ПРЫРО́ДЖАНЫЯ ПРЫКМЕ́ТЫ,

прыкметы, якія прысутнічаюць пры нараджэнні. Адрозніваюць спадчынныя і няспадчынныя. Спадчынныя падзяляюцца на нармальныя П.п. і прыроджаныя хваробы. Нармальныя П.п. (напр., першасныя палавыя прыкметы ў чалавека) з’яўляюцца вынікам уздзеяння аднаго або многіх генаў. Прыроджаныя хваробы абумоўлены геннымі, геномнымі або храмасомнымі мутацыямі, што атрыманы ад бацькоў (напр., праяўленне мутантнага гена, які перадаецца ў спадчыну ў пэўнай сям’і з пашкоджаннем тканак, органаў або сістэм органаў і інш.). Няспадчынныя П.п. развіваюцца пры ўздзеянні неспрыяльных фактараў навакольнага асяроддзя пры эмбрыягенезе (напр., павышаныя дозы радыяцыі, інфекц. захворванні, ужыванне цяжарнымі жанчынамі алкаголю, наркотыкаў) і характарызуюцца адхіленнямі ад нормы, напр., заганы развіцця.

Р.​Г.​Заяц.

т. 13, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАФІЛІ́Я (ад гема... + ...філія),

хвароба, выражаная ў схільнасці да крывацёку ад спадчыннага паніжэння згусання крыві. У хворых на гемафілію можа быць нястача тромбапласціну — антыгемафільнага глабуліну, VIII фактару згусання крыві (гемафілія A), плазмавага кампанента тромбапласціну — IX фактару (гемафілія B), X фактару згусання крыві (гемафілія C). Найчасцей бывае гемафілія A і B; хварэюць толькі мужчыны. Адрозніваюць цяжкую, сярэднюю і лёгкую формы гемафіліі. Цяжкая форма хваробы праяўляецца пры нараджэнні дзіцяці, лёгкая — пры траўмах, хірург. аперацыях. Пры гемафіліі працэс згусання крыві вельмі запаволены, пашкоджанне нават дробнага крывяноснага сасуда выклікае працяглы крывацёк. Бывае кровазліццё ў мышцы, суставы, крывацёк са слізістых, нырак, страўнікава-кішачнага тракту і інш. Лячэнне: пераліванне крыві, антыгемафільнай плазмы і спец. прэпаратаў.

т. 5, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРАМО́ВА РУСІ́НА»

(«Concio Ruthena»),

бел. ананімны сатырычны твор 1-й пал. 18 ст. антырэліг. накіраванасці. Уваходзіла ў рукапісны зборнік твораў на бел., лац. і польскай мовах (нап. 1711—41). Напісана лацінкай на бел. гутарковай мове. У аснове твора апавяданне пра будову Сусвету, які ўяўляецца аўтару ў выглядзе жорнаў, дзе бог «перамолвае» людзей. У «Прамове» крытыкуюцца тагачасная рэчаіснасць, несправядлівы падзел матэрыяльных даброт, выкрываюцца рэліг. догмы і вера ў боскую справядлівасць. У творы адчуваецца рэліг. вальнадумства, выкарыстана барочная алегорыя. Належыць, відаць, аўтару «Другой прамовы Русіна аб нараджэнні Хрыста».

Публ.:

Прамова Русіна... // Полымя. 1965. №9.

Літ.:

Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 1. Мн.,1968;

Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии. Мн., 1978;

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.

т. 13, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАСАЦЫЯГЕНЕ́З,

інтэгральнае паняцце, выпрацаванае тэарэтычным навук. мысленнем для цэласнага разумення чалавека ў яго гіст. і індывід, развіцці. Дае магчымасць: пазбегнуць аднабаковых тлумачэнняў паходжання чалавека (з пазіцый антрапа- і сацыягенезу, біялагізатарства, расізму, нацыяналізму); разглядаць пачатак чалавечай гісторыі ў дынаміцы эвалюцыйна-біял. перадумоў і матэрыяльна-дзейнасных фактараў гамінізацыі; зразумець прыроду як «неарганічнае цела» чалавека, што фарміруецца ў гіст. працэсе грамадства.

