ВЕГЕТАТЫ́ЎНАЯ НЕРВО́ВАЯ СІСТЭ́МА,

частка нерв. сістэмы, што рэгулюе дзейнасць унутр. органаў і жыццёва важныя функцыі арганізма (абмен рэчываў, страваванне, тэрмарэгуляцыю і інш.).

Тэрмін «вегетатыўная» прапанаваў франц. анатам М.​Біша (1800). Адрозніваюць сімпатычную і парасімпатычную часткі вегетатыўнай нервовай сістэмы; кожная з іх прадстаўлена цэнтр. і перыферычным аддзелам. Вегетатыўныя цэнтры сімпатычнай нерв. сістэмы складаюцца з нерв. клетак, размешчаных у бакавых рагах спіннога мозга (сегментарныя цэнтры) і звязаных перадгангліянарнымі нерв. валокнамі з пагранічным сімпатычным ствалом і вузламі перадпазваночных спляценняў. Валокны перыферычнай часткі, што пачынаюцца з пагранічнага сімпатычнага ствала і вузлоў перадпазваночных спляценняў (постгангліянарныя), ідуць да ўнутр. органаў. Валокны ад бакавых рагоў спіннога мозга перарываюцца на клетках вузлоў нерв. спляценняў брушной поласці (чарэўнае, падчарэўнае і інш.) і на клетках вузлоў каля ўнутр. органаў (сардэчнае, лёгачнае, ныркавае і інш.), а потым ідуць ва ўнутр. органы. Вегетатыўныя цэнтры парасімпатычнай нерв. сістэмы размешчаны ў ствале галаўнога мозга (сярэдні і прадаўгаваты мозг) і крыжавым аддзеле спіннога мозга. Адросткі клетак гэтых цэнтраў перарываюцца на нерв. клетках вузлоў галавы і з чарапнымі нервамі ідуць да зрэнак, слінных залоз, унутр. органаў. Нерв. валокны, што ідуць ад клетак крыжавога цэнтра парасімпатычнай нерв. сістэмы, пасля перарыву ў нерв. гангліях тазавага спляцення інервуюць мачавы пузыр, прамую кішку і палавыя органы. Кожны ўнутр. орган інервуецца абодвума аддзеламі вегетатыўнай нервовай сістэмы. Маючы розныя функцыі, сімпатычны і парасімпатычны аддзелы вегетатыўнай нервовай сістэмы дзейнічаюць на органы адначасова і рэгулююць іх дзейнасць.

Літ.:

Кнорре А.Г., Лев Н.Д. Вегетативная нервная система. 2 изд. Л., 1977;

Вегетативная нервная система: Атлас. Мн., 1988.

П.​І.​Лабко.

Схема будовы і сувязей вегетатыўнай нервовай сістэмы: (сіні колер — парасімпатычная, чырвоны — сімпатычная); 1 — шыйны аддзел спіннога мозга; 2 — грудны; 3 — паяснічны; 4 — крыжавы; 5 — памежны сімпатычны ствол.

т. 4, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАМАДА́ЦЫЯ ў біялогіі і медыцыне,

тэрмін, блізкі да адаптацыі. Акамадацыя вока — прыстасаванне яго да выразнага бачання прадметаў, што знаходзяцца на рознай адлегласці; акамадацыя фізіялагічная ўзбудлівых тканак (мышачнай і нервовай) — прыстасаванне да дзеяння раздражняльніка, якое павольна нарастае па сіле; акамадацыя гісталагічная тканак — змена формы і суадносін тканкавых элементаў (клетак) у працэсе прыстасавання да зменлівых умоў.

