працэс змены складу атмасферы ў выніку паступлення ў яе забруджвальнікаў (аэразолей, газаў, цвёрдых часцінак і інш.). Негатыўна ўздзейнічае на жывыя арганізмы, прыносіць шкоду матэрыяльным каштоўнасцям. Адрозніваюць прыроднае (натуральнае) З.а. і забруджванне антрапагеннае. Крыніцы натуральнага З.а. — касмічны пыл, дзейнасць вулканаў, ветравая эрозія глебы, выветрыванне горных парод, зрэдку масавае цвіценне раслін і інш. У атмасферы дамешкі размяркоўваюцца нераўнамерна, у залежнасці ад размяшчэння крыніц забруджвання, метэаралагічных, тапаграфічных і інш. фактараў; маюць значэнне і мясц.атм. працэсы і трансгранічны перанос забруджвальнікаў. Антрапагеннае З.а. абумоўлена інтэнсіўнымі выкідамі і фіз. ўздзеяннямі на атмасферу розных галін гасп. дзейнасці чалавека; асн. забруджвальнікі: аксіды азоту, серы, вугляроду і інш. газападобныя злучэнні, пыл, аэразолі, вуглевадароды. Штогод у атмасферу выкідваецца каля 20 млрд.т вуглякіслага газу CO2, 700 млн.тінш. злучэнняў; тэхнагеннае паступленне CO2 складае каля 150 млн.т.
Канцэнтрацыя забруджвальнікаў паветра ў гарадах большая, чым у аддаленых населеных месцах. Непасрэдна з З.а. звязана ўзнікненне смогу ў буйных гарадах. Да асн. крытэрыяў якасці паветра належаць гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі для населеных месцаў (стандарты якасці паветра). Для аздараўлення павет. басейна ўдасканальваюць тэхналогіі вытв. працэсаў, спосабы газаачысткі, пыла- і попелаўлоўнікаў, герметызацыю абсталявання, удасканальваюць спосабы спальвання паліва, цвёрдае і вадкае паліва замяняюць прыродным газам, ствараюць больш дасканалыя трансп. рухавікі і інш. Барацьба з З.а. — вядучая задача аховы атмасферы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СЕ́ВЕРО-ЗА́ПАДНЫЙ ГО́ЛОС»,
грамадска-паліт. і літ. газета ліберальнага кірунку. Выдавалася з 4(17).12.1905 да 1(14).1.1915 у Вільні на рус. мове штодзённа. Працягвала праграму віленскай газ.«Северо-Западное слово» ў больш радыкальным кірунку, асабліва ў перыяд рэвалюцыі 1905—07. Асвятляла рэв. рух у краі, крытыкавала сац. несправядлівасць капіталізму, апартунізм і непаслядоўнасць бурж. лібералізму, выкрывала вялікадзярж. палітыку чарнасоценцаў і акцябрыстаў, польскіх нацыяналістаў. У гады рэакцыі прытрымлівалася тактыкі асцярожнай апазіцыі да царызму. Мела аддзелы «Тэатр і музыка», «Бібліяграфія», рэцэнзавала спектаклі, канцэрты, маст. і навук. л-ру. Змяшчала творы Л.Андрэева, М.Горкага, А.Купрына, Л.Талстога, А.Чэхава, Шолам-Алейхема, а таксама польскіх (Э.Ажэшка, У.Рэймант), франц. (Гі дэ Мапасан, Э.М.Прэво), амер. (М.Твэн), аўстр. (Р.М.Рыльке, А.Шніцлер) і інш. пісьменнікаў. Прапагандавала рэаліст. традыцыі айч. л-ры. Станоўча ацэньвала творчасць пісьменнікаў М.Гогаля, Т.Шаўчэнкі, М.Салтыкова-Шчадрына, А.Герцэна, М.Чарнышэўскага, артыстаў В.Камісаржэўскай, Ф.Шаляпіна. Негатыўна ставілася да сімвалізму, натуралізму, дэкадэнцкіх плыняў у мастацтве. Выказвалася за права беларусаў на сваю нац. культуру. Паведамляла пра заснаванне, дзейнасць, судовае праследаванне газ. «Наша ніва», пра стварэнне бел.культ.-асв. арг-цый, бел.тэатр.-муз. вечары, дзейнасць Бел.тэатр.-муз. гуртка. Апублікавала арт. У.Самойлы (пад псеўд. У.Суліма) у абарону моўна-нац. самавызначэння беларусаў. Друкавала вершы і пераклады мясц. літаратараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАТО́НСКАГА КАМІ́СІЯ,
камісія, накіраваная ЦККВКЛ(б) для абследавання практыкі правядзення нац. палітыкі ў БССР. Знаходзілася ў Беларусі з 9.5 да 27.6.1929. Узначальваў старшыня ЦКК Кампартыі Украіны У.П.Затонскі. Зрабіла даклад, які ўключаў эканам. агляд, стан і перспектывы развіцця мястэчак, палітыка-асв. работу ў БССР, выдавецкую дзейнасць, пытанні беларусізацыі, стан прэсы, навук. думкі ў гуманітарнай галіне. Характарыстыкі камісіі вызначаліся катэгарычнасцю. Крытычна ацэньвалася «Гісторыя Беларусі» У.М.Ігнатоўскага за ідэалізацыю мінулага і папулярызацыю нашаніўскага адраджэння, навук. дзейнасць В.Ю.Ластоўскага, С.М.Некрашэвіча, Я.Лёсіка, Б.І.Эпімах-Шыпілы і інш., выказаны крытычныя заўвагі ў адрас Я.Купалы, А.Дудара, М.Зарэцкага. Пад жорсткую крытыку трапіў З.Х.Жылуновіч за грамадска-паліт. і эстэт. погляды, літ. практыку; негатыўна ацэнена і дзейнасць кіраўнікоў рэспублікі: старшыні ЦВКБССР А.Р.Чарвякова [за выступленне ў лют. 1920 на VII з’ездзе КП(б)Б у абарону нац. інтэлігенцыі], наркома асветы БССР А.В.Баліцкага (за правядзенне ў ліст. 1926 разам з Ігнатоўскім акад. канферэнцыі па бел. правапісе), наркома земляробства Дз.Ф.Прышчэпава і інш. Характарыстыка практыкі правядзення нац. палітыкі ў БССР увязвалася са станам сельскай гаспадаркі. Адзначалася, што кулацкае наступленне на ідэалаг. фронце Беларусі адчуваецца найб. моцна і змест яго прымае нац. формы. 27.6.1929 Затонскі выступіў на Бюро ЦККП(б)Б з асн. вывадамі камісіі. Даклад быў накіраваны ў ЦК і ЦККВКП(б), у т. л. асабіста І.В.Сталіну. Вывады камісіі паслужылі важкай падставай для абвінавачванняў, якія былі прад’яўлены бел.навук. і творчай інтэлігенцыі ў канцы 1920-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́СНІ ПРА КАХА́ННЕ,
