ПЕЦЮКЕ́ВІЧ (Мар’ян Язэпавіч) (24.9.1904, в. Цяцеркі Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. — 13.9.1983),

бел. этнограф. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1926), аддзяленне этнаграфіі і этналогіі Віленскага ун-та (1938). У Вільні ў 1929—34 быў фактычным рэдактарам час. «Шлях моладзі», з 1930 працаваў у б-цы Ін-та Усх. Еўропы і б-цы імя Урублеўскіх, у 1939—41 дырэктар Бел. музея. У 1949 рэпрэсіраваны. Пасля рэабілітацыі ў 1956—70 супрацоўнік Этнагр. музея ў Торуні (Польшча), дзе стварыў экспазіцыі матэрыяльнай культуры беларусаў. Даследаваў нар. культуру беларусаў, у т. л. бел. насельніцтва Беласточчыны. Аўтар прац «Мікола Нікіфароўскі — беларускі этнограф» (1935), «Беларуская мелаграфія» (1936), «Аб паходжанні назвы Беларусь, беларус» (1957), «Купалле — у мінулым усенароднае свята», «Аб паходжанні імён» (абедзве 1958), «Прозвішчы» (1959), «Старадаўнія велікодныя звычаі ў беларусаў» (1960), «Старадаўнія юр’еўскія звычаі ў беларусаў» (1961), «Пахавальныя звычаі» (1965), «Беларуская этнаграфія ў працах польскіх даследчыкаў» (1968), «Беларускае народнае мастацтва ў Быдгаскім ваяводстве» (1975), «Уклад Казіміра Машынскага ў даследаванне народнай культуры беларусаў» (1976) і інш.

Тв.:

У пошуках зачараваных скарбаў. Вільня, 1998.

І.​У.​Саламевіч.

т. 12, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАКАЗО́ВІЧ ((Białokozowicz) Базылі) (н. 2.1.1932, в. Відова Беластоцкага ваяв., Польшча),

польскі літ.-знавец. Д-р філал. н. (1972). Ганаровы д-р С.-Пецярбургскага ун-та (1981). Скончыў філал. (1956) і гіст. (1957) ф-ты Ленінградскага ун-та. З 1957 выкладчык Варшаўскага ун-та, з 1973 у Ін-це славяназнаўства Польскай АН, з 1992 у Апольскім пед. ін-це. З 1976 віцэ-прэзідэнт Міжнар. асацыяцыі выкладчыкаў рус. мовы і л-ры. Даследуе бел. л-ру 19 ст., творчасць польска-бел. пісьменнікаў, узаемасувязі польскай, бел., рус., укр. і літоўскай л-р, бел. матывы ў польскай і польскія ў бел. л-рах. Аўтар манаграфій «З гісторыі ўзаемных польска-рускіх літаратурных сувязяў у XIX стагоддзі» (1971), «Мар’ян Здзяхоўскі і Леў Талстой» (1995). Бел. тэматыцы прысвечаны яго арт. «Беларуская мова і польская культура» (1957), «Слаўныя людзі Падляшша: Міхась Баброўскі» (1958), «Вялікі сябар беларусаў Тадэвуш Урублеўскі» (1963), «Адам Міцкевіч і Аляксандр Герцэн аб літаграфіі «Славянскі нявольнік» («Беларускі раб») Юзафа Азямблоўскага» (1967). Склаў анталогію «Польшча ў савецкай паэзіі» (1977), куды ўключыў вершы Я.​Коласа, Я.​Пушчы, М.​Танка, П.​Панчанкі, Р.​Барадуліна, А.​Лойкі, Е.​Лось, Я.​Сіпакова і інш.

т. 2, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)