КА́МЕРА ДЭЗІНФЕКЦЫ́ЙНАЯ,
збудаванне або тэхн. абсталяванне, прызначаныя для дэзінфекцыі. Асн. ч. — памяшканне ці ёмістасць, куды змяшчаюць вопратку, абутак, пасцельныя і інш. рэчы, якія неабходна апрацаваць. Бываюць К.д. газавыя (выкарыстоўваюць газападобныя дэзінфіцыруючыя сродкі — вокіс этылену, бромісты метыл і інш.), гарачапаветраныя (апрацоўваюць паветрам з т-рай 80—110 °C), парааўтаномныя (маюць абсталяванне для стварэння вадзяной пары), паравыя (апрацоўваюць вадзяной парай атм. ці павышанага ціску), парапаветрана-фармалінавыя (маюць фарсунку для распылення фармаліну), эл. (параўтварэнне адбываецца з дапамогай эл. награвальных прылад) і інш.
т. 7, с. 521
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАПРЭ́Н, 2-метылбутадыен-1,3, β-метыл-α, γ-бутадыен,
разгалінаваны дыенавы вуглевадарод, CH2=C(CH3)CH = CH2.
Бясколерная вадкасць, tкіп 34,067 °C, шчыльн. 680,95 кг/м³ (20 °C). Не раствараецца ў вадзе, добра раствараецца ў большасці вуглевадародаў. Гаручы (т-ра ўзгарання -48 °C), выбухованебяспечны. Лёгка полімерызуецца (захоўваюць у прысутнасці інгібітараў), суполімерызуецца з бутадыенам, стыролам і інш. У прам-сці атрымліваюць узаемадзеяннем фармальдэгіду з ізабутыленам, дэгідрыраваннем ізапентану, дымерызацыяй прапілену, вылучаюць з газаў піролізу нафтапрадуктаў. Выкарыстоўваюць для сінтэзу ізапрэнавых каўчукоў, бутылкаўчуку, у вытв-сці пахучых і лек. сродкаў. У вял. канцэнтрацыях шкодна ўздзейнічае на нерв. сістэму (наркотык), у малых — раздражняе слізістыя абалонкі вачэй і дыхальных шляхоў. ГДК у паветры 40 мг/м³.
т. 7, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРЫМІДЗІ́НАВЫЯ АСНО́ВЫ, пірымідзіны,
прыродныя вытворныя пірымідзіну. Уваходзяць у састаў нуклеінавых кіслот, нуклеатыдаў, каферментаў і інш. біялагічна актыўных злучэнняў. У малекулах нуклеінавых кіслот акрамя кананічных П.а. — цытазіну (4-аміна-2-пірымідон), тыміну (5-метыл-пірымідзін-2,4-дыен), урацылу (пірымідзін-2,4-дыен) ёсць, у адносна невял. колькасці, т.зв. мінорныя П.а. (5-метылцытазін, 5-карбаксіметылурацын і інш.). Паслядоўнасць пурынавых і П.а. у полінуклеатыдным ланцугу вызначае генетычную інфармацыю ДНК і матрычных РНК.
П.а. — бясколерныя высакаплаўкія (tпл >300 °C) крышталі. Раствараюцца ў гарачай вадзе, нерастваральныя ў этаноле і дыэтылавым эфіры. Існуюць у таўтамерных формах. Біясінтэз П.а. у клетках адбываецца ў выніку ператварэнняў вытворных аротавай кіслаты. Атрымліваюць звычайна метадам кіслотнага гідролізу нуклеінавых кіслот.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 12, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭМНІЙАРГАНІ́ЧНЫЯ ПАЛІМЕ́РЫ,
сінтэтычныя высокамалекулярныя злучэнні, якія маюць атамы крэмнію (Si) у манамерным звяне. Найб. даследаваны і шырока выкарыстоўваюцца ў прам-сці поліарганасілаксаны ці сіліконы.
Поліарганасілаксаны — К.п. агульнай ф-лы [—Si(R,Ŕ′)—O—]n, у якіх асн. ланцуг макрамалекулы складаецца з атамаў Si, што чаргуюцца з атамамі кіслароду, і непасрэдна злучаны з атамамі вугляроду бакавых груп R, R — арган. радыкалаў (напр., метыл CH3-, этыл C2H5-, феніл C6H5-груп), якія абрамляюць асн. ланцуг. Лінейныя і разгалінаваныя К.п. з невысокай малекулярнай масай — вязкія бясколерныя вадкасці (гл. Крэмнійарганічныя вадкасці); высокамалекулярныя лінейныя — эластамеры (гл. Крэмнійарганічныя каўчукі) а сшытыя і разгалінаваныя — цвёрдыя, шклопадобныя, крохкія рэчывы. Вызначаюцца высокай тэрмастойкасцю, добрымі электраізаляцыйнымі ўласцівасцямі, гідрафобнасцю, устойлівасцю да ўздзеяння кіслот і шчолачаў, фізіял інертнасцю. Выкарыстоўваюць у якасці сувязнага ў вытв-сці пластмас, напр., шклопластыкаў, прызначаных для работы пры павышаных т-рах.
М.Р.Пракапчук.
т. 8, с. 539
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)