БЕНВЕНІ́СТ ((Benveniste) Эміль) (27.5.1902, г. Халеб, Сірыя — 3.10.1976),

французскі мовазнавец. Вучань А.Мее. З 1935 праф. Калеж дэ Франс, з 1945 сакратар Парыжскага лінгвістычнага т-ва, з 1960 чл. Франц. АН. Працы ў галіне агульнага і індаеўрап. мовазнаўства, агульнай семіялогіі. Даследаваў праблемы структурнай лінгвістыкі. У адрозненне ад Ф. дэ Сасюра лічыў моўны знак міжвольным, таму што ён абумоўлены сістэмай мовы («Прырода лінгвістычнага знака», 1939). Аўтар тэорыі структуры індаеўрап. кораня, шматлікіх прац па іранскіх мовах.

Тв.:

Problèmes de linguistique gènèrale. Paris, 1969;

Рус. пер. — Общая лингвистика. М., 1974.

т. 3, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРАШЭ́ЎСКІ ((Doroszewski) Вітольд Ян) (1.5.1899, Масква — 26.1.1976),

польскі мовазнавец. Чл. АН у Кракаве (1947) і Польскай АН (1952). Д-р філал. н. (1928), праф. Варшаўскага ун-та (з 1930). Рэдактар час. «Poradnik Językowy» («Моўны дарадчык», з 1932). Даследаваў словаўтварэнне, фанетыку, дыялекталогію, семантыку польск. мовы: «Манаграфія пра словаўтварэнне» (ч. 1—4, 1928—31), «Асновы польскай граматыкі» (ч. 1, 1952), «Пра культуру слова» (ч. 1—3, 1962—79), «Элементы лексікалогіі і семіётыкі» (1970) і інш. У 1931—34 вывучаў бел. нар. гаворкі Палесся. Пытанні бел. мовы разглядаў у арт. «Роднасць моў у святле фактараў дыялекталогіі» (1939). Дзярж. прэмія Польшчы 1969.

т. 6, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАДЗЕ́Д (Іван Канстанцінавіч) (29.8.1906, с. Успенка Ануфрыеўскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 21.9.1981),

украінскі мовазнавец. Акад. АН УССР (1957) і АН СССР (1972). Засл. дз. нав. Украіны (1966). Скончыў Харкаўскі ун-т (1932). З 1961 дырэктар Ін-та мовазнаўства імя А.​А.​Патабні АН УССР, адначасова ў 1962—78 віцэ-прэзідэнт АН УССР. Даследаваў праблемы ўсх.-слав. моў, у т. л. бел. моўны матэрыял («Кантакты ўкраінскай мовы з іншымі славянскімі і уніфікацыя яе вуснай літаратурнай формы», 1968; «Лінгвастылістычная характарыстыка перакладу твораў К.​Крапівы на ўкраінскую мову», 1972), агульнае мовазнаўства і сацыялінгвістыку. Дзярж. прэміі УССР 1971 і СССР 1983.

І.​К.​Германовіч.

т. 2, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЛЕКСІ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,

тып двухмоўнага слоўніка, які ўключае тоесныя па значэнні і блізкія па гучанні словы дзвюх блізкароднасных моў, што характарызуюцца нерэгулярнымі адрозненнямі ў фанетычнай і марфалагічнай структуры, слова- і формаўтварэнні, націску (т.зв. паралексы, гл. ў арт. Паралексія). Напр., бел. «шэры» — рус. «серый», «далонь» — «ладонь», «гусь» (ж.р.) — «гусь» (м.р.), «клопат» (адз. лік) — «хлопоты» (мн. лік) і інш. У П.с. падаюцца толькі тыя словы, якія могуць абумовіць парушэнне літ. нормы адной з блізкароднасных моў. У бел. лексікаграфіі першы слоўнік такога тыпу — «Беларуска-рускі паралексічны слоўнік-даведнік» (1985), які ўключае толькі паралексы (як дадатковы моўны матэрыял у слоўнік увайшлі міжмоўныя амонімы і паронімы).

Л.​П.​Кунцэвіч.

