з 17 ст.Крычаўскае староства, буйны дзяржаўны маёнтак у ВКЛ у 15—18 ст. Вылучылася, верагодна, у канцы 15 ст. са складу Мсціслаўскага княства. Паводле адм. рэформы 1565—66 увайшла ў Мсціслаўскае ваяводства. На працягу 16—17 ст. з яе вылучыўся шэраг дробных прыватных і дзярж. маёнткаў, у выніку чаго тэр. воласці набыла шматковы выгляд. У пач. 17 ст. ўключала каля 40 паселішчаў, якімі валодалі буйныя феадалы пераважна на ўмовах закладу, і яны фактычна не адрозніваліся ад прыватнага ўладання. Сярод старостаў прадстаўнікі родаў Саламярэцкіх, Лукомскіх, Мірскіх, Пацаў, Рудамінаў-Дусяцкіх; з сярэдзіны 17 ст. ў валоданні 3 пакаленняў нясвіжскіх Радзівілаў. У К.в. адбылося Крычаўскае паўстанне 1743—44. У гэты час у воласці было каля 130 паселішчаў, яна падзялялася на 5 войтаўстваў. У 1760 перайшла да магната Е.А.Мнішака. З 1772 у Рас. імперыі. У 1776 перададзена кн. Р.А.Пацёмкіну і канчаткова ператварылася ў прыватную латыфундыю — Крычаўскае графства.
сярэднія навуч. ўстановы для падрыхтоўкі настаўнікаў бел.пач. школы (1—4-х класаў) у 1921—37. Тэрмін навучання 4 гады, з 1930 — 3 гады. Ствараліся для адраджэння бел. мовы і культуры, ажыццяўлення палітыкі беларусізацыі. У іх прымалі асоб ва ўзросце 15—18 гадоў пасля заканчэння школы: 7-гадовай, сял. моладзі і палітасветы. Першы белпедтэхнікум адкрыты 1.10.1921 у Мінску (да 1931 імя У.М.Ігнатоўскага). Сярод яго выкладчыкаў Ігнатоўскі, Я.Колас, М.А.Грамыка, Я.Ю.Лёсік і інш. У 1927/28 навуч.г. на Беларусі 11, у 1932/33 — 13 бел. педтэхнікумаў. Прадметы: родная мова і л-ра, методыка іх выкладання, фізіка, хімія, матэматыка, прыродазнаўства, геаграфія, псіхалогія, гісторыя класавай барацьбы, асновы ленінізму, гіст. матэрыялізму, сав. будаўніцтва, палітэканомія. Для задавальнення патрэб нац. меншасцяў і падрыхтоўкі настаўнікаў яўр. і польск. школ у 1921 у Мінску адкрыты яўр., у 1922 — польскі педтэхнікумы. У крас. 1937 бел. і інш. педтэхнікумы рэарганізаваны ў 3-гадовыя педвучылішчы. Пасля рэарганізацыі засталося 12 бел. педвучылішчаў: Аршанскае, Віцебскае, Гомельскае, Лепельскае, Магілёўскае, Мазырскае, Мінскае, Мсціслаўскае, Полацкае, Рагачоўскае, Рэчыцкае, Слуцкае; Барысаўскае рус., мінскія яўр. і польск. Вучылішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНЯ́СТВА,
манархічная дзяржава або асобнае паліт. ўтварэнне на чале з князем; феад. ўладанне князя. Вядомы ў многіх народаў. У Стараж. Русі К. ўзніклі ў 9 — пач. 10 ст. з плем. княжанняў, уладу над якімі захапіла дынастыя Рурыкавічаў. Называліся звычайна па гал горадзе. Буйныя К. падзяляліся на меншыя — удзельныя княствы. Буйнейшыя К. называліся вялікімі К. (Уладзіміра-Суздальскае ў 12—13 ст., Маскоўскае і Цвярское ў 14—15 ст. і інш.). На тэр. Беларусі з 10—11 ст. існавалі Полацкае, Тураўскае, з 12—13 ст. Берасцейскае, Ваўкавыскае, Віцебскае, Гальшанскае, Гарадзенскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Капыльскае, Клецкае, Кобрынскае, Крэўскае, Лагожскае, Лукомскае, Менскае, Мсціслаўскае, Новагародскае, Пінскае, Свіслацкае, Слуцкае К.; асобныя часткі бел. зямель уваходзілі ў склад Галіцка-Валынскага, Кіеўскага, Чарнігаўскага і Смаленскага К. (гл. адпаведныя артыкулы). У 14—16 ст.бел., укр. і рус. княствы аб’яднаны пад уладай Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ) і Маскоўскага вялікага княства. У ВКЛ былыя К. да 1-й пал. 16 ст. пераўтвораны ў намесніцтвы, ваяводствы, паветы, афіцыйна скасаваны паводле адм. рэформы 1565—66, але назва «княства» ў 17—18 ст. ужывалася ў адносінах да тэр. Клецкага, Капыльскага, Нясвіжскага і Слуцкага К. У Расіі апошняе ўдзельнае К. (Касімаўскае царства) скасавана ў 1681. К. існавалі і ў інш. краінах (напр., у Германіі да 1871, у Індыі да 1950). Некаторыя К. захаваліся да нашага часу — Ліхтэнштэйн, Манака, арабскія К. (эміраты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,
1) адм-тэр. адзінка ў 1413—1795 у ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Цэнтр — г. Вільня. Утворана паводле Гарадзельскага прывілея 1413. У Віленскім ваяводстве ўвайшла большая частка зах., цэнтр, і ўсх. зямель Беларусі, тэр.паўн.-ўсх.літ. зямель. Фармальна ў Віленскае ваяводства ўваходзілі Клецкае (да 1521) і Мсціслаўскае (да 1529) княствы, якія фактычна былі аўтаномныя. У Бабруйскай воласці мела цераспалосныя ўчасткі з Трокскім ваяводствам — «віленскую палавіцу» (г. Бабруйск і 18 сёл). У 1507 са складу Віленскага ваяводства вылучана і ўтворана Навагрудскае ваяводства, пасля адм.-тэр. рэформы 1565—66 — Мінскае ваяводства; у Віленскім ваяводстве засталося 5 пав. (Ашмянскі, Браслаўскі, Віленскі, Вількамірскі, Лідскі). У 1514—1611 і ў 1654—1793 на тэр. Віленскага ваяводства намінальна існавала экстэрытарыяльнае Смаленскае ваяводства. У 1793 Браслаўскі пав. пераўтвораны ў ваяводства. У 1795 Віленскае ваяводства ўвайшло ў склад Рас. імперыі, на яго тэр. ўтвораны Віленская губерня і Слонімская губерня.