пазаабрадавая песенная паэзія розных народаў, звязаная з інтымнымі перажываннямі лірычнага героя. Сярод інш. песенных жанраў і груп вылучаюцца глыбокім рэалізмам. Іх лірычныя героі — канкрэтныя асобы (хлопец і дзяўчына) і іх унутр. свет, часта споведзь лірычнага героя. Вобраз дзяўчыны надзелены асабліва прывабнымі рысамі — пяшчотай, шчырасцю, адданасцю, багаццем духоўнага свету, высакароднасцю, мудрасцю, працавітасцю. Вернасць у каханні і самаахвярнасць узняты на самую высокую ступень агульначалавечай маралі. У бел. песнях шырока паказаны бяспраўнае становішча сял. дзяўчыны ва ўмовах патрыярхальна-сямейнага ўкладу і феад.-прыгонніцкага ладу, залежнасць яе ад бацькоў. Гераіня нярэдка ўздымаецца над суровай рэчаіснасцю, бароніць сваю годнасць, права на свабоду выбару, сваіх пачуццяў, ідэалаў і поглядаў. У іх цэлы комплекс чалавечых узаемаадносін, у якім паядналіся розныя сямейна-бытавыя і грамадскія праблемы — звычаёва-прававыя, сац., маральныя, філас., этычныя, эстэтычныя і інш. Дамінуе нар. мараль, якая выхоўвае ў чалавеку ідэалы дабра, справядлівасці, вышыні духу. Праз многія песні праходзіць матыў горкай долі напачатку ў бацькоў, потым у сям’і мужа, што ўспрымаецца як доля самога народа, суровая і беспрасветная. Сац. становішча, якое вызначала адносіны паміж людзьмі, негатыўна адбівалася на шчырых памкненнях закаханых. Але якім цяжкім ні было б каханне, калі яно заснавана на шчырым і ўзаемным пачуцці, яно заўсёды прыносіць чалавеку вял. радасць і шчасце — асн. змест большасці такіх песень. Прывабнымі фарбамі ў іх намаляваны і вобраз хлопца. Яго заляцанні, жаданне пабачыцца з каханаю, звязаць з ёю свой лёс маляўніча ўвасоблены ў многіх песнях. Побач з каханнем крочыць здрада, якая ніколі не даруецца. У песнях асуджаецца рэўнасць як сляпое пачуццё, як трагедыя вызначаецца адзінота, спароджаная маральна-этычнымі нормамі. Рускія П.п.к. падзяляюцца на частыя, дзе адносіны закаханых разгортваюцца на бытавым фоне, і працяжныя — элегічныя паводле тону, выказваюць сум, журбу, крыўду.
Публ.:
Песні пра каханне. Мн., 1978;
Пісні кохання. Київ, 1986.
Літ.:
Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968;
Колпакова Н.П. Восточнославянская лирическая песня: (Сравнит. анализ поэтики) // Русский фольклор. М.; Л., 1968. Т. 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫ́ЧНАЯ ФІЛАСО́ФІЯ,
сукупнасць філасофскіх вучэнняў старажытнагрэчаскага і старажытнарымскага грамадстваў у 7 ст. да н.э. — 6 ст.н.э. У сваім развіцці прайшла 4 перыяды: узнікненне і фарміраванне (канец 7—6 ст. да н.э.), росквіт (5—4 ст. да н.э.), пачатак заняпаду (3—1 ст. да н.э.), заняпад (1—5 ст.н.э.). Узнікла ў іанійскіх калоніях Стараж. Грэцыі ў выглядзе натурфіласофіі і адлюстроўвала светапогляд прамыслова-гандлёвага класа. Адной з першых філас. школ была мілецкая (Фалес, Анаксімандр, Анаксімен), для якой характэрны стыхійны матэрыялізм, наіўная дыялектыка, наяўнасць элементаў міфалогіі, антрапамарфізму і пантэізму. Са стараж.-грэч. філосафам Гераклітам звязваюць першыя спробы выявіць адзіную аб’ектыўна-лагічную заканамернасць (дыялектыку) у любым працэсе. У перыяд яе росквіту сфарміраваліся Акадэмія Платона, Лікей Арыстоцеля. Філасофія стала навукова арыентаванай дысцыплінай са строга акрэсленымі прадметамі, логіка-гнасеалагічнымі прынцыпамі, катэгарыяльным апаратам, мэтамі і задачамі. Усебакова распрацаваны найважнейшыя часткі філасофіі — анталогія, гнасеалогія, вучэнне пра грамадства і дзяржаву, логіка, этыка, эстэтыка, псіхалогія, а таксама касмалогія, матэматыка і інш. прыродазнаўчыя дысцыпліны. У філасофіі аформіліся 2 асн. кірункі — матэрыялістычная лінія Дэмакрыта і ідэалістычная лінія Платона, дыялектычны (Геракліт) і метафізічны (элеяты) падыходы ў трактоўцы быцця. Страта грэч. гарадамі самастойнасці негатыўна паўплывала на культуру і філасофію. У 3—1 ст. да н.э. ў філасофіі прасочваюцца 3 гал. плыні — скептыцызм, эпікурэізм і стаіцызм. З агульнатэарэт. пытанняў (праблем быцця, гнасеалогіі, дзярж. ладу) акцэнт у іх перамясціўся ў бок пошукаў канкрэтных прынцыпаў асабістых паводзін, якія дазволілі б дасягнуць шчасця асобнаму чалавеку. Сац.-эканам. і паліт. супярэчнасці Рымскай імперыі на пач.н.э. садзейнічалі пашырэнню рэліг. вучэнняў, пад уплыў якіх трапіла і філасофія. Рэліг. скіраванасцю характарызаваліся школы неапіфагарэізму і неаплатанізму, хоць у цэлым яны не прытрымліваліся афіц. ідэалогіі хрысціянства. У пач. 6 ст.н.э. дэкрэтам імператара Юсцініяна філас. школа платанізму ў Афінах закрыта. Антычная філасофія — адзін з важнейшых этапаў развіцця філасофіі і філас. культуры. Яе заслуга ва ўсеабдымным і сістэматычным абгрунтаванні філасофіі як навук. тэорыі, развіцці сістэмы паняццяў, у распрацоўцы ці пастаноўцы ўсіх асн.філас. праблем.
