як помніка культуры з’яўляюцца сінкрэтызм (адзінства рэальнасці і міфа, гісторыі і тэалогіі, гіст. фактаў і цудаў, філасофіі і паэзіі, даследавання і прароцтва, навук. і аксіялагічнага падыходаў да ацэнкі ідэй, фактаў, ідэалаў) і сімвалізм (погляд на гіст. падзеі як на знакавае выяўленне духоўных сэнсаў). Біблія паўплывала на экзістэнцыялісцкую філасофію гісторыі. Біблейскія сюжэты, матывы, вобразы і сімвалы шырока выкарыстоўвае сусв. л-ра, выяўл., тэатр., муз. мастацтва і кіно. У бел. л-ры вобразныя і сімвалічныя сістэмы Бібліі выявіліся ў 12—18 ст. у творчасці Кірылы Тураўскага, Скарыны, М.​Сарбеўскага, М.​Сматрыцкага, І.​Пацея, братоў Л. і С.​Зізаніяў, А.​Філіповіча і універсальная — у паэзіі і аратарскай прозе Сімяона Полацкага. Біблейскія матывы фалькларызаваліся ў нар. творчасці (чарадзейныя казкі, абрадавыя песні, легенды), у тэатр. і інш. мастацтве, бел. л-ры (творчасць Я.​Купалы, З.​Бядулі, У.​Караткевіча, інш. бел. пісьменнікаў).

Біблія ці яе часткі перакладзены больш як на 1250 моў і дыялектаў практычна ўсіх краін свету. Існуе шырокая сетка т-ваў, аб’яднанняў, асацыяцый, агенцтваў па вывучэнні Бібліі, яе перакладзе, выданні, распаўсюджванні. Вывучэннем Бібліі займаюцца біблеістыка, герменеўтыка, тэалогія і інш. навукі.

Літ.:

Никольский Н.М. Древний Израиль. 2 изд. М., 1922;

Виппер Р.Ю. Возникновение христианской литературы. М.; Л., 1946;

Фрэзер Дж.​Дж. Фольклор в Ветхом завете: Пер. с англ. М.; Л., 1981;

Марковский И.С. Библейская археология. 2 изд. Саратов, 1948;

Робертсон Дж. Первоначальное христианство: Пер. с англ. М., 1930;

Конан У. Каля вытокаў духоўнасці // Беларусь. 1990. № 1;

Шупа С. З гісторыі новабеларускіх перакладаў Бібліі // Вести. Белорусского Экзархата. 1990. № 4;

Яго ж. Біблейскія вобразы і матывы ў беларускім фальклоры // Беларусіка=Albaruthenica. Мн., 1995. Кн. 4;

Яго ж. Народ в координатах культуры // Нёман. 1995. № 2, 7, 12.

У.​М.​Конан.

Да арт. Біблія. Тытульны ліст «Бібліі» Ф.​Скарыны. 1519.

т. 3, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)