2) Адм.-тэр. адзінка на тэр.Зах. Беларусі ў складзе Польшчы ў 1922—39. Пл. 28,9 тыс.км, нас. 1275,2 тыс.чал. (1931). Цэнтр — г. Вільня. Паводле ўмоў рас.-літ. дагавора 12.7.1920 урад РСФСР фармальна перадаў гэтыя землі Літве, але фактычнай перадачы не адбылося. 9.10.1920 яны былі захоплены польск. войскамі ген. Л.Жалігоўскага і на іх тэр. ўтворана Сярэдняя Літва, якая 20.2.1922 была далучана да Польшчы. Віленскае ваяводства ўключала 9 паветаў. У час 2-й сусв. вайны ў вер. 1939 Віленскае ваяводства занята часцямі Чырв. Арміі. Паводле сав.-літ. дагавора 10.10.1939 тэр. Віленскага краю (г. Вільня, Віленска-Трокскі і б.ч. Свянцянскага пав.) перададзена Літве, на астатняй тэр. ў снеж. 1939 утворана Вілейская вобласць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ТАН-ДУБЕ́ЙКАЎСКІ (Дубяйкоўскі) Лявон Іванавіч
(19.7.1869 ці 1867, в. Дубейкава Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 6.11.1940),
бел. архітэктар, будаўнік, педагог, паэт. Скончыў Мсціслаўскаегар. вучылішча, Школу буд. рамёстваў у Варшаве, Акадэмію архітэктуры ў Парыжы (1909). У 1903 здаў экзамен на званне інжынера-будаўніка пры Пецярбургскім ін-це цывільных інжынераў. У 1897 адкрыў буд. кантору ў Смаленску. З 1910 працаваў у Варшаве, выкладаў у Тэхн.-прамысл. школе (1912—15), працаваў у створаным ім уласным бюро. У час 1-й сусв. вайны займаўся буд-вам на Полаччыне і ў Арле (Расія). Удзельнічаў у бел. нац.-культ. руху: спрыяў дзейнасці клуба «Беларуская хатка», чытаў лекцыі на бел. настаўніцкіх курсах у Вільні і Гродне (1919). З 1922 займаўся арх.-буд. работамі ў Вільні, быў дырэктарам Мулярскай школы (1925—29). Сярод работ: цэрквы ў г. Манастыршчына і Ярцава (Смаленская вобл.), скарбніца ў г. Вязьма. Аднаўляў касцёлы ў Оршы, Мсціславе, Крычаве, вёсках Смаляны Аршанскага і Свіслач Асіповіцкага р-наў; спраектаваў царкву ў Відзах (1922), Дрысвяцкі Петрапаўлаўскі касцёл, мноства розных пабудоў у Вільні і на Віленшчыне. Аўтар працы «Эвалюцыя і рэформа драўлянага будаўніцтва» (засталася ў рукапісе). Аўтар сац.-вострых твораў, скіраваных супраць вайны і салдатчыны, антыгуманных сац. умоў, што раз’ядноўваюць людзей з радзімай: байка «Цягне воўк — пацягнуць воўка!», вершы «Бура», «Кракаў воран на бярозе...», «Голас з чужой стараны» і інш. Склаў зборнік бел. прыказак (у рукапісе). Пахаваны ў Вільні на могілках Роса. Рукапісы яго твораў захоўваюцца часткова ў Мінску, Вільні, Нью-Йорку.
Літ.:
Vitan K. Lavon-Vitan-Dubiejkauski: da 85 uhodkau naradżeńnia. New York, 1954.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ ПАДЗЕ́Л РЭ́ЧЫ ПАСПАЛІ́ТАЙ.