Выкарыстанне прынцыпу гістарызму да антрапалагічных праблем дае магчымасць раскрыць сац. сутнасць матэрыяльнага (фізічнага, біялагічнага) цела чалавека на ўзроўні яго філа- і антагенезу. Вял. мозг, рукі, здольнасць прама хадзіць, мысліць, гаварыць і інш. ўласцівыя чалавеку рысы — усё гэта жывая матэрыя, прырода. У той жа час гэта прырода чалавека фарміруецца самім соцыумам у працэсе яго гіст. развіцця. Дзіця пры нараджэнні атрымлівае ў спадчыну матэрыяльныя формы і задаткі чалавека, але самі па сабе яны яшчэ не робяць яго чалавекам. Ці стане мысліць і гаварыць дзіця, аб чым яно будзе мысліць і на якой мове размаўляць — усё залежыць ад сац. умоў жыцця. Антрапасацыягенез мае на мэце і даследаванне перспектыў змены матэрыяльных формаў і патэнцый чалавека ў працэсе натуральна-гіст. развіцця соцыуму, яго дэфармацыі і дэградацыі.

Літ.:

Ефимов Ю.И. Философские проблемы теории антропосоциогенеза. Л., 1981;

Проблемы современной антропологии. Мн., 1983;

Поршнев Б.Ф. О начале человеческой истории. М., 1974.

А.​І.​Пятрушчык.

т. 1, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭЗІДЭ́НТ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

найвышэйшая службовая асоба ў Рэспубліцы Беларусь, кіраўнік бел. дзяржавы. Пасада ўведзена Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994. Статус Прэзідэнта ўстаноўлены Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), прынятай на рэсп. рэферэндуме 24.11.1996. Прэзідэнт з’яўляецца гарантам Канстытуцыі, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, увасабляе адзінства народа, ажыццяўляе рэалізацыю асн. кірункаў унутр. і знешняй палітыкі, прадстаўляе дзяржаву ў зносінах з інш. дзяржавамі і міжнар. арг-цыямі, прымае меры па ахове суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе нац. бяспекі і тэр. цэласнасці, забяспечвае паліт. і эканам. стабільнасць, пераемнасць і ўзаемадзеянне органаў дзярж. улады, з’яўляецца Галоўнакамандуючым Узбр. Сіламі дзяржавы. Асобе Прэзідэнта нададзена прававая недатыкальнасць, яго гонар і годнасць ахоўваюцца законам. Прэзідэнтам можа быць выбраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнні, не маладзейшы за 35 гадоў, які валодае выбарчым правам і пастаянна пражывае ў Беларусі не менш як 10 гадоў непасрэдна перад выбарамі. Прэзідэнт выбіраецца на 5 гадоў на аснове ўсеаг. выбарчага права пры тайным галасаванні. Адна і тая ж асоба можа займаць гэту пасаду не больш як 2 тэрміны. Парадак вылучэння кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта і яго выбараў рэгламентуецца Канстытуцыяй і Выбарчым кодэксам. Кампетэнцыя Прэзідэнта, яго паўнамоцтвы і абавязкі замацаваны ў арт. 84—86 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Законе аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Першым Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 10.7.1994 абраны А.Р.Лукашэнка, 9.9.2001 ён перавыбраны на другі тэрмін.

Г.​А.​Маслыка.

т. 13, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАДЗЯ́НСТВА,

прававая прыналежнасць асобы да пэўнай дзяржавы. У сілу грамадзянства на чалавека распаўсюджваюцца законы дзяржавы, грамадзянскія правы і абавязкі, а дзяржава ў сваю чаргу абараняе і апякае яго на сваёй тэрыторыі і па-за яе межамі. У дзяржавах з манархічнай формай праўлення тэрмін «грамадзянства» ўжываецца ў значэнні «падданства».

Грамадзянства Рэспублікі Беларусь — неад’емны атрыбут яе дзярж. суверэнітэту. Грамадзянамі Беларусі з’яўляюцца асобы, якія пастаянна пражывалі на тэр. Беларусі на дзень набыцця сілы Закона «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» ад 18.10.1991 або атрымалі яе грамадзянства ў адпаведнасці з гэтым Законам. Грамадзянства Рэспублікі Беларусь з’яўляецца роўным для ўсіх грамадзян незалежна ад падстаў яго набыцця. Дакументам, які сведчыць аб грамадзянстве, з’яўляецца пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Грамадзянін не можа быць пазбаўлены грамадзянства, як і ніхто з грамадзян краіны не можа быць адвольна пазбаўлены права змяніць грамадзянства. Набываецца грамадзянства па нараджэнні, у выніку прыёму ў грамадзянства, на інш. падставах, прадугледжаных міжнар. дагаворамі Рэспублікі Беларусь ці яе заканадаўствам аб грамадзянстве. Пражыванне грамадзяніна на тэр. інш. дзяржавы само па сабе не вядзе да страты грамадзянства. Грамадзянін не можа быць выдадзены інш. дзяржаве, калі гэта не прадугледжана міжнар. дагаворамі Беларусі. Спыняецца з прычыны выхаду з грамадзянства, з прычыны страты грамадзянства, на інш. падставах, прадугледжаных законам. Выхад з грамадзянства ажыццяўляецца па хадайніцтве асобы ў прадугледжаным законам парадку. Грамадзянства страчваецца, калі асоба набыла грамадзянства інш. дзяржавы ці паступіла на ваен. службу, у праваахоўныя і інш. дзярж. органы замежнай дзяржавы або калі грамадзянства Рэспублікі Беларусь было атрымана ёю незаконным шляхам.

