ПЯЧО́РА,

рака ў Рэспубліцы Комі і Ненецкай аўт. акрузе Архангельскай вобл. Расіі. Даўж. 1809 км, пл. басейна 322 тыс. км². Пачынаецца на Паўн. Урале, цячэ па Пячорскай нізіне, упадае ў Пячорскую губу Баранцава м. У верхнім цячэнні даліна вузкая, з высокімі і стромкімі берагамі; у сярэднім цячэнні — шырокая пойма занята лясамі і лугамі, у рэчышчы — перакаты, мелі, астравы. Ніжэй вусця р. Уса П. становіцца паўнаводнай ракой (шыр. рэчышча да 500—1500 м) са шматлікімі рукавамі, астравамі, пратокамі, азёркамі і старыцамі. У нізоўях (за 130 км ад вусця) падзяляецца на рукавы — усходні — Вялікая П. і заходні — Малая П. Ніжэй П. ўтварае вял. дэльту шыр. да 45 км. Асн. прытокі: Паўн. Мылва, Кожва, Іжма, Піжма, Цыльма, Сула (злева), Ілыч, Шчугар, Уса, Лая, Шапкіна (справа). Жыўленне снегавое і дажджавое. Веснавое разводдзе і летнія паводкі. Ледастаў ад канца кастр. да мая. Сярэдні гадавы расход вады каля с. Усць-Цыльма 3400 м³/с. Рыбалоўства (сіг, сёмга, чыр, нельма). Суднаходная ад с. Усць-Унья, рэгулярнае суднаходства ад г.п. Троіцка-Пячорск, марскія судны падымаюцца да г. Нар’ян-Мар. Сплаўная. На П. гарады Вуктыл, Пячора, Нар’ян-Мар. У бас. П. радовішчы каменнага вугалю (Пячорскі вугальны басейн), нафты і газу (Цімана-Пячорская нафтагазаносная правінцыя). У вярхоўі П. — Пячора-Ілыцкі запаведнік.

Вярхоўі ракі Пячора.

т. 13, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НА,

рака ва Усх. Сібіры, у Іркуцкай вобл. і Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Даўж. 4400 км, пл. бас. 2490 тыс. км². Пачынаецца на зах. схіле Байкальскага хр., за 21 км ад воз. Байкал, упадае ў м. Лапцевых. У верхнім цячэнні (да вусця р. Віцім) праразае Лена-Ангарскае плато, цячэ ў вузкай даліне (шыр. 1—10 км) са стромкімі схіламі, шмат парогаў і вадаспадаў. Пасля ўпадзення р. Кірэнга становіцца паўнаводнай суднаходнай ракой. У сярэднім цячэнні (паміж вусцямі Віціма і Алдана) даліна пашыраецца да 20—30 км, у рэчышчы шмат астравоў. Ніжэй прытока Алёкма 600 км цячэ ў вузкай (3—4 км) даліне, складзенай з вапнякоў, абрывы з якіх часам утвараюць мудрагелістыя формы (Ленскія слупы). За 100 км вышэй г. Якуцк шыр. даліны 25—30 км ніжэй выходзіць на Цэнтральнаякуцкую раўніну. У вусці ўтварае дэльту (пл. каля 30 тыс. км²), падзяляецца на пратокі, з якіх найб. Вялікая Трафімаўская і Быкаўская (злучае Л. з бухтай Тыксі). Гал. прытокі: Нюя, Вілюй (злева), Кірэнга, Віцім, Алёкма, Алдан (справа). Сярэдні расход вады каля с. Кюсюр 16 500 м³/с. Жыўленне пераважна снегавое і дажджавое. Характэрны высокае веснавое разводдзе, значныя дажджавыя паводкі, нізкая летняя межань. Л. штогод выносіць у мора каля 12 млн. т завіслых наносаў. Ледастаў у верхнім цячэнні з канца кастр. да сярэдзіны мая, у ніжнім — часам з канца вер. да пач. чэрв.; пры крыгаломе — заторы лёду; характэрны наледзі. Суднаходства ў разводдзе ад г.п. Качуг, рэгулярнае — ад Усць-Кута (Асятрова). Рыбалоўства пераважна ў нізоўі ракі. Прамысл. рыбы: муксун, сібірская рапушка, нельма, омуль, таймень. Гал. парты і прыстані: Булун, Жыганск, Якуцк, Алёкмінск, Ленск, Кірэнск, Асятрова, Пакроўск, Сангар. Асн. крыніцы забруджвання — прадпрыемствы золата і алмазаздабыўной прам-сці, горна-абагачальныя прадпрыемствы.

Літ.:

Мостахов С.Е. Река Лена. Якутск, 1972;

Колесов А.Н., Мостахов С.Е. По реке Лене: Путеводитель-справочник. Якутск, 1985.

Рака Лена.

т. 9, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕНІСЕ́Й (па-эвенкійску Іаанэсі літар. вялікая вада, рака),

рака ў Сібіры, у Краснаярскім краі (вярхоўі ў Рэспубліцы Тува), Расія. Адна з самых вялікіх рэк на зямным шары (7-е месца). Утвараецца пры зліцці Вялікага Енісея (Бій-Хем) і Малога Енісея (Ка-Хем) каля г. Кызыл. Даўж. 3487 км (ад вытокаў Малога Е. 4102 км), пл. бас. 2580 тыс. км². Упадае ў Енісейскі зал. Карскага м.

