ФІЛАСО́ФІЯ (грэч. philosophia любоў да мудрасці),
асаблівая форма пазнання свету, якая выпрацоўвае сістэму ведаў пра фундаментальныя прынцыпы і асновы быцця, сутнасць чалавека і яго адносіны да прыроды, грамадства і духоўнага жыцця ва ўсіх яго асн. праяўленнях. Дазваляе стварыць гранічна абагульненую карціну рэчаіснасці, ролі і месца ў ёй чалавека з яго разнастайнымі патрэбнасцямі, інтарэсамі, ідэаламі, каштоўнаснымі арыентацыямі. Адрозненні ў філас. канцэпцыях, што складваюцца ў залежнасці ад інтарэсаў індывідаў і сац. груп, пераважна звязаны з суадносінамі чалавека і навакольнага свету, суб’екта і аб’екта, свядомасці і быцця. У сувязі з гэтым узніклі розныя варыянты матэрыялізму і ідэалізму, а таксама такія процілеглыя падыходы да рэчаіснасці як дыялектыка і метафізіка, рацыяналізм і эмпірызм, натуралізм і спірытуалізм, дэтэрмінізм і індэтэрмінізм. Сярод асн. функцый Ф. вылучаюць светапоглядную, гнасеалагічную і метадалагічную, г.зн. Ф. выступае ў ролі сістэмы агульных уяўленняў чалавека пра свет і сваё месца ў ім (светапогляд), тэорыі пазнання (гнасеалогія), вучэння пра метады (метадалогія). Унутры Ф. традыцыйна адрозніваюць адносна самаст. галіны філас. ведаў: анталогію, гнасеалогію, логіку і дыялектыку. Да філас.-светапоглядных дысцыплін адносяць этыку, эстэтыку, аксіялогію, філасофію гісторыі, філасофію культуры, гісторыю філасофіі, філасофію сацыяльную, філасофію палітыкі, Ф. права, Ф. навукі, Ф. рэлігіі і інш.
Першыя філас.-рэліг. вучэнні ўзніклі ў Індыі (веданта, джайнізм, будызм і інш.), Кітаі (канфуцыянства, маізм, легізм, даасізм) і Стараж. Грэцыі (7—6 ст. да н.э.). Ф. прыйшла на змену поглядам, для якіх быў характэрны антрапамарфізм. Ант. дыялектыка стала гістарычна першай формай дыялектыкі (Геракліт). Стройную сістэму навук.-філас. ведаў стварылі Дэмакрыт, Сакрат, Эпікур, Платон, Арыстоцель. У рэчышчы перыпатэтызму (гл. Перыпатэтычная школа) развівалі свае вучэнні прадстаўнікі сярэдневяковай араб. філасофіі Кіндзі, Фарабі, Ібн Сіна, Ібн Рушд. Ф. еўрап. сярэдневякоўя развівалася пераважна ў рэчышчы хрысц. культуры (патрыстыка, схаластыка, Фама Аквінскі, І.Дунс Скот, У.Окам). У эпоху Адраджэння адбыўся сінтэз хрысц. Ф. з ант. філас. традыцыяй (Г.Галілей, Мікалай Кузанскі, Дж.Бруна, М. дэ Мантэнь). Разнастайнасцю светапоглядных пазіцый і кірункаў адзначана Ф. новага часу і Асветніцтва (Ф.Бэкан, Т.Гобс, Р.Дэкарт, Б.Спіноза, Дж.Лок, Дж.Берклі, Д.Юм, Г.Лейбніц). Метады рацыянальнага пазнання як фактара разумнай арганізацыі грамадства паклалі ў аснову сваёй Ф. прадстаўнікі класічнай нямецкай філасофіі (І.Кант, І.Г.Фіхтэ, Ф.В.Шэлінг, Г.Гегель). Ідэалізм Гегеля і рэлігію крытыкаваў Л.Феербах, Ф. якога паўплывала на фарміраванне філас. поглядаў К.Маркса і Ф.Энгельса (гл. Марксізм). У Расіі ў 18—пач. 20 ст. развіваліся матэрыяліст. Ф. рэвалюцыйных дэмакратаў, філас. канцэпцыі славянафілаў і заходнікаў, рэліг.-этычныя і гістарыясофскія погляды Ф.М.Дастаеўскага і Л.М.Талстога. Гэтая тэндэнцыя сінтэзавала Ф. ўсеадзінства У.С.Салаўёва, з якой бяруць пачатак вучэнні вядучых прадстаўнікоў рус. рэліг. Ф. (С.М.Булгакаў, С.Л.Франк, М.А.Лоскі, Л.П.Карсавін, П.А.Фларэнскі, М.А.Бярдзяеў, В.В.Розанаў). Ідэя ўнутр. адзінства чалавека і космасу пакладзена ў аснову Ф. рус. касмізму (М.Ф.Фёдараў, У.І.Вярнадскі, К.Э.Цыялкоўскі). У Зах. Еўропе ў 1-й пал. 19 ст. пачаўся пераход ад класічных форм Ф. да некласічных (вульгарны матэрыялізм, пазітывізм, неакантыянства, прагматызм, філасофія жыцця, махізм). На ідэаліст. Ф. 20 ст. паўплывалі фенаменалогія, філасофская антрапалогія. Важную ролю ў развіцці сучаснай фармальнай логікі і семіётыкі адыгралі прадстаўнікі неапазітывізму. Уплывовымі кірункамі філас. думкі сталі персаналізм, экзістэнцыялізм, неатамізм, філас. герменеўтыка (Г.Г.Гадамер, П.Рыкёр), структуралізм, крытычны рацыяналізм.