С.​У.​Скаруліс.

т. 5, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСЕЛЕРА́ЦЫЯ, акцэлерацыя,

1) у антрапалогіі і медыцыне — паскарэнне тэмпаў росту і развіцця дзяцей і падлеткаў у параўнанні з папярэднімі пакаленнямі. Назіраецца ў апошнія 100—150 гадоў часцей у эканамічна развітых краінах, сярод усіх сац. груп насельніцтва. Тэрмін увёў ням. вучоны Э.​Кох (1935). У фіз. адносінах акселерацыя праяўляецца ў тым, што на кожным узроставым этапе сучасныя дзеці вышэйшыя і буйнейшыя за сваіх равеснікаў з мінулых гадоў. Напр., рост дзяцей пры нараджэнні павялічыўся ў сярэднім на 0,5—1 см, маса цела — на 100—800 г. Падваенне масы цела адбываецца ў 4—5 месяцаў, а не ў 5—6, як раней, змена малочных зубоў пастаяннымі не ў 6—7, а ў 5—6 гадоў. Паскорыліся тэрміны акасцянення шкілета, больш высокімі сталі паказчыкі фіз. развіцця. Канчатковых паказчыкаў росту дзяўчынкі дасягаюць да 16—17, юнакі — да 18—19 гадоў (раней адпаведна да 20—22 і 20—25 гадоў). На 1—2 гады раней адзначаецца палавая спеласць. Адзінай трактоўкі прычын акселерацыі не існуе. Акселерацыю тлумачаць уплывам на арганізм фіз.-хім. фактараў (сонечнай і касм. радыяцыі, магнітнага поля і інш.), генет. тэорыяй цыклічных біяхім. змен, гетэрозісу, уплывам сац.-эканам. умоў жыцця. З 1980-х г. тэмпы акселерацыі пачалі замаруджвацца, аднак з’ява акселерацыі выклікае шэраг новых медыка-біял., сац., прававых і юрыд. задач.

2) У біялогіі — паскарэнне фарміравання асобных частак зародкаў на пэўнай стадыі развіцця. Напр., ранняе развіццё ротавага апарата ў рыб і бясхвостых амфібій, якое забяспечвае ім жыўленне пасля вычэрпвання запасаў жаўтка ў яйцы.

т. 1, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЦЬКО́ЎСКІЯ ПРАВЫ́ І АБАВЯ́ЗКІ,

