СЮРРЭАЛІ́ЗМ (франц. surréalisme літар. — звышрэалізм),
кірунак у літаратуры і мастацтве 1-й пал. 20 ст. Узнік у Францыі, паступова ў той ці інш. форме пашырыўся ў інш. краінах Еўропы, Лац. Амерыкі і ЗША. Тэрмін «С.» уведзены ў 1918 Г.Апалінэрам, яго заснавальнік і гал. тэарэтык — А.Брэтон, аўтар першага «Маніфеста сюррэалізму» (1924). Фарміраванне С. звязана з дзейнасцю парыжскай асацыяцыі пісьменнікаў і мастакоў і яе час. «Littérature» («Літаратура», 1919—24) і «Révolution surréaliste» («Сюррэалістычная рэвалюцыя», 1924—29), у якіх распрацоўвалася праграма кірунку, што грунтавалася на дасягненнях сімвалізму, дадаізму, метафізічнага жывапісу, філас. вучэнні З.Фрэйда. Гал. мэта С. — пошук «сапраўднай рэальнасці», якая выяўляецца праз асабіста-пачуццёвую сферу суб’ектыўнасці, некантралюемую творчасць. У літаратуры (пераважна ў паэзіі) для С. характэрна «аўтаматычнае пісьмо» (запіс слоў, вобразаў і фрагментаў маўлення, што ўзнікалі ў выніку спантанных асацыяцый), адмова ад рыфмы, метрыкі, члянення на строфы, завершанасці, граматыка-сінтакс. і жанрава-кампазіцыйнай арганізацыі (Л.Арагон, Р.Вітрак, Р.Дэснос, Ж.Както, Р.Кено, П.Рэвердзі, Сен-Жон Перс, Ф.Супо, Т.Тцара, Р.Шар, П.Элюар і інш.). Паўплываў на авангардысцкія кірункі ў л-ры 2-й пал. 20 ст. (тэатр абсурду, «новы раман», канкрэтная паэзія і інш.). Асобныя элементы С. актуалізуюцца і ў сучаснай бел. л-ры: творчасць удзельнікаў суполкі «Бум-Бам-Літ» А.Бахарэвіча, З.Вішнёва, В.Жыбуля, С.Мінскевіча, А.Туровіча і інш.У выяўленчым мастацтве для дасягнення глыбіні падсвядомасці мастакі распрацоўвалі спец. прыёмы «псіхічнага аўтаматызму», спантаннага формаўтварэння (выпадковыя лініі, зробленыя алоўкам на паперы, дэкалькаманія, калаж, фюмаж, фратаж). С. у выяўл. мастацтве развіваўся ў 2 асн. кірунках: А.Масон, Х.Міро, М.Эрнст уводзілі пазасвядомы пачатак у творчы працэс, аперыравалі свабоднымі вобразамі і адвольнымі формамі, якія часта пераходзілі ў абстракцыю; С.Далі, П.Дэльво, Р.Магрыт, І.Тангі імкнуліся выявіць ірэальны вобраз з ілюзорнай дакладнасцю праз манеру пісьма, блізкую да акад. жывапісу; сродкамі фігуратыўнага мастацтва яны стваралі вобраз, немагчымы ў рэальнасці (расцяканне цвёрдых прадметаў, празрыстасць шчыльных аб’ектаў, расслаенне фігуры на некалькі выяў і інш.). Для абодвух кірункаў характэрны алагізм, парадаксальныя спалучэнне форм, зрокавая няўстойлівасць, зменлівасць вобразаў, частае выкарыстанне эратычных матываў. На Беларусі ў сюррэалістычнай манеры працавалі і працуюць мастакі В.Альшэўскі, М.Селяшчук, Г.Скрыпнічэнка, У.Тоўсцік і інш.У кінематографе сюррэалістычныя фільмы вызначаюцца туманнай сімвалічнасцю, алагічнасцю вобразаў, прыгнечаным эратызмам, адчуваннем суму, адзіноты, смерці (С.Брэкхейдж, Л.Буньюэль, Далі, М.Дэрэн, К.Харынгтан, К.Энгер і інш.).
Літ.:
Куликова И.С. Сюрреализм в искусстве. М., 1970;
Андреев Л.Г. Сюрреализм. М., 1972;
Каптерева Т. Дадаизм и сюрреализм // Модернизм. 3 изд. М., 1980;
Антология французского сюрреализма, 20-е гг.: Пер. с фр.М., 1994;
Лявонава Е.А. Плыні і постаці. Мн., 1998;
Сюрреализм и авангард. М., 1999;
Вирмо А. и О. Мэтры мирового сюрреализма: Пер. с фр. СПб., 1996;
Passeron R. Encyclopedia surrealizmu: Przekł. z fr. Warszawa, 1993.
Е.А.Лявонава (літаратура), С.У.Пешын.
Да арт.Сюррэалізм. С.Далі. Сон, выкліканы палётам пчалы вакол граната за хвіліну да абуджэння. 1944.Да арт.Сюррэалізм. Х.Міро. Жанчына і птушка ў месячным святле. 1949.Да арт.Сюррэалізм. Р.Магрыт. Помста.