Літ.:
Антология мировой философии. Т. 1, ч. 1. М., 1969;
Асмус В.Ф. Античная философия. 2 изд. М., 1976;
Вернан Ж.-П. Происхождение древнегреческой мысли: Пер. с фр.М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРЭ́ЦКІ Міхась (сапр.Касянкоў Міхаіл Яўхімавіч; 20.11.1901, с. Высокі Гарадзец Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 29.10.1937),
бел. пісьменнік. Скончыў Аршанскае духоўнае вучылішча, вучыўся ў Магілёўскай духоўнай семінарыі. Служыў перапісчыкам у паўвайсковай часці, настаўнічаў на Магілёўшчыне, узначальваў Шклоўскі валасны аддзел нар. асветы. У 1920—27 палітработнік Чырв. Арміі. Адзін з арганізатараў літ. аб’яднання «Маладняк», пасля ўваходзіў у аб’яднанне «Полымя». У ліст. 1936 па лжывым даносе арыштаваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Літ. дзейнасць пачаў у 1922 (апавяд. «Ці ж так?», «Спатканне», «Цімка Бабыль» у газ. «Савецкая Беларусь»). Гал. тэма творчасці ранняга перыяду (зб-кі апавяданняў «У віры жыцця», «Пела вясна», абодва 1925, «Пад сонцам», 1926) — перамены ў жыцці народа пад уздзеяннем рэвалюцыі, барацьба старога і новага, цяжкія пошукі шляхоў да будучыні. Распрацоўваў новую ў бел. л-ры тэму «былых», «учарашніх», тэму трагічнага лёсу прадстаўнікоў пераможаных рэвалюцыяй класаў. Гэтыя творы («Ворагі», «Кветка пажоўклая») прасякнуты гуманіст. пафасам, ідэяй спачування і міласэрнасці да ахвяр рэвалюцыі, учарашніх ворагаў. Апавяданні 1920-х г. вылучаюцца глыбокай змястоўнасцю, напружанасцю сюжэта, вастрынёй канфліктаў, псіхалагізмам, увагай да ўнутранага свету герояў, іх пачуццяў і перажыванняў. Як мастак і крытык распрацоўваў канцэпцыю «пазітыўнага рамантызму», рамант. стылявой плыні. Не прымаў пасіўнае адлюстраванне рэчаіснасці, статычнасць, кампазіцыйную аморфнасць, уласцівую тагачаснай бел. прозе апісальнасць, адстойваў суверэннасць і духоўную свабоду чалавека. На шляху яго ідэйна-творчага і светапогляднага развіцця заканамерным быў пераход ад «малой прозы» да буйных жанравых форм — аповесці «Голы звер» (1926), раманаў «Сцежкі-дарожкі» (1927), «Вязьмо» (1932). У аповесці пераканана выкрываюцца негатыўныя з’явы паслярэв. рэчаіснасці і носьбіты філасофіі эгаізму, індывідуалізму, абывацельскай маралі. Раман «Сцежкі-дарожкі» закладваў плённую традыцыю праўдзівага маст. асэнсавання рэвалюцыі ва ўсёй яе складанасці і супярэчлівасці, без ідэалізацыі і псеўдагероікі. У святле гуманіст. ідэалаў паказаны пакутлівы шлях інтэлігенцыі ў рэвалюцыю, выяўлены розныя погляды яе прадстаўнікоў на сродкі ажыццяўлення рэв. мэт. Маральна-этычным праблемам прысвечаны п’есы «Віхор на балоце» (1928) і «Белыя ружы» (1928—29), вытрыманыя ў рамант. ключы з выкарыстаннем элементаў прыгодніцтва і меладрамы, сімволіка-алегарычных вобразаў, фалькл. паданняў і літ. рэмінісцэнцый. П’есы апасродкавана звязаны з тэатр. дыскусіяй і абмеркаваннем праблем развіцця бел. кіно (арт. «Два экзамены: (Да пытання аб тэатральнай крытыцы» і «Чым пагражае нам Белдзяржкіно», 1928). Беспадстаўныя абвінавачанні вульгарызатарскай крытыкі ў прапагандзе антысав. поглядаў («Падарожжа на новую зямлю», 1929) перашкодзілі завяршэнню рамана «Крывічы» («Полымя», 1929, № 4), негатыўна паўплывалі на творчую дзейнасць З. (апавяданні «Хвіліна», «Пра дзеда Альпіна»). У рамане «Вязьмо» пераадолены творчыя цяжкасці, з выразна грамадз. пазіцый асвятляюцца трагічныя падзеі масавай калектывізацыі, у сюжэтна-вобразнай форме праводзіцца ідэя яе эканам. немэтазгоднасці і маральнай недапушчальнасці гвалтоўнага рассяляньвання сялянства, прымусовага разбурэння вясковага ўкладу жыцця. Раман прасякнуты пафасам абароны чалавека як найвышэйшай каштоўнасці. Выступаў як літ. крытык (арт. «Размова незвычайнае шчырасці», 1932, і інш.), нарысіст («Вясна 1930 года», 1930, «Новы вобраз Беларусі», 1934, і інш.), перакладчык («Цэмент Ф.Гладкова, 1930, «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка ў сусветную вайну» Я.Гашака, ч. 1, 1931).
Тв.:
Зб. твораў. Т. 1—4. Мн., 1989—92.
