АЛБУКЕ́РКІ (Albuquergue) Афонсу дэ (1453—16.2.1515),
партугальскі мараплавец, намеснік (віцэ-кароль) партуг. уладанняў у Індыі [1510—15], заснавальнік партуг. калан. імперыі ў Ост-Індыі. У 1503 на чале партуг. флатыліі накіраваны ў інд. г. Кочын, дзе пабудаваў форт. У 1507 захапіў г. Армуз у Персідскім заліве. У 1510 захапіў Гоа (стаў асн. апорным пунктам партуг. заваёўнікаў на Усходзе), у 1511 — Малаку. Албукеркі ўзначальваў першыя партуг. экспедыцыі на Малабарскі бераг, в. Цэйлон, у краіны Паўд.-Усх. Азіі.
т. 1, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕМЕ́Р (Lemaire, Le Maire) Якаб (1585—1616), галандскі купец і мараплавец. У 1615—16 разам з мараплаўцам В.Схаўтэнам узначальваў экспедыцыю ў Інданезію. Абгінаючы Вогненную Зямлю, адкрылі в-аў Эстадас і мыс Горн; у Ціхім ак. — некалькі атолаў у архіпелагах Туамоту і Тонга, а-вы Хорн, усх. бераг Новай Ірландыі і 5 груп астравоў на ПнУ ад яе, а-вы Схаўтэн каля паўн. ўзбярэжжа Новай Гвінеі; наведалі а-вы Хальмахера і Ява.
т. 9, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́ЯШ, Дыяш ды Наваіш [Dias (Diaz) de Novaes] Барталамеу (каля 1450—29.5.1500), партугальскі мараплавец. У 1487 узначаліў экспедыцыю, якая шукала марскі шлях у Індыю. Даследаваў паўд.-зах. ўзбярэжжа Афрыкі паміж 22° і 33° паўд. ш. Першы з еўрапейцаў абагнуў Афрыку з Пд. Прайшоў уздоўж паўд. берага Афрыкі да бухты Алгоа, але быў вымушаны па патрабаванні каманды павярнуць у Партугалію; на зваротным шляху адкрыў мыс Добрай Надзеі (1488). У 1500 прымаў удзел у экспедыцыі П.А.Кабрала, загінуў недалёка ад мыса Добрай Надзеі.
т. 6, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮМО́Н-ДЗЮРВІ́ЛЬ (Dumont d’Urville) Жуль Себасцьен Сезар (23.5.1790, г. Кандэ-сюр-Нуаро, Францыя — 8.5.1842),
французскі мараплавец і акіянограф. У 1826—28 здзейсніў кругасветнае плаванне на караблі «Астралябія», у час якога знайшоў сляды загінуўшай экспедыцыі Ж.Лаперуза, даследаваў некалькі астраўных груп у Ціхім ак., нанёс на карту частку берагоў Новай Зеландыі і Новай Гвінеі. У 1837—40 ажыццявіў плаванне ў Антарктыку на суднах «Астралябія» і «Зеле»; адкрыў Зямлю Луі Філіпа, в-аў Жуанвіль, Зямлю Адэлі. У яго гонар названа Дзюрвіля мора ў Антарктыцы.
т. 6, с. 129
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЙВІС (Davis) Джон (каля 1550, Сандрыдж, каля г. Дартмут, Вялікабрытанія — 29.12.1605),
англійскі мараплавец. Здзейсніў 3 плаванні (1585—87) з мэтай адшукання паўн.-зах. праходу з Атлантычнага ак. ў Ціхі, але знайсці гэты шлях ён не змог. Д. адкрыў праліў на З ад Грэнландыі, названы яго імем (Дэйвіса праліў), даследаваў зах. бераг Грэнландыі (да 73° паўн. ш.) і ўсх. бераг п-ва Лабрадор. У 1591—92 камандаваў караблём у экспедыцыі англ. карсара Т.Кавендыша, у час якой зрабіў пачатак адкрыццю Фалклендскіх а-воў.