т. 1, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫТМІ́Я (ад а... + грэчаскае rhythmos рытм) сардэчная, парушэнне рытму, паслядоўнасці і сілы сардэчных скарачэнняў. Узнікае ад парушэнняў аўтаматызму, узбуджальнасці, праводнасці і скарачальнасці сэрца, пры хваробах сэрца, парушэннях яго нервовай рэгуляцыі і гэтак далей. Адрозніваюць пачашчэнне (тахікардыя) і запаволенне (брадыкардыя) біцця сэрца, няправільны рытм сардэчных скарачэнняў (экстрасісталія, мігальная арытмія), прыступы частага біцця сэрца (параксізмальная тахікардыя) і інш. Лячэнне асноўнай хваробы сэрца ліквідуе арытмію.

т. 2, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РУС (Аляксей Іванавіч) (26.9.1932, в. Юзэфіны Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 28.9.1993),

бел. вучоны ў галіне спартыўнай анатоміі. Д-р мед. н. (1991), праф. (1993). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1962). З 1967 у Акадэміі фіз. выхавання і спорту Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па праблемах уздзеяння розных рэжымаў рухальнай дзейнасці на арганізм, марфал. асновах адаптацыі сасудзістай і нервовай сістэм шкілетных мышцаў да гіпакінезіі і інтэнсіўнай фіз. нагрузкі.

т. 5, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙРУЛЯ́ЦЫЯ,

утварэнне зачатка цэнтр. нервовай сістэмы — нерв. пласцінкі і замыканне яе ў нерв. трубку ў зародкаў хордавых. Зародак у перыяд Н., якая надыходзіць за гаструляцыяй, наз. нейрулай. Пры Н. вычляняюцца ў складзе трох зародкавых лісткоў зачаткі асобных сістэм органаў. Будова зародка нагадвае будову дарослага арганізма: на спінным баку, пад эпітэліем знаходзіцца нерв. трубка, пад ёй — хорда, пад хордай — кішэчнік; адрозніваюцца пярэдні і задні аддзелы цела.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫШЭ́ЙШАЯ НЕРВО́ВАЯ ДЗЕ́ЙНАСЦЬ,

сукупнасць складаных фізіял. працэсаў у вышэйшых аддзелах кары вял. паўшар’яў і падкоркавых утварэннях галаўнога мозга, што забяспечваюць аптымальнае індывід. прыстасаванне чалавека і жывёл да зменлівых умоў знешняга і ўнутр. асяроддзя. Падпарадкоўваецца прынцыпам дэтэрмінізму, узаемаабумоўленасці, узаемасувязі, структураванасці і адбываецца праз аналіз усёй інфармацыі, вычляненне асобных кампанентаў і аб’яднанне іх у камбінацыі, якія ўзгадняюцца з акцэнтнай матывацыяй паводзін. Тэрмін уведзены І.П.Паўлавым як эквівалент паняцця «псіхічная дзейнасць», каб падкрэсліць адрозненні вышэйшай нервовай дзейнасці ад «ніжэйшай нерв. дзейнасці», што аперыруе наборам спадчынных, пастаянных, уласцівых усім прадстаўнікам дадзенага віду безумоўных рэфлексаў на прамую актывацыю спецыялізаваных рэцэптараў, яны каардынуюць узаемаадносіны паміж рознымі функцыян. сістэмамі, падтрымліваюць стабільны ўнутраны стан арганізма (гамеастаз): узровень крывянога і асматычнага ціску, анкатычнага ціску, т-ры цела, колькасць глюкозы ў крыві і інш. Больш складаныя формы рэфлексаў — інстынкты — таксама з’яўляюцца выражэннем генетычна зафіксаванага вопыту папярэдніх пакаленняў.

