ПРЫСЛО́ЎЕ,

часціна мовы, якая абазначае прыкмету дзеяння, стану або якасці. Асн. марфалагічная асаблівасць П. — адсутнасць форм скланення і спражэння. Можа мець формы ступеней параўнання.

У сказе П. прымыкаюць да дзеясловаў («сядзець моўчкі»), прыметнікаў («якасна новы»), лічэбнікаў («трэці злева»), радзей да назоўнікаў («сяўба па-новаму») і П. («позна ноччу»). Паводле значэння падзяляюцца на якасна-азначальныя, што ўказваюць на якасць («агніста»), меру («крыху»), ступень інтэнсіўнасці, мяжу дзеяння, прыкметы ці стану («датла», «уволю») і акалічнасныя, што ўказваюць на месца або напрамак («там», «уверх»), час («аднойчы»), прычыну («спрасонку»), мэту («наўмысна») дзеяння. Утвараюцца афіксальным (суфіксальным — «высока»; прэфіксальным — «некуды»; прэфіксальна-суфіксальным — «змалку») спосабамі, асноваскладаннем («штогод») і інш. Папаўняюцца за кошт пераходу ў іх склад інш. часцін мовы: назоўнікаў («страх»), дзеепрыслоўяў («спатыкаючыся»), часціц («абы-абы»), Могуць ужывацца ў якасці прыназоўнікаў («побач»), злучнікаў («калі»), часціц («ледзь»), мадальных слоў («напэўна»), У сказе выконваюць ролю акалічнасці (пераважна), азначэння, выказніка.

Літ.:

Шуба П.П. Прыслоўе ў беларускай мове: Марфал. нарыс. Мн., 1962;

Яго ж. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

А.​І.​Наркевіч.

т. 13, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАПАЛО́ГІЯ (ад грэч. topos месца + ...логія),

раздзел матэматыкі, які вывучае ўласцівасці тапалагічных прастораў і розных падмностваў (фігур) у гэтых прасторах. Уласцівасці фігуры наз. тапалагічнымі, калі яны захоўваюцца пры тапалагічных адлюстраваннях. Напр., тапалагічныя ўласцівасці: замкнёнасць лініі, наяўнасць краю ў паверхні і інш.

Асновы Т. закладзены Л.Эйлерам, Ж.А.Пуанкарэ, Ф.​Гаўсдорфам. Значны ўклад у развіццё Т. зрабілі рус. матэматыкі П.С.Аляксандраў, С.П.Новікаў, Л.С.Пантрагін, П.​С.​Урысон і інш. На пач. Т. вывучала тапалагічныя ўласцівасці фігур, пазней — адвольныя неперарыўныя адлюстраванні. Адна з асн. задач Т. — класіфікацыя неперарыўных адлюстраванняў і вылучэнне з іх класаў з патрэбнымі ўласцівасцямі, напр., з уласцівасцю мець нерухомы пункт. У Т. вылучаюць самастойныя кірункі, якія адрозніваюцца аб’ектам і метадам даследаванняў. У агульнай Т. вывучаюць звязнасць, кампактнасць, метрызавальнасць тапалагічных прастораў, а таксама зменнасць гэтых паняццяў пры неперарыўных адлюстраваннях прастораў. Разам з алгебрай агульная Т. з’яўляецца асновай тэарэтыка-мноствавых метадаў у матэматыцы. Алгебраічная тапалогія звязана з вывучэннем тапалагічных прастораў і іх неперарыўных адлюстраванняў з дапамогай алг. аб’ектаў (гомамарфізмаў, груп, кольцаў). Дыферэнцыяльная Т. вывучае алг. мнагастайнасці (гл. Алгебраічная геаметрыя) сродкамі матэм. аналізу і алг. Т; кускова-лінейная Т. — паліэдры (мнагаграннікі) і іх кускова-лінейныя адлюстраванні.

Літ.:

Александрян Р.А., Мирзаханян Э.А. Общая топология. М., 1979;

Фоменко А.Т., Фукс Д.Б. Курс гомотопической топологии. М., 1989;

Топология. Мн., 1990.

В.​І.​Вядзернікаў, А.​С.​Фядэнка.

т. 15, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ДНАЯ МО́ВА,

мова, на якой асоба мысліць без дадатковага самакантролю, з дапамогай якой лёгка і натуральна выказвае свае думкі ў вуснай і пісьмовай форме, якая служыць падмуркам яго этн. самасвядомасці, нац. самаідэнтыфікацыі. Як форма сац. быцця чалавека адрозніваецца натуральнасцю, нязмушанасцю, лёгкасцю, зручнасцю выкарыстання яе ў розных сітуацыях камунікавання асобы. Р.м. ўласцівы функцыі: мыслення, унутр. маўлення, слоўнага выражэння і афармлення думак і эмоцый, фарміравання і замацавання своеасаблівай моўнай карціны свету, фалькл. і літ.-маст. творчасці, пазнання свету і назапашвання ведаў у памяці, міфатворчасці і інш. Р.м. звязана з духам народа, нац. ментальнасцю, маральнасцю асобы і выконвае сямейныя, працоўныя і інш. грамадскія функцыі. Яна адна з вызначальных рыс сукупнасцей людзей — этнасу, нацыі, народа. Абавязкова і арганічна ўваходзіць у мноства знакавых сістэм, што фарміруюць т.зв. моўную асобу і вызначаюць багацце яе знешніх і ўнутр. зносін, ступень яе ўключанасці ў нац. і сусв. культуру. Роднай наз. і мову тытульнага этнасу, засвоеную з дзяцінства прадстаўніком інш. этнасу, што ўваходзіць у склад нацыі. Пры двухмоўі і шматмоўі — гэта мова штодзённых зносін. Пры дасканалым веданні дзвюх моў і аднолькава лёгкім валоданні імі можна гаварыць пра дзве родныя для асобы мовы. З паняццем Р.м. звязана ўяўленне пра гіст. існаванне этнасу і яго духоўную і матэрыяльную культуру. Р.м. як выраз не строга тэрміналагічны адносіцца не столькі да лінгвістыкі, колькі да сферы нац. псіхалогіі, этн. самаўсведамлення асобнага чалавека і народа. Р.м. можа для чалавека рэальна мець статус дыялектнай гаворкі, мовы асобнага этнасу, мовы маст. л-ры, нац. і дзярж. мовы і інш. Р.м. — аб’ект любові і гонару яе носьбітаў, дзярж. падтрымкі і аховы.