Літ.:
Майсеенка А.Ф. Творчасць Міхася Зарэцкага. Мн., 1978;
Мушынскі М.І. Нескароны талент: Праўдзівая гісторыя жыцця і творчасці Міхася Зарэцкага. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГО́ЛЬСКІЯ ЗАВАЯВА́ННІў 13 ст.,
шэраг заваёўніцкіх войнаў і паходаў манголаў супраць народаў Азіі і Еўропы. Пачаліся пасля аб’яднання да 1206 Чынгісханам мангольскіх плямён і стварэння дзяржавы. У ходзе М.з. склалася Мангольская імперыя. Баяздольнасць манг. войска, размеркаванага на тумены (дзесяткі тысяч), цьмы (тысячы), сотні, дзесяткі, была абумоўлена жорсткай дысцыплінай, вял. манеўранасцю і мабільнасцю, выкарыстаннем ваен. і тэхн. дасягненняў захопленых краін і народаў, перадавой ваен. тактыкай, хітрасцю і інш. Гэта дазваляла манголам перамагаць нават намнога большыя сілы праціўніка, браць добра ўмацаваныя крэпасці і гарады (з тэхнікай аблогі гарадоў манголы пазнаёміліся ў Кітаі). У 1207—11 манголы падпарадкавалі народы Паўд. Сібіры і Усх. Туркестана. З 1211 пачалося заваяванне Кітая, у 1215 захоплены Пекін (Яньцзін). У канцы 1218 манг. войскі (каля 200 тыс.чал.) на чале з Чынгісханам уварваліся ў Сярэднюю Азію, у 1219—21 разбілі войскі харэзмшаха Мухамеда і яго сына Джэлал-ад-дзіна, захапілі і разбурылі большасць буйных гарадоў, у т. л. Харэзм, Хаджэнт, Мерв, Ургенч. У 1220 войска на чале з Джэбе і Субэдэем уварвалася ў Паўн. Іран, адтуль — у Закаўказзе і ў 1222 разбіла груз. войска. Потым манголы перайшлі Каўказскія горы і ўварваліся ў палавецкія стэпы. 31.5.1223 яны перамаглі войска рус. і палавецкіх князёў у бітве на р. Калка і ў 1224 вярнуліся ў Манголію. У 1226—27 знішчана тангуцкая дзяржава Сі-Ся. У час праўлення сына Чынгісхана Угедэя канчаткова заваяваны Паўн. Кітай і знішчана дзяржава чжурчжэняў (1234). У 1236 пачаўся вял. паход на Захад на чале з унукам Чынгісхана Батыем (Бату). Разграміўшы Балгарыю Волжска-Камскую, манг. войска ўварвалася ў паўн.-ўсх. Русь. 21.2.1237 яно захапіла Разань, у снеж.—лютым 1238 — б.ч. Уладзімірска-Суздальскай зямлі. 4.3.1238 у бітве на р. Сіць разгромлена аб’яднанае войска ўладзімірска-суздальскіх князёў, загінуў вял. князь Юрый Усеваладавіч. У 1240 Батый пачаў новы паход на Пд Русі і Захад. 6.12.1240 захоплены і разбураны Кіеў. У пач. 1241 манг. войска спустошыла Галіцка-Валынскія землі, пацярпелі і некаторыя гарады Палесся. Пачалася мангола-татарская няволя на Русі (пра манг. паходы на ПнЗ Русі і адносіны манголаў з ВКЛгл. ў арт.Залатая Арда). У лют. 1241 манголы ўварваліся ў Польшчу, 3.3.1241 разбілі каля Кракава польск. войска на чале з Баляславам V, 9.4.1241 — апалчэнне ням. і польскіх князёў пры Лягніцы. аднак пасля гэтага яны пацярпелі паражэнне ад чэхаў 24.6.1241 у Оламаўцкай бітве 1241. Другое манг. войска ўварвалася ў Венгрыю, дзе 11.4.1241 у бітве пры Шаё разбіла войска караля Белы IV. У канцы 1241 пачаўся новы паход, спынены весткай пра смерць вял. хана Угедэя. М.з. аднавіліся ў час праўлення Мункэ. Яго брат Хулагу заваяваў у 1256 Іран, у 1258 захапіў Багдад і ліквідаваў халіфат Абасідаў, але быў спынены пасля паражэння 3.9.1260 пры Айн-Джалуце ад войск егіп. султана. У той жа час пачалося заваяванне Паўд. Кітая (скончана ў 1279). М.з. завяршыліся паходам 1300 у М’янму, аднак драпежніцкія паходы мангола-татар на Русь і інш. краіны працягваліся ў 14—15 ст. М.з. былі адной з вял. катастроф у гісторыі: загінула вял. колькасць людзей, былі знішчаны цэнтры стараж. цывілізацыі, што негатыўна паўплывала на далейшае развіццё народаў Азіі і Усх. Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТАЦТВА 1990 — пач. 2000-х гадоў.
Пра новы якасны ўзровень бел.маст. культуры пач. 1990-х г. сведчаць выключная дынаміка выставачнай дзейнасці, вострая палеміка паміж прадстаўнікамі розных кірункаў, пашырэнне міжнар. абмену ў галіне культуры і г.д. Больш яскравай стала дыферэнцыяцыя сац. функцый мастацтва, вызваленне яго ад празмерных ідэалагічных пут. Актыўна фарміраваліся новыя атрыбуты маст. асяроддзя, арганізоўваліся міжнар. пленэры, ствараліся нефармальныя творчыя аб’яднанні. Значна пашырыўся жанрава-відавы спектр выяўл. мастацтва. Акрамя класічных відаў мастацтва, трывалае месца на культурнай сцэне займаюць фотамастацтва, арт-дызайн, мастацтва акцый і інш. У творчых мэтах як сродак выказвання, які дапаўняе традыц. формы жывапісу, графікі скульптуры, выкарыстоўваюцца і новыя віды сродкаў масавай камунікацыі. Разам з тым пачалася хваля камерцыялізацыі ў мастацтве, пераарыентацыя стратэгіі і тактыкі груп мастакоў адносна форм уласнасці. Шэраг маст. тэндэнцый 2-й пал. 1990-х г. не з’яўляецца лагічным працягам папярэдніх традыцый. Імкненне некат. мастакоў да хуткага фінансавага поспеху праз тэхналогіі камерцыйнай папулярызацыі, адсутнасць рычагоў уплыву з мастакоўскага боку і маст. крытыкі, адсутнасць стройнай навукова-абгрунтаванай праграмы развіцця новага этапу прафес.выяўл. мастацтва незалежнай краіны негатыўна ўплывалі на агульны ўзровень культуры. У 2-й пал. 1980 — пач. 1990-х г. па ініцыятыве мастакоў і мастацтвазнаўцаў на арэндных і некамерцыйных пачатках у Мінску, Гродне, Віцебску адкрыліся маст. галерэі («Верхні горад», «У Пушкіна», «А.В.», «Nova», «VILNUS», «У майстра», «6 лінія», «Медэя» і інш.), якія адыгралі важную ролю ў сцвярджэнні новых для Беларусі відаў мастацтва. У 1998 у Мінску ўтвораны Музей сучаснага выяўл. мастацтва (дырэктар В.Шаранговіч).
