ЛА́ПІН (Васіль Піліпавіч) (12.2.1902, с. Новы Валавай Пачалмскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 11.1.1991),

бел. і расійскі спявак (лірыка-драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў вак. аддзяленне Вучэбна-тэатр. камбіната (1933; цяпер Рас. акадэмія тэатр. мастацтва). З 1933 саліст Вял. т-ра ў Маскве. У 1938—49 (з перапынкам) у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі. У 1949—63 у канцэртных арг-цыях Масквы. Валодаў сакавітым голасам прыгожага тэмбру, дасканалай вак. тэхнікай і артыстызмам, што дазваляла яму ствараць выразныя, эмацыянальна насычаныя вобразы. Сярод партый на бел. сцэне: Міхась («Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага), Андрэй («У пушчах Палесся» А.​Багатырова), Конрад («Кветка шчасця» А.​Луранкова), Мечыслаў («Кастусь Каліноўскі» Дз.​Лукаса), Герман («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Уладзімір Дуброўскі («Дуброўскі» Э.​Напраўніка), Альфрэд («Травіята» Дж.​Вердзі), Пінкертон («Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні).

Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 9, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛО́ВІЧ ((Karłowicz) Мечыслаў) (11.12.1876, в. Вішнева Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. — 8.2.1909),

польскі кампазітар, дырыжор. Сын Я.Карловіча. Вучыўся кампазіцыі і скрыпічнай ігры ў Гайдэльбергу (Германія), Варшаве і Берліне. Арганізатар (1902) і дырыжор (у 1905—06 гал. дырыжор) сімф. аркестра пры Варшаўскім муз. т-ве. З 1906 удзельнік групы кампазітараў «Маладая Польшча». Першы буйны сімфаніст у гісторыі польскай музыкі. Асн. творы: праграмная сімфонія «Адраджэнне» (1902), 7 сімф. паэм, у т. л. «Зваротныя хвалі», «Станіслаў і Ганна Асвецімы» (1907), «Эпізод на маскарадзе» (1908); камерна-інстр. ансамблі; фп. творы; рамансы, песні; музыка да драм. спектакляў. Цікавіўся фальклорам, у т. л. беларускім. У 1900 запісаў некалькі ўзораў бел. муз. фальклору, асобныя запісы выкарыстаў у сімф. трыпціху «Адвечныя песні» (1904—06) і ў «Літоўскай рапсодыі» (1906). Муз. пісьменнік і крытык.

Літ.:

Бэлза И. Мечислав Карлович. М.; Л., 1951;

Карасиньская И. Ян и Мечислав Карловичи и их роль в развитии русско-польских связей // Русско-польские музыкальные связи. М., 1963.

Г.​І.​Цітовіч.

М.Карловіч.

т. 8, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)