Літ.:

Этническая психология и общество. М., 1997;

Лыч Л.М. Беларуская нацыя і мова. Мн., 1994;

Навуменка Л. Уяўленні беларусаў аб значэнні ўласнай этнічнай належнасці і месца роднай мовы сярод іх // Język a tożsamość na pograniczu kultur, Białystok 2000.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 13, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНТАМІ́МА (ад грэч. pantomimos які усё пераймае, імітуе),

від сцэн. мастацтва, у якім маст. вобраз раскрываецца праз пластыку чалавечага цела, жэст, міміку. Можа мець форму эстраднай мініяцюры, якая выконваецца адным акцёрам (часам выконвае некалькі роляў і разыгрывае цэлую п’есу), т.зв. мастацтва «міма», і шматактавага спектакля з разгорнутым драм. сюжэтам, вял. колькасцю ўдзельнікаў, музыкай, дэкарацыямі і інш. Як закончаны эпізод П. сустракаецца ў драме, оперы, часцей у балеце і цырку. Сродкамі пластычнай выразнасці акцёр П. можа адлюстроўваць элементы жывой і нежывой прыроды.

П. бярэ пачатак у стараж. гульнях і абрадах многіх народаў свету. У адзін з асн. відаў тэатр. паказу вылучылася ў стараж. Кітаі, Індыі, Японіі, Грэцыі, Рыме і інш. Традыцыі П. выкарыстоўвалі гістрыёны, жанглёры, мімы, скамарохі і інш. Пашырылася ў 16—18 ст. у італьян. камедыі дэль артэ. Найб. вядомыя майстры П. 19 ст. — Дж.​Грымальдзі (Вялікабрытанія) і стваральнік маскі П’еро Ж.Б.​Г.​Дэбюро (Францыя). У канцы 19 ст. развівалася пераважна на сцэнах мюзік-холаў (Л.​Руф, Францыя; Д.​Лейна і Л.​Тыч, Вялікабрытанія). У пач. 20 ст. значнае месца П. адводзілі ў сваёй творчасці акцёры і рэжысёры Г.​Фукс, М.​Райнгарт, Э.​Жак-Далькроз, М.​Вігман і інш. У Расіі П. ўваходзіла ў склад нар. гульняў, абрадаў, займала значнае месца ў балаганных тэатрах і цырках. У пач. 20 ст. ўзнікла форма драм. П., якую распрацоўвалі рэжысёры К.​Марджанішвілі, М.​Еўраінаў, У.​Меерхольд, А.​Таіраў і інш. Вял. ролю ў развіцці сучаснага мастацтва П. адыграла творчасць Ж.​Баро і М.​Марсо (Францыя), Л.​Фіялкі (Чэхаславакія), Г.​Тамашэўскага (Польшча), А.​Румнева, В.​Палуніна (Расія) і інш.

На Беларусі элементы П. вядомы са старажытнасці ў нар. гульнях (масленічных і інш.) і абрадах (сватанне, вяселле і інш.), выкарыстоўваліся скамарохамі. Сюжэтныя спектаклі-П. на бел. сцэне ставілі розныя сав. цыркавыя калектывы: «Бахчысарайская легенда» (1963), «Партызанская балада» (1967), «Кастрычніцкая паэма» (1977), «Маладосць мая, Беларусь» (1978), «Беларускія ўзоры» (1982) і інш. Нумары П. ставяць нар. цыркавыя калектывы Беларусі. Сцэны П. і яе элементы выкарыстоўваюцца ў пастаноўках Бел. рэсп. т-ра юнага гледача, Нац. акад. т-ра імя Я.​Купалы, Нац. рус. акад. т-ра імя М.​Горкага і інш. Мастацтва драм. П. развіваецца з 1970-х г. Працуюць т-ры П.: мінскія нар. т-р П. «Рух» (з 1971), нар. ансамбль П. (з 1976), «Рух» пад кіраўніцтвам У.​Колесава (з 1980), тэатр-студыя П. «Жэст» пад кіраўніцтвам В.​Іназемцава (1986), Незалежны т-р П. пад кіраўніцтвам І.​Глушакова (1991) і інш.

Літ.:

Румнев А. О пантомиме. М., 1964;

Рутберг И.Г. Пантомима: Опыты в мимодраме. М., 1977;

Маркова Е.В. Современная зарубежная пантомима: La mime. M., 1985.

Р.​І.​Баравік.