У 1990-я г. новае развіццё атрымаў станковы жывапіс. Яго адрознівае паглыбленая цікавасць да падкрэслена каларыстычных якасцей. Вял. рэзананс мелі выстаўкі твораў Л.Шчамялёва, М.Савіцкага, У.Стальмашонка, С.Кірушчанкі, А.Марачкіна, З.Літвінавай. Творча эксперыментуюць прадстаўнікі сярэдняга і маладога пакаленняў: В.Альшэўскі, М.Басаў, Р.Вашкевіч, У.Ганчарук, У.Зінкевіч, С.Каткова, У.Кожух, А.Ксяндзоў, Ю.Піскун, С.Рымашэўскі, У.Тоўсцік, Л.Хобатаў, В.Шкаруба, Ф.Янушкевіч і інш. Рэдка сустракаюцца вял.манум. размалёўкі (творы У.Крываблоцкага і інш.), вялікафарматныя сюжэтна-тэматычныя карціны са складанай кампазіцыйнай структурай. У творах стаў больш пашыраным пейзажны жывапіс, узрасло захапленне дэкар. эфектамі, ідэалістычнымі матывамі. Асн. дасягненні ў скульптуры звязаны з творчым асэнсаваннем нац. гісторыі, што абумоўлена дынамікай працэсаў пабудовы незалежнай дзяржавы. Гіст. вобразы найперш адлюстраваны ў манум. пластыцы: помнікі А.Міцкевічу ў Навагрудку (1992), Ф.Скарыне ў Лідзе (1993), І.Гашкевічу ў Астраўцы (1994), М.Доўнар-Запольскаму ў Рэчыцы (1997) В.Янушкевіча, кн. Давыду ў Давыд-Гарадку (2000) А.Дранца і інш. Адметнай пластычнай мовай вылучаюцца скульпт. творы В.Борздага, І.Засімовіча, М.Інькова, В.Копача, У.Панцялеева, К.Селіханава і інш. Г.Буралкін, Г.Гаравая, С.Гарбунова, У.Жбанаў, А.Мятліцкі, У.Слабодчыкаў, А.Фінскі развіваюць традыц. кірункі сучаснай скульптуры. Захаванне традыцый акадэм. майстэрства застаецца пераважнай рысай для большасці скульптараў. Разам з тым аўтары імкнуцца пераасэнсоўваць вопыт папярэднікаў, зыходзячы з патрабаванняў новага часу. Яны эксперыментуюць з новымі матэрыяламі і тэхналогіямі. Больш увагі аддаецца пашырэнню вобразнай структуры твора праз выяўленне выразнасці сілуэта, яго знакавасці. Сярод прадстаўнікоў 2-й пал. 1980-х г., якія закладвалі падмурак графічнага мастацтва наступнага дзесяцігоддзя, — Л.Алімаў, С.Балянок, В.Баранаў, М.Барздыка, А.Басалыга, М.Будавей, А.Вахрамееў, У.Вішнеўскі, У.Гладкевіч, У.Лукашык, Р.Сітніца і інш. У сярэдзіне 1990-х г. значна пашырыўся жанравы і тэхнічны спектры бел. станковай і кніжнай графікі (Ю.Якавенка). Узмацніліся праявы сінкрэтызму выяўл. прыёмаў, узаемаўплыву відаў мастацтва і графічнага дызайну, фотаграфікі. Шырока ўжываецца калаж, змешаныя тэхнікі, пачынаюць выкарыстоўвацца магчымасці камп’ютэрнай графікі. У кніжнай графіцы праявілі сябе маладыя аўтары Ю.Алісевіч, І.Гардзіёнак, П.Татарнікаў. Развіццё бел.маст. фатаграфіі 1990-х г. характарызуецца шматграннасцю жанравых форм, творчых метадаў, канцэптуальных падыходаў, тэхнічнай разнастайнасцю: творы А.Адамчык, М.Баразны, В.Бараноўскага, В.Ганчарэнкі, М.Жылінскага, Я.Казюлі, А.Клешчука, В.Лабко, Г.Ліхтаровіча, Г.Маскалёвай, У.Парфянка, М.Раманюка, Дз.Раманюка, В.Федарэнкі, П.Цішкоўскага, В.Шчукіна.
Міжнар. прызнанне атрымалі ў пач. 1990-х г. мастакі плаката С.Войчанка, Т.Гардашнікава, А.Кітаева, Г.Мацур, А.Наважылаў, Дз.Сурыновіч, Дз.Сурскі, К.Хацяноўскі, У.Цэслер, А.Шалюта, С.Яўлампіеў і інш., творы якіх адлюстроўваюць трывалае майстэрства, пераканаўчасць і падкрэсленую выразнасць графікі, высокую культуру колеру і шрыфту, сувязь з традыцыямі.
У 1990-я г. сталі папулярнымі міжнар.маст. пленэры, у т. л. імя В.К.Бялыніцкага-Бірулі, шагалаўскі, «Малевіч. УНОВІС. Сучаснасць» і інш., праводзяцца міжнар. выстаўкі, сумесныя маст. акцыі. Працэс падсумавання развіцця сусв.маст. культуры 20 ст. знайшоў увасабленне ў «Праекце стагоддзя» (1997—98) С.Войчанкі і У.Цэслера, які ўключаў 12 маст. аб’ектаў.