т. 6, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙФ Э́ЙРЫКСАН (Leif Eriksson; Leiv Eiriksson; каля 975 — каля 1020),
нарвежскі і ісландскі мараплавец эпохі вікінгаў. Сын Эйрыка Раўдзі. Каля 1000 у час падарожжа ў Грэнландыю збіўся з курсу з-за шторму і трапіў да ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі (верагодна, тэр. п-ва Новая Шатландыя або п-ва Лабрадор), якое ён назваў Вінланд, дайшоў пад ветразем да раёна сучаснага г. Бостан (ЗША). Яго адкрыццё Амерыкі да Х.Калумба не мела гіст. вынікаў.
Літ.:
Ингстад Х. По следам Лейва Счастливого: Пер. с норв. М., 1969.
т. 9, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРО́БІШЭР (Frobisher) Марцін (каля 1535, Олтафтс, Вялікабрытанія — 22.11.1594),
англійскі мараплавец. У 1576—78, у час пошукаў паўн.-зах. шляху ў Кігай і Індыю, адкрыў паўд. і паўд.-ўсх. ўзбярэжжа Бафінавай Зямлі (п-аў Мета-Інкогніта), прайшоў у пралівы, якія аддзялялі яе ад мацерыка і Грэнландыі (цяпер Гудзонаў і Дэйвіса пралівы), у заліў (палічыў за праліў), які пазней назвалі яго імем. У 1585 камандаваў адным з караблёў экспедыцыі Ф.Дрэйка ў Вест-Індыю. У 1588 прымаў удзел у разгроме ісп. «Непераможнай армады».
т. 16, с. 480
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РЫНГ (Bering) Вітус Іонасен (1680, г. Хорсенс, Данія — 19.12.1741),
дацкі і рускі мараплавец. Запрошаны на рус. флот у 1703. Капітан-камандор. Кіраўнік 1-й (1725—30) і 2-й (1733-43) Камчацкіх экспедыцый, разам з памочнікам А.І.Чырыкавым абследаваў берагі Камчаткі, Чукоткі, прайшоў паміж Азіяй і Амерыкай, адкрыў некаторыя з Алеуцкіх а-воў, дасягнуў узбярэжжа Паўн. Амерыкі. Імем Берынга названы мора на Пн Ціхага ак., праліў, мыс на ўзбярэжжы Ахоцкага м., востраў з групы Камандорскіх а-воў, на якім Берынг памёр ад цынгі ў час вымушанай зімоўкі.
т. 3, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБРА́Л (Cabral) Педру Алварыш (1467 або 1468, Белмонты, Партугалія — каля 1520),
партугальскі мараплавец. У 1500 узначаліў флатылію, якая павінна была даплыць да Індыі, але адхіліўся ад курсу і 22.4.1500 дасягнуў Бразіліі, якую прыняў за востраў і назваў Зямлёй Вера-Круш (Санта-Круш). Потым накіраваўся да мыса Добрай Надзеі (Афрыка) і ў сярэдзіне вер. 1500 дасягнуў Індыі ў раёне г. Калікут, які разбурыў за адмову гандляваць. Заключыў гандл. пагадненні з гарадамі, у студзені 1501 пакінуў краіну і ў канцы ліп. вярнуўся ў Партугалію з каштоўнымі інд. таварамі.
т. 7, с. 387
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАНІ́ЦЫН Пётр Кузьміч (? — 15.7.1770),
рускі мараплавец, даследчык Алеуцкіх а-воў. Капітан 1-га рангу. У 1764—69 узначаліў экспедыцыю, якая ў 1768 выйшла з вусця р. Камчатка, даследавала а-вы Умнак, Уналашка, Унімак, зах. ч. ўзбярэжжа п-ва Аляска. У 1769 экспедыцыя вярнулася на Камчатку. На аснове матэрыялаў экспедыцыі ў 1777 складзена карта Алеуцкіх а-воў. Яго імем названы праліў паміж а-вамі Анекатан і Харымкатан (Курыльскія а-вы), вулкан і мыс на в-ве Анекатан і а-вы ў групе Лісіных (Алеуцкія а-вы).
т. 8, с. 450
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)