т. 12, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОД ЛІТАРАТУ́РНЫ,

абагульнены тып літ. твораў, які выяўляецца праз асэнсаванасць маст. фактаў у выглядзе пэўнай заканамернасці. Упершыню пра Р.л. ўпамінае Платон у трактаце «Дзяржава». Больш поўна тэорыю Р.л. распрацаваў у сваёй «Паэтыцы» Арыстоцель. Асн. Р.л. тры — эпас, лірыка і драма. Эпасам называюцца творы аб’ектыўна-апавядальнага характару, у якіх паказваецца чалавек у шматлікіх сувязях з грамадствам і прыродай. У лірыцы раскрываюцца пачуцці асобы, яе ўнутр. свет. У драме супрацьстаяць характары, перадаюцца адносіны і канфлікты паміж персанажамі, яны паказваюцца ў дзеяннях, учынках, перажываннях. У залежнасці ад тэматыкі ці інш. прыкметы Р.л. падзяляюцца на віды літаратурныя (або формы) і жанры. Эпас апісвае падзеі, знешнія ў адносінах да аўтара. У залежнасці ад часу дзеяння, ахопу падзей, колькасці персанажаў адрозніваюць вял. (эпапея, раман), сярэднія (аповесць, нарыс), малыя (навела, апавяданне, казка, байка, легенда) формы эпасу. Эпас паказвае аб’ектыўную карціну свету. Акрамя ўчынкаў герояў, значнае месца адводзіцца апісанням: партрэтам, рэчам, пейзажу. Ад лірыкі і драмы эпас адрозніваецца шырынёй і багаццем адлюстравання жыцця, яго пераасэнсаваннем. Лірыка аб’ядноўвае творы, у аснове якіх думкі, пачуцці, настроі, перажыванні чалавека. Віды лірыкі пераважна невял. па памеры: ода, раманс, песня, балада, верш, элегія, гімн. Самая вял. форма лірыкі — паэма, якая можа быць эпічнаю («Курган» Я.​Купалы) або сумяшчаць рысы эпасу і лірыкі («Тарасова доля» Я.​Купалы, «Сцяг брыгады» А.​Куляшова). Звычайна лірыку падзяляюць па тэматычных лініях або жанрава: лірыка грамадз., пейзажная, філас., інтымная. Драма, як і эпас, паказвае знешнюю рэальнасць — адносіны і канфлікты паміж людзьмі. Аднак паказ адбываецца праз размоўную форму. Як і ў лірыцы, тут выражаюцца думкі, пачуцці, перажыванні, але не адной асобы, а некалькіх. Падзел л-ры на роды не супадае з яе падзелам на паэзію і прозу. У побытавай мове лірычны твор звычайна суадносіцца з паэзіяй, а эпічны — з прозай. Але кожны Р.л. ўключае ў сябе і паэтычныя (вершаваныя), і празаічныя творы. Эпас на ранніх этапах мастацтва быў пераважна вершаваны. Вершаваны эпас характэрны і для бел. л-ры («Новая зямля» Я.​Коласа).

Словы «эпічнае» («эпічнасць»), «драматычнае» («драматызм»), «лірычнае» («лірызм») абазначаюць не толькі родавыя асаблівасці твораў, але і інш. якасці. Напр., эпічнасцю называюць велічна-спакойнае, нетаропкае сузіранне жыцця ў яго складанасці і шматпланавасці, шырыню поглядаў аўтара на свет і яго прыняцце як нейкай цэласнасці. Эпічнасць як ідэйна-эмацыянальная настраёвасць можа мець месца ва ўсіх Р.л. Драматызмам прынята называць стан, звязаны з напружаным перажываннем нейкіх супярэчнасцей, з усхваляванасцю і трывогай. Лірызм — узвышаная эмацыянальнасць, выяўленая ў мове аўтара, апавядальніка, персанажаў. Драматызм і лірызм таксама могуць прысутнічаць ва ўсіх Р.л.

Літ.:

Лазарук М.А., Ленсу А.Я. Уводзіны ў літаратуразнаўства. 2 выд. Мн., 1982;

Рагойша В.П. Паэтычны слоўнік. 2 выд. Мн., 1987;

Беларуская літаратура, XI—XX стст. 2 выд. Мн., 2001.

Т.​І.​Шамякіна.

т. 13, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХВА́ЛІ,

узбурэнні стану рэчыва і поля, якія распаўсюджваюцца ў прасторы з канечнай скорасцю. Суправаджаюцца пераносам энергіі без пераносу рэчыва (перанос рэчыва можа мець месца толькі як пабочная з’ява). Розным відам узбурэнняў (мех., цеплавым, эл.-магн. і інш.) адпавядаюць розныя віды Х. (гл. Паверхневыя хвалі, Пругкія хвалі, Сейсмічныя хвалі, Тэмпературныя хвалі, Электрамагнітныя хвалі).

Пры тэарэт. разглядзе Х. звычайна ўводзяць паняцце гарманічнай (сінусаідальнай) Х., у якой узбурэнні адбываюцца паводле закона гарманічных ваганняў і апісваюцца ўраўненнем хвалі. Асн. характарыстыкі такіх Х. — амплітуда, перыяд ваганняў, даўжыня хвалі, фаза. У залежнасці ад арыентацыі ўзбурэння адносна напрамку распаўсюджвання адрозніваюць падоўжныя хвалі і папярочныя хвалі. Найб. важныя ўласцівасці і характарыстыкі Х.: адбіццё хваль, дысперсія хваль, дыфракцыя хваль, інтэрферэнцыя хваль, паглынанне хваль, палярызацыя хваль, пераламленне хваль і рассеянне хваль; групавая скорасць, кагерэнтнасць, хвалевая паверхня, фазавая скорасць і фронт хвалі. Асаблівыя Х. ўзнікаюць пры руху цела ў асяроддзі са скорасцю, большай за фазавую скорасць Х. ў дадзеным асяроддзі, напр., пры руху самалёта са звышгукавой скорасцю ўзнікае ўдарная хваля. Пры аналізе энергет. характарыстык Х. выкарыстоўваюць паняцці Пойнтынга вектар, Умава вектар. У тэхніцы для памяншэння страт энергіі пры перадачы Х. выкарыстоўваюць хваляводы. Хвалевыя працэсы вельмі пашыраны ў прыродзе і тэхніцы. Найбольш выкарыстоўваюцца гукавыя хвалі (гл. Гук), паверхневыя акустычныя хвалі, ультрагукавыя хвалі, радыёхвалі, у т. л. ультракароткія хвалі. Пастаянна ўдасканальваюцца тэхн. сродкі выпрамянення і прыёму радыёхваль. Вывучэнне Х. важнае для развіцця фіз. і тэхн. навук. Гл. таксама Салітон, Хвалевы пакет, Хвалі дэ Бройля.

Літ.:

Горелик Г.С. Колебания и волны. 2 изд. М., 1959;

Крауфорд Ф. Волны: Пер. с англ. 3 изд. М., 1984;

Пирс Д.Р. Почти все о волнах: Пер. с англ. М., 1976;

Рабинович М.И., Трубецков Д.И. Введение в теорию колебаний и волн. 2 изд. М., 1992;

Кадомцев Б.Б., Рыдник В.И. Волны вокруг нас. М., 1981.

А.​І.​Балсун, У.​М.​Сацута.

Хвалі: а — падоўжныя (гукавыя) у вадкасцях і газах; б — папярочныя (ваганні струны, пры якіх зрух яе часціц перпендыкулярны да напрамку распаўсюджання хвалі); в — марскія.