сукупнасць асабістых, маёмасных правоў і абавязкаў бацькоў у іх узаемаадносінах з непаўналетнімі дзецьмі. Прадугледжаны і гарантуюцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Кодэксам аб шлюбе і сям’і. Першарадная роля ў сямейным жыцці належыць асабістым адносінам паміж бацькамі і дзецьмі. Бацькі або асобы, якія іх замяняюць, маюць права і абавязаны выхоўваць дзяцей, клапаціцца пра іх здароўе, фізічнае і духоўнае развіццё і навучанне. Асабістымі правамі бацькоў з’яўляюцца: прысваенне імя і прозвішча; выхаванне, прадстаўніцтва і абарона інтарэсаў дзяцей. У працэсе выхавання правы і абавязкі бацькоў і дзяцей з’яўляюцца ўзаемнымі. Дзеці павінны выконваць патрабаванні бацькоў, маюць права на належнае сямейнае выхаванне. Бацькоўскія правы не могуць ажыццяўляцца ў супярэчнасці з інтарэсамі дзяцей. Дзеці не павінны падвяргацца жорсткаму абыходжанню або знявазе, прыцягвацца да работ, якія могуць нанесці шкоду іх фізічнаму, разумоваму або маральнаму развіццю. Пры неналежным выкананні бацькамі або адным з іх абавязкаў па выхаванні або пры злоўжыванні бацькоўскімі правамі дзеці маюць права звярнуцца ў органы апекі і папрасіць абароны сваіх правоў і інтарэсаў. Бацька і маці маюць роўныя правы і абавязкі ў адносінах да сваіх дзяцей нават пасля скасавання шлюбу. Пры ўзнікненні спрэчак у такіх выпадках парадак удзелу ў выхаванні дзяцей вызначаецца органамі апекі; кожны з бацькоў мае права звярнуцца ў суд. Бацькі з’яўляюцца прадстаўнікамі сваіх непаўналетніх дзяцей і выступаюць у абарону іх правоў і інтарэсаў ва ўсіх установах, у т. л. судовых, без асаблівага паўнамоцтва; ім дастаткова прад’явіць пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці, з якога вынікае, што асоба сапраўды з’яўляецца яго бацькам або маці. Выкананне бацькамі сваіх правоў і абавязкаў здзяйсняецца да дасягнення дзецьмі 18 гадоў. Выхаваўчы ўплыў бацькоў на паўналетніх дзяцей ужо не мае прававога характару. Пазбаўленне бацькоўскіх правоў з-за наўмыснага парушэння і невыканання абавязкаў па выхаванні дзяцей праводзіцца паводле судовага рашэння.

Літ.:

Нечаева А.М. Брак, семья, закон. М., 1984.

В.​В.​Левы.

т. 2, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМЯРОТНАСЦЬ І ПРАЦЯГЛАСЦЬ ЖЫЦЦЯ.

Змены ў смяротнасці і працягласці жыцця на Беларусі ў 20 ст., як і ў інш. краінах, у значнай ступені вызначаліся агульнасусветным працэсам — эпідэміялагічным пераходам, тэорыя якога сцвярджае, што ў аснове зніжэння смяротнасці ляжыць паступовае ўстараненне экзагенных фактараў смяротнасці і ўсё больш поўная рэалізацыя эндагеннага патэнцыялу здароўя чалавека. На Беларусі эпідэміялагічны пераход пачаўся пазней, чым у краінах Зах. Еўропы, развіваўся ў супярэчлівых умовах і яшчэ не завершаны. 1-я і 2-я сусв. войны, рэвалюцыі, інтэрвенцыі і акупацыі перарывалі заканамерны ход дэмаграфічнага развіцця. У 20 ст. ў краіне былі толькі 2 перыяды зніжэння смяротнасці: у 1923—28 (перыяд нэпа) і ў 1950—60. У пач. 1950-х г. смяротнасць у маладых узростах знізілася, а працягласць жыцця вырасла ў выніку ўкаранення ў практыку аховы здароўя антыбіётыкаў. У 1960-я г. адставанне ў эпідэміялагічным пераходзе ад найб. развітых краін скарацілася: дзіцячая смяротнасць зменшылася да 25 на 1000 народжаных; працягласць жыцця вырасла да 69 гадоў у мужчын і 76 гадоў у жанчын. 1970-я г. адзначаны даволі значным зніжэннем чаканай працягласці жыцця, асабліва ў мужчын — з 68,1 года ў 1970 да 65,9 года ў 1980 (у жанчын розніца склала 0,3 года). Пасля 1980 працягласць жыцця паступова павялічвалася і ў 1985 дасягнула свайго максімуму — 67,4 года ў мужчын і 77,2 года ў жанчын (гл. табл. 11), што было звязана з тагачаснай антыалкагольнай кампаніяй. Аднак пазітыўны эфект гэтай кампаніі быў кароткачасовы і ў хуткім часе змяніўся новым ростам смяротнасці. З 1990 па 2002 працягласць жыцця зменшылася ў мужчын з 66,3 года да 62,3, у жанчын — з 75,6 года да 74,1 года. Рост смяротнасці ў сельскай мясцовасці быў большы, чым у гарадах. На працягу 1972—82 працягласць жыцця мужчын у сельскай мясцовасці знізілася на 3,4 года, у гарадах — на 1,7 года, жанчын адпаведна 1,1 і 0,3 года. У 2002 яна склала для мужчын, якія жывуць на вёсцы, 58,5 года, у горадзе — 63,9 года, для жанчын адпаведна 71,9 і 75,1 года. Асноўнымі фактарамі, якія садзейнічаюць захаванню гэтай розніцы, з’яўляецца слабае развіццё аховы здароўя і інфраструктуры на сяле, міграцыя найб. актыўных і працаздольных узроставых груп, вял. ўжыванне алкаголю, высокая смяротнасць у сельскай мясцовасці ад няшчасных выпадкаў і інш.

