КАЛЕКТЫВІ́ЗМ,

рыса, форма і прынцып арганізацыі грамадскай дзейнасці і грамадскіх адносін; прынцып маралі, які раскрывае адносіны ўзаемадзеяння паміж людзьмі, асобай і калектывам, чалавекам і грамадствам. Мае шэраг гіст. форм. У стараж. грамадстве яго матэр. асновай была абшчынная ўласнасць, калект. размеркаванне прадуктаў працы, роўнасць усіх членаў абшчыны. Ва ўсх.-еўрап. краінах, у т. л. на Беларусі, формай праяўлення К. была сельская абшчына (грамада), якая прадугледжвала роўнасць усіх яе членаў, самакіраванне, вырашэнне грамадскіх спраў на агульным сходзе і інш. Формамі К. былі таксама руская арцель, бел. талака, пазней — брыгадны падрад, калгас і інш. Для К. характэрны сумесная праца, супрацоўніцтва, узаемадапамога і ўзаемападтрымка, усведамленне і выкананне чалавекам сваіх абавязкаў перад інш. людзьмі, грамадствам, свядомае спалучэнне грамадскіх інтарэсаў з асабістымі і інш. Ён прадугледжвае такія адносіны паміж грамадствам і асобай, пры якіх развіццё грамадства стварае спрыяльныя ўмовы для развіцця асобы, яе свабоды выбару і свабоды дзеяння. Процілегласць К. — індывідуалізм.

А.​І.​Галаўнёў.

т. 7, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫГА́ДА ВЫТВО́РЧАЯ,

калектыў рабочых прадпрыемства, які сумесна выконвае адзінае вытв. заданне і нясе агульную адказнасць за вынікі работы; першасная ячэйка прац. калектыву. Брыгады вытворчыя бываюць: спецыялізаваныя (аб’ядноўваюць рабочых адной прафесіі, напр., брыгада слесараў), комплексныя (аб’ядноўваюць рабочых розных прафесій, для выканання асобных работ ці аперацый у іх складзе могуць стварацца спецыялізаваныя звенні), зменныя (ствараюцца з рабочых адной змены) і скразныя (аб’ядноўваюць рабочых, занятых у некалькіх зменах). Кіруе брыгадай вытворчай брыгадзір, які прызначаецца з членаў брыгады і, як правіла, не вызваляецца ад асн. вытв. работы. Найб. пашыраная форма аплаты працы рабочых брыгады вытворчай — здзельная заработная плата, якая размяркоўваецца паміж членамі брыгады з улікам адпрацаванага кожным рабочага часу і тарыфнага разраду. Для павышэння калект. зацікаўленасці і больш эфектыўнага выкарыстання прац., матэр. і фін. сродкаў брыгады вытворчай пераходзяць на брыгадны падрад: заключаюць дагавор з адміністрацыяй, паводле якога брыгадзе перадаецца частка маёмасці прадпрыемства, устанаўліваюцца вытв. заданні; заробленыя грошы размяркоўваюцца паміж членамі брыгады паводле прац. ўкладу кожнага, а пры калект. згодзе — з выкарыстаннем каэфіцыента прац. ўдзелу. З пашырэннем арэндных адносін брыгадна-падрадная форма арганізацыі і аплаты працы перарасла ў арэндны падрад.

т. 3, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЭФІЦЫЕ́НТЫ ў статыстыцы,