Цячэнне Е. падзяляецца на 3 ч.: верхняе (ад зліцця Бій-Хема і Ка-Хема да ўпадзення р. Абакан), сярэдняе (паміж рэкамі Абакан і Ангара), ніжняе (ад р. Ангара да вусця). У вярхоўі Е. цячэ па ўзгорыстым стэпе Тувінскай катлавіны пад назвай Верхні Е. (Улуг-Хем). Рэчышча падзелена на асобныя рукавы і пратокі, спакойныя плёсы чаргуюцца з перакатамі. Ад упадзення р. Хемчык на працягу 280 км Е. праразае хрыбты Зах. Саяна. Даліна тут вузкая. месцамі каньёнападобная, шыр. да 100 м. У рэчышчы шмат камяністых перакатаў і парогаў. Пры выхадзе Е. ў Мінусінскую катлавіну даліна расшыраецца, шмат астравоў. Паміж гарадамі Мінусінск і Краснаярск у адгор’ях Усх. Саяна даліна звужаецца, ніжэй Краснаярска даліна расшыраецца пасля ўпадзення р. Ангара, левы бераг нізінны, правы ўзвышаны. Пры перасячэнні адгор’яў Енісейскага кража Е. утварае Казачынскі і Асінаўскі парогі. Ніжэй г. Дудзінка цячэ па Паўн.-Сібірскай нізіне. У нізоўях разбіваецца на рукавы: шырыня рэчышча да 15—20 км, глыб. больш за 15 м. Асн. прытокі: Оя, Туба, Мана, Кан, Ангара, Падкаменная Тунгуска, Ніжняя Тунгуска, Курэйка (справа), Абакан, Сым, Турухан (злева). Жыўленне снегавое, дажджавое і грунтавое. Для б.ч. Е. характэрна высокае веснавое разводдзе і ўстойлівая асенне-зімовая межань, частыя летнія дажджавыя паводкі, у вярхоўях — вяснова-летняе разводдзе. Ледастаў у ніжнім цячэнні 3 канца кастр. да канца мая — пач. чэрв.; у сярэднім цячэнні з пач. ліст. да канца крас. — сярэдзіны мая; у горнай ч. з канца ліст. — снеж. да канца красавіка. Е. — самая мнагаводная рака Расіі. Сярэднегадавы расход вады каля г. Ігарка 18 100 м³/с, у вусці — 19 800 м³/с.

На Е. Саяна-Шушанская, Майнская і Краснаярская ГЭС з вадасховішчамі. Суднаходства на вадасховішчах і ад г. Краснаярск да вусця. Для праводкі суднаў з ніжняга б’ефа ў Краснаярскае вадасховішча і назад пабудаваны суднапад’ёмнік. Да г. Ігарка (973 км ад вусця) паднімаюцца марскія судны. Рыбныя промыслы (асетр, сцерлядзь, омуль, селядзец, нельма, бялуга і інш.). У бас. Е. запаведнікі Саяна-Шушанскі і Слупы. Гал. гарады і парты: Кызыл, Саянагорск, Мінусінск, Абакан, Дзіўнагорск, Краснаярск, Енісейск, Ігарка, Дудзінка.

Літ.:

Гнедовский Б.В., Добровольская Э.Д. Вверх по Енисею. М., 1980;

Колесов А.Н. По Енисею. 3 изд. Красноярск, 1990.

В.​П.​Кісель.

т. 6, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́МІ, Рэспубліка Комі,

у складзе Рас. Федэрацыі. Пл. 415,9 тыс. км². Нас. 1176 тыс. чал. (1997), гарадскога 74%. Сярэдняя шчыльн. 2,8 чал. на 1 км². Жывуць комі (23,3%), комі-пермякі (0,1%), рускія (57,7%), украінцы (8,3%), беларусы (2,1%), татары (2,1%), немцы (1%), чувашы (0,9%) і інш. Сталіца — г. Сыктыўкар. Найб. гарады: Варкута, Ухта, Пячора, Інта, Усінск, Саснагорск, Вуктыл.

Прырода. Размешчана на ПнУ еўрап. ч. Расіі. Рэльеф пераважна раўнінны, слабахвалісты. З ПнЗ на ПдУ цягнецца Ціманскі краж (выш. да 471 м, Чэтласкі Камень). На У адгор’і Паўн., Прыпалярнага і Палярнага Урала (выш. да 1895 м, г. На́радная). Паміж Ціманскім кражам і Уральскімі гарамі Пячорская нізіна. Карысныя выкапні: буйныя запасы каменнага вугалю (Пячорскі вугальны басейн), прыроднага газу і нафты (Цімана-Пячорская нафтагазаносная правінцыя), баксітаў (Сярэднеціманская група радовішчаў), тытанавых руд, золата, фасфарытаў, марганцавых і поліметал. руд; ёсць разнастайныя буд. матэрыялы. Клімат на б.ч. рэспублікі ўмерана кантынентальны з працяглай і суровай зімой і кароткім, параўнальна цёплым летам. Кантынентальнасць клімату павялічваецца з ПдЗ на ПнУ. Сярэдняя т-ра студз. ў Сыктыўкары -15,1 °C, ліп. 16,6 °C, у Варкуце адпаведна -20,6 °C і 12,4 °C. Ападкаў 500—700 мм, у гарах Урала да 1500 мм за год. На Пн і ПнУ (пераважна за Палярным кругам) шматгадовая мерзлата. Буйныя рэкі: Пячора з Усой і Іжмай, Вычэгда з Сысалай і Вым’ю, Мязень з Вашкай. Азёры — Ямвозера і Сіндарскае. 7% тэрыторыі займаюць балоты. Пераважаюць падзолістыя глебы, у паўн. частцы — тундравыя; у поймах Пячоры і Вычэгды — поймавыя глебы, якія з’яўляюцца асновай для развіцця сельскай гаспадаркі. Пад лесам каля 65% тэрыторыі, пераважна хваёвыя (хвоя, елка — 81% усіх лясоў), на Пд трапляюцца лісцевыя (бяроза, асіна); бліжэй да Урала кедравыя, піхтавыя і лістоўнічныя насаджэнні. Запасы драўніны каля 3 млрд. м³. На Пн — тундра. Шмат прамысл. звяроў: пясец, куніца, вавёрка, ліс, заяц, выдра; з птушак — цецярук, рабчык, глушэц, шэрая курапатка і інш. Рэкі багатыя каштоўнымі відамі рыб: сёмга, омуль, сіг, нельма і інш. Пячора-Ілычскі запаведнік.