т. 16, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІНАГАДО́ЎЛЯ,

галіна жывёлагадоўлі, развядзенне свіней на мяса, сала і інш. прадукты. Свініна — каштоўны харч. прадукт, са скуры свіней робяць абутак і інш. рэчы, з крыві — каўбасы, альбуміны, крывяную муку, са шчаціння — шчоткі і пэндзлі, з касцей — касцявую муку, кішкі ідуць у каўбасную вытв-сць і на выраб струн. Свінні рана дасягаюць палавой спеласці, ужо ў гадавым узросце могуць мець прыплод. Высокая пладавітасць (10—12 парасят за апарос) разам з кароткім эмбрыянальным перыядам даюць магчымасць атрымліваць ад кожнай свінаматкі да 2,5 т свініны ў жывой масе за год. Рэалізацыйнай жывой масы 100—120 кг свінні дасягаюць за 5—7 месяцаў пры сярэднясутачнай прывазе 600—300 г (а пры збалансаваных рацыёнах кармлення да 1000—1200 г) пры спажыванні на 1 кг прыбаўлення ў масе 3,5—4,5 кг у кармавых адзінках. Свінні маюць высокую забойную масу (да 75—85% ад жывой масы), у ёй да 52% мяса і да 32% падскурнага тлушчу. З мяса свіней гатуюць разнастайныя харч. прадукты, многія з якіх вытрымліваюць працяглае захоўванне. У мясным балансе Беларусі свініна складае 47,7% (2000).

Гадоўляй свіней людзі пачалі займацца ў неаліце (5—3-е тыс. да н.э.). У развітых антычных краінах (Егіпет, Грэцыя, Рым) ужо існавалі іх пароды. У краінах феад. Зах. Еўропы С. была прымітыўная. Яе развіццё звязана з ростам гарадоў і попыту на мяса. У 19 ст. пачалася інтэнсіўная праца па паляпшэнні мясц. і фарміраванні новых парод, у выніку з’явіліся высокапрадукцыйныя, многія з якіх (асабліва буйная белая, выведзеная ў Англіі) не страцілі значэння да нашага часу. Найб. развіццё С. атрымала ў Еўропе, Усх. Азіі, Паўн. і Паўд. Амерыцы. Амаль палова сусв. пагалоўя ў краінах Азіі (найб. Кітай, Японія, Індыя, В’етнам), каля 25% у Еўропе (Германія, Францыя, Італія, Вялікабрытанія, Расія, Украіна, Польшча) і каля 10% у ЗША. Па рэліг. матывах С. не атрымала развіцця ў мусульманскіх краінах. У сусв. гандлі свінінай гал. месца займаюць Нідэрланды, Бельгія, Данія, Кітай і Канада.

На Беларусі да пач. 20 ст. С. была адной з развітых галін жывёлагадоўлі. Гадаваліся пераважна мясц. пароды, у памешчыцкіх гаспадарках — палепшаныя пароды. У 1916 было 2,4 млн. свіней. Племянная і таварная С. пачала развівацца ў 1920-я г. У час калектывізацыі ўзніклі таварныя свінагадоўчыя фермы (больш за 4 тыс. ў 1934). На пач. 1941 мелася 2,5 млн. свіней. З 1970-х г. С. пераводзілася на прамысл. аснову. Пабудаваны буйныя высокамеханізаваныя комплексы і ўкаранёна паточна-цэхавая сістэма вытв-сці на фермах калгасаў і саўгасаў. На Беларусі (2000) 100 свінагадоўчых комплексаў і больш за 1 тыс. ферм трох тыпаў: з закончаным абаротам статка, рэпрадукцыйных і адкормачных. Буйныя комплексы на 108 тыс. галоў гадавога адкорму свіней і сярэднія на 54 тыс. галоў — у дзярж. уласнасці. Асн. пароды: буйная белая, чорна-белая, беларуская мясная, эстонская беконная, ландрас і інш. Племянную работу праводзяць спецыялізаваныя заводы, саўгасы, раённыя племянныя станцыі; навук. даследаванні — Бел. НДІ жывёлагадоўлі, лабараторыі пры ВНУ. Колькасць свіней 3,6 млн. галоў, у т. л. 1,3 млн. ў насельніцтва (2000). Эфектыўнасць С. апошнія гады паніжана ў сувязі з высокімі выдаткамі корму (каля 6,6 кг у кармавых адзінках на 1 кг прывагі, у т. л. каля 6 кг у кармавых адзінках канцэнтратаў).

Г.​С.​Смалякоў.

Да арт. Свінагадоўля. Свінагадоўчы комплекс у саўгасе-камбінаце «Сож» Гомельскага раёна.

т. 14, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТЫТУЦЫ́ЙНЫЯ ПРАВЫ́, СВАБО́ДЫ І АБАВЯ́ЗКІ ГРАМАДЗЯ́Н РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

