ІНТАНА́ЦЫЯ ў музыцы,

1) у шырокім значэнні — носьбіт сэнсавага пачатку ў музыцы (эмацыянальнага, лагічнага, нац. і сац.-характэрнага). Выяўляецца толькі ў рэальным гучанні, таму побач з рысамі, закладзенымі ў пэўны твор кампазітарам і зафіксаванымі ў нотным тэксце, перадае і непаўторнасць індывід. выказвання, т.зв. І. выканальніцкая.

Тэорыя І., распрацаваная Б.Асаф’евым, на першы план вылучае значэнне меладычнага боку, дзе найб. відавочная сувязь з гукавышыннай (інтанацыйнай) арганізацыяй чалавечай гаворкі, яе мелодыкай. Акрамя таго, мелодыка-інтанацыйны бок знаходзіцца ў зоне актыўнага слухацкага ўспрымання і таму ў найб. ступені даступны для інтанавання і запамінання (постінтанавання). У І. як з’яве перш за ўсё меладычнай у непарыўным адзінстве выступаюць усе аспекты музыкі: гукавышынны, ладагарманічны, рытмічны, тэмбравы, дынамічны і агагічны. У залежнасці ад стылю, аўтарскай задумы і кантэксту на першы план можа выступаць уласна меладычная, гарманічная, тэмбравая і інш. інтанацыйнасць. І. выканальніцкая — асаблівасці агагічнага і тэмбравага, часткова дынамічнага і тэмпавага прачытання муз. тэксту. Пры спевах і ігры на інструментах з нефіксаванай вышынёй гуку (напр., струнных) яна выяўляецца і ў вар’іраванні гукаў у межах пэўнай частотнай зоны.

У вузкім значэнні — кароткі меладычны зварот, найчасцей меладычная папеўка, якая ў сістэме муз.-маст. цэлага выконвае ролю найменшай муз. сэнсавай адзінкі. Адрозніваюць І. з моўнай выразнасцю (І. пытання, воклічу, сцвярджэння), жанрава-характэрныя (фанфарныя, маршавыя, рытуальна-заклінальныя), нац.-характэрныя (трыхордавыя папеўкі ў слав. песеннасці). У параўнанні са словам у мове муз. І. менш канкрэтная, больш залежыць ад кантэксту, ёй уласціва значная гісторыка-стылявая абнаўляльнасць. Спецыфічныя значэнні паняцце І. набывае: пры вызначэнні ступені акустычнай дакладнасці ў вак. інтанаванні або пры выкананні на інструментах з нефіксаванай вышынёй гуку (чыстая або фальшывая І.); у вытворчасці ці настройцы інструментаў з фіксаванай вышынёй гуку (арган, фартэпіяна); у зах.-еўрап. сярэдневяковай вак. музыцы (кароткія сольныя фразы святара, што папярэднічалі антыфонам ці псалмам); у інстр. музыцы 16—17 ст. (арганныя ці клавірныя п’есы ўступнага характару, падобныя да прэлюдыі ці інтрады).

Нар. музыка ў яе аўтэнтычных праяўленнях прынцыпова інтанацыйная па сваёй прыродзе і сутнасці. Кожны напеў (найгрыш) пры паўторных выкананнях нібы нараджаецца нанава ў выканальніцкай імправізацыі. Уласцівая нар. музыцы сац.-гіст. абумоўленасць выяўляецца ў працэсе пераінтанавання, калі ідэнтычныя паводле фармальна-муз. паказчыкаў напевы атрымліваюць розную інтанацыйную афарбоўку і інш. семантычную нагрузку. У больш вузкім значэнні І. трактуецца ў адносінах да аўтэнтычнага фальклору як пэўнае спалучэнне тонаў (напр., квінтавая І.), ладава-рытмічныя звароты, характэрныя культуры пэўнага этнагр. рэгіёна Пры гэтым гукавышынныя, ладавыя, рытмічныя і тэмбравыя сродкі выразнасці ў музыцы вуснай традыцыі арганічна раўнапраўныя, а іх экспрэсіўная сіла часта грунтуецца на рознанакіраванасці іх уздзеяння паводле прынцыпу адначасовага кантрасту. У дастасаванні да нар. музыкі асаф’еўская тэорыя І. найб. паслядоўна развіта этнамузыколагамі пецярбургскай школы Я.Гіпіусам, З.Эвальд, Ф.Рубцовым, якія пашырылі асн. палажэнні гэтай тэорыі і на бел. аўтэнтычны фальклор і ў многім садзейнічалі замацаванню школы бел. этнамузыкалогіі.