адносныя паказчыкі, што выкарыстоўваюцца ў ведамаснай, дзярж., міжнар. статыстыцы. Найб. распаўсюджаныя: К. сацыяльна-эканамічныя (паказваюць размеркаванне матэр. даброт, тавараў, паслуг у разліку на душу насельніцтва, на аднаго работніка і інш.), К. росту (зніжэння) эканамічных паказчыкаў (разлічваюцца ў працэнтах адносна значэння паказчыка на перыяд часу, узятага як базавы; напр., К. тэмпаў росту вытв-сці тавараў, тэмпаў інфляцыі), К. сацыяльна-дэмаграфічныя (адносіны колькасці выпадкаў ці падзей пэўнага роду да колькасці насельніцтва або асобных сац. груп; напр., К. нараджальнасці, смяротнасці, натуральнага прыросту насельніцтва, шлюбнасці, разводнасці і інш.). Сац.-дэмаграфічныя К. могуць быць агульнымі (разлічваюцца адносна колькасці ўсяго насельніцтва), полаўзроставымі (разлічваюцца адносна колькасці асобных полаўзроставых груп) і інш. К. могуць характарызаваць хуткасць развіцця якой-н. з’явы (К. дынамікі) і частату яе ўзнікнення (напр., К. нараджальнасці), узаемасувязь якасна розных з’яў (напр., К. шчыльнасці насельніцтва), ступень выкарыстання матэрыяльных, прац., грашовых рэсурсаў (напр., К. эфектыўнасці), варыяцыю велічынь адзнакі (напр., К. рытмічнасці). К. выражаюцца ў працэнтах, прамілях, адносінах да адзінкі.

Літ.:

Елисеева И.И., Юзбашев М.М. Общая теория статистики. М., 1996;

Социальная статистика. М., 1997.

В.​В.​Цярэшчанка.

т. 8, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУНК ((Munch) Эдвард) (12.12.1863, Лётэн, Нарвегія — 23.1.1944),

нарвежскі мастак, адзін з заснавальнікаў экспрэсіянізму. Вучыўся ў Осла ў Каралеўскай школе малявання (1881—86) і ў майстэрні К.​Крога (1882—83). Працаваў у Нарвегіі, Даніі, Францыі, Германіі. У ранні перыяд зазнаў уплыў В. ван Гога і П.​Гагена. Светаўспрыманне М. сфарміравалася пад уплывам твораў пісьменнікаў-сімвалістаў Х.​Егера і А.​Стрындберга, што абумовіла ў яго карцінах матывы адзіноцтва, трывогі, смерці. Творам уласцівы эмацыянальная напружанасць і абвостраная выразнасць вобразаў, жорсткі, віхрападобны контурны малюнак, павышаная дынаміка кампазіцый, дысананс колераў: «Хворая дзяўчынка» (1885—86), «Сястра мастака» (1892), «Крык», «Пакой паміраючага» (1893), «Вампір» (каля 1893), «Самота» (1894), «Танец жыцця» (1899), «Танец на беразе» (1900—02), «Дзеці на вуліцы» (1910), «Начны вандроўнік» (1939) і інш. Большасць карцін 1890—1910-х г. уваходзяць у няскончаны цыкл «Фрыз жыцця». Графічныя творы вызначаюцца змрочным эратызмам, успрыняццем жанчыны як увасаблення негатыўнай, разбуральнай сілы: «Дзяўчына і смерць» (1894), «Мадонна» (1895—1902), серыя «Укус» (1913) і інш. Аўтар фрэсак для залаў ун-та ў Осла («Альма Матэр», «Гара людзей» і інш., 1909—15).

Э.Мунк. Мадонна. 1895—1902.

т. 11, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ДОБРААХВО́ТНАЕ ТАВАРЫ́СТВА АХО́ВЫ ПО́МНІКАЎ ГІСТО́РЫІ І КУЛЬТУ́РЫ,

масавая грамадская арг-цыя. Утворана ў 1966. Вышэйшы кіруючы орган — з’езд (склікаецца не радзей як 1 раз у 5 гадоў), які разглядае і прымае статут, уносіць у яго змены і дапаўненні, выбірае Рэсп. савет, прэзідыум і рэвіз. камісію. Кіруючы орган паміж з’ездамі — Рэсп. савет, выканаўчы орган — прэзідыум. У складзе т-ва працуюць абл., раённыя і гар. саветы, пярвічныя арг-цыі. Т-ва з дапамогай насельніцтва, грамадскасці праводзіць работу па выяўленні і вывучэнні помнікаў гісторыі і культуры, забеспячэнні іх аховы, фінансуе работы па кансервацыі і рэстаўрацыі унікальных помнікаў архітэктуры, археалогіі, гісторыі (у т. л. Полацкі Сафійскі сабор, Мірскі замак, Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква і інш.). Выдае кнігі, брашуры, буклеты, плакаты гіст. і археал. тэматыкі. У 1970—89 выдавала штоквартальны бюлетэнь «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі», з 1989 сумесна з Бел. фондам культуры выдае час. «Спадчына».