Гісторыя. К. заселена з верхняга палеаліту. Да пач. 2-га тыс. н.э. завяршылася фарміраванне плем. аб’яднання прамых продкаў сучасных комі (зыран), якія ў рус. пісьмовых крыніцах 11—14 ст. згадваюцца як перм вычагодская. Яны займаліся пераважна паляўніцтвам і рыбалоўствам, а таксама лядна-агнявым земляробствам і жывёлагадоўляй; складваўся іх аселы побыт, узнікалі рамесныя цэнтры. З распадам першабытнаабшчыннага ладу ў 11—12 ст. зараджаліся феад. адносіны. У 12—14 ст. перм вычагодская плаціла даніну Вял. Ноўгараду; з 14 ст. ўзмацніўся ўплыў Маскоўскага княства. У 1478 К. афіцыйна ўключаны ў склад Расіі. У 15—18 ст. праз К. праходзілі гандл. шляхі з Вяцка-Камскага бас. ў Архангельск і ад Вял. Усцюга ў Сібір, у выніку заснаваны Усць-Сысольск (цяпер г. Сыктыўкар), Усць-Вым і інш. гандл. цэнтры. У 17—18 ст. узніклі саляварныя і гарнарудныя прадпрыемствы, нафтаперагонны з-д (1745). У 1-й пал. 19 ст. адбываліся масавыя выступленні сялян супраць самавольства ўлад і нац. прыгнёту. Пасля рэформы 1861 узмацніліся працэсы развіцця капіталіст. адносін, кансалідацыя комі ў нацыю. Вял. месца ў гаспадарцы занялі лесараспрацоўкі, пашыралася адыходніцтва. У сак. 1920 устаноўлена сав. ўлада. У 1921 створана Аўт. вобласць Комі (Зыран) у складзе РСФСР. У 1936 яна ператворана ў Комі АССР. У 1930—50-я г. адзін з цэнтраў ГУЛАГа. У вер. 1990 Вярх. Савет К. прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце. У 1991 уведзена пасада прэзідэнта. У 1992 падпісаны новы федэратыўны дагавор з Рас. Федэрацыяй і прынята назва Рэспубліка Комі.

Гаспадарка. Аснову эканомікі рэспублікі складае прам-сць. Пераважае паліўна-энергет. комплекс (66,7% усёй прамысл. прадукцыі). Здабыча каменнага вугалю (21,7 млн. т, 1996) у раёнах Варкуты, Інты. У сувязі з нерэнтабельнасцю галіны ажыццяўляецца праграма па закрыцці шахтаў (да 2000 г. іх застанецца 7) і скарачэнні здабычы вугалю ў 2 разы. Вядзецца здабыча нафты (7,5 млн. т, разам з газавым кандэнсатам), прыроднага газу (3,5 млрд. м³) на Вуктыльскім, Заходне-Тэбукскім, Усінскім і інш. радовішчах. Нафтаперапр. з-д у г. Ухта, газаперапр. ў г. Саснагорск. Частка нафты і газу перадаецца ў Цэнтр. раён Расіі. Вытв-сць электраэнергіі пераважна на ЦЭЦ (Сыктыўкар, Інта, Варкута, Ухта). Пячорская ДРЭС. Здабыча тытанавых руд на Ярэгскім радовішчы. Машынабудаванне і металаапрацоўка спецыялізуюцца на рамонце трактароў, дызельных рухавікоў, рачных суднаў, буд. машын, рухомага саставу чыгунак (Сыктыўкар, Варкута, Пячора, Ухта, Інта, Мікунь). Вял. значэнне мае лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць (16,6% прамысл. прадукцыі). Яна прадстаўлена нарыхтоўкай драўніны (бас. рэк Вычэгда, Мязень, Пячора), Сыктыўкарскім лесапрамысл. комплексам (цэлюлозна-папяровая і кардонная вытв-сць, гідролізны і фанерны з-ды), лесапілаваннем (Пячора, Сыктыўкар), вытв-сцю мэблі (Сыктыўкар, Ухта, Візінга), фанеры (Інта, Жэшарт) і драўнянастружкавых пліт (Жалезнадарожны). Вытв-сць цэглы, цэменту, вапны, жалезабетонных вырабаў. Развіты мяса-малочная, масласыраробная, хлебапякарная, мукамольная прам-сць. У лёгкай прам-сці вылучаюцца швейная, гарбарна-абутковая (Варкута, Сыктыўкар, Інта), замшавая (Усць-Цыльма) вытв-сць. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 1% тэрыторыі, у т. л. пад ворывам каля 25%. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (126,4 тыс. галоў, 1995), свіней (71,7 тыс. галоў), паўн. аленяў, тушку. З галін раслінаводства вылучаецца вытв-сць бульбы (235,9 тыс. т), агародніны (32,1 тыс. т), збожжавых (2,1 тыс. т) і кармавых культур. Развіты паляванне, рыбалоўства, зверагадоўля. Гал. віды транспарту — чыг. і аўтамабільны. Даўж. чыгунак 1,7 тыс. км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 9 тыс. км. Гал. чыгунка Котлас—Варкута з адгалінаваннямі на Вендзінгу, Троіцка-Пячорск і Лабытнангі. Даўж. суднаходных шляхоў 3,1 тыс. км. Гал. суднаходныя рэкі Вычэгда і Пячора. Буйныя газаправоды: Вуктыл—Ухта—Таржок («Ззянне Поўначы»), Пунга—Вуктыл—Ухта, нафтаправод Усінск—Ухта—Яраслаўль. К. вывозіць нафту і нафтапрадукты, газ, каменны вугаль, лес і лесаматэрыялы, цэлюлозу, паперу, кардон, канцэнтраты каляровых металаў. Увозіць машыны і абсталяванне, мінер. ўгнаенні, прадукты харчавання і лёгкай прам-сці. Бальнеалагічны курорт Сярогава.