На Беларусі існуе даволі значная дыферэнцыяцыя чакаемай працягласці жыцця пры нараджэнні паводле полу. У 2002 розніца паміж працягласцю жыцця мужчын і жанчын склала 11,8 года, што тлумачыцца адрозненнямі ў іх складзе жыцця. Мужчыны часцей за жанчын заняты на работах з цяжкімі і шкоднымі ўмовамі працы, яны больш злоўжываюць алкаголем і курэннем.

З 1990 вядучае месца ў структуры агульнай смяротнасці насельніцтва Беларусі займаюць хваробы сістэмы кровазвароту, злаякасныя новаўтварэнні (іх павелічэнне звязана з забруджваннем навакольнага асяроддзя, ростам фізічных і псіхалагічных нагрузак і інш.), хваробы органаў дыхання, няшчасныя выпадкі, забойствы, самазабойствы і інш. вонкавыя ўздзеянні. Сярод прычын смерці (гл. табл. 12) павялічылася доля смярцей ад хвароб сістэмы кровазвароту (з 50,8% у 1990 да 54% у 2002), ад няшчасных выпадкаў, забойстваў, самазабойстваў і інш. вонкавых уздзеянняў (з 9,3% у 1990 да 11,7% у 2002); паменшылася — ад новаўтварэнняў (з 16,1% у 1990 да 13,2% у 2002) і ад хвароб органаў дыхання (з 6,9% у 1990 да 4,3% у 2002).

Дзіцячая смяротнасць. У сістэме паказчыкаў агульнай смяротнасці насельніцтва дзіцячая смяротнасць значна вышэйшая на першым годзе жыцця, таму ад яе ўзроўню залежыць далейшы памер сярэдняй чакаемай працягласці жыцця. Неспрыяльныя тэндэнцыі ў дынаміцы дзіцячай смяротнасці на Беларусі адзначаліся ў 1990—95. За гэты перыяд яна вырасла з 11,9 да 13,3 на 1000 народжаных. З 1996 узровень дзіцячай смяротнасці паступова зніжаецца (з 12,5‰ у 1996 да 9,3‰ у 2000) і ў 2002 зарэгістраваны самы нізкі яе ўзровень — 7,8 на 1000 народжаных (гл. табл. 13). Смяротнасць хлопчыкаў на першым годзе жыцця перавышае смяротнасць дзяўчынак. У 1960-я г. з кожнай 1000 народжаных хлопчыкаў на першым годзе жыцця памірала на 8 больш, чым з кожнай 1000 народжаных дзяўчынак. У наш час гэта розніца паступова зніжаецца і ў 2002 складала 2 хлопчыкі. Асноўнымі прычынамі смяротнасці дзяцей да 1 года з’яўляюцца прыроджаныя анамаліі (у 1999—40%, 2000—30%, 2002—34,4%) і асобны стан, што ўзнікае ў перынатальным перыядзе (асфіксія, расстройствы дыхання і інш.; 1999—35,9%, 2000 — 29,9%, 2002—32,2%). Яны складаюць больш за 65% усіх прычын смерці дзяцей на першым годзе жыцця. Зніжэнне дзіцячай смяротнасці ў 2-й пал. 1990-х г. — вынік развіцця медыцыны і аховы здароўя, паляпшэння дародавага назірання за цяжарнымі жанчынамі, павышэнне эфектыўнасці родадапамогі, догляду неданошаных дзяцей і інш. Каэфіцыент смяротнасці дзяцей да 5 гадоў на Беларусі ў 2000 склаў 12,3 на 1000 народжаных (у 1990—15,2). Гэты паказчык дзіцячай смяротнасці на Беларусі адзін з самых нізкіх у СНД (7,6 на 1000 народжаных), аднак значна вышэйшы, чым у большасці краін Еўропы, ЗША, Канадзе, Японіі, дзе дзіцячая смяротнасць складае 4—6‰.