т. 12, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛЕЦЫ́ЗМ [грэч. soloikismos ад назвы г. Солы (Soloi), грэч. калоніі ў М. Азіі, жыхары якой дрэнна гаварылі па-атычнаму],

1) у паэтыцы — няправільны моўны зварот, свядома выкарыстаны для стварэння «нізкага» стылю. Адрозніваюць віды С.: плеаназм, эналага, эліпсіс, анакалуф.

2) У лінгвістыцы — сінтакс. памылка ў дапасаванні, кіраванні, парадку слоў, ужыванні дзеепрыметных і дзеепрыслоўных зваротаў, будове складаных сказаў і інш. Напр.: «Добрае надвор’е спрыяла для правядзення ўборачных работ» (замест «Добрае надвор’е спрыяла правядзенню ўборачных работ»), «Прыйшоўшы на працу, у мяне забалела галава» (замест «Калі я прыйшоў на працу, у мяне забалела галава»). Сінтакс. памылкі часта ўзнікаюць пад уплывам мясц. гаворак або інш. моў. Напр.: «Суседзі прыехаўшы» (замест «Суседзі прыехалі»).

І.​К.​Германовіч.

т. 14, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУМЫ́НСКАЯ МО́ВА,

адна з раманскіх моў (балкана-раманская падгрупа); афіц. мова Румыніі. Мае дыялекты: банацкі, крышанскі, мунцянскі, малдаўскі (дыялект гіст. вобласці Малдова), марамурэшскі. Р.м. ўласцівы: у фанетыцы — палаталізаваныя галосныя, якія выконваюць марфал. функцыі, пэўны артыкль у постпазіцыі да назоўніка, скланенне пэўных і няпэўных артыкляў; у марфалогіі — ужыванне ў пераддзеяслоўнай пазіцыі кан’юнктыва, а не інфінітыва, як у зах.-раманскіх мовах, адсутнасць дапасавання часоў; у лексіцы — моцныя паўд.-слав. ўплывы. Уваходзіць у балканскі моўны саюз. Пісьменства з 16 ст. Фарміраванне літ. мовы пачалося з 17 ст. (гіст. хронікі). Маст. л-ра з канца 18 ст. Першапачаткова выкарыстоўваўся кірылічны алфавіт (гл. Кірыліца), у 1860 заменены лацінкай.

Літ.:

Репина Т.А. Румынский язык. М., 1968;

Лухт Л.И. Сравнительно-сопоставительная грамматика романских языков: Румынский язык. М., 1970.

т. 13, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКАРАНІ́ЧНЫ ВЕРШ, макаранічная паэзія (італьян. poesia maccheronica ад maccheroni макароны),

від жартоўнага ці сатыр. верша, камізм якога ствараецца перанасычанасцю тэксту варварызмамі, падпарадкаванымі марфал. законам роднай мовы. Узнік у старажытнасці, калі асобныя рым. паэты перамяжалі сваю мову грэч. словамі. У перыяд франкаманіі ў Расіі (18—19 ст.) І.​Мятлеў высмейваў сумесь «французскага з ніжагародскім» у мове пануючых класаў. У паэме І.​Катлярэўскага «Энеіда» сатыр. гучанне набыло ўвядзенне лац. лексікі ва ўкр. моўны кантэкст. Аснова для з’яўлення М.в. ў бел. паэзіі была яшчэ ў сярэдневякоўі, калі на Беларусі шырока ўжывалася лац., стараслав. і польск. мовы. Найб. раннія з такіх вершаў — «Плач пакінутага каханай» і «За пенкнай паненкай аж душа сумуе...» (апубл. А.​Рыпінскім, 1840). М.в. зрэдку трапляецца ў сучаснай бел. паэзіі (К.​Крапіва) і прозе (Я.​Купала, Я.​Колас).

В.​П.​Рагойша.

т. 9, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСПАЗНАВА́ННЕ ВУ́СНАЙ МО́ВЫ,

раздзел кібернетыкі, які распрацоўвае тэорыю, метады, алгарытмы і камп’ютэрныя тэхналогіі аўтам. распазнавання і разумення мовы чалавека.