асабістыя, паліт., сац.-эканам., сац.-культ. правы і абавязкі грамадзян, замацаваныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, законамі і міжнар. абавязацельствамі дзяржавы; аснова прававога статусу грамадзяніна, узаемаадносін дзяржавы і асобы. Выкладзены ў раздз. Канстытуцыі «Асоба, грамадства, дзяржава». Да асабістых правоў і свабод адносяцца: права на жыццё (жыццё чалавека абараняецца дзяржавай ад любых проціпраўных замахаў; смяротная кара да яе поўнай адмены як выключная мера пакарання можа прымяняцца за асабліва цяжкія злачынствы і толькі па прыгаворы суда); права на свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы (абмежаванне або пазбаўленне асабістай свабоды магчыма ў выпадках і парадку, устаноўленых законам; асоба, узятая пад варту, мае права на суд. праверку законнасці яе затрымання або арышту; ніхто не павінен быць падвергнуты бесчалавечнаму або зневажальнаму абыходжанню ці пакаранню); права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў асабістае жыццё; права на недатыкальнасць жылля і інш. законных уладанняў грамадзян, на свабоду перамяшчэння і выбар месца жыхарства ў межах краіны, права пакідаць яе і бесперашкодна вяртацца назад; права на свабоду вызнаваць любую рэлігію, або не вызнаваць ніякай, выказваць і распаўсюджваць свае перакананні ў адносінах да рэлігіі, прымаць удзел у набажэнствах, рытуалах, абрадах, не забароненых законам; права на ўступленне ў шлюб і стварэнне сям’і. У палітычныя правы і свабоды ўваходзяць: свабода поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне (ніхто не можа быць прымушаны да выказвання сваіх перакананняў або адмовы ад іх; манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі і цэнзура недапушчальны); права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджанне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі пра дзейнасць дзярж. органаў, грамадскіх аб’яднанняў, паліт., эканам., культ. і міжнар. жыццё. пра стан навакольнага асяроддзя; права на свабоду сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, якія не парушаюць правапарадак і правы інш. грамадзян; права на свабоду аб’яднанняў; права на ўдзел у вырашэнні дзярж. спраў як непасрэдна, так і праз сваіх прадстаўнікоў або шляхам абмеркавання на рэферэндумах, сходах і інш. вызначанымі законам спосабамі; права свабодна выбіраць і быць выбранымі ў дзярж. органы на аснове ўсеагульнага, роўнага, прамога або ўскоснага выбарчага права пры тайным галасаванні, мець доступ да любых пасад у дзярж. органах; права накіроўваць асабістыя або калектыўныя звароты ў дзярж. органы і атрымліваць адказы па сутнасці ў вызначаны законам тэрмін. У галіне сацыяльна-эканамічных правоў Канстытуцыя гарантуе: права на працу і выбар прафесіі, род заняткаў і работы ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, праф. падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрэбнасцей, а таксама на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы і гарантаванае атрыманне платы за сваю працу; права на дапамогу па беспрацоўю; права на абарону сваіх эканам. і сац. інтарэсаў, на забастоўку; права на адпачынак, на ахову здароўя, сац. забеспячэнне і жыллё; права на ўласнасць і абарону яе дзяржавай (прымусовае адчужэнне маёмасці дапускаецца толькі па матывах грамадскай неабходнасці пры захаванні ўмоў і парадку, вызначаных законам, са своечасовым і поўным кампенсаваннем кошту адчужанай маёмасці, а таксама паводле пастановы суда); права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і на пакрыццё шкоды, прычыненай парушэннем гэтага права. Сацыяльна-культурнымі правамі з’яўляюцца: права на адукацыю, на захаванне сваёй нац. прыналежнасці і карыстанне роднай мовай, на ўдзел у культ. жыцці, што забяспечваецца агульнадаступнасцю каштоўнасцей айч. і сусв. культуры, развіццём сеткі культ,асв. устаноў; права на свабоду маст., навук. і тэхн. творчасці.

Канстытуцыя абвяшчае і гарантуе роўнасць усіх перад законам без усякай дыскрымінацыі, роўную абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян. Абмежаванне правоў і свабод дапускаецца толькі ў прадугледжаных законам выпадках, у інтарэсах нац. бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод інш. асоб. Ніхто не можа карыстацца прывілеямі і перавагамі, што супярэчаць закону. Кожны, хто знаходзіцца на тэр. краіны, абавязаны: выконваць яе Канстытуцыю, законы і з павагай ставіцца да яе традыцый, паважаць годнасць, правы, свабоды, законныя інтарэсы інш. асоб, берагчы гіст.-культ., духоўную спадчыну і інш. нац. каштоўнасці, ахоўваць прыроднае асяроддзе. Грамадзяне краіны абавязаны ўдзельнічаць у фінансаванні дзярж. выдаткаў шляхам выплаты дзярж. падаткаў, пошлін, інш. плацяжоў. Абарона Айчыны — свяшчэнны абавязак кожнага яе грамадзяніна. Ніхто не можа быць прымушаны да выканання абавязкаў, якія не прадугледжаны Канстытуцыяй і законамі, ці да адмаўлення ад сваіх правоў.

Г.​А.​Маслыка.

