АНТЫФЕРМЕ́НТЫ
(ад анты... + ферменты),
спецыфічныя бялкі з групы антыметабалітаў, якія затрымліваюць або блакіруюць дзеянне ферментаў праз утварэнне з імі неактыўных комплексаў. Наяўнасць антыферментаў у органах і тканках ахоўвае іх ад разбуральнага ўздзеяння пэўных ферментаў (напр., сценкі страўніка і кішэчніка ад уздзеяння стрававальных ферментаў). Штучна сінтэзаваны лек. прэпараты, якія маюць уласцівасці антыферментаў, напр. эзерын, празерын, факурыт (дыякарб), трасілол і інш.
т. 1, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАРНЫ́Я КАНСТРУ́КЦЫІ,
металічныя канструкцыі будынкаў і збудаванняў, элементы якіх злучаны зваркай. У параўнанні з кляпанымі канструкцыямі маюць паніжаны расход металу, меншы кошт вырабу, большую герметычнасць швоў (што асабліва важна для трубаправодаў, рэзервуараў і г.д.). Недахопы: наяўнасць унутраных напружанняў і дэфармацый, карабачанне тонкіх элементаў. З.к. робяць пераважна дугавой зваркай, элементы значнай таўшчыні (30—50 мм і больш) — электрашлакавай зваркай.
т. 7, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМАФРАДЫТЫ́ЗМ,
двухполавасць, бісексуалізм, наяўнасць прыкмет мужчынскага і жаночага полу ў аднаго арганізма. Бывае натуральны, уласцівы вышэйшым і ніжэйшым раслінам (аднадомнасць, гоматалізм) і беспазваночным жывёлам (чэрві, малюскі, ракападобныя і інш.), і анамальны (заганы развіцця), які трапляецца і ў чалавека. Пры натуральным гермафрадытызме ў арганізме адначасова ўтвараюцца яйцы і сперматазоіды; здольнасцю да апладнення валодаюць абодва віды палавых клетак або адзін з іх. Анамальны гермафрадытызм — прыроджаная, у большасці выпадкаў генетычна абумоўленая паталогія, што ўзнікае пры парушэнні развіцця палавых залоз і іх гарманальнай дзейнасці; назіраецца ў чалавека і жывёл. Можа быць сапраўдны (наяўнасць палавых залоз абодвух полаў) і несапраўдны (псеўдагермафрадытызм), калі палавыя залозы сфарміраваны правільна, па мужчынскім або жаночым тыпе, але вонкавыя палавыя органы маюць прыкметы двухполавасці.
У чалавека сапраўдны гермафрадытызм трапляецца рэдка; характэрна наяўнасць яечніка і яечак або змешанай залозы, часцей мужчынскі набор палавых храмасом (46 XY). Другасныя палавыя прыкметы, як правіла, маюць элементы абодвух полаў. Гермафрадытызм несапраўдны бывае вонкавы і ўнутраны. Пры вонкавым мужчынскім гермафрадытызме ёсць мужчынскія палавыя залозы, а вонкавыя палавыя органы падобныя да жаночых; пры ўнутраным — побач з яечнікамі, недаразвітай прадстацельнай залозай і семявымі пузыркамі могуць быць матка і матачныя трубы. Зрэдку трапляюцца выпадкі жаночага несапраўднага гермафрадытызму, калі сфарміраваны яечнікі, а вонкавыя палавыя органы і другасныя палавыя прыкметы развіваюцца па мужчынскім тыпе. Лячэнне гермафрадытызму: аператыўная змена полу. Дзетанараджэнне немагчыма.
Літ.:
Савченко Н.Е. Гипоспадия и гермафродитизм. Мн., 1974;
Голубева И.В. Гермафродитизм. М., 1980.
М.Я.Саўчанка.
т. 5, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАСТЫЛІ́Я
(ад гетэра... + грэч. stylos слуп),
рознаслупкаватасць, наяўнасць у раслін аднаго віду дзвюх або трох форм кветак, якія адрозніваюцца па даўжыні слупкоў і размяшчэнні тычынак. Адпаведна і пыльнікі ў кароткаслупковых кветках размешчаны вышэй за рыльца, а ў доўгаслупковых — ніжэй. Трапляюцца таксама трыморфныя формы раслін — з каротка-, сярэдне- і доўгаслупковымі кветкамі, напр. у чальчаку вербалістага. Гетэрастылія ўскладняе самаапыленне і садзейнічае перакрыжаванаму апыленню.
