БА́ЗАВАЯ АДУКА́ЦЫЯ,
неабходны ўзровень агульнаадук. падрыхтоўкі, які прадугледжвае рознабаковае развіццё і каштоўнасна-этычную арыентацыю асобы, фарміраванне агульнакультурнай асновы яе далейшай адукацыі, грамадзянскага і прафес. станаўлення. У адпаведнасці з Законам «Аб адукацыі у Рэспубліцы Беларусь» (1991) базавая адукацыя вызначаецца сістэмай дзярж. стандартаў адукацыі (акрэсліваюць патрабаванні да ўзроўню падрыхтоўкі выпускнікоў школы). Дзяржава гарантуе атрыманне бясплатнай агульнай адукацыі ў асн. (базавай 9-гадовай) школе ў межах гэтых стандартаў.
т. 2, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПО́РНАЯ ГЕАДЭЗІ́ЧНАЯ СЕ́ТКА,
сістэма замацаваных на мясцовасці арыенціраў, якія служаць апорнымі пунктамі пры здымках і геад. вымярэннях. Вылучаюць апорную геадэзічную сістэму планавую і вышынную. Планавая складаецца пераважна метадамі трыянгуляцыі і паліганаметрыі, узаемнае размяшчэнне яе пунктаў вызначаецца прамавугольнымі каардынатамі (X і Y); вышынная — метадам геам. нівеліравання. Выкарыстоўваецца пры вывучэнні формы Зямлі, складанні тапаграфічных картаў, інж. пошуках, у буд-ве і г.д., дзе неабходны дакладныя разлікі на мясцовасці.
А.В.Саломка.
т. 1, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНАЗІ́Т, цыкліт,
цыклічны шасціатамны спірт. Цвёрдае, салодкае на смак рэчыва. Малекулярная маса 180,2, т-ра плаўлення 225—227 °C, раствараецца ў вадзе, не раствараецца ў арган. растваральніках. У жывёльных і раслінных арганізмах пашыраны ў выглядзе фіцінавай к-ты і яе кальцыева-магніевай солі — фіціну. Для некат. мікраарганізмаў І. — неабходны фактар росту. Пры недахопе бялку ў арганізме папярэджвае атлусценне печані. Мае ўласцівасці вітаміну. Ужываецца з ежай; сутачная патрэбнасць чалавека 1—1,5 г.
т. 7, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́ЎНІК,
памяшканне для ўтрымання кароў і цялушак на фермах буйн. раг. жывёлы. Будуюць К. для прывязнога і беспрывязнога ўтрымання, а таксама буйныя спец. жывёлагадоўчыя комплексы для вытв-сці малака на прамысл. аснове. У К. прадугледжваюць аптымальны аб’ём памяшкання і неабходны мікраклімат. Для прывязнога і боксавага ўтрымання К. абсталёўваюць стойламі. Пры беспрывязным утрыманні на глыбокім подсціле К. абсталёўваюць секцыямі для сухастойных, навацельных, высокаўдойных кароў і дапаможнымі памяшканнямі (даільнае, малочнае і інш.).
т. 8, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВА-ТЭХНІ́ЧНЫ ПАТЭНЦЫЯ́Л,
сукупнасць навукова-тэхнічных кадраў, матэрыяльных, фін., інфарм. і інш. рэсурсаў, якія неабходны для стварэння і практычнай рэалізацыі дасягненняў навукова-тэхнічнага прагрэсу. У ’складзе Н.-т.п. вылучаюць элементы: кадры вучоных і спецыялістаў, іх здольнасць ствараць і эфектыўна выкарыстоўваць новыя дасягненні, што маюць тэхн., тэхнал., арганізац., эканам., сац. і інш. характар; неабходны ўзровень патэнтна-вынаходніцкай работы, узоры новай тэхнікі, вырабаў і тэхналогій, іх навізна і патэнцыяльная эфектыўнасць; тэхн. аснашчэнне і магчымасць навук., праектных, канструктарскіх арг-цый і вытв-сці, адпаведнасць іх сучасным задачам навукова-тэхнічнага прагрэсу; формы арг-цыі і метады кіравання навук.-тэхн. дзейнасцю, неабходныя для паскоранага і маштабнага развіцця і ўкаранення ў вытв-сць распрацаваных навук. ідэй і тэхн. рашэнняў. Развіццё сучаснай вытв-сці патрабуе прыцягнення ў сферу навук.-тэхн. дзейнасці вял. і пастаянна нарастаючых аб’ёмаў нац. рэсурсаў і фінансавання. Гэта абумоўлівае неабходнасць удасканалення механізма рэгулявання навук.-тэхн. дзейнасці, павышэння ролі дзярж. навук.-тэхн. палітыкі ў стварэнні, удасканаленні і эфектыўным выкарыстанні гэтага патэнцыялу. На Беларусі асн. частка Н.-т.п. сканцэнтравана ў вытв. галінах — прам-сці, сельскай гаспадарцы, буд-ве, транспарце, сувязі (62,6% паводле аб’ёму работ і 57,9% па колькасці спецыялістаў, занятых навук.-тэхн. дзейнасцю).