С.Рымашэўскі. Чаша. 2002.У.Тоўсцік. Сон II. 1992.К.Селіханаў. Двое. 1994—95.Ю.Якавенка. Гадзіннік. 1999.П.Татарнікаў. Ілюстрацыя да кнігі «Царэўна ў падземным царстве». 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДСКІЯ АБ’ЯДНАННІ
Прататыпы грамадскіх аб’яднанняў вядомы з глыбокай старажытнасці, напр., Акадэмія Платонаў Стараж. Грэцыі, пахавальныя калегіі ў Стараж. Рыме, раннехрысціянскія брацтвы. З’яўленню грамадскіх аб’яднанняў у перыяд Новага часу ў Зах. Еўропе садзейнічалі паліт. і сац.-эканам. пераўтварэнні, выкліканыя бурж. рэвалюцыямі. Прастору для іх узнікнення і дзейнасці адкрыла абвяшчэнне і прававое замацаванне ў дэкларацыях, хартыях, канстытуцыях асн. правоў і свабод чалавека і грамадзяніна: свабоды і недатыкальнасці асобы; роўнасці перад законам; свабоды слова, друку, сходаў, аб’яднанняў, правоў на свабоднае прадпрымальніцтва і сац. пратэст супраць прыгнёту і інш. Сярод грамадскіх аб’яднанняў найбольш прыкметнае месца займалі прафесійныя саюзы. На Беларусі першыя грамадскія аб’яднанні ўзніклі ў 1-й пал. 19 ст. і займаліся гал. чынам культ.-асв. і дабрачыннай дзейнасцю. На мяжы 19—20 ст. у розных гарадах краіны сталі ўтварацца прафес. саюзы гарбароў, друкароў, чыгуначнікаў, работнікаў пошт і тэлеграфа, крэдытных і гандл.-прамысл. устаноў і інш. Статус грамадскіх аб’яднанняў быў вызначаны «Часовымі правіламі аб таварыствах і саюзах Расійскай імперыі» (прыняты 4.3.1906), паводле якога распрацаваны 3 тыповыя іх статуты (нармаваны, прыкладны і ўзорны), вызначаны парадак і ўмовы рэгістрацыі. Членства ў грамадскіх аб’яднаннях забаранялася ніжэйшым вайсковым чынам, асобам да 18 гадоў, навучэнцам, жанчынам. Нягледзячы на пэўныя абмежаванні, разнастайныя аб’яднанні культ.-асв., навук., мед., прафесійнага кірунку ў пач. 20 ст. дзейнічалі ва ўсіх губ. гарадах Беларусі. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 і ўсталявання сав. улады дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў была вызначана Канстытуцыяй РСФСР 1918. Іх стварэнне і фінансаванне станавіліся дзярж. справай. З сярэдзіны 1920-х г. легальная дзейнасць дазвалялася толькі масавым грамадскім аб’яднанням, што налічвалі больш за 1000 членаў. Актыўную ролю ў сав. грамадстве адыгрывалі прафсаюзы. Асобнае месца ў выхаванні моладзі належала піянерскай арг-цыі і Ленінскаму камуністычнаму саюзу моладзі. Камсамольцы шэфствавалі над будаўніцтвам буйных прамысл. прадпрыемстваў, садзейнічалі калектывізацыі сельскай гаспадаркі, удзельнічалі ў ліквідацыі непісьменнасці і інш. У 2-й пал. 1930-х г. сярод моладзі пашырылі ўплыў арганізацыі, якія ставілі за мэту ваенна-патрыятычнае выхаванне. Напр., добраахвотнае т-ва садзеяння арміі, авіяцыі і флоту (ДТСААФ) мела ваенна-спарт. секцыі, арганізоўвала здачу нарматываў на значок «Гатоў да працы і абароны», рыхтавала юнакоў да службы ў Чырв. Арміі. У БССР у 1920—30-я г. дзейнічалі масавыя арг-цыі: шэфскія т-вы, саветы па фізічнай культуры, «Прэч непісьменнасць», Т-ваЧырв. Крыжа, Асаавіяхім, «Аўтадор», МОПР і інш. Канстытуцыя БССР 1937 абвяшчала грамадзянам правы стварэння грамадскіх аб’яднанняў пры замацаванні за камуніст. партыяй ролі кіруючага ядра арганізацыі працоўных, прадстаўляла правы вылучэння кандыдатаў у дэпутаты саветаў грамадскім аб’яднанням і таварыствам працоўных: парт. арг-цыям, прафес. саюзам, кааператывам, арганізацыям моладзі, культурным т-вам.
Дэфармацыі грамадска-паліт. жыцця ў 1930-я г.негатыўна паўплывалі на дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў. Значная колькасць іх актывістаў была неабгрунтавана рэпрэсіравана. У пасляваенны час узніклі і новыя грамадскія аб’яднанні: усесаюзныя т-вы паліт. і навук. ведаў, аховы прыроды, навук. і інж.т-ва і інш. Адпаведныя арганізацыі ў якасці рэсп. аддзяленняў з’явіліся і ў БССР. Спробы дэмакратызацыі грамадства ў сярэдзіне 1950-х г. садзейнічалі актывізацыі грамадскіх аб’яднанняў, прафсаюзаў і камсамола. Канстытуцыя БССР 1978 ставіла адной з мэт павышэнне актыўнасці грамадскіх аб’яднанняў, вызначала іх правы ўдзельнічаць у кіраванні дзярж. і грамадскімі справамі, вырашэнні паліт., гасп. і сац.-культ. пытанняў. Пры гэтым падкрэслівалася, што кіруючай і накіроўваючай сілай сав. грамадства, ядром яго паліт. сістэмы, дзярж. і грамадскіх арг-цый з’яўляецца камуніст. партыя.
Імкненне часткі грамадства пераадолець праявы бюракратызму і фармалізму ў дзеянні афіцыйных грамадскіх аб’яднанняў прывяло да стварэння ў 1980-я г. новых, т.зв. «нефармальных» арг-цый, якія ставілі мэты адраджэння нар. і нац. традыцый, бел. культуры і мовы, аховы гіст. помнікаў. Так узніклі «Беларуская спеўна-драматычная майстэрня» (1979), «Таварыства беларускай школы» (1983), «Талака» (1985) і інш. Дэмакратызацыя грамадства, скасаванне кіруючай ролі камуніст. партыі, ператварэнне Беларусі ў незалежную дзяржаву стварылі новыя ўмовы для дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі) абвясціла, што «дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове разнастайнасці паліт. інстытутаў, ідэалогій і поглядаў» і гарантуе кожнаму права на свабоду аб’яднанняў. Закон «Аб грамадскіх аб’яднаннях» ад 4.10.1994 вызначыў, што грамадскім аб’яднаннем з’яўляецца добраахвотнае фарміраванне грамадзян, якое яны ўтварылі на аснове супольнасці інтарэсаў для сумеснай рэалізацыі грамадзянскіх, эканам., сац. і культ. правоў. Дзяржава забяспечвае захаванне і абарону правоў і законных інтарэсаў грамадскіх аб’яднанняў. Заканадаўствам Рэспублікі Беларусь забаронена стварэнне і дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў, скіраваных на звяржэнне ці гвалтоўныя змены канстытуцыйнага ладу, парушэнне цэласнасці і бяспекі дзяржавы, прапаганду вайны, насілля, распальвання нац., рэліг. і расавай варожасці, ці дзейнасць, якая можа адмоўна ўплываць на фіз. і псіх. здароўе грамадзян. У Дэкрэце Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб некаторых мерах па ўдасканаленні дзейнасці палітычных партый, прафесійных саюзаў, іншых грамадскіх аб’яднанняў» ад 26.1.1999 удакладнены некаторыя прававыя нормы дзейнасці гэтых утварэнняў. У Рэспубліцы Беларусь дзейнічаюць грамадскія аб’яднанні, што прадстаўляюць усе спектры грамадскага жыцця краіны. Сярод іх: міжнар. грамадская арг-цыя «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», Бел. фонд міру, Бел. дзіцячы фонд, Бел. ПЭН-цэнтр, Задзіночанне бел. студэнтаў, Т-вабел. мовы, Бел. саюз прадпрымальнікаў і наймальнікаў, Бел.рэсп. саюз моладзі, Бел. саюз маладзёжных і дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў, Бел.т-ваЧырв. Крыжа і інш.