Вышэйшая нервовая дзейнасць узнікае ў ходзе эвалюцыі на аснове «ніжэйшай нерв. дзейнасці», кантралюе яе і будуецца на аснове ўмоўных рэфлексаў, якія выпрацоўваюцца на працягу жыцця асобіны. З яе развіццём набываецца здольнасць адказваць на непасрэдныя дзеянні стымулаў (болевых, харчовых, палавых і інш.), на аддаленыя іх прадвеснікі, выдзяляць фармальную суадноснасць паміж патрэбнасцю і абставінамі, якія заканамерна папярэднічаюць яе рэалізацыі. Раздражняльнікі становяцца ўмоўнымі або сігналамі, якія ўключаюць адаптыўныя паводзіны праз сувязь паміж нейронамі, што ўспрымаюць умоўны раздражняльнік і ўваходзяць у дугу безумоўнага рэфлексу. У процілегласць безумоўным умоўныя рэфлексы зменлівыя, часовыя, утвараюцца і знікаюць з дапамогай розных відаў прыроджанага і набытага тармажэння. Яны пастаянна ўскладняюцца і ўдасканальваюцца, што пашырае адаптыўныя магчымасці індывіда да падзей знешняга асяроддзя.

Матэрыяліст. ідэя аб рэфлекторнай прыродзе псіхічных працэсаў выказана І.М.Сечанавым у кн. «Рэфлексы галаўнога мозга» (1863). Далейшая яе распрацоўка належыць Паўлаву, які стварыў метад вывучэння вышэйшай нервовай дзейнасці ў хранічным эксперыменце і выявіў прынцыповыя яе заканамернасці. Значнасць прыроджаных і набытых формаў паводзін у працэсе анта- і філагенезу зменьваецца на карысць перавагі ўмоўных рэфлексаў. У чалавека ў дадатак да першай сігнальнай сістэмы ўзнікае другая сігнальная сістэма ў выглядзе мовы. Па суадносінах гэтых сістэм адрозніваюць 3 тыпы людзей: мысліцельны, мастацкі і сярэдні. Слова надзяляе вышэйшую нервовую дзейнасць здольнасцю да абстрагавання, абагульнення, мыслення, творчасці. Сіла, ураўнаважанасць і рухомасць працэсаў узбуджэння і тармажэння ляжаць у аснове асаблівасцей вышэйшай нервовай дзейнасці. Паўлаў вылучыў 4 варыянты яе: моцны, ураўнаважаны, рухомы (сангвінік); моцны, неўраўнаважаны, узбудлівы (халерык); моцны, ураўнаважаны, інертны (флегматык); слабы (меланхолік). Адно са складаных праяўленняў — дынамічны стэрэатып.

Вучэнне аб вышэйшай нервовай дзейнасці мае тэарэт. і шырокае прыкладное значэнне ў медыцыне, псіхалогіі, педагогіцы, кібернетыцы, арганізацыі працы і інш. сферах чалавечай дзейнасці. Сав. вучонымі распрацаваны тэорыі функцыян. сістэм (П.К.Анохін), паглыблены ўяўленні пра механізмы памяці і цэнтр. тармажэння (І.С.Берыташвілі), самарэгуляцыі мозга праз сімпатычную сістэму (Л.А.Арбелі), пра ўзаемаадносіны кары і ўнутр. органаў (К.М.Быкаў), кампенсацыі парушаных яе функцый (Э.А.Асрацян), выяўлены асаблівасці вышэйшай нервовай дзейнасці ў дзяцей у норме і паталогіі (А.​Г.​Іваноў-Смаленскі, М.І.Краснагорскі) і інш.

Літ.:

Орбели Л.А. Вопросы высшей нервной деятельности. М.; Л., 1949;

Павлов И.П. Полн. собр. соч. Т. 1—6. 2 изд. М., 1951—52;

Сеченов И.М. Рефлексы головного мозга. М., 1961;

Беленков Н.Ю. Условный рефлекс и подкорковые образования. М., 1965;

Физиология высшей нервной деятельности. Ч. 1—2. М., 1970—71;

Анохин П.К. Очерки по физиологии функциональных систем. М., 1975.

У.​М.​Калюноў.