Літаратура. Вытокі л-ры К., якая развіваецца на комі-зыранскай і рус. мовах, у багатым і разнастайным фальклоры. Казкі, эпічныя і лірычныя песні, прыпеўкі, паданні, галашэнні і інш. творы вуснай нар. творчасці пачалі збіраць і запісваць рус. вучоныя ў 19 ст. Першыя помнікі пісьменства К. адносяцца да 14—16 ст. Заснавальнік пісьмовай л-ры К. — паэт-дэмакрат 19 ст. І.​Куратаў. Асн. жанры л-ры — паэзія і драматургія — вызначыліся ў пач. 20 ст. У 1920-я г. плённа развівалася паэзія (М.​Лебедзеў, В.​Лыткін, В.​Савін, В.​Чысталёў). Каля вытокаў драматургіі творы М.​Папова (сац.-быт. п’есы пра дарэв. жыццё вёскі), Лебедзева (аўтар першага на нац. мове драм. твора, вершавана-муз. камедый паводле фалькл. матываў, твораў пра гіст. мінулае і сучаснасць). Прадаўжальнікам традыцый у нац. драматургіі стаў М.​Дзьяканаў (п’есы «Глыбокая запань», 1940, з С.​Ярмоліным; «Вяселле з пасагам», паст. 1940, Дзярж. прэмія СССР 1951; «Залаты медальён», 1971). Нарысы і апавяданні пісаў Чысталёў. 1930—50-я г. — перыяд станаўлення жанравай і тэматычна разнастайнай л-ры. У 1934 створана аддзяленне Саюза пісьменнікаў рэспублікі К. Найб. развіццё атрымалі творы эпічнага жанру: аповесці і раманы І.​Пысціна, В.​Юхніна, Я.​Рочава, Г.​Фёдарава і інш. Лепшыя традыцыі нац. л-ры развіваліся і ў гады Вял. Айч. вайны (зб-кі паэзіі І.​Вавіліна «Ні кроку назад», 1942; «Савецкі воін», 1944, і інш.). У пасляваен. перыяд з’явіліся творы пра гіст. мінулае, ваен. ліхалецце, пасляваен. адраджэнне: аповесці Пысціна «Франтавыя дні і ночы» (1946), Фёдарава «У дні вайны» (1952), раманы Юхніна «Ярка-чырвоная стужка» (1941, першы раман на мове комі), «Агні тундры» (ч. 1—3, 1949—57), Рочава «Два таварышы» (1951), гіст.-рэв. раманы Фёдарава «На досвітку» (ч. 1—3, 1959—62), «Бліскавіца» (1982) і інш. Тэмы рабочага класа, урбанізацыі і інш. адлюстраваны ў зб-ках апавяданняў і аповесцей «Дзе ты, горад?» (1971, Дзярж. прэмія Комі АССР 1972) І.​Торапава, зборніку вершаў «Яснае рэха тайгі» (1970) і рамане «Чугра» (1981) Г.​Юшкова, паэт. зб-ках «Нарадзіўся я на Поўначы» (1960), «Блакітная тайга» (1972), «Снежная рэспубліка мая» (1977) А.​Ванеева і інш. Развіваецца літ.-знаўства (працы Ванеева, А.​Мікушава і інш.). На бел. мову перакладзены асобныя творы Куратава (перакладчык М.​Аўрамчык).