т. 7, с. 597

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАТЫРОХГАДО́ВЫ СОЙМ 1788—92,

доўгатэрміновая дзейнасць заканадаўчага органа Рэчы Паспалітай — Вялікага сойма, які спрабаваў рэфармаваць грамадска-паліт. лад дзяржавы на глебе асветніцкіх ідэй. Рыхтаваўся ва ўмовах сканчэння тэрміну саюзнага дагавора 1764 з Расіяй і з надзеяй прагрэс. колаў на карэнную змену існуючага ладу без рас. апекі. Адкрыўся ў Варшаве 6.10.1788 у прысутнасці каля 150 паслоў (дэпутатаў). Маршалкі — рэферэндар каронны С.​Малахоўскі і ген. артылерыі ВКЛ К.​Н.​Сапега. Каб рашэнні маглі прымацца большасцю галасоў, сойм абвясціў сябе канфедэрацыяй. Адразу зарыентаваўся на дапамогу Прусіі, 29.3.1790 заключыў з ёю абарончы caros, які гарантаваў тэр. цэласнасць і ўзаемадапамогу. Сойм без уліку магчымасцей краіны 20.10.1788 пастанавіў павялічыць войска да 100 тыс. чал. і падпарадкаваў яго навастворанай Камісіі вайсковай абодвух народаў. 19.1.1789 скасаваў Пастаянную раду як сімвал рас. пратэктарату, 23.12.1789 стварыў Стражу Правоў і падпарадкаваў сабе кантроль над знешнімі зносінамі. 7.9.1789 стварыў канстытуцыйную камісію пад кіраўніцтвам камянецкага біскупа А.​Красінскага. 17.12.1789 камісія прапанавала замяніць кардынальныя правы нормамі аб суверэнітэце і непадзельнасці тэр. дзяржавы, пазбавіць немаёмную шляхту выбарчых правоў, забараніць права ліберум вета, канфедэрацыі, дэпутацкія наказы. 268 прадстаўнікоў ад 141 горада 24.11.1789 унеслі патрабаванне пра ўраўнаванне грамадзянскіх правоў мяшчанства са шляхтай. Да часу прыняцця канстытуцыі сойм усклаў на сябе ўсю паўнату ўлады, для чаго 17.11.1789 стварыў у ваяводствах і паветах камісіі парадкавыя цывільна-вайсковыя, а 14.6.1790 пастанавіў прадоўжыць свае сесіі да склікання чарговых соймікаў, хоць апошнія выказаліся за непарушнасць існуючага саслоўнага ладу. Прыхільнікі кардынальных змен вырашылі падрыхтаваць канстытуцыю «тайна, каб увесці яе рэвалюцыйным спосабам», быў створаны Клуб сяброў канстытуцыі. 16.12.1790 сойм прадоўжыў працу ў складзе каля 500 старых і новаабраных паслоў, 24.3.1791 прынята «Устава аб сойміках», дзе акрэслены іх тэрміны, месца і працэдура правядзення. Выбарчыя правы дадзены землеўладальнікам і тым, хто плаціў 100 злотых падатку за карыстанне чужой маёмасцю. ВКЛ падзелена на 34 паветы. 18.4.1791 прыняты законы аб гарадах пад дзярж. юрысдыкцыяй, у т. л. Брэст, Вільня, Гродна, Мінск, Навагрудак, Пінск. Гараджанам-хрысціянам прадастаўлены дарадчы голас на сойме, права выбару органаў самакіравання, шляхецкая годнасць на дзярж., ваеннай і царк. службе. У прысутнасці 157 паслоў сойм прыняў Канстытуцыю 3 мая 1791, якой абавязаў прысягнуць вайскоўцаў і ўсіх мясц. ураднікаў, абвясціўшы кожнага непаслушэнца ворагам айчыны і бунтаўшчыком. У чэрв. 1791 сойм пачаў кадыфікацыю цывільнага і крымінальнага права на аснове новай канстытуцыі (т.зв. Кодэкс Панятоўскага). Аднак дэлегацыя ВКЛ 29.6.1791 дамаглася кадыфікацыі права асобна для Кароны Польскай і ВКЛ (для ВКЛ — мадыфікацыі Статута 1588), роўнага прадстаўніцтва абедзвюх частак дзяржавы ў цэнтр. органах улады. Замест прыняцця праекта агульнага вызвалення сялян ад прыгоннай залежнасці сойм 19.12.1791 пастанавіў распрадаць дзярж. староствы па частках або пакінуць іх ранейшым пасэсарам на розныя тэрміны трымання за выкуп з папярэднім акрэсленнем сял. павіннасцей і абавязкаў бакоў. Гэта спарадзіла барацьбу сялян супраць запрыгоньвання, а кароль 2.8.1791 загадаў падаўляць хваляванні ўзбр. сілай. 11.7.1789 сойм спрабаваў злучыць каталіцкую і уніяцкія цэрквы ў адну, канфіскаваў маёмасць Кракаўскага архібіскупства, перавёў каталіцка-уніяцкі епіскапат на дзярж. ўтрыманне, увёў уніяцкага мітрапаліта ў Сенат (25.7.1790). 15.3.1790 абвінаваціў праваслаўных у непатрыятызме, зняволіў пераяслаўскага і барыспальскага епіскапа (са знаходжаннем у Слуцку) В.​Садкоўскага і намагаўся стварыць незалежную ад Масквы правасл. іерархію са сваім сінодам, для чаго склікаў Пінскую кангрэгацыю 1791. 3.1.1792 сойм прыняў закон аб зямянскіх судах з выбарам іх членаў, дэпутатаў, камісараў і ўраднікаў на 4 гады мясц. соймікамі. Першыя выбары разам з новай прысягай канстытуцыі адбыліся 24.2.1792. Рэзкасць, палавінчатасць і павярхоўны характар рэформ спарадзілі грамадскі раскол, што выкарысталі апазіцыя і Расія, якія стварылі Таргавіцкую канфедэрацыю. Прусія адраклася ад саюзніцкай дапамогі Рэчы Паспалітай. У абставінах знешнепаліт. ізаляцыі і ўмяшання Расіі сойм увёў у краіне ваеннае становішча, стварыў соймавы суд над праціўнікамі канстытуцыйнага ладу, забараніў канфедэрацыі і права магнатаў мець больш за 40 чал. уласнага войска. 29.5.1792 сойм прыпыніў сваю дзейнасць, але з-за паражэння ў вайне больш не сабраўся.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 17, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЭАЛОГІЯ БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАВЫ. БЕЛАРУСКАЯ МАДЭЛЬ РАЗВІЦЦЯ

Ідэалогія бел. дзяржавы — гэта сацыяльна значная, тэарэтычна аформленая сістэма ідэй і поглядаў, якія фарміруюць пэўны спосаб грамадскага сацыяльна-групавога мыслення, абараняюць у абавязковай для ўсяго грамадства форме інтарэсы і каштоўнасці дзяржавы, вызначаюць мэты, шляхі і сродкі іх рэалізацыі з дапамогай дзяржавы.

Тэрмін «ідэалогія» ўвёў у навук. ўжытак франц. філосаф А.Д. дэ Трасі ў 1796. У яго разуменні ідэалогія — гэта навука пра агульныя законы паходжання чалавечых ідэй з пачуццёвага вопыту, якая павінна ляжаць у аснове ўсяго комплексу навук аб прыродзе і грамадстве. Яе гал. прынцыпы павінны складаць аснову палітыкі. У далейшым паняцце «ідэалогія» ў розных палітыкаў і тэарэтыкаў набывала як пазітыўную, так і негатыўную афарбоўку. К.​Маркс і Ф.​Энгельс атаясамлівалі ідэалогію з перавернутымі формамі свядомасці, уяўнай рэальнасцю, ілюзіямі. У.​І.​Ленін, узвёўшы марксізм у ранг ідэалогіі пралетарыяту, надаў ёй статус абавязковага і непарушнага патрабавання пры выпрацоўцы паліт. рашэнняў. Пазней намаганнямі многіх мысліцеляў, інстытутаў, навук. цэнтраў даследаванні ў гэтай галіне прадоўжаны, зроблена тлумачэнне, вызначэнне ролі ідэалогіі ў паліт. працэсе. У ходзе навукова-тэхн. рэвалюцыі значнае развіццё атрымалі ідэі дэідэалагізацыі грамадства. На змену ідэалаг. перавагам прапанавана прыярытэтная роля навукова-тэхн. інтэлігенцыі, арганізатараў вытворчасці. У 1970-я г. ідэі ідэалагізацыі (рэідэалагізацыі) набылі новы сэнс. Ва ўмовах інфармац. грамадства з яго арыентацыяй перш за ўсё на асобу гэта тэндэнцыя стала вызначальнай. Распад СССР нанёс моцны ўдар па ідэалогіі, якая панавала на значнай частцы планеты. Але ён зусім не паўплываў на асновы ідэалаг. забеспячэння ўсіх сфер грамадскага і дзярж. жыцця. Слабай аказалася не столькі ідэалогія, колькі дагматызм, застой, устарэласць падыходаў, закасцянеласць думкі, што вызначалі яе.