Ажыццёўлены Рас. імперыяй, Прусіяй і Аўстрыяй у 1772. Непасрэднай падставай падзелу паслужыла дзейнасць Барскай канфедэрацыі, фактычнай — імкненне дзяржаў-суседзяў да пашырэння сваіх тэрыторый за кошт аслабленай унутр. сваркамі Рэчы Паспалітай. Праекты падзелу разглядаліся Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй з 1763; у 1772 яны прыйшлі да згоды. У дэкларацыі да польск. караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і «рэспублікі» (Рэчы Паспалітай) рас. імператрыца Кацярына II паведаміла, што 3 дзяржавы заяўляюць «свае старажытныя правы і законныя прэтэнзіі на ўладанні рэспублікі, прычым кожная дзяржава гатова падтрымаць свае патрабаванні дакументамі і трывалымі довадамі». Не чакаючы падпісання дакументаў пра падзел, 8.6.1772 Кацярына II загадала стварыць Пскоўскую губ. з Пскоўскай, Велікалуцкай, Дзвінскай, Полацкай правінцый (губернскі цэнтр г. Апочка) і Магілёўскую губ. з Магілёўскай, Аршанскай, Віцебскай (пазней у Пскоўскай губ.), Рагачоўскай правінцый (губернскі цэнтр г. Магілёў). 5.8.1772 у С.-Пецярбургу падпісана канвенцыя паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй пра частковы падзел Рэчы Паспалітай. Да Рас. імперыі адышло Інфлянцкае, б.ч. Полацкага (па правым беразе Дзвіны), амаль усё Віцебскае, Мсціслаўскаеваяв., усх.ч. Рэчыцкага пав. Мінскага ваяв. з гарадамі Полацк, Віцебск, Магілёў, Орша, Прапойск, Мсціслаў, Рагачоў, Гомель, Чачэрск і інш. Аўстрыя захапіла зах.ч. Украіны з Львовам і паўд.ч. Польшчы (ваяв. Рускае, ч. Белзскага, Кракаўскага, Сандамірскага, ускраіны Валынскага, Падольскага); Прусія заняла паўн.зах. ч. Польшчы [Вармія, ваяв. Паморскае (без Гданьска), Мальбаркскае, Хэлмскае (без Торуня), частку Інавроцлаўскага). Войскі 3 дзяржаў акупіравалі далучаныя тэрыторыі. 29.9.1773 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай падпісаны трактат «Пра аднаўленне міру паміж абедзвюма дзяржавамі і пра далучэнне да Расіі некаторых ад Польшчы зямель». У «асобным акце», прынятым 26.3.1775, Расія гарантавала Рэчы Паспалітай захаванне кардынальных правоў (шляхецкіх вольнасцей). 11.4.1775 гэты акт і дагавор пра падзел атрымалі фармальную санкцыю сейма ў Варшаве.
Літ.:
Соловьев С.М. История падения Польши. М., 1863;
Костомаров Н.И. Старый спор: Последние годы Речи Посполитой. М., 1994;
Анішчанка Я.К. Беларусь у часы Кацярыны II (1772—1796 гг.). Мн., 1998.
група горных парод і мінералаў, якія пераважна не з’яўляюцца рудамі металаў і гаручымі карыснымі выкапнямі. Выкарыстоўваюцца непасрэдна як прыродны мінер. агрэгат (напр., буд. і сілікатныя пяскі) ці ў перапрацаваным выглядзе (паўгідраты, цэмент, кандыцыйны жвір і інш.), для здабычы мінералаў (алмазаў, глаўканіту, каалінігу і інш.) і хім. злучэнняў, што выдаляюць з пароды (калійныя і кухонная солі). Вядома больш за 90 горных парод і больш за 60 мінералаў. Мінер. састаў Н.к.в. — сілікаты, аксіды, галоіды, карбанаты, сульфаты, фасфаты, нітраты, бараты, фтарыды і самародныя элементы (вуглярод, сера), а таксама складаныя арган. рэчывы (напр., бурштын). Якасць сыравіны ацэньваецца паводле фіз.-хім. уласцівасцей, мінер. саставу, асаблівасцей перапрацоўкі і інш. Радовішчы Н.к.в. прымеркаваны пераважна да асадкавых парод, радзей да вывергнутых і метамарфічных. На Беларусі Н.к.в. трапляюцца ў пародах крышт. фундамента (буд. і абліцованы камень на выступах і каалін у корах выветрывання) і платформавага чахла. Багатыя Н.к.в. адклады верхнедэвонскія ў Прыпяцкім прагіне (калійныя і каменныя солі, гіпсы) і на ПнУ рэгіёна (даламіт), ніжнекарбонавыя ў Прыпяцкім прагіне (даўсаніт), верхнемелавыя (мел, мергель, фасфарыты) на З і У, палеагенавыя (глаўканіт, бурштын і інш.) на Пд і З, неагенавыя (монтмарыланітавыя гліны і кварцавыя пяскі) на Пд рэспублікі, антрапагенавыя Беларускай грады (пясчана-жвіровая сумесь, буд. пяскі і інш.) і Беларускага Паазер’я (стужачныя гідраслюдзістыя гліны, жвір; пяскі), у т. л. галацэнавыя (балотныя руды, лугавыя мергелі, сапрапель). Здабыча Н.К.В. вядзецца пераважна ў механізаваных кар’ерах, радзей шахтавым спосабам (калійныя солі) і вышчалочваннем у свідравінах (кухонная соль).