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтвы. На тэр. К. выяўлены мезалітычныя драўляныя і каменныя рэчы і пасудзіны, багата арнаментаваныя геам., зааморфнымі і антрапаморфнымі малюнкамі, касцяныя прылады эпохі бронзы і жалеза. Знойдзена шмат прадметаў «пермскага звярынага стылю» (1-е — пач. 2-га тыс. н.э.): бронзавыя літыя культавыя выявы рэальных і фантаст. птушак і звяроў, фігуры чалавека (Усць-Вым, Усць-Ухта, Подчар’е — т.зв. Подчарамскі скарб). Разнастайныя ўпрыгожанні вымскай культуры (10—14 ст.; Кічылькоскі і інш. могільнікі на р. Вым). Драўлянае дойлідства К. набліжана да паўночнарускага: у 19 ст. пераважалі рубленыя 1—2-павярховыя дамы на высокім падклецці, да якіх прылягаў крыты 2-павярховы двор. Цэрквы ставілі драўляныя (шатровая капліца Параскевы Пятніцы ў в. Крывое Удорскага р-на, 18 ст.) і мураваныя (Стафана Пермскага ў Усць-Вымі, 1759). У 1930-я г. разгарнулася буд-ва ў Сыктыўкары, узнікалі новыя гарады (Варкута, Ухта, Інта, Пячора і інш.). З сярэдзіны 1950-х г. узводзяцца новыя жылыя раёны, грамадскія будынкі: Рэсп. муз. т-р (1968, арх. А.​Турчанінаў), гасцініца «Сыктыўкар» (1980, арх. А.​Ракін і інш.) у Сыктыўкары. Традыц. віды нар. мастацтва: узорыстае ткацтва, вышыўка, вязанне, выраб футравага адзення і абутку, аздобленых мазаікай і аплікацыяй з футра і каляровага сукна, выемчатая трохгранная разьба на драўляных прадметах, пляценне з бяросты. Развіццё прафес. выяўл. мастацтва звязана з дзейнасцю графіка В.​Палякова. У 1930-я г. працавалі графік М.​Бязносаў, тэатр. мастакі В.​Малахаў, В.​Баусаў. У 1950—80-я г. развіваліся быт. жанр, партрэт (М.​Жылін, В.​Поснікаў), пейзаж (С.​Торлапаў), нацюрморт (Е.​Ярмоліна, А. і В. Куліковы). Пашырэнне атрымалі скульптура (Ю.​Барысаў), гравюра, кніжная графіка. У 1943 створаны Саюз мастакоў, у 1958 — Саюз архітэктараў К.

Музыка комі да 1917 існавала ў вуснай традыцыі. Муз. фальклор уключае абрадавыя, прац., сямейна-быт., лірычныя, эпічныя, дзіцячыя песні, балады, прыпеўкі. Пашыраны сольныя і хар. спевы, звычайна 2—3-галосыя. Сярод нар. інструментаў: сігудэк (3-струнны смычковы і шчыпковы), чыпсаны і пэляны (дудкі, разнавіднасць шматствольных флейт), этыка пэлян (аднаствольная дудка), сюмэд пэлян (берасцяная дудка з падвойным язычком), сярган (бразготка), тотшкэдчан (калатушка) і інш., а таксама рус. балалайка і гармонік. На аснове муз. фальклору напісаны нац. творы: муз. драма «Усць-Куломскае паўстанне» А.​Варанцова (1942), «Юбілейная кантата» С.​Кандрацьева (1946), оперы «Навальніца над Усць-Куломам» Г.​Дзехцярова (1960), «Домна Калікава» Б.​Архімандрытава (1967), «На Ілычы» Я.​Перапяліцы (1971); балет «Лясны чалавек» (1961), аперэта «Песні да зорак» (1963) Перапяліцы і інш. У розных жанрах працуюць кампазітары М.​Герцман, П.​Чысталёў, А.​Рочаў, А.​Осіпаў і інш. Дзейнічаюць: Рэсп. муз. т-р (з 1958), філармонія (з 1939), Дзярж. ансамбль песні і танца «Ранішні досвітак» (з 1939); муз. вучылішча (Сыктыўкар), муз. школы. У 1978 створаны Саюз кампазітараў К.

Літ.:

История коми литературы. Т. 1—3. Сыктывкар, 1979—81;

Грибова Л.С. Декоративно-прикладное искусство народов Коми. М., 1980;

Осипов А. О коми музыке и музыкантах. Сыктывкар, 1969;

Чисталев П.И. Коми народные музыкальные инструменты. Сыктывкар, 1984;

Чисталев П.Й., Скляр И.Г. Коми народные танцы. Сыктывкар, 1990.

П.​І.​Рогач (прырода, гаспадарка).

Да арт. Комі. Аленявод.

т. 8, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САХА́ (ЯКУ́ЦІЯ),

Рэспубліка Саха (Якуція), Якуція, у складзе Расійскай Федэрацыі. Размешчана на Пн Усх. Сібіры. Абмываецца морамі Лапцевых і Усх.-Сібірскім. Уключае Новасібірскія астравы. Пл. 3102,2 тыс. км². Нас. 989 тыс. чал. (2000), гарадскога 64,6%. Сярэдняя шчыльн. 0,3 чал. на 1 км². Больш густа заселены паўд. улусы (адм. раёны) рэспублікі. Жывуць якуты (33,4%), рускія (50,3%), украінцы (7,1%), народнасці Поўначы (2,3%), у т. л. эвенкі, эвены, юкагіры. Сталіца — г. Якуцк. Найб. гарады: Нерунгры, Мірны, Ленск, Алдан, Удачны.