Табліца 11
Чакаемая працягласць жыцця пры нараджэнні (колькасць гадоў)
Перыяд, для якога вылічаны паказчык Усё насельніцтва Мужчыны Жанчыны
1896 38,0 37,0 38,0
1926 53,0 51,0 55,0
1958—1959 70,3 66,2 73,5
1970—1971 72,5 68,1 76,0
1978—1979 71,4 66,3 75,9
1980—1981 71,1 65,9 75,7
1982—1983 71,3 66,0 75,9
1984—1985 72,6 67,4 77,2
1986—1987 72,0 67,3 76,0
1988 71,7 67,0 75,9
1989 71,8 66,8 76,4
1990 71,1 66,3 75,6
1991 70,7 65,5 75,5
1992 70,3 64,9 75,4
1993 69,2 63,8 74,4
1994 68,9 63,5 74,3
1995 68,6 62,9 74,3
1996 68,6 63,0 74,3
1997 68,5 62,9 74,3
1998 68,4 62,7 74,4
1999 67,9 62,2 73,9
2000 69,0 63,4 74,7
2001 68,5 62,8 74,5
2002 68,0 62,3 74,1

Табліца 12
Смяротнасць паводле асноўных прычын смерці, у %
Гады Хваробы сістэмы кровазвароту Новаўтварэнні Няшчасныя выпадкі, забойствы, самазабойствы і інш. вонкавыя ўздзеянні Хваробы органаў дыхання
усяго мужчын жанчыны усяго мужчын жанчыны усяго мужчын жанчыны усяго мужчын жанчыны
1990 50,8 44,4 57,0 16,1 18,9 13,5 9,3 15,0 4,0 6,9 7,8 5,9
1991 48,6 43,6 53,3 15,8 18,6 13,1 9,7 15,3 4,3 5,9 7,1 4,8
1992 47,7 42,6 52,8 16,3 19,0 13,6 10,6 16,8 4,4 5,3 6,3 4,3
1993 49,5 44,5 54,6 14,8 17,4 12,1 10,5 16,4 4,5 5,5 6,7 4,3
1994 49,5 44,4 54,7 14,6 17,2 12,0 11,0 17,3 4,6 5,2 6,5 3,8
1995 49,3 44,7 54,1 14,6 16,9 12,2 11,3 17,1 5,0 5,1 6,4 3,6
1996 49,6 45,2 54,3 14,3 16,7 11,9 11,5 17,6 5,1 5,0 6,3 3,6
1997 50,4 47,2 55,2 14,3 17,1 11,9 11,5 17,9 5,3 5,1 6,8 3,5
1998 52,0 47,3 57,8 14,4 16,6 12,2 12,3 18,7 5,6 5,0 6,5 3,5
1999 53,0 47,2 59,3 14,1 16,0 11,9 12,0 18,2 5,3 5,1 6,6 3,5
2000 53,7 47,8 60,0 14,5 16,6 12,2 11,7 17,7 5,2 4,9 6,5 3,3
2001 54,7 48,9 61,1 14,0 15,7 12,1 11,9 17,9 5,2 4,6 6,2 2,9
2002 54,0 49,1 59,5 13,2 14,8 11,4 11,7 17,3 5,3 4,3 5,9 2,6

Табліца 13
Дзіцячая смяротнасць
Гады Памерла ва ўзросце да 1 года, чалавек Каэфіцыент дзіцячай смяротнасці (на 1000 народжаных)
усяго хлопчыкі дзяўчынкі усяго хлопчыкі дзяўчынкі
1960 7042 4051 2991 34,9 39,3 30,8
1970 2738 1632 1106 18,8 21,7 15,5
1980 2506 1467 1039 16,3 18,5 13,8
1985 2402 1390 1012 14,5 16,4 12,6
1990 1717 1031 686 11,9 14,1 10,0
1991 1616 963 653 12,1 14,1 10,3
1992 1584 936 648 12,3 14,3 10,4
1993 1487 882 605 12,5 14,6 10,6
1994 1473 825 648 13,2 14,5 12,1
1995 1362 824 538 13,3 15,6 10,9
1996 1210 707 503 12,5 14,2 10,7
1997 1127 669 458 12,4 14,4 10,4
1998 1041 637 404 11,3 13,3 9,1
1999 1064 645 419 11,5 13,5 9,3
2000 872 513 359 9,3 10,7 7,9
2001 839 483 356 9,1 10,2 8,0
2002 695 397 298 7,8 8,7 6,9