Пры т-ве дзейнічаюць навукова-метадычны, рэдакцыйна-экспертны саветы, секцыі прапаганды, гісторыі, археалогіі, архітэктуры, этнаграфіі, мастацтва, моладзі, дакументальных помнікаў. Т-ва супрацоўнічае з дзярж. органамі, грамадскімі і рэліг. арг-цыямі. Арганізоўвае канферэнцыі, семінары, інш. формы абмеркавання актуальных пытанняў стану, аховы, прапаганды помнікаў. Выкарыстоўвае ў адпаведнасці са статутам сваю ўласнасць для матэр. забеспячэння мэт і задач т-ва. Ажыццяўляе ў парадку, устаноўленым заканадаўствам, вытв., гасп. і інш. дзейнасць.

Г.​А.​Саўчанка.

т. 2, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛО́НСКАЯ СЯЛЯ́НСКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ.

Дзейнічала ў в. Блонь Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. ў 1899—1908. Рэв. агітацыя сярод сялян праводзілася з 1881 уладальнікамі маёнтка Блонь народнікамі А.В.Бонч-Асмалоўскім і яго жонкай В.І.Вахоўскай. Яна ўзмацнілася пасля ўзнікнення на Міншчыне ў канцы 1890-х г. Рабочай партыі паліт. вызвалення Расіі. У канцы 1899 узнік тайны гурток самаразвіцця і ўзаемадапамогі. Гурток налічваў каля 20 чал., меў б-ку, аказваў матэр. дапамогу сялянам; на сваіх сходах абмяркоўваў паліт. і эканам. праблемы, яго члены знаёміліся з рэв. л-рай, сацыяліст. ідэямі. У 1898—99 у маёнтку Блонь жыла К.А.Брэшка-Брашкоўская, туды прыязджалі С.П.Кавалік, Р.А.Гершуні, Я.К.Судзілоўская, С.К.Мяржынскі, П.В.Румянцаў і інш. У 1901 гурток разгромлены, Бонч-Асмалоўскі з сынам Іванам і М.​Цехановіч высланы. У 1903 вакол селяніна В.​Катка (Федарончыка) сфарміраваўся новы гурток, які знаходзіўся пад уплывам эсэраў. Яго ўдзельнікі распаўсюджвалі сярод сялян антыўрадавыя і антырэліг. погляды. У маі 1903 пасля высылкі Катка дзейнасць гуртка прыпынілася. Аднавілася ў канцы 1904 пасля вяртання са ссылкі Бонч-Асмалоўскага і Цехановіча. У 1905 яны заснавалі суполку Усерас. сял. саюза, у рабоце якой прымалі ўдзел эсэры, прадстаўнікі мінскіх арг-цый РСДРП і Бел. сацыяліст. грамады. Вялася падрыхтоўка сялян-агітатараў. Прадстаўнікі Блонскай сялянскай арганізацыі Бонч-Асмалоўскі, Р.​Гайдук і «Канстанцін» (прозвішча не ўстаноўлена) удзельнічалі ў рабоце Устаноўчага з’езда Усерас. сялянскага саюза (31.7—1.8.1905, Масква). З дапамогай найб. свядомых сялян рэгулярна праводзіліся мітынгі, на якіх збіралася да 500 чал. з навакольных вёсак. З 1906 з узмацненнем паліцэйскага тэрору арг-цыя страціла актыўнасць. Спыніла існаванне ў сувязі з арыштам сям’і Бонч-Асмалоўскіх і найб. актыўных сялян.

З.​В.​Шыбека.