Літ.:

Асафьев Б.В. Музыкальная форма как процесс. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1971;

Яго ж. О народной музыке. Л., 1987;

Орлова Е.М. Б.​В.​Асафьев. Л., 1964;

Земцовский И. Б.​В.​Асафьев и методологические основы интонационного анализа народной музыки // Критика и музыкознание. Л., 1980. Вып. 2;

Эвальд З.В. Социальное переосмысление жнивных песен Белорусского Полесья // Эвальд З.В. Песни Белорусского Полесья. М., 1979;

Рубцов Ф.А. Интонационные связи в песенном творчестве славянских народов. Л., 1962;

Белорусская этномузыкология: Очерки истории (XIX—XX вв.). Мн., 1997.

Н.​М.​Юдзеніч, З.​Я.​Мажэйка.

т. 7, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІРЫ́ЧНЫЯ ПЕ́СНІ пазаабрадавыя,

народныя песні, у якіх ідэйна-эмацыянальны элемент пераважае над апавядальным. Вядомыя ўсім народам свету.

Мяркуюць, што Л.п. вылучыліся з сінкрэтычнай абрадавай паэзіі. З развіццём грамадства яны набывалі самастойнасць, глыбей раскрывалі духоўны свет чалавека, яго эстэт. ідэал. Змест Л.п. вельмі шырокі, ахоплівае амаль усе бакі грамадскага і асабістага жыцця чалавека. Паводле тэматыкі падзяляюцца на любоўныя, сямейна-бытавыя, аб родным краі, гіст. падзеях і інш., па сац. прыналежнасці — батрацкія песні, бурлацкія песні, чумацкія песні, сялянскія, казацкія, рэкруцкія, салдацкія, рабочыя і інш. песні. У адрозненне ад песень эпічных з іх тыпізацыяй навакольнай рэчаіснасці ў Л.п. на першы план выступае тыпізацыя ідэйна-эмацыянальных адносін чалавека да гэтай рэчаіснасці. Вызначальны момант паэт. сістэмы такіх Л.п. не столькі дакладнае развіццё сюжэта, колькі шэраг тыповых для традыцыйнай лірыкі сюжэтных матываў і сітуацый. Псіхалагізацыя вобраза прадугледжвае большую свабоду вобразатворчых імпульсаў, што ўплываюць на форму вершаскладання са словаабрывамі, устаўнымі выклічнікамі, паўторамі элементаў верша, якія варыянтна адцяняюць гал. думку. Рытміка-метрычная структура абумоўлена характарам мелодыі. Напевам Л.п. уласцівы непрымеркаванасць выканання (спяваюцца «калі хочаш», «абы калі») і індывідуалізацыя муз. вобраза, што вядзе да існавання мноства меладычных варыянтаў песні. Нар. песенная лірыка ахоплівае некалькі гіст. пластоў. Найб. даўні ўтвараюць Л.п., якія ўмоўна прымяркоўваюцца да розных абставін і каляндарных дат, напр., пастухоўскія («як пасуць жывёлу»), «як полюць», «лугавыя» (спяваюцца на полі), «лесавыя» і інш. Іх муз. вобразы (як і паэтычныя) знаходзяцца ў рамках стараж. песеннасці, убіраючы ў сябе многія прыкметы песень каляндарнага і сямейна-абрадавага цыклаў (сціснуты гукавы дыяпазон, неразгорнутая меладычная страфа), але ў адрозненне ад каляндарных і сямейна-абрадавых песень з групавым прымацаваннем некалькіх паэт. тэкстаў да аднаго тыповага напеву ў Л.п. звычайна кожнаму тэксту адпавядае свой напеў. Найчасцей гэта напевы адзіночнай традыцыі выканання з тонкім інтанацыйным і рытмічным вар’іраваннем.