т. 18, кн. 2, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭЗІДЭНТ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Прэзідэнт з’яўляецца кіраўніком дзяржавы, гарантам Канстытуцыі, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Ён увасабляе адзінства народа, гарантуе рэалізацыю асн. кірункаў унутр. і знешняй палітыкі, прадстаўляе Рэспубліку Беларусь у адносінах з інш. дзяржавамі і міжнар. арганізацыямі; прымае меры па ахове суверэнітэту краіны, яе нац. бяспекі і тэр. цэласнасці, забяспечвае паліт. і эканам. стабільнасць, пераемнасць і ўзаемадзеянне органаў дзярж. улады, ажыццяўляе пасрэдніцтва паміж імі. Прэзідэнтам можа быць выбраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнні, не маладзей за 35 гадоў, які валодае выбарчым правам і пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь не менш як 10 гадоў непасрэдна перад выбарамі. Прававой асновай для выбараў Прэзідэнта з’яўляюцца Канстытуцыя, Выбарчы кодэкс і некаторыя інш. прававыя акты Рэспублікі Беларусь. Выбары прызначае Палата прадстаўнікоў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь не пазней як за 5 мес, яны праводзяцца не пазней як за 2 мес да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў папярэдняга Прэзідэнта. Кандыдаты на пасаду Прэзідэнта (іх колькасць не абмяжоўваецца) вылучаюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь пры наяўнасці не менш як 100 тыс. подпісаў выбаршчыкаў. Рэгістрацыю кандыдатаў у Прэзідэнты ажыццяўляе Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэсп. рэферэндумаў. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь, паліт. партыям, грамадскім аб’яднанням, прац. калектывам, давераным асобам кандыдатаў у Прэзідэнты даецца права свабодна і ўсебакова абмяркоўваць выбарчыя праграмы кандыдатаў, іх паліт., дзелавыя і асабістыя якасці, праводзіць агітацыю за іх або супраць на сходах, мітынгах, тэлебачанні і радыё, у друку, у час сустрэч з выбаршчыкамі. Прэзідэнт выбіраецца непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь тэрмінам на 5 гадоў на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні ў парадку, устаноўленым Законам Рэспублікі Беларусь «Аб выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Ён заступае на пасаду пасля прынясення Прысягі ў прысутнасці дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі, суддзяў Канстытуцыйнага суда, Вярх. суда і Вышэйшага гасп. суда не пазней як праз 2 мес з дня выбрання. Кампетэнцыя, арганізацыя і парадак дзейнасці Прэзідэнта вызначаюцца Канстытуцыяй і Законам Рэспублікі Беларусь «Аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь» (1995, у новай рэдакцыі закона ад 7.7.1997). Першым Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 10.7.1994 абраны А.​Р.​Лукашэнка, 9.9.2001 ён перавыбраны на другі тэрмін.

Прэзідэнт ажыццяўляе сваю дзейнасць з мэтай развіцця Рэспублікі Беларусь як дэмакр. сац. прававой дзяржавы, паляпшэння яе эканам. становішча, павышэння дабрабыту народа і на аснове прынцыпаў роўнасці сац., нац. і інш. супольнасцей, абароны правоў і інтарэсаў чалавека, забеспячэння роўнасці кожнага перад законам. Толькі Прэзідэнт можа прызначаць рэсп. рэферэндум (нар. галасаванне), чарговыя і нечарговыя выбары ў Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нац. сходу Рэспублікі Беларусь і мясц. прадстаўнічыя органы, датэрмінова спыняць паўнамоцтвы палат Парламента (адзін са спосабаў вырашэння канфлікту паміж заканад. і выканаўчай уладамі). Прэзідэнт мае права самастойна або ва ўзаемадзеянні з інш. органамі прызначаць на пасады кіраўнікоў дзярж. органаў. Ён прызначае 6 членаў Цэнтр. камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэсп. рэферэндумаў. Прэзідэнт мае права ствараць, скасоўваць або рэарганізоўваць свой рабочы орган — Адміністрацыю Прэзідэнта, органы дзярж. кіравання і кансультатыўна-дарадчыя органы пры Прэзідэнце. Прэзідэнт са згоды Палаты прадстаўнікоў прызначае на пасаду Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь. У выпадку двухразовай адмовы Палаты прадстаўнікоў у дазволе на назначэнне Прэм’ер-міністра Прэзідэнт мае права прызначыць выконваючага абавязкі Прэм’ер-міністра, распусціць Палату прадстаўнікоў і прызначыць новыя выбары. Прэзідэнт вызначае структуру Урада, прызначае і вызваляе ад пасады намеснікаў Прэм’ер-міністра і інш. членаў Урада, прымае іх адстаўку. Са згоды Савета Рэспублікі Прэзідэнт прызначае на пасады: Старшыню Канстытуцыйнага суда, Старшыню і суддзяў Вярх. суда, Старшыню і суддзяў Вышэйшага гасп. суда Рэспублікі Беларусь з ліку суддзяў гэтых судоў, Старшыню Цэнтр. камісіі па выбарах і правядзенні рэсп. рэферэндумаў, Генеральнага пракурора, Старшыню і членаў Праўлення Нац. банка. З улікам роўнага ўдзелу Прэзідэнта і Парламента ў фарміраванні Канстытуцыйнага суда ён самастойна вырашае пытанне аб прызначэнні 6 з 12 суддзяў Канстытуцыйнага суда. Прэзідэнт таксама прызначае і вызваляе ад пасады Старшыню Камітэта дзярж. кантролю.