У наш час ідэалогія становіцца ўсё больш абавязковым кампанентам дзяржавы, эфектыўным інструментам улады. Ад яе месца ў паліт. працэсе ў значнай ступені залежыць эфектыўнасць механізму ўладных рашэнняў. Жыццё і практыка дзярж. кіравання пацвярджаюць, што стабільнасць у дзяржаве і грамадстве нельга звязваць толькі са сферай эканомікі, валюты, грашова-крэдытных адносін, вырашэннем сац. праблем. Усё больш істотнае значэнне набываюць выразна сфармуляваныя ідэалаг. прынцыпы і патрабаванні, у якіх людзі бачаць сваю ролю, усведамляюць свае паліт. інтарэсы, імкненні і ў адпаведнасці з гэтым вызначаюць сваю жыццёвую пазіцыю і месца ў грамадстве. Ідэалогія дапамагае рэальна звяраць кожны крок дзяржавы па крытэрыях паступальнага руху планеты, пастаянна мець на ўвазе ўсе састаўныя часткі гэтага няпростага працэсу. Ідэалогія становіцца не толькі неабходнай і абавязковай для ўсіх краін, але і адбываецца аптымізацыя ўсіх яе складальнікаў і характэрных рыс, становяцца агульнымі яе функцыі: тэарэтыка-пазнавальная (дазваляе вызначаць аб’ектыўныя тэндэнцыі развіцця, рэальна ацэньваць ідэалаг. сітуацыю); інтэграцыйная (забяспечвае пераемнасць вопыту і базісных каштоўнасцей); селекцыйная (дае магчымасць зрабіць неабходны выбар); матывацыйная (прымушае да дзеяння); арыентацыйная (вызначае сістэму сэнсаў і арыентацый дзеяння); мабілізацыйная (мабілізуе на выкананне сац.-паліт. праграм і мэт); дэмпферная (садзейнічае зняццю сац. напружанасці); выхаваўчая (вызначае мэты і сродкі выхавання); інавацыйная (садзейнічае станаўленню сац. каштоўнасцей і норм).

Як сістэма паліт., прававых, маральных поглядаў і ідэй ідэалогія выпрацоўвае ў людзей неабходныя грамадству і дзяржаве каштоўнасныя арыенціры, фарміруе пэўныя перакананні, валявыя якасці, заахвочвае людзей да свядомага выканання пастаўленых задач, фіксуе і адлюстроўвае асн. тэндэнцыі магчымага развіцця дзяржаўнасці. Яна выхоўвае грамадзян, дапамагае ім арыентавацца ў складаным акружэнні, выпрацоўвае ў іх вышэйшую сістэму каштоўнасцей, дапамагае ў захаванні пазітыўных гіст., культ., духоўных традыцый; выступае ў якасці сістэмы дзеянняў (скіраваны на забеспячэнне жаданага ўспрыняцця людзьмі стратэг. мэт дзяржавы і грамадства), якая надае сэнс эканам., сац. і паліт. аспектам жыцця, апраўдвае іх, вызначае неабходныя спосабы і стымулы іх актывізацыі. Важным патрабаваннем у выпрацоўцы неабходнай дзяржаве і грамадству ідэалогіі з’яўляецца вызначэнне і вылучэнне іх базісных мэтавых каштоўнасцей: сац. парадку (прадугледжваюць адказнасць дзяржавы і грамадзяніна на шляху дасягнення ўсеаг. даброт); эканам. характару (базіруюцца на роўнасці і разнастайнасці форм уласнасці, забеспячэнні высокай выніковасці ў сферы эканомікі і гаспадарання); роўнасці ўмоў і магчымасцей для ўсіх грамадзян; свабоды (забяспечваюць духоўна-маральнае развіццё ўсіх грамадзян); сац. развіцця (асабліва неабходныя ў ходзе развіцця чалавечага патэнцыялу). Базіруючыся на гэтых каштоўнасцях, а таксама на нац. інтарэсах, ідэалогія знаходзіць сваё змястоўнае ўвасабленне ў абгрунтаванні пэўнай формы паліт. улады, дзейнасці яе інстытутаў. Яна дае ўяўленне пра дзярж. лад, метады і сац.-эканам. сродкі пераўтварэнняў, фарміруе грамадскія ідэалы, абгрунтоўвае іх патрэбнасць і значнасць, вызначае эфектыўныя спосабы дасягнення пастаўленых мэт, механізмы ўладных пераўтварэнняў, садзейнічае аб’яднанню людзей у адзінае сац. цэлае.