т. 5, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МА-ДЭФЕКТАСКАПІ́Я,
метад неразбуральнага кантролю якасці вырабаў пры прасвечванні іх гама-выпрамяненнем. Заснаваны на залежнасці паглынання пранікальнага выпрамянення ад структуры матэрыялу. Дазваляе выявіць унутр. будову, наяўнасць, канфігурацыю і каардынаты дэфектаў у вырабах таўшчынёй да 250 мм. Вымярэнні праводзяць фотарадыеграфічным (найб. пашыраны), іанізацыйным, тэлевізійным і інш. метадамі. Выкарыстоўваецца ў судна- і авіябудаванні, металургіі, на буд-ве нафта- і газаправодаў і інш. Гл. таксама Дэфектаскапія.
т. 5, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РСІЯ
(ад позналац. versio відазмяненне, паварот),
1) адзін з варыянтаў выкладанняў, тлумачэнняў якога-небудзь факта, падзеі.
2) У следчай і судовай практыцы меркаванне (гіпотэза) следчага або суда пра наяўнасць ці адсутнасць падзей або фактаў з тых, што маюць значэнне для правільнага вырашэння справы і абгрунтавання на доказах і матэрыялах пэўнай крымін. справы, а таксама магчымае тлумачэнне іх узнікнення і характару.
т. 4, с. 106
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТ НА ПРА́ВА ВАЛО́ДАННЯ (КАРЫСТА́ННЯ) ЗЯМЛЁЙ,
дзярж. пасведчанне пра наяўнасць права на ўласнасць, валоданне або карыстанне зямельным участкам. Выдаецца мясц. Саветамі дэпутатаў, інш. дзярж. органамі Рэспублікі Беларусь. Складаецца ў 2 экзэмплярах: 1-ы экз. выдаецца ўласніку, землеўладальніку або землекарыстальніку, 2-і захоўваецца ў адпаведным Савеце дэпутатаў. Парадак перадачы зямельных участкаў у карыстанне, валоданне або адчужэнне іх у прыватную ўласнасць рэгулюецца дзярж. зямельным заканадаўствам.
Н.А.Карповіч.
т. 1, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСКУЛЬТА́ЦЫЯ
(ад лац. auscultatio слуханне, выслухванне),
метад даследавання ўнутраных органаў выслухваннем. Робіцца вухам ці спец. апаратамі — стэтаскопам або фанендаскопам. Пры аўскультацыі лёгкіх выслухваюць дыхальныя шумы, хрыпы, характэрныя для запаленчых працэсаў у бронхах або лёгачнай тканцы. Па змене тону, шумах у сэрцы мяркуюць пра стан сардэчнай дзейнасці. Артэрыі выслухваюць для вызначэння артэрыяльнага ціску. Аўскультацыя жывата выяўляе наяўнасць перыстальтыкі страўніка і кішэчніка, у цяжарных — сэрцабіцце плода. Аўскультацыяй карыстаюцца і ў ветэрынарыі.
т. 2, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМАЯТЭ́РМНЫЯ ЖЫВЁЛЫ
(ад грэч. homoios падобны, аднолькавы + thermē цяпло),
цеплакроўныя жывёлы, жывёлы з адносна пастаяннай, устойлівай т-рай цела. Да гамаятэрмных жывёл належаць птушкі і большасць млекакормячых. Характэрная рыса гамаятэрмных жывёл — наяўнасць у іх механізмаў тэрмарэгуляцыі — марфал., хім. (рэгуляцыя выпрацоўкі цяпла ў арганізме) і фіз. (рэгуляцыя цеплааддачы вонкаваму асяроддзю). У большасці гамаятэрмных жывёл т-ра цела ў розных відаў 35—45 °C. Гл. таксама Гетэратэрмныя жывёлы, Пайкілатэрмныя жывёлы.
т. 5, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫПАДКО́ВАЯ ПАДЗЕ́Я ў тэорыі імавернасцей,
падзея, якая пры выкананні пэўных умоў (правядзенні выпрабавання) можа як адбыцца, так і не адбыцца і для якой існуе пэўная імавернасць яе наступлення. Наяўнасць у выпадковай падзеі A пэўнай імавернасці p (0 ≤ p ≤ 1) тлумачыцца паводзінамі яе частаты: калі названае выпрабаванне ажыццяўляецца n разоў, а A з’яўляецца пры гэтым m разоў, то пры вялікіх n частата аказваецца блізкая да p. Гл. таксама Імавернасцей тэорыя.
т. 4, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)