На 1.1.2004 у рэспубліцы зарэгістравана 2214 грамадскіх аб’яднанняў (235 міжнародных, 734 рэспубліканскія, 1245 мясцовых, 16 саюзаў грамадскіх аб’яднанняў) па кірунках дзейнасці: эканоміка, прадпрымальніцтва; абарона правоў чалавека; абарона правоў спажыўцоў; арганізацыі ваеннаслужачых, ветэранаў Узбр. Сіл, праваахоўных органаў: адукацыя, асвета, выхаванне; арганізацыі інвалідаў; ахова здароўя і медыцына; дабрачынныя; дзяржава, самакіраванне, прававыя пытанні; жаночыя грамадскія аб’яднанні; мастацтва, культура; маладзёжная, дзіцячыя; нац. меншасці; прафесійныя; рэсурсныя цэнтры; сац. абарона; спорт, адпачынак, турызм; арганізацыі па інтарэсах; Чарнобыльскія арганізацыі; экалогія, абарона навакольнага асяроддзя. Большасць з зарэгістраваных грамадскіх аб’яднанняў (каля 49%) знаходзяцца ў Мінску. У кожным з кірункаў існуюць аб’яднанні, што карыстаюцца дзярж. падтрымкай.
Заканадаўствам Рэспублікі Беларусь забаронена стварэнне і дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў, скіраваных на звяржэнне ці гвалтоўныя змены канстытуцыйнага ладу, парушэнне цэласнасці і бяспекі дзяржавы, прапаганду вайны, насілля, распаленне нац., рэліг. і расавай варожасці, а таксама дзейнасць, якая можа адмоўна ўплываць на фіз. і псіхічнае здароўе грамадзян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ КАМУНІСТЫ́ЧНЫ РУХ,
пашыраная ў свеце леварадыкальная ідэйна-паліт. плынь, якая кіруецца ў сваёй дзейнасці поглядамі К.Маркса і У.І.Леніна на сацыялізм і камунізм і мае на мэце пабудову ў свеце камуніст. грамадства, першая фаза якога — сацыялізм. Аб’ядноўвае камуніст. і ідэйна блізкія да іх сацыяліст. і рабочыя партыі. Узнік у 1840—50-я г. амаль адначасова з марксізмам як састаўная частка міжнар. рабочага руху. Першай камуніст. арг-цыяй быў створаны ў 1847 Саюз камуністаў, які аб’ядноўваў камуніст. і карэспандэнцкія к-ты шэрагу зах.-еўрап. краін. У напісаным для Саюза Марксам і Ф.Энгельсам «Маніфесце Камуністычнай партыі» (1848) выкладзена праграма міжнар.рэв. рабочага руху і абгрунтавана неабходнасць стварэння паліт. партыі пралетарыяту. Камуніст. (марксісцкая) плынь дамінавала ў Інтэрнацыянале 1-м (1864—76), у с.-д. і сацыяліст. партыях, што стварылі Інтэрнацыянал 2-і (1889—1922). Да канца 19 — пач. 20 ст.камуніст. рух і сацыял-дэмакратыя развіваліся на агульнай аснове марксізму як паралельныя плыні ў рамках с.-д. і сацыяліст. партый, потым адзіны сусв.сацыяліст. рух распаўся на 2 самаст. плыні — сацыял-дэмакр. і камуністычную, якія разышліся ў поглядах на стратэгію і тактыку заваявання паліт. улады, сутнасць, шляхі і спосабы пабудовы сацыялізму. Сацыял-дэмакраты (Э.Бернштэйн і інш.) прыйшлі да высновы, што асобныя палажэнні марксізму не пацвердзіліся часам або ўстарэлі. Прадстаўнікі камуніст. плыні працягвалі адстойваць марксісцкія палажэнні аб выключна рэв. шляху дасягнення сацыялізму як першай стадыі камунізму праз класавую барацьбу і дыктатуру пралетарыяту ў якасці абранага гісторыяй класа. Найб. відным выразнікам гэтай плыні ў пач. 20 ст. стаў лідэр рас.бальшавікоў Ленін. Пасля 1-й сусв. вайны с.-д. і сацыяліст. партыі канчаткова раскалоліся, з іх выйшлі прадстаўнікі рэв. марксізму, якія сталі называць сябе камуністамі і пачалі ствараць уласныя камуніст. партыі. Гэтаму працэсу спрыяла Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 у Расіі. Няўдалай спробай прымірыць і аб’яднаць сацыяліст. рух з камуністычным было стварэнне і непрацяглае існаванне т. зв.«Інтэрнацыянала 2 1/2» (1921—23). Але ў 1919, са стварэннем Камуністычнага Інтэрнацыянала (Камінтэрна), рашэнні кіруючых органаў якога былі абавязковымі для партый-членаў, М.к.р. аформіўся ў самаст.паліт. сілу. У 1920—50-я г. фактычным цэнтрам усяго М.к.р. быў СССР. Грамадска-паліт. з’явы, якія мелі месца ў гэтай краіне (паліт. рэпрэсіі, культ асобы І.В.Сталіна, абмежаванасць паліт. правоў асобы, празмерная роля дзяржавы ў грамадстве і інш.) негатыўна адбіваліся на ўсім камуніст. руху. У 1920-я г. з М.к.р. вылучылася леваэкстрэмісцкая плынь — трацкізм (ад імя Л.Д.Троцкага), прадстаўнікі якога ў 1938 стварылі т. зв.«Інтэрнацыянал 4-ы». Станоўчая роля камуністаў у барацьбе супраць фашызму за свабоду і незалежнасць сваіх краін у гады 2-й сусв. вайны забяспечыла значны рост колькасці кампартый, узмацненне іх уплыву ў асобных краінах і ў свеце ў цэлым. У 14 краінах Еўропы, Азіі і Лац. Амерыкі (Куба) кампартыі заваявалі паліт. ўладу. Склалася Сусв.сацыяліст. сістэма. У 1980-я г.