выраб сметанковага масла з малака с.-г. жывёл. Вырабляюць салодкасметанковае масла (са свежых пастэрызаваных вяршкоў), кісласметанковае (з вяршкоў, заквашаных малочнакіслымі бактэрыямі), масла з разнымі напаўняльнікамі (шакаладнае, фруктовае, мядовае), таплёнае (чысты малочны тлушч).
Зыходную сыравіну М. (вяршкі) атрымліваюць сепарыраваннем малака ў сепаратарах, само масла — збіваннем або пераўтварэннем вяршкоў. Пры М. збіваннем вяршкі сярэдняй тлустасці (30—45%) папярэдне пастэрызуюць, хутка ахаладжаюць, вытрымліваюць у спец. ёмістасцях і збіваюць у маслапрыгатавальніках. Пры спосабе пераўтварэння папярэдне пастэрызаваныя вяршкі высокай тлустасці (83—85%) падаюць пад ціскам у маслаўтваральнік, дзе яны хутка ахаладжаюцца пры інтэнсіўным мех. перамешванні, у выніку чаго адбываецца крышталізацыя малочнага тлушчу. У М. выкарыстоўваюць паточныя лініі з адпаведным абсталяваннем.
М. вядома з глыбокай старажытнасці (упамінаецца ў Бібліі і паэмах Гамера). Масла спачатку выкарыстоўвалася ў рытуальных і мед. мэтах, як харч. прадукт пачало ўжывацца ў краінах Паўн. Еўропы, адкуль у 12 ст. яго сталі вывозіць у інш. краіны. У Расіі прамысл.вытв-сць масла пачата з канца 19 ст. і паступова ператварылася ў высокамеханізаваную галіну. Гл. таксама Масласыраробная і малочная прамысловасць.
К.В.Фамічэнка.
Да арт.Масларобства. Паточная лінія для вытворчасці сметанковага масла: 1 — прыёмны зборнік вяршкоў; 2 — пастэрызатар; 3 — напорны бак; 4 — сепаратары; 5 — прамежкавыя зборнікі; 6 — маслаўтваральнік-ахаладжальнік; 7 — вагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРААКУМУЛЮ́ЮЧАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ (ГАЭС),
гідраэлектрычная станцыя, прызначаная для зняцця пікаў нагрузкі энергасістэмы. Складаецца з двух басейнаў (вадасховішчаў), размешчаных адзін над адным і злучаных трубаправодам. Прынцып дзеяння заключаецца ў ператварэнні эл. энергіі, атрыманай ад інш. электрастанцый, у патэнцыяльную (акумуляваную ў верхнім басейне) энергію вады з наступным ператварэннем яе зноў у эл. энергію. Дае магчымасць рэгуляваць на працягу сутак, тыдня, сезона дзеянне цеплавых, атамных і інш. станцый, выраўноўвае графік і павышае надзейнасць іх работы.
ГАЭС звычайна абсталёўваюць абарачальнымі гідраагрэгатамі. У часы малых нагрузак (напр., ноччу) пры сілкаванні ад энергасістэмы гідрагенератары працуюць як электрарухавікі і прыводзяць у дзеянне гідраўлічныя турбіны, якія са зменай напрамку вярчэння дзейнічаюць як помпы і перапампоўваюць ваду з ніжняга басейна ў верхні. Колькасць акумуляванай энергіі вызначаецца ёмістасцю верхняга басейна (можа быць штучным або прыродным, напр., возера) і рабочым напорам. У перыяды пікаў (максімумаў) нагрузкі назапашаная вада з верхняга басейна па трубаправодах паступае ў гідраагрэгаты, якія працуюць пры гэтым у генератарным рэжыме і выпрацоўваюць электраэнергію, аддаючы яе ў энергасістэму, а вада назапашваецца ў ніжнім басейне. Будаваць ГАЭС найб. мэтазгодна паблізу ад цэнтраў спажывання электраэнергіі і з як мага большым напорам. Першай у б.СССР дала ток Кіеўская ГАЭС магутнасцю 225 МВт і напорам 73 м (1970). Сярод буйнейшых ГАЭС: Загорская (Маскоўская вобл., Расія) — 1200 МВт, напор 100 м; Віяндэн (Люксембург) — 900 МВт, 280 м; Круахан (Вялікабрытанія) — 400 МВт, 440 м; Том-Сок (ЗША) — 350 МВт, 253 м; Хоэнвартэ-II (ФРГ) — 320 МВт, 305 м.
Літ.:
Гл. пры арт.Гідраэлектрычная станцыя.
У.М.Сацута.