На Беларусі Ф. ўзнікла ў 10—11 ст. пасля прыняцця хрысціянства ў бел. княствах, якія ўваходзілі ў склад Кіеўскай Русі, і ўсталявання культ. сувязей з Візантыяй і зах.-еўрап. краінамі. Хрысц. разуменне свету і высокіх духоўна-маральных каштоўнасцей чалавека знайшло ўвасабленне ў творчасці Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага. Філас. накіраванасцю і гуманізмам пазначаны творы Ф.Скарыны, які лічыў, што ў Бібліі выкладзена не толькі боская мудрасць, але і арыстоцелева Ф., і таму мудрэц павінен быць прасякнуты «духам святым і філасофіяй». С.Будны прапаведаваў канцэпцыю антытрынітарызму (гл. Антытрынітарыі), якая вяла да дэізму, вучэнне пра натуральнае паходжанне Хрыста; ён адмаўляў бессмяротнасць душы і лічыў, што ў аснове паводзін чалавека павінны ляжаць разумныя маральныя прынцыпы, а не страх пакарання або надзея на ўзнагароду ў замагільным царстве. Матэрыяліст. і ідэаліст. ідэі, вучэнне пра аўтаномны характар маральнай свядомасці і паводзін чалавека прапанавалі «эпікурэйцы» К.Бекеш і С.Лован. Элементы натуральнага погляду на гісторыю меліся ў сац.-філас. поглядах А.Волана, які лічыў, што прычынай узвышэння або ўпадку грамадства з’яўляюцца людзі, іх норавы, сац. інтарэсы і матывы, а не Бог. З пазіцый рацыяналістычнага пазнання навакольнага свету і заканамернага натуральнага развіцця прыроды выступаў К.Лышчынскі. З канца 18 ст. развівалася пераважна схаластычная Ф., заснаваная на тэалагічнай інтэрпрэтацыі вучэння Арыстоцеля (М.Сарбеўскі, С.Лаўксмін і інш.). У 2-й пал. 18 ст. ўзмацніўся ўплыў ідэалогіі і Ф. новага часу, распаўсюдзіліся эклектычная Ф. (А.Скарульскі, Б.Дабшэвіч, С.Шадурскі і інш.), вучэнне фізіякратаў, якія лічылі, што адыход чалавецтва ад разумення законаў прыроды непазбежна выкліча няшчасці, бедствы і беспарадкі. У 19 ст. развіваліся тэндэнцыі прыродазнаўчага матэрыялізму, радыкальныя сац.-утапічныя ідэі, звязаныя з пошукам шляхоў сац. і нац. вызвалення (К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, А.Гурыновіч, Я.Лучына, Я.Купала, Я.Колас, Цётка, А.Луцкевіч і інш.). На мяжы 19—20 ст. на Беларусі распаўсюдзіліся ідэі марксізму, а пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 з’явіліся філас. працы, у якіх распрацоўваліся праблемы пазнання, быцця, нац. свядомасці, гісторыі Ф. (І.Канчэўскі, У.Самойла, Б.Э.Быхоўскі, С.Я.Вальфсон, У.І.Пічэта, А.Цвікевіч і інш.). У 1931 у Мінску створаны Інстытут філасофіі АН БССР (гл. Інстытут філасофіі і права Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі). З 1950-х г. пачаліся сістэматычныя даследаванні па гісторыі філас. і грамадска-паліт. думкі Беларусі. 1960—80-я г. адзначаны сур’ёзнымі распрацоўкамі ў галіне матэрыяліст. дыялектыкі, метадалогіі навук. пазнання, сац. філасофіі, філас. пытанняў прыродазнаўства, духоўнай сферы і выхавання. З 1990-х г. на Беларусі праводзяцца комплексныя даследаванні па праблемах логікі і метадалогіі навук. пазнання (А.І.Зелянкоў, У.К.Дукашэвіч, Дз.І.Шыраканаў, Я.С.Яскевіч), сац. Ф. (Я.М.Бабосаў, В.І.Боўш, А.М.Елсукоў, Ю.А.Харын), гісторыі Ф. (Э.К.Дарашэвіч, У.М.Конан, А.С.Майхровіч, С.А.Падокшын, В.Ф.Шалькевіч і інш.).
Тэндэнцыі развіцця сучаснай Ф. звязаны з пошукам новых падыходаў, светапоглядных арыентацый і праграм у розных сферах жыццядзейнасці людзей, з асэнсаваннем такіх праблем, як глабальны экалагічны крызіс, лёс сучаснай цывілізацыі і спосабы прадухілення рэальных пагроз яе існаванню, дынаміка і перспектыва сусв. культ. працэсу, гуманізацыя грамадскіх адносін, шляхі ўмацавання дэмакр. ін-таў і механізмаў функцыянавання грамадз. супольнасці, гранічнае пашырэнне магчымасцей чалавека ў яго ўзаемадзеянні з навакольным светам і інш.
Літ.:
Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1977;
Развитие марксистско-ленинской философии в БССР (20—70-е гг.). Мн., 1984;
Лукьянов А.Е. Становление философии на Востоке (Древний Китай и Индия). М., 1989;
Майхрович А.С. Поиск истинного бытия и человека: Из истории философии и культуры Беларуси. Мн., 1992;
Рассел Б. История западной философии...: Пер. с англ. 3 изд. М., 2000;
Абдеев Р.Ф. Философия информационной цивилизации. М., 1994;
Юлина Н.С. Очерки по философии в США: XX век. М., 1999;
Асветнікі зямлі Беларускай, X — пач. XX ст.: Энцыкл. давед. Мн., 2001;
Шаповалов В.Ф. Основы философии: От классики к современности. 2 изд. М., 2000;
Новая философская энциклопедия. Т. 1—4. М., 2000—01.
С.Ф.Дубянецкі, В.Дз.Марозаў.
т. 16, с. 385