Паводле горна-прамысл. класіфікацыі Н.К.В. адрозніваюць горна-хім. і горна-тэхн. сыравіну, буд. матэрыялы, новыя і малыя віды неметал. выкапняў. Горна-хімічная сыравіна: фасфарыты (радовішчы Лабковіцкае і Мсціслаўскае); калійныя солі (Старобінскае, Петрыкаўскае), кухонная соль (Мазырскае, Старобінскае, Давыдаўскае); даўсаніт — содавая сыравіна (праяўленні); даламіт (радовішча Руба і шэраг праяўленняў з запасамі больш за 6,7 млрд.т). Горна-тэхнічная сыравіна: каалін (радовішча Скрыпіцкае і інш. з запасамі больш за 30 млн.т); тугаплаўкія гліны (Гарадок, Гарадная, Глінка, Столінскія хутары і інш. з запасамі да 60 млн.т); бентаніт (радовішча Астражанскае з запасамі 12,3 млн.т у Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл.); кварцавыя пяскі (Гарадная, Чэцверня і інш. з запасамі больш за 100 млн.т); трэпел (Стальное і інш. з запасамі больш за 180 млн.т); гіпс (праяўленні з вял. рэсурсамі); мергель і мел (Камунарскае, Калядзіцкае, Каменкаўскае, Пагараны, Туры, Сожскае, Хаціслаўскае і інш. з запасамі 1,4 млрд.т); лугавыя мергелі (больш за 300 дробных радовішчаў і праяўленняў з запасамі каля 200 млн.м³). Будаўнічыя матэрыялы: буд. камень — дыярыт, гранадыярыт, граніт (радовішчы Глушкавіцкае, Мікашэвіцкае, Сітніцкае з запасамі больш за 1 млрд.м³); абліцовачны камень (радовішча Кар’ер Надзеі); пясчана-жвіровыя сумесі (больш за 120 радовішчаў з запасамі больш за 1 млрд.м³); пяскі буд. і сілікатныя (больш за 100 радовішчаў з запасамі больш за 800 млн.м³); гліны для грубай керамікі, цэменту і лёгкіх запаўняльнікаў (больш за 240 радовішчаў, запасы да 700 млн.м³); прыродныя пігменты (фарбы мінер.): вохра і вохрыстыя гліны (радовішча Ляхава Гара з запасамі больш за 140 тыс.т у Лоеўскім р-не Гомельскай вобл.), балотныя жалезныя руды (каля 150 праяўленняў), глаўканіт (праяўленні з вял. рэсурсамі). Новыя і малыя віды неметалічных выкапняў: цэалітаносныя (мінералы гейландыт, клінаптылаліт) гліны, палыгарскітавыя гліны, гранатавыя пяскі, крэмень, бурштын, ледавіковыя валуны, вівіяніт (праяўленні). Гл. таксама Карысныя выкапні, Мінеральныя будаўнічыя матэрыялы, Мінеральная сыравіна і арт. пра адпаведныя радовішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ГРЭ́КА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ЦАРКВА́,
каталіцкая царква ўсх. абраду на тэр. Беларусі. Усталявалася ў выніку заключэння Брэсцкай уніі 1596, па ўмовах якой правасл. царква (гл.Праваслаўе) прыняла дагматыку каталіцкага веравызнання (гл.Каталіцызм), захаваўшы ўсх. грэка-візант. рытуалы і традыц.правасл. абраднасць. Пры гэтым яна не ўвайшла ў склад польскай каталіцкай царквы, а стала часткай самаст. уніяцкай царквы (гл.Уніяцтва) Рэчы Паспалітай, падпарадкаванай непасрэдна папу рымскаму (гл. таксама Каталіцкія цэрквы ўсходняга абраду). Пераход правасл. беларусаў ва уніяцкае веравызнанне адбываўся паступова, пераадольваючы на першым часе значнае непрыняцце і нават супраціўленне з боку часткі правасл. духавенства і яго прыхільнікаў, асабліва мяшчан. Але шырокая асветніцка-адукац. дзейнасць, увага да нац.-культ. традыцый, выкарыстанне ў рэліг. жыцці бел. мовы спрыялі павелічэнню ўплыву Беларускай грэка-каталіцкай царквы, і да канца 18 ст. яна ахоплівала больш за 80% насельніцтва Беларусі. Унутраную арг-цыю Беларускай грэка-каталіцкай царквы ў 17—18 ст. складалі Наваградска-Літоўская мітрапаліцкая, Полацкая, Пінска-Тураўская і Смаленская епархіі, частка Уладзімірска-Берасцейскай епархіі (Брэсцкае Палессе). Першая з іх ахоплівала Віленскае, Трокскае, Наваградскае, Мінскае і Кіеўскае ваяв. Кафедральнымі саборамі грэка-католікаў былі Барысаглебская царква ў Навагрудку, Успенская царква ў Вільні і Успенская царква ў Мінску. У пач. 18 ст. ў мітрапаліцкай епархіі было каля тысячы уніяцкіх цэркваў, якія знаходзіліся пад кіраўніцтвам мясц. дэканаў (благачынных). Полацкая уніяцкая епархія ўключала Полацкае, Віцебскае, Мсціслаўскае, Курляндскае ваяв. і Лівонію. У Пінска-Тураўскую епархію ўваходзіў толькі Пінскі пав. Смаленская епархія (арганізавана ў 1625) уключала Смаленскае ваяв., Северскую і Чарнігаўскую землі (фактычна перастала існаваць у 1667 пасля далучэння Смаленска да Расіі). У пач. 17 ст. ў Віленскім Троіцкім манастыры быў арганізаваны уніяцкі манаскі ордэн базыльян (гл.