камуніст. і блізкія да іх рабочыя партыі дзейнічалі больш як у 90 краінах і аб’ядноўвалі больш за 80 млн. членаў. СССР пад кіраўніцтвам КПСС дамогся поспехаў у развіцці эканомікі і культуры. У 1960—70-я г.СССР, насельніцтва якога складала 6% ад насельніцтва зямнога шара, даваў 1/5 сусв.прамысл. вытворчасці. Пасля роспуску Камінтэрна (1943) прадпрымаліся новыя спробы каардынацыі М.к.р. У 1947—56 у Бялградзе (да 1948) і Бухарэсце (з 1948) працавала Інфарм. бюро камуніст. і рабочых партый з правам каардынацыі іх дзейнасці (уваходзілі партыі 9 краін Еўропы). Вял. значэнне для згуртавання М.к.р. мелі нарады прадстаўнікоў камуністычных і рабочых партый (маскоўскія 1957, 1960, 1969, шматлікія рэгіянальныя). У 1958—90 у Празе выдаваўся тэарэт. і інфарм. часопіс «Проблемы мира и социализма». З канца 1940-х г. спробы КПСС навязваць кампартыям інш. краін свой вопыт барацьбы за ўладу і сацыяліст. будаўніцтва сустракалі нарастаючае супраціўленне з іх боку. На гэтай глебе М.к.р. перажыў шэраг новых расколаў. У 1948 адмовілася ад сав. мадэлі пабудовы сацыялізму і адасобілася ад М.к.р. Камуніст. партыя Югаславіі, у 1961 выступіла супраць крытыкі культу асобы Сталіна і фактычна выйшла з М.к.р. Албанская партыя працы. Найб. значны раскол у М.к.р. унесла ўзнікненне ў канцы 1950 — пач. 60-х г. мааізму (левадагматычны ўхіл у Кампартыі Кітая і шэрагу інш. партый у Азіі і дробных груповак у розных рэгіёнах свету, ад імя Мао Цзэдуна). У 2-й пал. 1970 — пач. 80-х г. у кампартыях Зах. Еўропы пашырыліся тэорыі «еўракамунізму». Іх прыхільнікі выступалі за мадэрнізацыю марксізму-ленінізму ў адпаведнасці з зах.-еўрап.эканам. і сац.-паліт. рэчаіснасцю, за плюралістычную мадэль сацыялізму. «Еўракамунізм» быў асуджаны КПСС і кампартыямі сацыяліст. краін. Зніжэнне тэарэт. ўзроўню дзейнасці камуніст. партый, дагматызацыя марксізму, недастатковая ўвага да распрацоўкі новых ідэй, акасцянеласць арганізац. структуры, форм і метадаў работы кампартый, адмова ад плюралізму ў меркаваннях, праследаванне іншадумства, адсутнасць шырокай сац. базы, сапраўднай сувязі з рабочым рухам, патрэбнага ўзаемадзеяння, а часта і варожасць да інш. левых сіл абумовілі крызіс М.к.р. ў канцы 1980 — пач. 90-х г., у выніку якога арганізаваны і каардынаваны М.к.р. фактычна перастаў існаваць. У выніку эканам. і паліт. крызісу (1989—91), абумоўленага пралікамі і дэфармацыямі ў дзейнасці КПСС і інш.камуніст. партый, камуністы страцілі ўладу ў краінах Усх. Еўропы і СССР. Распад СССР і забарона КПСС прывялі да спынення фін. падтрымкі, якую яна аказвала кампартыям многіх краін. У 1989—91 спынілі існаванне навук. і навуч.нац. і міжнар. цэнтры, што займаліся распрацоўкай камуніст. праблематыкі, перасталі выходзіць або пераймяноўваліся і змянілі накіраванасць камуніст.тэарэт. выданні. Ва ўсім свеце знізіўся ўплыў камуніст. партый, скарацілася іх колькасць і парушылася ўнутр. адзінства партый, рэзка зменшылася колькасць членаў. Асобныя кампартыі змянілі свае назвы, статуты, праграмы і ператварыліся ў сацыял-дэмакратычныя (у Італіі, Венгрыі, Польшчы, Славакіі, Балт. краінах). Кампартыя Францыі ўяўляе сабой гібрыд сацыял-дэмакратызму і камунізму. Камуніст. партыі Расіі, Украіны, Беларусі (гл.Камуністычная партыя Беларусі і Партыя камуністаў беларуская), Сербіі, з істотнымі агаворкамі таксама Румыніі і Чэхіі сталі на шлях абнаўлення пры захаванні вернасці марксізму-ленінізму. Кампартыі Вялікабрытаніі, Іспаніі, ЗША не адыгрываюць прыкметнай ролі ў жыцці сваіх краін. Аднак камуніст. погляды не страцілі сваёй прыцягальнасці ў значнай часткі насельніцтва шэрагу краін свету. Кітай, Куба, В’етнам, Паўн. Карэя працягваюць ісці па шляху сацыялізму. Правячая Камуністычная партыя Кітая налічвае 58 млн. членаў (1997), Камуніст. партыя Рас. (КПРФ) — 530 тыс. членаў, аб’яднаных у 24 тыс. пярвічных арг-зацый. На прэзідэнцкіх выбарах 1996 яе кандыдат атрымаў каля 30 млн. галасоў выбаршчыкаў. На выбарах 1999 у Дзярж. думу Расіі камуністы атрымалі (па парт. спісах) найб. колькасць галасоў выбаршчыкаў (24,3% ад агульнай колькасці тых, хто галасаваў). М.к.р. імкнецца ісці па шляху абнаўлення, пераадолення лжэсацыялізму, развіцця марксісцка-ленінскай тэорыі ў новых умовах. У чэрв. 1999 на міжнар. сустрэчы прадстаўнікоў камуніст. і рабочых партый у Афінах (Грэцыя) былі прадстаўлены 55 партый з 50 краін.
Літ.:
Партии и партийные системы современной Европы. М., 1994;
Социализм и демократия для XXI в. М., 1997;
Егоров А.Н. Есть ли у Республики Беларусь социалистическая перспектива? // Весн. Бел.дзярж. экан. ун-та. 1997. № 2;