БЕЛУДЖЫСТА́Н,
гістарычная вобласць у Азіі і на ПдУ Іранскага нагор’я. На Пд абмываецца Аравійскім морам. Пл. 0,5 млн. км². Нас. каля 4 млн. чал. (1990), пераважна народы белуджы (каля 75% усяго насельніцтва) і брагуі. Падзяляецца на Усх. Белуджыстан у складзе Пакістана і Зах. Белуджыстан — Ірана. Ускраіны на Пн у складзе Афганістана.
З стараж.-перс. і ант. крыніц вядома, што тэр. Белуджыстана насялялі мака, гедрозіі і інш. народы. У сярэднявеччы Белуджыстан паслядоўна ўваходзіў у склад Араб. халіфата, дзяржаў Газневідаў, Сельджукаў, Хулагуідаў, Цімурыдаў, Сефевідаў, Вял. Маголаў. У пач. 17 ст. на тэр. Белуджыстана ўзніклі феад. княствы, кіраўнікі якіх былі васаламі Сефевідаў і Вял. Маголаў. У 18 ст. тэр. Белуджыстана аб’яднана пад уладай Насір-хана Белуджы, васала афганскіх шахаў. Паводле дагавораў 1854, 1876 і 1879 Усх. Белуджыстан быў падначалены Вялікабрытаніі і ўвайшоў у склад Брыт. Індыі. Складаўся з Федэрацыі белуджскіх княстваў (пратэктарат пад ускосным брыт. кіраваннем) і каланіяльнага ўладання — т.зв. Брыт. Белуджыстан. Зах. Белуджыстан у 1849—57 быў уключаны ў склад Ірана, Усх. Белуджыстан у 1947—48 — у склад Пакістана.
т. 3, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЛА́САЎ Уладзімір Васілевіч
(каля 1661—64—1711),
рускі землепраходзец. Сібірскі казак. У 1697—99 здзейсніў паходы на Камчатку, заснаваў астрог Верхнекамчацкі, абклаў данінай мясц народы. У 1701 за далучэнне Камчаткі да Расіі атрымаў чын казацкага галавы. Упершыню рознабакова апісаў прыроду і насельніцтва Камчаткі, даў звесткі пра астравы і землі паблізу ад Камчаткі і Чукоцкага п-ва, пра Курыльскія а-вы і Японію. Забіты ў час бунту служылых людзей. Імем Атласава названы бухта і вулкан на Курыльскіх а-вах.
т. 2, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТРАСЛАВІ́ЗМ,
палітычная праграма перабудовы Аўстрыйскай імперыі (з 1867 Аўстра-Венгрыі), прапанаваная чэш. лібераламі ў 1840-я г. Прадугледжваў пераўтварэнне імперыі Габсбургаў у федэратыўную канстытуцыйную манархію, у межах якой чэхі і іншыя падуладныя аўстр. кароне слав. народы атрымалі б аўтаномію і роўныя нац. правы. Аўстраславізм узнік як рэакцыя на ням. нацыяналізм і спробы ўключыць слав. землі ў Германскі саюз. Абгрунтаванне, асн. прынцыпы і ідэі аўстраславізму распрацавалі публіцыст К.Гаўлічак-Бораўскі (1846) і гісторык Ф.Палацкі (1848). Як паліт. канцэпцыя большасці чэш. паліт. партый аўстраславізм існаваў да пач. 1-й сусв. вайны.
т. 2, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЕ́ЎСКІ
(Wasilewski) Леан (24.8.1870, С.-Пецярбург — 10.12.1936),
польскі публіцыст, гісторык, дыпламат. З 1896 дзеяч Польск. сацыяліст. партыі. Пасля яе расколу ў 1906 кіраўнік рэв. фракцыі. Рэдактар парт. выданняў «Przedświt» («Зара»), «Robotnica» («Работніца»). Друкаваўся пад псеўд. Л.Плахоцкі. У 1918—19 міністр замежных спраў Польшчы. З 1924 узначальваў Ін-т вывучэння навейшай гісторыі Польшчы, з 1929 рэдактар час. «Niepodległość» («Незалежнасць»). З 1931 старшыня Ін-та вывучэння нац.-вызв. спраў. У працах «Літва і яе народы» (1907), «Літва і Беларусь» (1912) і інш. даследаваў развіццё культуры і асветы, гісторыю бел. і літ. нац.-вызв. руху ў 19 — пач. 20 ст.
т. 4, с. 24
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРА́ЛЬНЫЯ КУ́ЛЬТЫ,
пакланенне нябесным свяцілам і з’явам. Вядомыя ў рознай ступені ўсім народам. Былі найб. распаўсюджаны ў Стараж. Двухрэччы, Егіпце і Стараж. Індыі, дзе храмы адначасова служылі і абсерваторыямі. У вавілонскай рэлігіі Месяц і 5 бачных няўзброеным вокам планет былі абвешчаны багамі і атрымалі ўласныя назвы (Сім — Месяц, Шамаш — Сонца, Мадрук — Юпітэр, Іштар — Венера, Нергал — Марс, Набу — Меркурый, Нінургу — Сатурн; пра Уран і Нептун народы стараж. свету не ведалі. На аснове астральных культаў у вавілонскай рэлігіі ўзніклі астралогія, варажба і рэліг. прароцтвы. Адлюстраваннем астральных культаў у хрысціянстве з’яўляюцца легенды пра віфлеемскую зорку і сем зорак у Апакаліпсісе.