Асн. масіў бел. нар. Л.п. складаюць песні больш позняга гісторыка-стылявога пласта, узнікненне якіх адносяць да эпохі фарміравання бел. народнасці і часоў казацка-сялянскіх паўстанняў (14—17 ст.). Яны вызначаюцца надзвычайным багаццем вобразна-эмацыянальнага складу: энергічным размахам (песні вольніцы), шматадценневай гамай пачуццяў (любоўная лірыка), вастрынёй эмацыянальных зрухаў (жартоўныя). Існуюць у сольных і хар. варыянтах. Часам адзін тэкст бытуе з некалькімі напевамі, якія нібы з розных бакоў раскрываюць паэт. змест песні. Мелодыі іх працяжна распетыя («зацягучыя», напр., «Із пуд горкі буйной вецёр вее», «далявыя», напр., «Ночы мае, ночушкі»), з разгорнутай песеннай строфікай (часта з т.зв. ланцуговымі запевамі), інтанацыйнымі кантрастамі. У паўд., усх. і цэнтр. Беларусі шматгалосыя Л.п. найчасцей распяваюцца з падводкай. Акрамя працяжных бываюць і т.зв. частыя Л.п., звязаныя ў вытоку з танцам. У муз.-паэт. стылістыцы сучасных Л.п. (партызанскія песні і інш.) побач з сялянскай фалькл. традыцыяй адчуваецца ўплыў традыцыі літ. і асабліва масавай песні. Многія з твораў прафес. л-ры фалькларызаваліся («Люблю наш край» К.​Буйло, «Над ракою ў спакою» Я.​Купалы, «Зорка Венера» М.​Багдановіча, «Лясная песня» А.​Русака, «Нёман» А.​Астрэйкі, «Ручнікі» В.​Вярбы). Напевы іх народныя або складзеныя кампазітарамі. Асобная разнавіднасць Л.п. — прыпеўка.

Публ.:

Беларускія народныя песні / Запіс Р.​Шырмы. Т. 1—2. Мн., 1959—60;

Анталогія беларускай народнай песні. Мн., 1968;

Песні пра каханне. Мн., 1978;

Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 2. М., 1984;

Варфаламеева Т.Б. Песні Беларускага Панямоння. Мн., 1998.

Літ.:

Песенная лирика устной традиции. СПб., 1994;

Гілевіч Н.С. Паэтыка беларускай народнай лірыкі. Мн., 1975;

Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня: Ист. развитие: (Очерки). Мн., 1977;

Можейко З.Я. Песенная культура Белорусского Полесья. Село Тонеж. Мн., 1971.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 9, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЭ́СНЫЯ СПЕ́ВЫ (ад позналац. partes галасы, мн. лік ад лац. pars частка, удзел),

від харавых шматгалосых прафес. царкоўных і свецкіх спеваў, заснаваны на акордава-гарманічным прынцыпе, гамафоннай мелодыі і падзеле хору на партыі (дыскант, альт, тэнар, бас). Усх.-слав. праваслаўныя П.с. ў адрозненне ад каталіцкіх і уніяцкіх (з удзелам аргана і інш. муз. інструментаў) не мелі інстр. суправаджэння. На Беларусі вядомы з 2-й пал. 16 ст., у канцы 16—17 ст. пашырыліся на ўсёй тэрыторыі. У б-ках Аршанскага, Віцебскага, Крычаўскага, Магілёўскага, Мінскага, Мсціслаўскага, Навагрудскага, Нясвіжскага, Слуцкага брацтваў знойдзены рукапісы літургічных песнапенняў 1-й пал. 17 ст. на 4, 5, 6, 8, 12 галасоў. Узоры 4-галосых твораў змешчаны ў бел. Ірмалагіёне 1638. Стыль першых прафес. гарманізацый быў цесна звязаны з нар.-песенным шматгалоссем. Мелодыі часам пераймаліся са знаменнага спеву, кантаў, псальмаў. Запазычаны напеў змяшчаўся ў тэнары, бас выконваў функцыю гарманічнага фундаменту, адзін з верхніх галасоў рухаўся паралельна тэнару ў сексту ці тэрцыю, другі запаўняў гарманічную вертыкаль. Запісвалі творы 5-лінейнай кіеўскай (квадратнай) натацыяй (гл. Нотнае пісьмо). Тэксты браліся з літургіі, усяночнай і інш. царк. службаў; выкарыстоўваліся і свецкія тэксты. Першыя ўзоры П.с. — 2- і 3-галосыя канты. Іх зборнікі — канцыяналы, багагласнікі — вядомы з канца 15 ст. Першыя рас. канты пайшлі ад помніка бел.-рус. культуры «Псалтыр рыфматворны» Сімяона Полацкага і В.​Цітова. Мелодыі «Псалтыра...» гарманізаваны адпаведна бел. традыцыі, у муз. адносінах цесна звязаны з бел. знаменным спевам. Адным з цэнтраў пашырэння П.с. на Беларусі быў Куцеінскі Богаяўленскі манастыр пад Оршай, які на пэўны час стаў цэнтрам развіцця новых плыней у музыцы, паэзіі, жывапісе. Шмат бел. тэкставых і муз. (пеўчых) рукапісаў было вывезена ў Маскву (захоўваюцца ў Дзярж. гіст. музеі ў Маскве, архівах). Навучаліся П.с. у брацкіх школах. Кожнае бел. брацтва мела хор, які ўдзельнічаў і ў паказах школьнага тэатра. Рас. разнавіднасць П.с. — радковыя спевы (на 2, 3, 4 галасы), што падрыхтавалі глебу для новага шматгалосага стылю.