т. 3, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛУЧЭ́ННЕ ЗЯМЕ́ЛЬ БЕЛАРУ́СІ ДА РАСІ́ЙСКАЙ ІМПЕ́РЫІ.

Ажыццёўлена ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй у 1772, 1793 (без Аўстрыі) і 1795 (пра кожны падзел гл. асобны арт.). Расія набыла пераважна землі Беларусі, Левабярэжнай Украіны, Літвы пл. 41 млн. дзес. з 3,8 млн. чал. Бел. землі ў 1802 атрымалі ўстойлівы адм.-тэр. падзел: Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская губ. (пра кожную губ. гл. асобны арт.). Вышэйшую ўладу на месцах узначальвалі губернатары і ген.-губернатары. Калегіяльным органам пры губернатару было губернскае праўленне. Сістэма суд. органаў улады будавалася адпаведна Устанаўленню для кіравання губернямі 1775 з захаваннем саслоўнасці іх прадстаўніцтва. Паліт. правы паноў (памешчыкаў-прыгоннікаў) і шляхты размяжоўваліся і абмяжоўваліся. З 1772 праводзіўся разбор шляхты. З 1773 да выбараў на судовыя пасады дапускаліся толькі асобы, якія мелі больш за 20 прыгонных; пазней былі забаронены самавольныя шляхецкія сходы (ранейшыя сеймікі). Антырус. настроі шляхты прывялі да паўстання 1794. У ходзе рэвізіі 1772, 1782, 1795 і інш. былі запрыгонены катэгорыі раней вольных людзей (выбранцы, зямяне і інш.). У рэліг. палітыцы быў дэклараваны прынцып талерантнасці, захаваны ордэн езуітаў (скасаваны ў 1773 ва ўсім астатнім свеце), у 1782—83 створана Магілёўская рымска-каталіцкая архіепархія. Спробы ў 1780—82 і 1795 перавесці уніятаў у праваслаўе мелі толькі частковы поспех з-за непадрыхтаванасці і матэр. незабяспечанасці гэтай акцыі. Уніяты пераведзены ў праваслаўе у выніку Полацкага царкоўнага сабору 1839. У 1791 далучаныя тэрыторыі ўключаны ў мяжу яўр. аселасці; яўрэям забаранялася пакідаць гэтыя тэрыторыі для пасялення і гандлю ў глыбі Расіі. Паводле Тыльзіцкага міру 1807 у склад Рас. імперыі ўвайшла Беласточчына (у ліп. 1808 утворана Беластоцкая вобласць). Я.​К.​Анішчанка.

т. 6, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́БЫ (саманазва аль-араб),

група народаў, асн. насельніцтва араб. краін Зах. Азіі і Паўн. Афрыкі. Жывуць таксама ў Іране, Турцыі, Ізраілі, Самалі, Эфіопіі і інш., значныя групы арабаў-эмігрантаў жывуць у Паўд. і Паўн. Амерыцы, Францыі і інш. Агульная колькасць больш за 175 млн. чал. (1987). Гавораць на арабскай мове. Большасць вернікаў — мусульмане-суніты, частка — шыіты, абадзіты, друзы, ёсць і хрысціяне. Гл. таксама Алжырскія арабы, Егіпецкія арабы, Іракскія арабы, Йеменскія арабы, Ліванскія арабы, Лівійскія арабы, Мараканскія арабы, Суданскія арабы.