Грунтуецца на агульнай тэорыі распазнавання вобразаў, метадах прыкладной фанетыкі і лінгвістыкі, тэорыях лічбавай апрацоўкі сігналаў, маркаўскіх мадэлей, моваўтварэння і ўспрымання мовы чалавекам. Выкарыстоўваецца ў сістэмах штучнага інтэлекту як натуральна-моўны інтэрфейс чалавека і машыны, сістэмах кіравання, камп’ютэрнай тэлефаніі, тэлеф. дыялогавых інфармацыйна-даведачных сістэмах, сістэмах аховы баз даных («галасавы ключ»), дыспетчарскіх сістэмах кіравання паветр. і наземным транспартам і інш.

На Беларусі даследаванні па праблемах Р.м. вядуцца з сярэдзіны 1960-х г. у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Распрацаваны сінтэзатары бел. і рус. моўнага ўзнаўлення друкаванага тэксту, шэраг прыкладных тэхналогій з выкарыстаннем сістэм распазнавання і сінтэзу мовы.

Літ.:

Искусственный интеллект: Справ. М., 1990. Кн. 1. С. 95—139.

Б.​М.​Лабанаў.

т. 13, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́КЛАШЫЧ (Miklošič, Miklosich) Франьё (Франц; 20.11.1813, Радамершчак, каля г. Лютамер, Славенія — 7.3.1891), славенскі і аўстрыйскі мовазнавец. Заснавальнік слав. параўнальна-гіст. мовазнаўства. Акад. Венскай (з 1851), чл.-кар. Пецярбургскай (з 1856) АН. Скончыў ун-т у Грацы (Аўстрыя). У 1850—86 праф. Венскага ун-та. Даследаваў лексіку і граматыку слав. моў, узаемадзеянне слав. моў з алб., венг., рум. і інш., вывучаў слав. анамастыку і тапаніміку, л-ру і эпас. Аўтар прац «Параўнальная граматыка славянскіх моў» (т. 1—4, 1852—75), «Утварэнне славянскіх імён» (1860), «Цюркскія элементы ў паўднёва-ўсходніх і ўсходнееўрапейскіх мовах» (1884—90). Склаў «Слоўнік стараславянскай мовы», 1850; 2-е выд. 1862—65), «Этымалагічны слоўнік славянскіх моў» (1886). Выдаў стараж.-слав. пісьмовыя помнікі, у т. л. «Супрасльскі рукапіс», «Шышатаўскі апостал» (1853), «Хроніку Нестара» (1860), крыніцы па гісторыі славян («Monumenta serbica», 1858). У працах паслядоўна ўключаў бел. моўны матэрыял, хоць памылкова аб’ядноўваў бел. і ўкр. мовы як дыялекты адной мовы.

т. 10, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕАНТАЛО́ГІЯ ЛІНГВІСТЫ́ЧНАЯ,

1) гісторыка-філалагічная дысцыпліна, якая, абапіраючыся на моўныя факты, вывучае гісторыю носьбітаў мовы ў дапісьмовы перыяд іх існавання, а таксама гісторыю матэрыяльнай і духоўнай культуры пэўнага этнасу. Напр., дзеясловы (яго) «круціць», «ломіць» — (ён) «паправіўся» ўказваюць на значнасць у свядомасці далёкіх продкаў проціпастаўлення архетыпічных катэгорый «крывы» — «прамы».

2) Сукупнасць прыёмаў і методык, што служаць выяўленню і вытлумачэнню найб. стараж. элементаў мовы, па якіх можна аднавіць пэўныя фрагменты страчаных архаічных яе падсістэм. Узнікла як адгалінаванне параўнальна-гістарычнага мовазнаўства і распрацаванага ў яго межах параўнальна-гістарычнага метаду, садзейнічала ўзнікненню глотахраналогіі. Карыстаецца спецыфічным паняццем «моўны час», які вымяраецца тымі зменамі, што адбываюцца ў мове, пачынаючы з дапісьмовага стану. Вырашае некалькі тыпаў лінгвістычных задач: аналіз архаізмаў, рэканструкцыя моўных падсістэм, удакладненне генеалагічнай класіфікацыі моў, збор інфармацыі для вызначэння заканамернасці глотагенезу і інш.

Літ.:

Krahe H. Sprache und Vorzeit. Heidelberg, 1954;

Гамкрелидзе Т.В., Иванов В.В. Индоевропейский язык и индоевропейцы. [Т.] 1—2. Тбилиси, 1984.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 11, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)