У Расію П.с. прынесены ў сярэдзіне 17 ст. выхадцамі з Беларусі і Украіны (бел. музыканты З.​Гламазінскі, І.​Дзякоўскі, І.​Календа, І.​Канюхоўскі, І.Кокля, Д.​Рагачэўскі, дзяк Тызенгаўз). Бел. спявак А.​Беражанскі працаваў у Маскве ў 1652. У 1655 у маскоўскім Андрэеўскім манастыры 28 бел. («літоўскіх») пеўчых выконвалі партэсныя творы. У аснове рус. П.с. пач. 18 ст. — пералажэнні як асн. від кампазітарскай дзейнасці. Партытура пералажэнняў складалася з 4 галасоў (сапрана, 1-ы альт, тэнар і лёгкі бас, або дыскант, 1-ы і 2-і альты і тэнар). Гал. жанр П.с. — духоўны канцэрт. Вядомы канцэрты апошняй трэці 17—1-й пал. 18 ст. Яны выконваліся на 3—12, зрэдку на 16, 24 і 48 галасоў. Ім уласціва развітая шматгалосая фактура, муз. тэматызм узыходзіць да кантаў, знаменнага роспеву, слав. народна-песеннай (у вял. ступені да лірычнай зацягучай песні) і прафес. зах.-еўрап. інстр. музыкі. Вядома больш за 50 аўтараў партэсных твораў, у т. л. В.​Цітоў, М.​Дылецкі, М.​Бавыкін, С.​Пекаліцкі, М.​Калашнікаў, С.​Бяляеў, Вінаградскі, Дз.​Папоў, пратадыякан Растоўскі, Ф.​Светлы, Давідовіч, Г.​Падольскі. Творы П.с. 2-й чвэрці 18 ст. зазналі ўплыў зах.-еўрап., асабліва італьян., музыкі, напісаны пераважна ў жанры духоўнага хар. канцэрта (на 6, 8, 12, 24 галасы). Найб. росквіту дасягнуў у творчасці Дз.​Бартнянскага. П.с. адыгралі вял. ролю ў развіцці прафес. мастацтва, у фарміраванні жанраў кантаты, гімна, панегірычнага і віктарыяльнага канта.

Літ.:

Разумовский Д.В. Церковное пение в России. М., 1867;

Герасимова-Персидская Н.А. Партесный концерт в истории музыкальной культуры. М., 1983;

Вознесенский И. Церковное пение православной юго-западной Руси по нотнолинейным ирмологам XVII и XVIII вв. Киев, 1890;

Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 1, 3. М.;

Пг., 1916, 1922;

Feicht H. «Krakow» Musik in Geschichte und Gegenwart. Basel, 1962.

Л.​П.​Касцюкавец.

т. 12, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)