Прырода. Берагавая лінія моцна парэзаная (бухта Нордвік, зал. Анабарскі, Алянёцкі, Янскі, Калымскі, губа Буор-Хая з бухтай Тыксі). Большая ч. тэр. занята горнымі сістэмамі і пласкагор’ямі. На З Сярэднесібірскае пласкагор’е (выш. 500—700 м), якое на Пн абмежавана Паўн.-Сібірскай нізінай, на У — Цэнтральнаякуцкай раўнінай. У паўд. ч. Алданскае нагор’е (выш. 650—1000 м), на Пн ад яго Прыленскае плато, на Пд — Станавы хрыбет. На правабярэжжы р. Лена хрыбты Верхаянскі (выш. да 2389 м) і Чэрскага (выш. да 3147 м, г. Перамога), паміж імі Яна-Аймяконскае нагор’е. На Пн Яна-Індыгірская і Калымская нізіны, на ПнУ Юкагірскае пласкагор’е. Больш за 40% тэр. за Палярным кругам. Карысныя выкапні: алмазы, золата, волава, сурма, вальфрам, слюда, поліметал. і жал. руды, каменны і буры вугаль (Паўднёва-Якуцкі вугальны басейн, Ленскі вугальны басейн), прыродны газ і інш. Клімат рэзка кантынентальны, суровы. Сярэдняя т-ра студз. ад -28 °C на ўзбярэжжы да -50 °C на астатняй тэр. (у раёне Верхаянск—Аймякон — адзін з полюсаў холаду Паўн. паўшар’я з абс. мінімумам т-ры -72,2 °C), ліп. ад 2 °C на ўзбярэжжы да 19 °C у цэнтр раёнах. Ападкаў 200—700 мм за год. Гал. рэкі: Лена (з прытокамі Алёкма, Алдан, Вілюй), Алянёк, Яна, Індыгірка, Калыма і інш. Больш за 700 значных азёр, пераважна мелкаводных. Вілюйскае вадасховішча. Паўсюдна пашырана шматгадовая мерзлата. Глебы мярзлотна-таежныя, дзярнова-лясныя, алювіяльна-лугавыя, горна-лясныя і тундрава-глеевыя. Пад лесам (даўрская лістоўніца, хвоя, кедравы сланік, елка, піхта, бяроза) каля 80% тэрыторыі. У далінах рэк і на аласах пашыраны лугі. На Пн і ў гарах тундра. У складзе жывёльнага свету пясец, собаль, заяц-бяляк, ліс, гарнастай, паўн. алень, лось; трапляюцца кабарга, ізюбр, снежны баран. У морах — омуль, муксун, нельма, чыр, рапушка, у рэках — акунь, сіг, шчупак, асетр, мянтуз, таймень. Алёкмінскі і Усць-Ленскі запаведнікі.

Гісторыя. Чалавек насяляе тэр. С. (Я.) з часоў палеаліту. У 6—10 ст. н.э. з Прыбайкалля на Сярэднюю Лену прыйшлі цюркамоўныя плямёны, якія асіміляваліся з мясц. насельніцтвам і ўтварылі ядро якуцкага (саха) народа. У першабытнаабшчынным ладзе якутаў, якія займаліся жывёлагадоўляй, паляваннем і рыбалоўствам, у 17 ст. зараджаюцца элементы феад. адносін. Якуцкія плямёны на чале з таёнамі (князямі) насялялі сярэдняе цячэнне Лены, нізоўе Вілюя і вярхоўе Яны; у 2-й пал. 17 ст. яны рассяліліся па нізоўях Лены, Яны, на Алянёку, Індыгірцы, Алазеі і Калыме. З прыходам у 1620—30-я г. рус. казакоў якуты ў 1632 прызналі ўладу рас. цара. Рус. казакі засн. ў 1632 г. Якуцк. У 1638 утворана Якуцкае ваяводства. У 17—18 ст. якуты плацілі натуральны падатак — ясак. Частка іх перайшла да земляробства. З 1708 якуцкія землі ў складзе Сібірскай, з 1764 — Іркуцкай губ. У 1760-я г. забаронены купля і продаж зямлі, за валасцямі замацаваны зямельныя ўчасткі, склалася т. зв. класная абшчынная сістэма землекарыстання (існавала да 1920). У 1805 утворана Якуцкая вобл., якой кіраваў начальнік, падпарадкаваны іркуцкаму губернатару; з 1851 вобласцю (у складзе Іркуцкага ген.-губернатарства) кіраваў асобны губернатар. Паводле «Статута аб кіраванні іншародцаў» 1822 якуты прылічаны да «качавых іншародцаў». У сярэдзіне 19 ст. ў бас. рэк Алёкма і Віцім знойдзена золата. Буд-ва Сібірскай чыг., узнікненне золатаздабыўной прам-сці і суднаходства па Лене спрыялі развіццю ў С. (Я.) з канца 19 ст. элементаў капіталіст. адносін, фарміраванню нац. буржуазіі. З 19 ст. рас. царызм выкарыстоўваў тэр. С. (Я.) як месца ссылкі. Сярод сасланых па паліт. матывах былі беларусы Р.​А.​Васільеў, А.​А.​Касцюшка-Валюжаніч і інш. Тут праводзіў свае даследаванні і памёр (1892) у час падарожжа па р. Калыма І.​Дз.​Чэрскі. У рэвалюцыю 1905—07 у С. (Я.) узніклі дэмакр. саюзы і с.-д. арг-цыі, вясной 1917 — К-т РСДРП, Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, прафсаюзы. З восені 1917 улада ў Якуцку знаходзілася ў руках антыбальшавіцкага Якуцкага абл. савета. З дапамогай атрадаў Чырв. Арміі 1.7.1918 устаноўлена Сав. ўлада. У жн 1918 тэр. С. (Я.) занята белагвардзейцамі. Сав. ўлада адноўлена ў снеж. 1919 — сак. 1920. 27.4.1922 утворана Якуцкая Аўт. Сав. Сацыяліст. Рэспубліка ў складзе РСФСР. У Вял. Айч. вайну больш за 50 тыс. ураджэнцаў С. (Я.) змагаліся на франтах, 13 з іх прысвоена званне Героя Сав. Саюза. За гады Сав. улады якуцкі (саха) народ кансалідаваўся ў нацыю, створаны сучасныя галіны прам-сці, у т. л. алмазаздабыўная. У вер. 1990 абвешчаны дзярж. суверэнітэт рэспублікі. У кастр. 1991 уведзена пасада прэзідэнта (у 1991—2002 М.​Я.​Нікалаеў, з 2002 — В.​А.​Штыроў). У снеж. 1991 прынята сучасная назва — С. (Я.). 31.3.1992 С. (Я.) разам з інш. суб’ектамі Рас. Федэрацыі падпісала Федэратыўны дагавор.