Мяркуецца, што семіцкія плямёны, якія далі пачатак араб. народам, аўтахтонныя жыхары Аравійскага п-ва. У 1-м тыс. да н. э. ўзніклі першыя араб. дзяржавы Пальміра, Набатэя і Ліх’ян (на Пн Аравіі), у 5—6 ст. н. э. — Гасан і Лахм (на Пд Аравіі), Кінда (Цэнтр. Аравія). У гэты час пачаўся працэс фарміравання араб. народа. Тагачасныя арабы знаходзіліся на стадыі разлажэння племяннога ладу, хоць патрыярхальна-радавыя адносіны і племянныя сувязі захоўваліся яшчэ вельмі доўга. З 1-й пал. 7 ст. ўзмацнілася пранікненне арабаў у суседнія краіны. У выніку арабскіх заваяванняў утварыўся велізарны Арабскі халіфат (гл. Халіфат), які ахопліваў тэр. ад Індыі да Атлантычнага ак. і ад Сярэдняй Азіі да Цэнтр. Афрыкі. Заваяванае насельніцтва, асабліва ў Паўн. Афрыцы, прыняло мову, рэлігію (іслам), элементы матэр. і духоўнай культуры арабаў і было хутка арабізавана. Разам з тым і арабы многае ўзялі з культуры заваяваных народаў. У выніку склалася своеасаблівая арабская культура, якая зрабіла вял. ўплыў на сусв. культуру. Створаны сілай зброі Арабскі халіфат у 9—10 ст. распаўся на Багдадскі (гл. Абасідаў халіфат), Каірскі (гл. Фатымідаў халіфат), Кардоўскі халіфат, а пазней на больш дробныя халіфаты, эміраты, княствы. У 16 ст. араб. краіны Пярэдняй Азіі (акрамя значнай ч. Аравійскага п-ва) і Паўн. Афрыкі (за выключэннем Марока) увайшлі ў Асманскую імперыю. З 19 ст. араб. землі — арэна барацьбы паміж калан. дзяржавамі, а ч. тэр. Марока захоплена Партугаліяй яшчэ ў 15—16 ст. Вызваленчая барацьба арабаў, якая не спынялася і ў 19 — 20 ст., прынесла араб. краінам дзярж. незалежнасць.

т. 1, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕКЦЫЯНІ́РАВАННЕ,

мэтанакіраванае выяўленне, набыццё і сістэматычнае камплектаванне збораў пераважна аднародных прадметаў. Аб’екты К. — разнастайныя рэчы духоўнай і матэр. культуры (творы выяўл. мастацтва, рукапісы, друкаваныя выданні, манеты і інш.), аб’екты прыроды (мінералы, расліны і інш.). К. вядома са старажытнасці. Прыватнае К. пачалося ў антычнасці, дасягнула росквіту ў Стараж. Рыме і Зах. Еўропе ў эпоху Адраджэння (14—16 ст.). У ВКЛ і Рэчы Паспалітай найб. стараж. калекцыі, у т. л. знакаміты збор габеленаў Жыгімонта II Аўгуста, належалі Ягелонам. Каштоўны збор твораў мастацтва мелі Ян III Сабескі і С.​Патоцкі, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. У 19 — пач. 20 ст. ў Расіі збіральніцтвам займаліся П.М. і С.​М.​Траццяковы (выяўл. мастацтва), М.​К.​Ценішава (этнаграфія), А.​В.​Марозаў (кераміка), А.​С.​Увараў (археалогія) і інш. Многія прыватныя зборы ператварыліся ў музеі (Луўр, Траццякоўская галерэя, Эрмітаж і інш.). У Зах. Еўропе ў 15—16 ст., у Расіі з 18 ст. сталі пашыранымі змешаныя зборы — кунсткамеры (у Расіі 1-я створана Пятром 1). У 20 ст. ў К. вылучыліся кірункі: навуковы (займаюцца пераважна музеі), навучальны (як сродак нагляднасці ў навуч. працэсе), аматарскі, які ўключае філатэлію, баністыку, філуменію (К. этыкетак), фалерыстыку (К. ордэнаў, медалёў, значкоў і інш.), філафанію (К. гуказапісу), філакартыю (К. паштовак) і інш. У Беларусі К. зарадзілася ў 12—14 ст. у канфесіянальных установах Полацка, Гурава, Віцебска і інш., прыватнае разгарнулася ў 16 ст. Найб. калекцыі ў 16—18 ст. былі ў Нясвіжскім замку Радзівілаў (рукапісы, кнігі, манеты, зброя і інш), у маёнтках Храптовічаў Шчорсы (Навагрудскі р-н) і Вішнева (Валожынскі р-н), у пастаўскай галерэі К.​Тызенгаўза (творы італьян., галанд., франц., ням. мастакоў 16—18 ст.). У 19 ст. ўвага збіральнікаў была скіравана пераважна на помнікі айч. даўніны. Сярод калекцыянераў таго часу Я.П. і К.​П.​Тышкевічы ў Лагойску, М.​П.​Румянцаў у Гомелі і інш. Спецыялізаваныя калекцыі ствараюць калекцыянеры-аматары А.​А.​Стуканаў (паштовыя маркі), В.​Н.​Рабцэвіч і А.​П.​Арлоў (манеты), А.​Я.​Белы (бел. выяўл. мастацтва) і інш. З 1990 выходзіць газета «Беларускі калекцыянер».