Гідраакумулюючая электрастанцыя: а — разрэз; б — план; 1 — верхні вадаём; 2 — напорны вадавод (трубаправод); 3 — будынак электрастанцыі; 4 — ніжні вадаём; 5 — плаціна з вадаскідам.Рэжымы работы гідраакумулюючай электрастанцыі: 1 — помпавы (перапампоўванне вады з ніжняга басейна ў верхні пры сілкаванні ад энергасістэмы); 2 — генератарны (рэжым звычайнай ГЭС з аддачай электраэнергіі ў энергасістэму).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ СТА́НЦЫЯ (ГЭС),
электрастанцыя, якая выпрацоўвае эл. энергію за кошт ператварэння мех. энергіі патоку вады. Складаецца з гідратэхн. збудаванняў (будынкі ГЭС, напорныя басейны, плаціны, дамбы, вадаводы, вадаскіды, шлюзы і інш., якія забяспечваюць стварэнне напору, канцэнтрацыю вадзянога патоку і яго адвод) і энергет. абсталявання (гідраўлічныя турбіны, што прыводзяцца ў рух патокам вады, і гідрагенератары, якія верцяцца гідратурбінамі і выпрацоўваюць эл. ток напружаннем каля 6—16 кв). Гідраагрэгаты, дапаможнае абсталяванне, прылады кіравання і кантролю размяшчаюцца ў машыннай зале будынка ГЭС. Трансфарматарная падстанцыя, якая з дапамогай сілавых трансфарматараў павышае генератарнае напружанне да 110, 220, 330, 750 кВ і болей, размяшчаецца ў будынку станцыі, у асобным будынку або на адкрытай пляцоўцы; размеркавальнае ўстройства, да якога падключаюцца лініі электраперадачы — звычайна каля будынка ГЭС.
Паводле напору ГЭС падзяляюцца на высоканапорныя (больш за 60 м, абсталёўваюцца каўшовымі і радыяльна-восевымі турбінамі), сярэдненапорныя (ад 60 да 25 м, з паваротна-лопасцевымі і радыяльна-восевымі турбінамі) і нізканапорныя (да 25 м, з паваротна-лопасцевымі, часам гарыз. турбінамі ў капсулах або адкрытых камерах). У залежнасці ад асаблівасцей выканання гідратэхнічных збудаванняў адрозніваюць ГЭС: рэчышчавыя (будуюцца ў асн. у межах рачнога рэчышча, будынак станцыі ўваходзіць у склад водападпорных збудаванняў, напор звычайна да 30 м), прыплацінныя (напор ад 30 да 200 м ствараецца землянымі, бетоннымі, каменнымі плацінамі, будынак станцыі размешчаны за плацінай), дэрывацыйныя (будуюцца пераважна на горных рэках, сярэдняга і высокага напору, які ствараецца з дапамогай абвадных каналаў, тунэляў або трубаправодаў), сумешчаныя (будынак станцыі размяшчаецца ў целе плаціны і адначасова выконвае функцыю вадаскіднага збудавання). Існуюць таксама гідраакумулюючыя электрастанцыі і прыліўныя электрастанцыі. Асобныя ГЭС або іх каскады звычайна працуюць у электраэнергетычнай сістэме сумесна з кандэнсацыйнымі, газатурбіннымі, атамнымі электрастанцыямі, цеплаэлектрацэнтралямі: У залежнасці ад характару ўдзелу ў пакрыцці графіка нагрузак ГЭС бываюць базісныя, паўпікавыя і пікавыя, выкарыстоўваюцца таксама для генерыравання рэактыўнай энергіі. Сабекошт электраэнергіі і эксплуатацыйныя расходы ГЭС меншыя, а працягласць і кошт буд-ва — большыя, чым цеплавых. Першыя ГЭС магутнасцю ў некалькі соцень ват пабудаваны ў 1876—81 у Германіі і Вялікабрытаніі. У Расіі першая прамысл.ГЭС (каля 300 кВт) пабудавана ў 1895—96. Самая буйная ГЭС з пабудаваных у СССР — Саяна-Шушанская (на р. Енісей, 6400 МВт). Найб. агульную магутнасць маюць ГЭС (млн.кВт): ЗША (89), краін СНД (64), Канады (57), Бразіліі (42), Японіі (37).
На Беларусі гідраэнергет. рэсурсы невялікія (гл.Гідраэнергетыка). У 1940—50-я г. пабудавана 179 невял. ГЭС агульнай магутнасцю каля 20 тыс.кВт. Найб. значныя з іх Асіповіцкая на р. Свіслач (2250 кВт) і Чыгірынская на р. Друць (1500 кВт). З развіццём Беларускай энергетычнай сістэмы большасць малых ГЭС была закансервавана. У 1992—94 адноўлены Дабрамысленская, Ганалес, Богіна, Жамыслаўская, Клясціцкая, Вайтаўшчызненская, Лахазвінская ГЭС агульнай магутнасцю каля 2 МВт. Амаль усе ГЭС — прыплацінныя з напорнымі будынкамі.
Літ.:
Цветков Е.В., Алябышева Т.М., Парфенов Л.Г. Оптимальные режимы гидроэлектростанций в энергетических системах. М., 1984;
Гидроэлектрические станции. 3 изд. М., 1987.
Я.П.Забела.
Схема рэчышчавай гідраэлектрычнай станцыі: 1 — гідраўлічная турбіна; 2 — гідрагенератар; 3 — гідрапад’ёмнік; 4, 9 — мінімальны і максімальны ўзроўні верхняга і ніжняга б’ефаў; 5 — засаўкі; 6 — плаціна; 7 — размеркавальнае прыстасаванне; 8 — ЛЭП.Схема дэрывацыйнай гідраэлектрычнай станцыі: 1 — плаціна; 2 — водапад’ёмнік; 3 — адстойнік; 4 — дэрывацыйны канал; 5 — напорны басейн; 6 — басейн сутачнага рэгулявання; 7 — турбінны вадавод; 8 — будынак ГЭС; 9 — вадаскід; 10 — размеркавальнае прыстасаванне; 11 — ЛЭП.Да арт.Гідраэлектрычная станцыя. Асіповіцкая ГЭС на р. Свіслач (Асіповіцкі раён Магілёўскай вобл.).