У.Р.Залатагораў.
т. 11, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АР’ЕРГА́РД (ад франц. arrière задні, тылавы + garde варта),
мотастралковая (танкавая) часць (падраздзяленне), прызначана для прыкрыцця войскаў у час іх адыходу або маршу ад фронту ў тыл. Ідзе следам за гал. сіламі. Задача ар’ергарду затрымаць наступаючыя сілы праціўніка, выйграць час, неабходны для адрыву гал. сіл, і забяспечыць ім планамерны адыход на новыя рубяжы. Склад. задачы і аддаленасць ар’ергарду ад гал. сіл залежыць ад памеру калоны і баявых абставін. Звычайна асн. сілы ар’ергарду ўзмацняюцца ці падтрымліваюцца інш. спец. падраздзяленнямі і авіяцыяй.
т. 1, с. 477
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́БЫЯ КАРМЫ́,
сухія раслінныя кармы (сена, салома, мякіна, сянаж, травяная мука, галінкавы корм) з адносна малой колькасцю пажыўных рэчываў. Маюць вады менш за 40%, сырой клятчаткі больш за 19%. Пажыўнасць 1 кг грубых кармоў — 0,1—0,65 карм. адзінкі. Скормліваюць жвачнай с.-г. жывёле, часам трусам. Грубыя кармы — неабходны кампанент зімовых рацыёнаў траваедных жывёл, спрыяюць нармальнаму страваванню і засваенню пажыўных рэчываў, адрозніваюцца хім. саставам і пажыўнасцю. Найб. значэнне мае сена, у якім ёсць амаль усе неабходныя для жывёлы пажыўныя рэчывы.
т. 5, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСІ́ЛІУМ (ад лац. consilium нарада, абмеркаванне),
нарада ўрачоў адной ці некалькіх спецыяльнасцей для ўдакладнення ці ўстанаўлення дыягназу хваробы і спосабаў лячэння. Неабходны ў выпадках няўпэўненасці ў дыягностыцы або спосабах лячэння, пры цяжкім стане хворага, пры накіраванні яго ў спецыялізаваныя ўстановы аховы здароўя. Найчасцей склікаецца па ініцыятыве ўрача, які лечыць, просьбе хворага і яго блізкіх, а таксама на аснове пастановы суд.-мед. органаў. Праводзіцца ў бальніцы, амбулаторна-паліклінічных і санаторных установах. Заключэнне К. заносіцца ў адпаведны мед. дакумент.
т. 7, с. 592
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБТУРА́ТАР (франц. obturater ад лац. obturare зачыняць),
1) прылада, з дапамогай якой у кінаапаратах перыядычна (на час, неабходны для змены кадра) перакрываецца светлавы паток, а таксама ажыццяўляецца мадуляцыя святла ў некаторых оптыка-мех. і фотаэл. прыборах. Адрозніваюць абтуратар з вярчальным рухам — дыскавыя, конусныя, цыліндрычныя і са зваротна-паступальным — шторныя; з люстраным пакрыццём або без яго. Абтуратар мае светлавыя адтуліны, праз якія святло праходзіць да кінаплёнкі.
2) Пругкі элемент у затворах гармат, які прыціскаецца пры выстрале да сценкі камеры і прадухіляе прарыў парахавых газаў.
т. 1, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНАЗІНФО́СФАРНЫЯ КІСЛО́ТЫ, іназінавыя кіслоты, іназінфасфаты,
кіслоты, у якіх ёсць рэшткі гіпаксанціну, рыбозы і 1,2 ці 3 рэшткі фосфарнай к-ты — іназіл-5-мона-, іназін-5′-ды- і іназін-5′-трыфосфарныя к-ты (ІМФ, ІДФ і ІТФ); нуклеатыды. Утвараюцца дэзамінаваннем адэназінфосфарных к-т. ІМФ — прамежкавы прадукт біясінтэзу пурынаў, папярэднік гуанілавай і адэнілавай к-т. ІДФ і ІТФ — макраэргічныя злучэнні, якія ў рэакцыях абмену рэчываў маюць значэнне высокаэнергетычнага субстрату. Утварэнне І.к. — неабходны этап біясінтэзу пурынавых нуклеатыдаў ў жывёльным арганізме; састаўная ч. мышачных і інш. тканак.
т. 7, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)