Базыльяне), пачалося актыўнае фундаванне уніяцкіх цэркваў і кляштараў, пры многіх з іх ствараліся друкарні, школы, калегіі. Навучанне ў такіх школах і калегіях вялося на бел. мове, нават у самыя неспрыяльныя для яе часы. У друкарнях базыльян было надрукавана шмат катэхізісаў, малітоўнікаў, службоўнікаў, напісаных на бел. мове, а таксама павучанняў, казанняў, палемічных твораў і інш. л-ры на бел., польскай, лац. і царк.-слав. мовах. Перад 1-м падзелам Рэчы Паспалітай (1772) на Беларусі было каля 150 базыльянскіх кляштараў; пасля падзелу шматлікія кляштары і культ.-асв. цэнтры пры іх прыходзілі ў заняпад і ліквідаваліся. 22.4.1794 быў выдадзены ўказ Кацярыны II аб «искоренении Унии» на падставе таго, что бел. сяляне-уніяты і святары актыўна ўдзельнічалі ў паўстанні 1794 пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі. У 1795 скасаваны ўсе уніяцкія епархіі, акрамя Полацкай. Пры Паўле I былі заснаваны 2 новыя епархіі — Брэсцкая і Луцкая (1798), але уніяцкая царква была пазбаўлена самастойнасці і падпарадкавана Рымска-каталіцкай калегіі ў Пецярбургу. У 1809 арганізавана Віленская епархія, а ў 1828 замест існаваўшых 4 епархій створаны Літоўская (цэнтр — Жыровічы) і Беларуская (цэнтр — Полацк). У склад Літоўскай епархіі ўвайшлі уніяты, якія жылі ў Гродзенскай і Віленскай губ., Беластоцкай вобл., у паўн. паветах Валынскай і ў Падольскай губ. У Беларускай епархіі былі уніяцкія цэрквы і уніяты, якія жылі ў Віцебскай і Магілёўскай губ., 8 паветах Мінскай і Валынскай губ., уніяты Кіеўскай губ. і 6 уніяцкіх цэркваў у Курляндыі. У 1832 указам імператара Мікалая I скасаваны ордэн базыльян, зачынены уніяцкія кляштарныя школы, забаронена друкаванне і распаўсюджванне уніяцкіх кніг. У канцы 18 — 1-й трэці 19 ст. да правасл. царквы было далучана каля 2 млн. уніятаў. На Полацкім саборы 1839 была прынята пастанова аб скасаванні Брэсцкай уніі, ўз’яднанні з «Праваслаўна-Кафалічнай Усходняй царквой» і падпарадкаванні уніяцкай царквы «Свяцейшаму Кіруючаму Усерасійскаму Сіноду»; гэты акт быў зацверджаны правасл. Сінодам і імператарам. Была задушана спроба спыніць рэліг. ўціск і захаваць уніяцкую царкву ў час паўстання 1863—64 пад кіраўніцтвам К.Каліноўскага.
Уніяцкімі мітрапалітамі былі Міхаіл Рагоза (1595—99), Ігнацій Пацей (1599—1613), Іосіф Веніямін-Руцкі (1613—37), Рафаіл Корсак (1637—43), Антоній Сялява (1643—45), Гаўрыіл Календа (1656—74), Кіпрыян Жахоўскі (1674—93), Фларыян Грабніцкі (1746—62), Іраклій Лісоўскі (1804—09), Іасафат Булгак (1812—39) і інш.
Пасля 1921, калі Зах. Беларусь увайшла ў склад Польшчы, на яе тэрыторыі пачалося адраджэнне Беларускай грэка-каталіцкай царквы. Было арганізавана 30 уніяцкіх прыходаў, актыўна дзейнічалі Друйскі і Альберцінскі кляштары. Пачаў выдавацца час. «Да злучэння». У 1923 у Ватыкане ўтворана спец. камісія па справах Уніі на тэр.ўсх. Польшчы. Але адм. пакаранні, рэпрэсіі, высяленні вернікаў-уніятаў спынілі працэс аднаўлення грэка-каталіцкай царквы. У 1946 у БССР уніяцтва было ліквідавана, захавалася толькі некалькі абшчын за мяжой.
У 1990 Беларуская грэка-каталіцкая царква адноўлена і атрымала афіц. прызнанне з боку папы рымскага Іаана Паўла II. У 1994 Ватыканам афіцыйна зацверджаны богаслужэбныя тэксты ў перакладзе на бел. мову, усе святары атрымалі афіц. намінацыі на свае парафіі. Дэканам грэка-каталіцкай царквы Беларусі прызначаны Ян Матусевіч. На Беларусі (на 1.1.1996) дзейнічала 11 грэка-каталіцкіх (уніяцкіх) абшчын. Выдаюцца час. «Унія», грэка-каталіцкія малітоўнікі і календары, інш. духоўна-рэліг.л-ра.
Літ.:
Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Ч. 1—3. Буэнос-Айрес, 1966 (репринт. Мн., 1990);
Драгун Ю. Уніяцкая царква Беларусі і дзяржаўная палітыка // З гісторыяй на «Вы». Мн., 1994;
Киркор А.К. Исторические судьбы Белорусского Полесья // Живописная Россия: Литовское и Белорусское Полесье: Репринт. 2 изд. Мн., 1994;
Міхаліна. Жыцьцярыс сьвятое пакутніцы Уніі // Унія. 1990. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНА-ТЭРЫТАРЫЯ́ЛЬНЫ ПАДЗЕ́Л,
падзел тэрыторыі дзяржавы на часткі — адм.-тэр. адзінкі (губерні, акругі, землі, правінцыі, штаты, вобласці, раёны, дэпартаменты і інш.), на аснове якіх ствараюцца і дзейнічаюць органы дзярж.улады, кіравання і самакіравання. Асн. мэта — стварыць аптымальныя ўмовы для эфектыўнай арганізацыі і дзеяння ўсяго дзярж. механізма. Ажыццяўляецца з улікам прыроднагіст., эканам. і геагр. умоў, нац. асаблівасцяў, сац.-культ., паліт. і інш. фактараў.