Гаспадарка. Аснову эканомікі С. (Я.) складае горназдабыўная прам-сць (77,4% кошту прамысл. прадукцыі, 1999). Здабыча алмазаў (Мірны, Удачны, Айхал), золата (бас. рэк Алдан і Індыгірка), волава (Дэпутацкі, Эсэ-Хая), сурмы (Усць-Нера), слюды (Алдан, Тамот, Канкунскі). Паліўна-энергет. комплекс (17,7%) грунтуецца на мясц. вугалі, прыродным газе, гідраэнергарэсурсах і прывазных нафтапрадуктах. Здабыча каменнага і бурага вугалю 10 млн. т (1999, Нерунгры, Сангар, Кангаласы), прыроднага газу (Вілюйск, Сангар), вытв-сць электраэнергіі 7,4 млрд. кВт∙гадз (1999), Вілюйская ГЭС, Нерунгрынская, Чульманская, Якуцкая ДРЭС Прадпрыемствы дрэваапр., буд. матэрыялаў, маш.-буд., лёгкай, харч., у т. л. рыбнай, прам-сці. Лясная і дрэваапр. прам-сць (вытв-сць піламатэрыялаў — 106,5 тыс. м³, мэблі) у Якуцку, Вілюйску, Алёкмінску, Ленску, маш.-буд. — у Нерунгры (рамонтна-мех.) і Якуцку (суднарамонт), металаапр. — у Алдане. Вытв-сць буд. матэрыялаў (у т. л. цэменту — 104 тыс. т) у Якуцку, Нерунгры, Мірным, Алдане, Сангары, Ленску, Тамоце. Лёгкая прам-сць (швейная, гарбарна-абутковая) у Якуцку, харч. — у Якуцку, Нерунгры, Ленску і інш. Вытв-сць сувеніраў у Якуцку. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля (мяса-малочная, мяса-табуновая конегадоўля); на Пн — аленегадоўля. Свіна- і птушкагадоўля. Развіта зверагадоўля (серабрыста-чорны ліс, блакітны пясец, норка), паляўнічы (вавёрка, белы пясец, гарнастай, ліс, собаль, андатра) і рыбны промыслы. Пагалоўе (тыс. галоў, 1999) буйн. раг. жывёлы 273,5, свіней 20,4. Пасяўныя пл. (тыс. га, 1999) 59,9, з іх пад збожжавымі (пшаніца, ячмень, авёс) 23,7, бульбай і агароднінай 11,4, кармавымі 24,8. Пасевы збожжавых у цэнтр. і паўд. раёнах, бульбу і агародніну вырошчваюць у цэнтр. ч., на Пд і З. Асн. віды транспарту паветраны і водны. Аэрапорты ў Якуцку, Нерунгры, Мірным, Вілюйску, Алёкмінску, Ленску, Тыксі, Верхаянску, Чэрскім. Суднаходства па Паўночным марскім шляху, рэках Лена, Алдан, Вілюй, Анабар і інш. Марскія парты: Тыксі, Зялёны мыс (Чэрскі). Даўж. чыгункі 165 км (Бамаўская чыг. лінія — Тында—Беркакіт—Нерунгры). Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 7071 км, гал. Амура-Якуцкая аўтамагістраль (Беркакіт—Тамот—Якуцк) і Якуцк—Хандыга—Магадан. С. (Я.) пастаўляе ў інш. рэгіёны Расіі і за мяжу алмазы, золата, волава, піламатэрыялы, пушніну; завозіць нафтапрадукты, прадукцыю машынабудавання, тавары лёгкай, харч. прам-сці і інш.