У.​С.​Цярохін.

т. 7, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛЕР (лац. color),

1) уласцівасць прадметаў ці фіз. з’яў, якая ацэньваецца зрокавым адчуваннем. У пераважнай большасці выпадкаў колернае адчуванне ўзнікае пры ўздзеянні на вока бачнага выпрамянення (эл.-магн. выпрамянення з даўжынямі хваль ад 400 да 750 нм); часам узнікае пры націсканні на вока, эл. раздражненні і інш., а таксама па мысленнай асацыяцыі з інш. адчуваннямі (напр., гуку, цяпла) і ў выніку работы ўяўлення.

К. падзяляюцца на ахраматычныя (чорны, белы і прамежкавыя паміж імі шэрыя) і храматычныя (усе астатнія); характарызуюцца чысцінёй, насычанасцю, тонам і яркасцю. Адрозніваюць К. крыніц святла (вызначаецца спектрам крыніцы) і аб’ектаў, якія не свецяцца ўласным святлом. Прадмет мы бачым белым, калі ён аднолькава адбівае ўсе прамяні бачнага спектра, чорным — цалкам паглынае іх, шэрым — аднолькава, але не поўнасцю паглынае ўсе прамяні, каляровым — паглынае толькі некаторыя з іх. Успрыманне К. абумоўлена рознай рэакцыяй святлоадчувальных элементаў вока на святло рознай даўжыні хвалі і інтэнсіўнасці, але сігналы, што паступаюць у цэнтр. нерв. сістэму, успрымаюцца з улікам раней атрыманай інфармацыі, якая зберагаецца ў памяці чалавека. Гл. таксама Колернасці тэорыя.

2) К. у выяўленчым мастацтве, мастацкі сродак адлюстравання рэчаіснасці ва ўсім багацці яе фарбаў; важны элемент маст. твора, які выконвае ў ім выяўл. і выразныя функцыі і неадрыўна звязаны з інш. элементамі — кампазіцыяй, малюнкам, фактурай і інш.; аснова каларыту. К. розняцца паводле тону, насычанасці, светлаты, падзяляюцца на «цёплыя» і «халодныя». У працэсе развіцця мастацтва склалася багатая сімволіка К., якая мае гіст. і нац. абумоўлены характар, звязана з асаблівасцямі маст. стылю эпохі, відам мастацтва, творчымі задачамі. К. — асн. структурны элемент жывапісу, дзе найб. яскрава праяўляюцца яго выразныя магчымасці: перадача матэр. якасці асобных аб’ектаў (лакальны К.), іх размяшчэнне ў прасторы карцін (гл. Перспектыва), паветр. асяроддзя, асветленасці, сувязі з інш. аб’ектамі і навакольным асяроддзем. З’яўляецца асновай маст. вобраза твора, сродкам псіхал. характарыстыкі, перадачы эмац. стану персанажаў і інш. У манум. мастацтве выконвае дэкар. функцыі і аб’ядноўвае асобныя аб’екты ў адзіны ансамбль; выкарыстоўваецца ў графіцы, скульптуры (паліхромная скульптура), дэкар.-прыкладным мастацтве.

Я.​Г.​Міляшкевіч, Т.​В.​Пешына.

т. 8, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)