У 9 ст. на тэр. Беларусі існавалі племянныя саюзы крывічоў (палачан), дрыгавічоў і радзімічаў. У 10—11 ст. склаліся Полацкая і Тураўская землі, якія захоўвалі пэўную самастойнасць пад уладай кіеўскіх князёў. Да сярэдзіны 12 ст. яны адасобіліся ў паўсамаст. дзярж. ўтварэнні — княствы. З Полацкай зямлі вылучыліся Віцебскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Лагожскае, Менскае і, магчыма, інш. ўдзельныя княствы; з Тураўскай — Пінскае і, верагодна, Клецкае і Слуцкае. Усх.ч. Беларусі з Мсціславам уваходзіла ў Смаленскае княства, паўд.-зах. з Берасцем і Кобрынам — у Галіцка-Валынскае, паўд.-ўсх. з Гомелем і Рэчыцай — у Чарнігаўскае. У Панямонні існавалі Ваўкавыскае, Гарадзенскае, Новагародскае і Слонімскае княствы, якія разам з племяннымі княствамі Літвы ў сярэдзіне 13 ст. ўтварылі ядро Вялікага княства Літоўскага. Да сярэдзіны 14 ст. ў ВКЛ увайшла ўся Беларусь, якая ў яго складзе падзялялася на судова-адм. акругі (землі, княствы, намесніцтвы), чые межы гістарычна склаліся ў мінулым. Полацкая і Віцебская землі з пач. 16 ст. называліся ваяводствамі. Каля 20 бел. княстваў і намесніцтваў (паветаў) уваходзілі ў Віленскае і Трокскае ваяв., утвораныя ў 1413; Мазырскі пав. да 1569 — у Кіеўскае ваяв. У выніку адм. рэформы 1565—66 тэр.ВКЛ была падзелена на 30 паветаў, з якіх 16 цалкам ці часткова знаходзіліся на Беларусі і ўваходзілі ў Берасцейскае, Віленскае, Віцебскае, Менскае, Мсціслаўскае, Новагародскае, Полацкае і Трокскае ваяв. У 1618—54 да Беларусі адносілася Смаленскае ваяв. са Старадубскім пав. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) на далучаных да Рас. імперыі бел. землях утвораны Полацкае і Магілёўскае намесніцтвы (у 1796 аб’яднаны ў Беларускую губ.), пасля 2-га падзелу (1793) — Мінская губ., пасля 3-га падзелу (1795) — Слонімская і Віленская губ. (у 1797 аб’яднаны ў Літоўскую губ.). У 1802—1917 на Беларусі існавалі 5 губерняў: Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская. Яны падзяляліся на паветы, колькасць якіх мянялася; з 1861 паветы падзяляліся на воласці. У 1917 не занятыя герм. войскамі бел. губерні і паветы аб’яднаны ў Заходнюю вобласць з цэнтрам у Мінску. У сак. 1918 у сувязі з прасоўваннем герм. войск да яе далучана Смаленская губ., цэнтр перанесены ў Смаленск.
25.3.1918 абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), у склад якой павінны былі ўвайсці б. Гродзенская, Магілёўская, Мінская губ. і паветы Віленскай, Віцебскай, Смаленскай, Чарнігаўскай губ., населеныя пераважна беларусамі. Фактычна Рада БНР дзейнічала толькі на тэр. Беларусі, занятай герм. войскамі, за выключэннем паўд. часткі, часова ўключанай у склад Украіны. 1.1.1919 у Смаленску абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка ў межах, якія амаль супадалі з пракламаванымі межамі БНР. Аднак ва ўмовах польскага наступлення ў лют. 1919 Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ. ўключаны ў склад РСФСР (пры гэтым Магілёўская губ. пераўтворана ў Гомельскую), незанятая палякамі астатняя частка БССР — у склад Літ.-Бел. Сав.Сацыяліст. Рэспублікі, якая пасля ўступлення польскіх войскаў у Мінск у жн. 1919 фактычна спыніла існаванне. У выніку контрнаступлення Чырв. Арміі 31.7.1920 БССР была адноўлена пад назвай Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь, але без усх.ч., якая засталася ў складзе РСФСР. Паводле Рыжскага мірнага дагавору 1921 да Польшчы адышла і зах.ч. Беларусі (гл.Заходняя Беларусь). У складзе БССР засталіся толькі Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мазырскі, Мінскі і Слуцкі пав.б. Мінскай губ. У такіх межах 30.12.1922 БССР увайшла ў склад СССР. У сак. 1924 да БССР далучаны ч. Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губ. (1-е ўзбуйненне). 17.7.1924 у БССР уведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на 10 акруг, 100 раёнаў, 1202 сельсаветы. У час 2-га ўзбуйнення (снеж. 1924) да БССР далучаны Рэчыцкая і Гомельская акругі (б. паветы) з 18 раёнамі, пасля ўзгадненняў у 1927 усх. граніца набыла сучасны выгляд. Планаванае на пач. 1930-х г. 3-е ўзбуйненне не адбылося. Да 1930 акругі ў БССР скасаваны, захаваўся падзел на 90 раёнаў. У 1935 адноўлены 4 акругі на граніцы з Польшчай (Лепельская, Мазырская, Полацкая і Слуцкая). У студз.—лют. 1938 утвораны 5 абласцей: Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Мінская, Палеская. У вер. 1939 да БССР далучана Зах. Беларусь, якая з 1921 у складзе Польшчы падзялялася на Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяв. з 26 паветамі, што падзяляліся на гміны. На тэр.