т. 2, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУК Саламон Ільіч
(н. 1.7.1920, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),
рускі этнограф. Чл.-кар. АН СССР (1987), д-р геагр. н. (1965), праф. (1971). Засл. дз. нав. Расіі (1980). Скончыў Маскоўскі ун-т (1947). З 1956 у Ін-це этналогіі і антрапалогіі Расійскай АН. Распрацаваў тэарэт. прынцыпы, метады і спосабы этнічнага картаграфавання. Асн. працы па этнічнай геаграфіі і краіназнаўстве: «Колькасць і рассяленне народаў свету» (1962), «Насельніцтва зямнога шара» (1965), «Краіны і народы: Зямля і чалавецтва» і «Праблемы этнічнай геаграфіі і картаграфіі» (1978; усе ў сааўт.), «Насельніцтва свету: Этнадэмаграфічны даведнік» (2-е выд. 1986). Дзярж. прэмія СССР 1987.
т. 3, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕО́РГІ Іван Іванавіч
(Іаган Готліб; 31.12.1729, Памор’е, Польшча — 27.10.1802),
этнограф, прыродазнавец і падарожнік. Акад. Пецярбургскай АН (1783). Вучыўся ў К.Лінея. З 1770 у Пецярбургскай АН. У 1768—74 з экспедыцыяй наведаў ПдУ Расіі, Алтай, Забайкалле, Урал, Паволжа, абследаваў і склаў карту воз. Байкал, апісаў клімат, флору і фауну наваколля. Аўтар працы пра народы Расіі «Апісанне ўсіх народаў, якія пражываюць у Расійскай дзяржаве, а таксама іх жыццёвых абрадаў, веравызнанняў, звычак, вопраткі, жылля і іншых векапомнасцей» (ч. 1—3, 1776—77). Займаўся таксама хіміяй, медыцынай, гісторыяй навук. адкрыццяў у Расіі, Іране і інш.
Літ.:
Токарев С.А. История русской этнографии. М., 1966.
т. 5, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́БІЧ Ільдэфонс
(1890, в. Дзедзіна Мёрскага р-на Віцебскай вобл. — 28.4.1944),
бел. рэлігійны і культ. дзеяч. Скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю (1911). Вышэйшую духоўную адукацыю атрымаў у Рыме (1911—13). Дамогся папскага блаславення на выданне першай бел. каталіцкай газ. «Беларус», у якой супрацоўнічаў пад псеўданімам Пётра Просты. 27.7.1915 пасвячоны ў ксяндзы. Служыў у розных прыходах, быў настаўнікам у Віленскай бел. гімназіі, карыстаўся бел. мовай у пропаведзях. Аўтар працы на бел. мове «Нядзелішнія эванэліі і навукі» (т. 1—3, 1921—22), артыкулаў па рэліг. і культ. пытаннях, вершаў. Склаў 2 кнігі казанняў «Роднае слова ў касцёле» і «Навучайце ўсе народы» (у рукапісах).
І.І.Трацяк.
т. 3, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАМЛЕ́Й Юліян Уладзіміравіч
(21.2.1921, Масква — 4.6.1990),
рускі гісторык-славіст і этнограф. Акад. АН СССР (1976, чл.-кар. 1966), д-р гіст. н. (1965), праф. (1971). Скончыў Маскоўскі ун-т (1950). З 1966 дырэктар Ін-та этнаграфіі АН СССР. Чл. выканкома (1970—80) і віцэ-прэзідэнт (з 1980) Міжнар. саюза антрапал. і этнагр. навук; чл. Бюро Адміністрацыйнага савета (1968) і віцэ-прэзідэнт (з 1982) Міжнар. т-ва этналогіі і фальклору Еўропы. Даследаваў сярэдневяковую гісторыю Харватыі: «Сялянскае паўстанне 1573 г. ў Харватыі» (1959), «Станаўленне феадалізму ў Харватыі» (1964); тэорыю этнасу і энічных працэсаў, гісторыю першабытнага грамадства, тэарэт. пытанні і сучасную праблематыку этнагр. навукі: «Сучасныя праблемы этнаграфіі» (1981), «Нарысы тэорыі этнасу» (1983), «Тэарэтычная этнаграфія» (1984, на англ. мове), «Чалавецтва — гэта народы» (з Р.Р.Падольным, 1990) і інш. У этнагр. працах шырока выкарыстоўваў бел. матэрыял. Дзярж. прэміі СССР 1981, 1987.
т. 3, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́НБЛАТ Майсей Якаўлевіч
(29.3.1905, Мінск — 4.7.1983),
бел. этнограф, фалькларыст, гісторык. Канд. гіст. н. (1945). Скончыў Ленінградскі ун-т (1930). Працаваў акцёрам у трупе У.Галубка (1921—25). З 1930 у АН Беларусі: у Ін-це гісторыі (1931—41; 1945—56) і Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (1957—76), адначасова выкладаў у Мінскім пед. ін-це (1937—41) і БДУ (1939—41, 1945—55). Даследаваў духоўную і матэрыяльную культуру, грамадскі побыт, этнагенез беларусаў, бібліяграфію беларусазнаўства. Адзін з аўтараў даследавання «Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць» (1967), нарыса «Беларусы» ў кн. «Народы Еўрапейскай часткі СССР» (т. 1, 1964). Склаў зб. фальклору «Песні беларускага народа» (т. 1, 1940), «Радзінная паэзія» (1971), «Загадкі» (1972, з А.І.Гурскім), «Прыказкі і прымаўкі» (кн. 1—2, 1976), «Выслоўі» (1979).
Тв.:
Белорусы: Очерки происхождения и этнич. истории. Мн., 1968;
Беларуская этнаграфія і фалькларыстыка: Бібліягр. паказальнік. Мн., 1972.
Літ.:
Список основных работ М.Я.Гринблата // Сов. этнография. 1976. № 2.
А.С.Ліс.
т. 5, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)