Літаратура. Развіваецца на якуцкай мове. Вытокі ў багатым і разнастайным фальклоры; асабліва пашыраны гераічны эпас аланхо. Пісьмовая л-ра зарадзілася з узнікненнем перыяд. друку ў перыяд рэвалюцыі 1905—07. У творах А.​Кулакоўскага, А.​Сафронава побыт якутаў, іх цяжкае жыццё. Заснавальнік як. сав. л-ры — П.​Айунскі. У 1920—30-я г. выступілі паэты С.​Эляй, А.​Абагінскі (Кудрын), А.​Кюндэ (Іваноў), Кюнюк Урастыраў (У.​Новікаў), празаікі Ама Ачыгыя (М.​Мордзінаў), Эрылік Эрысцін (С.​Якаўлеў), драматург Суарун Амалон (Дз.​Сіўцаў) з творамі пра грамадз. вайну, змены ў жыцці народа. У Вял. Айч. вайну патрыят. творы стваралі С.​Васільеў-Барагонскі, Эрылік Эрысцін, Ама Ачыгыя, Кюнюк Урастыраў, Эляй і інш. У пасляваен. гады распрацоўваліся тэмы Вял. Айч. вайны (І.​Нікіфараў, Л.​Папоў), стваральнай працы (Сямён Данілаў, Сафрон Данілаў, М.​Яфімаў, І.​Гогалеў). У 1960—90-я г. л-ра папоўнілася творамі П.​Табурокава, М.​Якуцкага, М.​Габышава, С.​Руфава, С.​Тарасава, А.​Сырамятнікавай і інш. На бел. мову асобныя творы Абагінскага, Айунскага, Сафрона Данілава, Сямёна Данілава, Кюндэ, Сафронава, Яфімава перакладалі А.​Вольскі, С.​Міхальчук, У.​Правасуд, Я.​Семяжон. Асобнымі выданнямі выйшлі аповесці В.​Гаўрыльевай «Краіна Уот-Джулустана» (1981), казка «Жураўлінае пяро» (1988).

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. С. (Я.) знойдзены арнаментаваная кераміка, маст. вырабы з металу, наскальныя выявы (жывёлы, сцэны палявання) часоў неаліту і бронзы. Стараж. жыллё якутаў — прамавугольная ў плане юрта, з 19 ст. пашыраны драўляныя хаты. Традыц. віды нар. мастацтва: разьба па дрэве і косці, чаканка і гравіроўка па метале, дробная пластыка, выраб футравага адзення, аздобленага мазаікай і аплікацыяй. У 20 ст. пааднаўляліся старыя і ўзнікалі новыя гарады (Алдан, Ленск, Мірны) і гар. пасёлкі (Чарнышэўскі і інш.). Ва ўмовах вечнай мерзлаты будынкі (шматпавярховыя, цагляныя ці каменныя) узводзілі пераважна на слупкаватых ці палевых фундаментах. Сярод найб. значных архітэктараў-праекціроўшчыкаў С.​Данілаў, В.​Пятроў, І.​Смалькоў і інш. У 1964 створаны Саюз архітэктараў С. (Я.). Выяўл. мастацтва пач. 20 ст. прадстаўлена творчасцю М.​Носава і І.​Папова. У 1920—30-я г. працавалі першыя мастакі-якуты — П.​Раманаў, Г.​Туралысаў, П.​Дабрынін. Сярод мастакоў 2-й пал. 20 ст. жывапісцы А.​Осіпаў, М.​Лукін, В.​Пятроў, Л.​Габышаў, графікі Э.​Сіўцаў, В.​Васільеў, разьбяры па косці Дз.​Нікіфараў, І.​Мамаеў і інш.

Музыка. Аснову муз.-паэт. фальклору якутаў складае гераічны эпас аланхо. Асн. жанры як. нар. музыкі — працяжныя і мерныя песні. Працяжным уласцівы свабодная форма, пераменныя метр і лад. Мелодыі мерных песень рытмічна выразныя і ладава акрэсленыя (лірычныя, танц., а таксама т.зв. паднябенныя, якія выконваюцца з характэрным прыцмокваннем). З танцаў вядомы асуахай, з інструментаў — хамуз (варган), кюпсюр (барабан), дзюнгюр (шаманскі бубен), самаробная скрыпка і запазычаныя ад рускіх балалайка і баян. У 1843 упершыню як. нар. песні запісаў А.​Мідэндорф. У 1927 выдадзены першы зб. як. песень (у ім змешчаны апрацоўкі М.​Аладава). Найб. вядомыя музыканты: Ф.​Карнілаў, А.​Скрабін, М.​Жыркоў, З.​Вінакураў. На як. муз. мастацтва паўплывалі Г.​Ліцінскі (першыя нац. оперы і балеты разам з М.​Жырковым), М.​Пяйко, Г.​Грыгаран, С.​Кандрацьеў і інш. Сярод як. выканаўцаў спевакі М.​Лабанаў, А.​Лыткіна, Н.​Шапялёва, А.​Ільіна, хар. дырыжор Ф.​Баішава, балерына А.​Сцяпанава. Працуюць Муз,драм. т-р імя П.​Айунскага, муз. т-р, філармонія, ансамбль танца, сімф. аркестр, хор радыё і тэлебачання, муз. вучылішча, муз. школа. Саюз кампазітараў С. (Я.) з 1979.

Літ.:

Иванов В.Н. Социально-экономические отношения у якутов, XVII в. Якутск, 1966;

Гоголев А.И. Историческая этнография якутов. Якутск, 1986;

Зыков Ф.М. Поселения, жилища и хозяйственные постройки якутов XIX—нач. XX в. Новосибирск, 1986.

Л.​В.​Лоўчая (прырода, гаспадарка), М.​Г.​Нікіцін (гісторыя).

Да арт. Саха (Якуція). Здабыча золата.

т. 14, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)