б.Зах. Беларусі ўтвораны 5 абласцей: Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская і Пінская (101 раён); Віленскі край у кастр. 1939 перададзены Літве. Ёй жа ў ліст. 1940 перададзена тэр. Гайдуцішскага, Парэцкага і Свянцянскага р-наў. У час ням.-фаш. акупацыі 1941—44 зах.ч. Беларусі (акруга Беласток) далучана да Усх. Прусіі, паўд. раёны — да рэйхскамісарыята «Украіна»; усх.ч. ўваходзіла ў зону армейскага тылу. Астатнія тэр. Беларусі (каля 1/3) утварылі генеральную акругу Беларусь у складзе рэйхскамісарыята «Остланд». Пасля вызвалення Беларусі ў вер. 1944 20 яе раёнаў і г. Беласток перададзены Польшчы, Беластоцкая вобл. скасавана, Вілейская вобл. перайменавана ў Маладзечанскую, утвораны Бабруйская, Гродзенская і Полацкая вобл. У студз. 1954 скасаваны Бабруйская, Баранавіцкая, Палеская, Пінская і Полацкая вобл., у студз. 1960 — Маладзечанская вобл. Колькасць раёнаў неаднаразова мянялася, з 1966 іх было 117; 28.12.1989 адноўлены Дрыбінскі р-н. На 1.10.1994 у Рэспубліцы Беларусь 1088 адм.-тэр. адзінак, у т. л. 6 абласцей (Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) і сталічны горад Мінск, 118 сельскіх і 25 гар. раёнаў, 101 горад абласнога і раённага падпарадкавання, 109 пасёлкаў гар. тыпу, 1448 сельскіх Саветаў. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел рэспублікі замацаваны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Парадак вырашэння пытанняў адм.-тэр. ўладкавання дзяржавы адносіцца да выключнай кампетэнцыі ВС Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Круталевич В.А. Административно-территориальное устройстве БССР. Мн., 1966;
Административно-территориальное устройство БССР: Справ. Т. 1—2. Мн., 1985—87;
Казлоў Л., Цітоў А. Беларусь на сямі рубяжах. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДНЯПРО́ЎЕ,
гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі, які займае Магілёўскую, ч. Віцебскай і Гомельскай абласцей. На Пн па водападзеле Дняпра і Зах. Дзвіны мяжуе з Паазер’ем, на З па левабярэжжы Бярэзіны і Дняпра — з Цэнтральнай Беларуссю і Усходнім Палессем. У стараж.-рус. перыяд (9—12 ст.) ішоў інтэнсіўны працэс сцірання племянных этнакульт. адрозненняў, зліццё слав. плямён у адзіную народнасць. Гэтаму ў значнай ступені садзейнічалі раўнінны рэльеф і дняпроўская сістэма суднаходных рэк, якія адыгрывалі важную ролю ва ўнутр. і знешніх культ.-эканам. сувязях. Гіст. лёс П. быў звязаны са стараж. Кіевам і з гісторыяй інш.усх.-слав. зямель. Этнакульт. комплекс, фальклорныя традыцыі і нар. гаворкі П. маюць шмат агульных рыс з суседняй Смаленшчынай і зах. Браншчынай (у 12 ст. значная ч. П. ўваходзіла ў Смаленскае, паўд. — у Чарнігаўскае княствы). У той час у П. важныя адм. і эканам. цэнтры — Копысь, Орша, Друцк, Мсціслаў, Прапошаск (Слаўгарад), Крычаў, Лучын, Гомель, Рагачоў, Чачэрск і інш. У канцы 12 ст. са Смаленскага вылучылася Мсціслаўскае княства, якое да сярэдзіны 14 ст. ўвайшло ў склад ВКЛ, але захоўвала ў ім пэўную аўтаномію. На ранніх сярэдневяковых картах Еўропы (карты Н.Кузана — канец 15 — пач. 16 ст., С.Мюнстэра — 1540) левабярэжная ч. П. пазначана пад назвай Белая Русь. На больш позніх картах (Г. дэ Баплана, Я.Сандарта — 2-я пал. 17 ст., Т.Кітхіна — 1740, і інш.) Белая Русь лакалізавана ўжо ў верхнім П. і Паазер’і. Такое вызначэнне Белай Русі захавалася да сярэдзіны 19 ст., калі канчаткова было пашырана (з-за агульнасці гіст. лёсу і этнічнай культуры) на ўсю тэр. сучаснай Беларусі. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) П. далучана да Расіі, на яго тэр. ўтворана Магілёўская губ., якая ў асн. супадала з межамі рэгіёна. Пасля 1917 і ўтварэння БССР П. з 1924 у складзе БССР (Гомельскі і Рэчыцкі пав. далучаны ў 1926). Сельскія пасяленні звычайна размяшчаліся па берагах невял. рэк і ў міжрэччах. На характар рассялення ўплывала суседства з воднымі шляхамі, урадлівасць мясц. глеб. Найб. густа заселенай і аграрна развітой была левабярэжная ч. П., у прыватнасці Аршанска-Магілёўская раўніна. Змешаныя хваёва-лісцевыя лясы і дубровы, што ўкрывалі гэтую тэрыторыю, у 18 — пач. 20 ст. на значных плошчах былі высечаны, і на іх месцы ўтварыліся масівы акультураных зямель. Адносна спрыяльныя глебава-кліматычныя ўмовы садзейнічалі пашырэнню хлебаробства. З тэхн. культур сеялі лён і каноплі. Агракультура П. мела рэгіянальныя рысы, што выяўлялася ў спосабах і прыёмах апрацоўкі глебы, мясц. варыянтах земляробчых прылад (сох, ільнамялак, барон), формах феад. рэнты і інш. У лясных краях прыкметнай падмогай у гаспадарцы былі здабыўныя