Прэзідэнт звяртаецца з пасланнямі да народа Рэспублікі Беларусь аб становішчы ў краіне і аб асн. кірунках унутр. і знешняй палітыкі, са штогадовымі пасланнямі — да Парламента. Ён мае права ўдзельнічаць у рабоце Парламента і яго органаў, старшынстваваць на пасяджэннях урада. Прэзідэнт вырашае пытанні, звязаныя з прыёмам у грамадзянства Рэспублікі Беларусь, яго спыненнем і прадастаўленнем прытулку. Ён устанаўлівае дзярж. святы і святочныя дні, правамоцны ўзнагароджваць дзярж. ўзнагародамі, прысвойваць класныя чыны і ганаровыя званні, ажыццяўляць памілаванне асуджаных. Прэрагатывай Прэзідэнта з’яўляецца вядзенне перагавораў і падпісанне міжнар. дагавораў, назначэнне і адкліканне дыпламат. прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь у замежных дзяржавах і пры міжнар. арганізацыях, прыём даверчых і адзыўных грамат акрэдытаваных пры ім дыпламат. прадстаўнікоў замежных дзяржаў. У выпадку стыхійнага бедства, катастрофы або беспарадкаў, што суправаджаюцца гвалтам ці пагрозай гвалту з боку групы асоб і арганізацый, у выніку якіх узнікае небяспека жыццю і здароўю людзей, тэр. цэласнасці і існаванню дзяржавы, Прэзідэнт уводзіць на тэр. краіны або ў асобных яе мясцовасцях надзвычайнае становішча. Прынятае Прэзідэнтам рашэнне аб увядзенні надзвычайнага становішча ў трохдзённы тэрмін уносіцца на зацвярджэнне Савета Рэспублікі. У выпадках, прадугледжаных законам, Прэзідэнт мае права адкласці правядзенне забастоўкі (не больш як на 3 мес), адмяняць акты Урада. З мэтай забеспячэння прынцыпу раздзялення ўлад, узаемнага стрымлівання і ўзаемаўплыву заканад. і выканаўчай улад Прэзідэнт падпісвае ўсе законы. Ён ажыццяўляе кантроль за выкананнем заканадаўства мясц. органамі кіравання і самакіравання. Прэзідэнт фарміруе і ўзначальвае Савет бяспекі Рэспублікі Беларусь, прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады дзяржаўнага сакратара Савета Рэспублікі. Ён з’яўляецца Галоўнакамандуючым Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь, прызначае на пасады і вызваляе ад пасад вышэйшае камандаванне Узбр. Сіл і ў выпадку ваеннай пагрозы ўводзіць на тэр. Беларусі надзвычайнае становішча, аб’яўляе поўную або частковую мабілізацыю з унясеннем у трохдзённы тэрмін прынятага рашэння на зацвярджэнне Савета Рэспублікі. У выпадку нечаканага ўварвання ўзбр. сіл на тэр. Беларусі або наўмыснага ўварвання ў яе паветраную прастору ён мае права аддаць загад аб пачатку ваен. дзеянняў без аб’яўлення вайны. Прэзідэнт валодае правам заканадаўчай ініцыятывы, выдае ўказы, распараджэнні і дэкрэты, якія маюць абавязковую сілу на тэр. Беларусі. Ён можа ў любы час падаць у адстаўку, якая прымаецца Палатай прадстаўнікоў, або датэрмінова быць вызвалены ад пасады на падставе і ў адпаведнасці з заканадаўствам. У выпадку вакансіі пасады Прэзідэнта або немагчымасці выканання ім сваіх абавязкаў на падставах, прадугледжаных Канстытуцыяй, яго паўнамоцтвы да прынясення Прысягі новаабраным Прэзідэнтам пераходзяць да Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.​Р.​Лукашэнка.
Рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

т. 18, кн. 2, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)