Асн. палажэнні ідэалогіі бел. дзяржавы замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Гэта — дзярж. суверэнітэт краіны, унітарны характар бел. дзяржавы, сацыяльна арыентаваная скіраванасць эканомікі, забеспячэнне рэальных гарантый правоў і свабод грамадзян, прынцып вяршэнства ўлады, народаўладдзе, справядлівасць, салідарнасць і партнёрства ў адносінах паміж рознымі сац. сіламі, верацярпімасць і свабода сумлення. Канстытуцыйныя асновы, што вызначаюць змест ідэалогіі, базіруюцца на сукупным духоўным вопыце народа, яго нац. свядомасці, сталых формах жыцця, звычаях і сац.-маральных каштоўнасцях, выпрацаваных на працягу многіх стагоддзяў духоўна-культ. і агульнапаліт. гісторыі і асэнсаваных у адпаведнасці з сучаснымі ўмовамі функцыянавання дзяржавы. Сучаснасць патрабуе таксама выразнага вызначэння неабходных каштоўнасцей асобы як носьбіта і гал. іх спажыўца. Сярод іх: светапоглядныя (гуманізм, патрыятызм, калектывізм), сэнсажыццёвыя (даюць уяўленні пра дабро, зло, шчасце, сэнс жыцця), універсальныя (тычацца жыцця, здароўя, дабрабыту, бяспекі, адукацыі, прафесіі, сямейных і родавых адносін), дэмакратычныя (умешваюцца ў сферу свабоды слова, сумлення, удзелу ў фарміраванні органаў улады і кіравання, нац. суверэнітэту), грамадскага прызнання вынікаў працы і забеспячэння, міжасобасных зносін у абставінах сумленнасці, бескарыслівасці і добразычлівасці. Гэта ўзаемазвязаныя працэсы, якія ў наш час набываюць усё большае значэнне пры іх комплекснасці, сістэмным выкарыстанні.

Гал. элементам пры вызначэнні асноў ідэалогіі дзяржавы выступае здаровая і квітнеючая эканоміка, якая забяспечвае годнае жыццё народа, з’яўляецца важнейшай умовай дасягнення паліт. стабільнасці ў грамадстве, міру і спакою ў дзяржаве. Эканоміка абслугоўваецца людзьмі і трымаецца на людзях з іх інтарэсамі і поглядамі. Канчатковая мэта ўсякага гаспадарання вызначаецца індывідуальнымі патрэбнасцямі людзей. У апошні час атрымала прызнанне бел. мадэль грамадска-паліт. і эканам. развіцця, якая з’яўляецца патрэбай гіст. абставін і часу, вынікае з сусв. і айч. вопыту. Па сваім змесце гэта комплексная, даволі складаная з’ява, што азначае стварэнне і ідэалаг. падтрыманне сацыяльна актыўнай эканомікі, якая забяспечвае высокую адаптацыю да зменлівых умоў, выяўляецца найперш ва ўзроўні канкурэнтаздольнасці бел. прадпрыемстваў. Бел. мадэль развіцця побач з інтэнсіфікацыяй эканомікі і павышэннем узроўню жыцця грамадзян, вырашэннем іх сац. праблем забяспечвае дасягненне гармоніі паміж людзьмі, грамадствам і прыродай, ліквідуе супярэчнасці паміж рэгіёнамі з розным узроўнем развіцця, паміж багатымі і беднымі, сучасным і будучым пакаленнямі, існуючымі стэрэатыпнымі патрэбнасцямі людзей і іх разумнымі патрэбамі. Яна прадугледжвае кардынальную экалагізацыю гасп. дзейнасці, уключае новыя прыярытэты ў дэмаграфічнай палітыцы, захаванне і ўмацаванне здароўя людзей, рацыяналізацыю іх спосабу жыццядзейнасці і побыту, сац. абароненасць, адраджэнне духоўнасці ў яе свецкай і рэліг. формах, апераджальнае развіццё навукі, адукацыі, культуры і інш. Важнай умовай паспяховай рэалізацыі яе складальнікаў з’яўляецца і тое, што эканам. і сац. праблемы вырашаюцца на фоне павышэння рэгулявальнай ролі эфектыўнай дзяржавы, дзе рыначныя адносіны маюць не толькі кіруемы з боку дзяржавы, але і планава падрыхтоўчы характар. Бел. мадэль развіцця прадугледжвае таксама меры па ўзмацненні і расшырэнні дэмакр. асноў кіравання дзяржавай, усімі сферамі яе дзейнасці, вызначаны парадак улады, адбору людзей у яе структуры і кантролю з боку грамадзян за іх дзейнасцю. Эканам. і ідэалаг. сродкамі неабходна стварыць моцную эканоміку, магутную прававую дзяржаву, сфарміраваць грамадз. супольнасць, забяспечыць, каб у навакольным свеце месца краіны было важкім, а жыццё народа — дастойным і забяспечаным. У бел. мадэлі развіцця належнае месца займаюць пытанні выпрацоўкі новага светапогляду і пошуку прынцыпова новых філас. і культуралаг. арыентацый. Ідэалаг. асновы тут складаюць фундамент адзінства, унутр. цэласнасці і адначасова ўтрымліваюць мэтанакіраваную праграму сац. жыццядзейнасці народа, грамадства і дзяржавы. Ідэалогія, уваходзячы ў паліт. свядомасць людзей, адлюстроўваючы іх інтарэсы і сац. жыццё, выконвае важную мабілізацыйную ролю, выступае ў якасці пабуджальнага матыву паліт. дзеяння.

Літ.:

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;

Система образования Республики Беларусь в цифрах, 1940—1999. Мн., 1999;

Эканамічная гісторыя Беларусі. Мн., 1999;

Беларусь на мяжы тысячагоддзяў. Мн., 2000;

Социально-политическая ситуация Беларуси: проблемы и перспективы: По материалам социол. мониторинга: Сб. науч. тр. Мн., 2000;

Образование в Республике Беларусь: Стат. сб. Мн., 2001;

Сасим А.М. Промышленность Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;

Политические партии: Беларусь и современный мир. Мн., 2002;

Гісторыя Беларусі. Ч. 2. Мн., 2003;

Республика Беларусь в цифрах: Краткий стат. сб. Мн., 2003;

Шинкарев В.В., Вартанова Л.В. Идеология государственности и общественного развития Республики Беларусь. М., 2003;

Яскевич Я.​С.​Основы идеологии белорусского государства. Мн., 2003;

Бабосов Е.М. Основы идеологии современного государства. Мн., 2004;

Михеев В.М. Идеология: размышления и выводы. Мн., 2004. І.​І.​Гвардзееў (народная гаспадарка), Э.​С.​Ярмусік (грамадска-палітычнае і сацыяльнае развіццё), Н.​У.​Васілеўская (адукацыя, навука), В.​В.​Шынкароў (ідэалогія беларускай дзяржавы, беларуская мадэль развіцця).

т. 18, кн. 2, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)