т. 4, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КААРДЫНА́ЦЫЯ (ад лац. co сумесна, разам + ordinatio упарадкаванне) у фізіялогіі. узгадненне дзейнасці розных органаў і сістэм арганізма, абумоўленае спалучэннем працэсаў узбуджэння і тармажэння ў цэнтральнай нервовай сістэме. Напр., пры згінанні канечнасці. ўзбуджэнне нерв. клетак, якія пасылаюць імпульсы да мышцаў-згінальнікаў, выклікае адначасова тармажэнне клетак, звязаных з мышцамі-разгінальнікамі. Расслабленне разгінальнікаў палягчае згінанне канечнасці. Безумоўнарэфлекторная К. ажыццяўляецца на ўзроўні спіннога мозга (простыя рэфлексы — згінальны, чухальны і інш.). Умоўнарэфлекторная К. злучае амаль усе аддзелы галаўнога мозга і сістэмы арганізма (сардэчную, мышачную, крывяносную і інш.).

т. 7, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕРВО́ВАЯ ТКА́НКА,

комплексы нервовых і гліяльных клетак, спецыфічных для жывёльных арганізмаў; асн. структурна-функцыян. элемент нервовай сістэмы. Забяспечвае рэгуляцыю жыццядзейнасці тканак і органаў, іх інтэграцыю ў арганізме і сувязь з навакольным асяроддзем. Эвалюцыйна паяўляецца ў кішачнаполасцевых і дасягае найб. складанага развіцця ў кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга млекакормячых і чалавека. Нерв. клеткі (нейроны) не дзеляцца, валодаюць асаблівай узбуджальнасцю, праводнасцю і здольныя ўтвараць стабільныя кантакты з інш. клеткамі. Гліяльныя клеткі (нейраглія) — трафічны, апорны і ахоўны апарат. Звычайна Н.т. абкружана слаямі злучальнай тканкі (у пазваночных — мазгавыя абалонкі). А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУМАРА́ЛЬНАЯ РЭГУЛЯ́ЦЫЯ,

адзін з механізмаў кіравання і каардынацыі фізіял. працэсаў у чалавека і жывёл у зменлівых умовах асяроддзя. Ажыццяўляецца праз вадкія асяроддзі (тканкавая вадкасць, лімфа, кроў) з дапамогай біялагічна актыўных рэчываў (неспецыфічныя метабаліты, гармоны, медыятары, пептыды, роставыя фактары, іоны і інш.). Прадукты абмену рэчываў уздзейнічаюць энда-, пара- або аўтакрынна на эфектарныя тканкі, канцы чуллівых нерваў (хемарэцэптары), нерв. цэнтры і выклікаюць гумаральным або рэфлекторным шляхам пэўныя рэакцыі арганізма. Гумаральная рэгуляцыя падпарадкавана нервовай рэгуляцыі і разам з ёй складае адзіную сістэму нейрагумаральнай рэгуляцыі, якая забяспечвае нармальнае функцыянаванне арганізма ў зменлівых умовах асяроддзя.

У.​М.​Калюноў.

т. 5, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ДНІ МОЗГ,

аддзел цэнтральнай нервовай сістэмы паміж сярэднім і прадаўгаватым мозгам, які складаецца з вароліева моста і мазжачка.

У вароліевым мосце мноства папярочных і падоўжных нерв. валокнаў, сканцэнтраваны рухальныя і адчувальныя шляхі ц. н. с., размешчаны сеткападобная рэтыкулярная фармацыя (каардынуе дзейнасць сістэм, што рэгулююць вегетатыўна-вісцэральныя і сенса-маторныя функцыі арганізма), ядры некаторых чэрапна-мазгавых нерваў, цэнтры, што рэгулююць слінацячэнне, міганне, голасаўтварэнне. Мазжачок размешчаны ў задняй чарапной ямцы пад патылічнымі долямі паўшар’яў вял. мозга; вытворнае задняга мазгавога пузыра. Інтэгруе інфармацыю ад мышачных рэцэптараў, вестыбулярнай сістэмы, маторных цэнтраў; каардынуе работу мышцаў; рэгулюе мышачны тонус.

Г.​Дз.​Сітнік.

т. 6, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)