промыслы. Частка насельніцтва ішла ў адыходныя промыслы ў суседнія губерні Расіі. У Гомельскім пав. (пераважна ў сучасным Веткаўскім р-не) было шмат пасяленцаў-старавераў, якія сяліліся тут з 1685. Многія з іх займаліся рамізніцтвам, ваджэннем суднаў, будаўніцтвам, ткацтвам, пчалярствам. Частка — гандлем і камерцыяй (бралі ў арэнду сады, скуплялі ў мясц. сялян сушаныя грыбы, ягады, мёд, воск, гандлявалі лесам, хлебам, соллю). Сельскія пасяленні ў параўнанні з суседнім Паазер’ем вызначаліся большымі памерамі (15—30 сядзіб) і выразнай вулічнай планіроўкай. Замкнутыя ці Г-падобныя сядзібныя забудовы размяшчаліся абапал вуліцы, якая мела акрэсленую цэнтр. частку і канцы. Вуліца агароджвалася па баках і заканчвалася нярэдка з абодвух канцоў шырокімі варотамі, якія зачыняліся на ноч. З маладворных пасяленняў былі пашыраны засценкі. Пасля адмены прыгоннага права назіраўся міграцыйны рух насельніцтва на З, у лясныя раёны Бярэзінскага басейна, дзе ўзнікалі новыя пасяленні. Мігранты прыносілі з сабою вытворчы вопыт і этнакульт. традыцыі, прыстасоўваючы іх да мясц. умоў; ставілі дабротныя дамы і гасп. пабудовы, абносілі іх трывалым парканам з брамамі на вуліцу. Распаўсюджаныя тыпы планіроўкі традыц. жылля: хата + сенцы + клець, хата + сенцы + хата, хата + трысцен. Апошні выконваў ролю сянец, нярэдка (калі ў ім ставілі печ) ператвараўся ў жылое памяшканне. Свіран (амбар, інбар) для збожжа ставілі насупраць хаты. Хлявы (хлеў, пуня) прымыкалі да жылля праз павець ці размяшчаліся ў глыбіні двара. Сярод дапаможных памяшканняў стопкі сустракаліся рэдка, замест іх у П. былі распаўсюджаны функцыянальна блізкія скляпы (паграбы). Прасторныя гумны са стрэхамі на сохах мелі сушню — звычайную ёўню ці двух’ярусную асець з ямнай печчу. Больш прыкметная кантынентальнасць клімату, наяўнасць сушняў пры гумнах, як і добрая вентыляцыйнасць апошніх, рабілі непатрэбнымі азяроды, якія тут былі рэдкай з’явай. Для сушкі лёну часцей выкарыстоўвалі лазні, якія мелі падоўжную страху, што абапіралася з аднаго боку на 2 слупы, утвараючы навес. Канстр. аснова жыллёвых пабудоў — зруб з круглых бярвён, звязаных у просты вугал з астаткам, на штандарнай аснове. Стрэхі на лемягах (закотам) і стаянках (пазней — на кроквах) крылі саломай «пад колас», радзей — камлём уніз («пад грабёнку»), У раёнах, багатых лесам (Рагачоўскі, Быхаўскі, Клімавіцкі, Чэрыкаўскі пав.), пашыраны стрэхі, крытыя дошкамі, дорам, дранкай (шчапа). Пэўным арх. абліччам і арганізацыяй інтэр’ера адрознівалася нар. жыллё на Пд рэгіёна. Маляўнічай дэкаратыўнасцю вызначалася веткаўская разьба, якой аздаблялі франтоны, ліштвы, карнізы, ганкі, брамы і весніцы. Нар. адзенне П. ўвасобіла стараж. рысы, уласцівыя традыц. касцюму слав. народаў, зазнаўшы пэўны ўплыў усх. і еўрап. строяў. Тыповае верхняе адзенне — злёгку прыталеныя кажухі і шыракаполыя світкі светла-шэрага колеру са стаячым каўняром без гузікаў (падвязваліся вакол таліі шарсцяным плеценым поясам), а таксама кафтан-армяк тыпу бурноса, укарочаная паўсвітка і кажушок (паўшубак). У традыц. жаночым адзенні яшчэ ў пач. 20 ст. бытавалі стараж. панёвы, узорныя андаракі, сшытыя з безрукаўкай-гарсэтам (ліф, кабат), і саяны, аналагічныя рус. сарафанам. Жаночыя кашулі шылі з плечавымі ўстаўкамі (полікамі), нагрудная ч. якіх з больш тонкага кужэльнага палатна. Іх упрыгожвалі вышыўкай і тканым арнаментам чырвонага ці камбінаванага (чырвонага з чорным) колераў (магілёўскі строй, краснапольскі строй); аздаблялі сакаленнем, маршчэннем (буда-кашалёўскі строй). Самабытным узорна-дэкар. стылем упрыгожвання вылучаецца адзенне паўд. раёнаў (неглюбскі строй). У арнаменце святочнага адзення і тканін дамінавалі адносна буйныя геам. ўзоры, у Пасожжы часцей сустракаліся расл. матывы. Ва ўзорным ткацтве ўжывалася браная тэхніка, у вытв-сці андараковай тканіны пераважала 2-нітавае ткацтва. Своеасаблівымі прыёмамі аздаблення вылучаюцца традыц. тканыя неглюбскія ручнікі і буда-кашалёўскія ручнікі. Рэгіянальнай асаблівасцю вызначалася кераміка. Посуд з чырвонай гліны з тонкімі сценкамі аздаблялі на гарлавінах ці плечыках хвалістымі паяскамі, што наносіліся завостраным прутком па сырой гліне. Ён быў лёгкі і грацыёзны. Лінгвістычная карта Беларусі адзначае дыялект. асаблівасці гаворак П., якія вылучаны ва ўсх.-магілёўскую групу паўн.-ўсх. дыялекту. Неаднароднасць культ. ландшафтаў дазваляе вылучыць у П. некалькі лакальных раёнаў (падраёнаў) — левабярэжжа і правабярэжжа Дняпра, Пасожжа і Бярэзінскі раён — з уласцівым кожнаму з іх комплексам мясц. этнакульт. прыкмет.