БЁРТАН, Бартан (Burton; сапр. Джэнкінс; Jenkins) Рычард (10.11.1925, г. Суонсі, Вялікабрытанія — 5.8.1984), англійскі акцёр. Вучыўся ў Оксфардзе. На сцэне з 1941. Вядомы як выканаўца роляў у п’есах У.​Шэкспіра ў Каралеўскім Шэкспіраўскім тэатры і т-ры «Олд-Вік». З 1949 у кіно. У 1966 разам з жонкай Э.Тэйлар заснаваў кінакампанію «Тэйбёр». Праславіўся ў ролі Джымі Портэра — маладога бунтара супраць маральных і сац. асноў грамадства ў фільме «Азірніся ў гневе». Сярод інш. фільмаў: «Клеапатра», «Хто баіцца Вірджыніі Вульф?», «Утаймаванне свавольніцы», «1984».

т. 3, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАНОВІ́Ч Адольф Усцінавіч (н. 15.6.1940, в. Мікольцы Мядзельскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1960). Да 1989 працаваў мастаком на Аршанскім ільнокамбінаце. З 1991 у час. «Полымя». Дэбютаваў вершамі ў 1957. З 1970 выступае як празаік. Паказвае жыццё сучаснай бел. вёскі, складанае і супярэчлівае, няпростыя чалавечыя лёсы. Сцвярджэнне высокіх маральных каштоўнасцей — асн. пафас лепшых яго твораў, якія вызначаюцца дакладнымі псіхал. партрэтамі герояў, увагай да выразных дэталяў, жывой нар. мовы.

Тв.:

Высокі падмурак. Мн., 1978;

Агні хат. Мн., 1986;

Жывая душа. Мн., 1993.

т. 4, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭАНТАЛО́ГІЯ [ад грэч. deon (deontos) патрэбнае, належнае + ...логія],

раздзел этыкі, які разглядае праблемы абавязку і належнага (таго, што адлюстроўвае патрабаванні маралі ў форме прадпісанняў). Тэрмін уведзены англ. філосафам-утылітарыстам І.Бентамам, які ўжыў яго для абазначэння тэорыі маральнасці. З уяўлення аб належным (што «павінна быць») складваюцца маральныя патрабаванні, уяўленні пра тое, якія ўчынкі людзі павінны рабіць. У дачыненні да чалавека гэтыя патрабаванні з’яўляюцца яго абавязкамі, якія ў абагульненай форме правіл, што ў аднолькавай ступені датычаць усіх, фармулююцца ў маральных нормах, прадпісаннях, запаведзях. Усе гэтыя этычныя катэгорыі — прадмет вывучэння Д.

т. 6, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́МАЎ Элем Германавіч (н. 9.7.1933, г. Валгаград, Расія),

расійскі кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1976). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1964). Раннія фільмы вылучаюцца схільнасцю да сатыры і эксцэнтрыкі: «Шчыра запрашаем, ці Пабочным асобам уваход забаронены» (1964), «Прыгоды зубнога ўрача» (1965). Трагізм, складанасць маральных калізій, глыбокі псіхалагізм уласцівы фільмам «Агонія» (1974, прыз Міжнар. асацыяцыі кінапрэсы, Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі, 1982), «І ўсё-ж такі я веру...» (1976), «Ларыса» (1980, дакумент., кароткаметражны фільм), «Развітанне» (1983), «Ідзі і глядзі» (1985, паводле «Хатынскай аповесці» А.​Адамовіча; залаты медаль на Маскоўскім міжнар. кінафестывалі 1985).

т. 8, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́НУ ЗАКО́НЫ,

адзін з самых стараж. літ. помнікаў інд. цывілізацыі. Складзены на аснове ідэй брахманізму, з’яўляюцца зборам норм (грамадз., рэліг., маральных) паводзін веруючага індуса. У М.з. ўключаны таксама тэксты касмалагічнага, культавага і рытуальнага зместу, тлумачэнні па дзярж. ладзе і каставай сістэме. М.з. складаюцца з 12 глаў, якія разбіты на 2650 шлок (двухрадкоўяў). Паводле брахманскай традыцыі, аўтар М.з. — міфічны першачалавек Ману (адсюль назва). Асноўныя тэксты адносяцца да часу дынастыі Маур’я (4—2 ст. да н.э.), да нашага часу захавалася рэдакцыя, запісаная на мяжы Н.Э.

А.​І.​Малюгін.

т. 10, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМБО́ (Rambaud) Альфрэд (2.7.1842, г. Безансон, Францыя — 10.11.1905),

французскі гісторык, дзярж. дзеяч. Чл. Акадэміі маральных і паліт. навук (1897), замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1876). Скончыў Вышэйшую нармальную школу (1864). З 1881 праф. Сарбоны. У 1895—1903 сенатар, у 1896—98 міністр нар. адукацыі. Даследаваў паліт. гісторыю (у асн. Візантыі, Расіі, Германіі) і гісторыю міжнар. адносін. Прыхільнік франка-рус. збліжэння і актывізацыі Францыі ў сферы каланіяльнай палітыкі. Рэдактар (разам з Э.​Лавісам) шматтомнай калект. працы «Сусветная гісторыя з IV ст. да нашага часу» (т. 1—12, 1893—1901).

т. 13, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ЛЕРС, Селарс (Sellars) Рой Вуд (9.7.1880, г. Эгмандвіл, Канада — 5.9.1973), амерыканскі філосаф, адзін з заснавальнікаў крытычнага рэалізму. Праф. Мічыганскага ун-та (1905—50). Распрацаваў тэорыю ўзроўняў стварэння прыроды, паводле якой з’яўленне якасна новага звязана з пераходам з ніжэйшага на больш высокі ўзровень развіцця. У этыцы адстойваў канкрэтна-гіст. і сацыяльна абумоўлены характар маральных ацэнак і духоўных каштоўнасцей. Палемізаваў з ідэаліст. філас. кірункамі, крытыкаваў тэорыю псіхафізіял. дуалізму, тэалогію і рэліг. догматы. Гал. творы: «Крытычны рэалізм» (1916), «Эвалюцыйны натуралізм» (1922), «Прынцыпы і праблемы філасофіі» (1926), «Філасофія фізічнага рэалізму» (1932) і інш.

т. 14, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДЗІ́НСКІ Дамінік Іванавіч (н. 10.3.1921, с. Малая Саліха Хмяльніцкай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне педагогікі. Д-р пед. н., праф. (1970). Акадэмік Бел. акадэміі адукацыі. Скончыў Вінніцкі пед. ін-т (1948). Працаваў у школе, Вінніцкім (1966—76) і Мінскім (1979—86) пед. ін-тах. Даследуе праблемы маралі, патрыят., сямейнага выхавання, пазакласнай і пазашкольнай работы, школазнаўства, педагогікі вышэйшай школы. Аўтар прац: «Пазакласная выхаваўчая работа» (1961), «Выхаванне цікавасці да ведаў у падлеткаў» (1963), «Навуковыя асновы маральнага выхавання школьнікаў» (1982), «Фарміраванне маральных каштоўнасных арыентацый будучых педагогаў» (з А.​А.​Грымацем, 1993).

В.​У.​Чэчат.

т. 3, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЛСТА́Я Таццяна Мікітаўна (н. 3.5.1951, С.-Пецярбург),

руская пісьменніца. Унучка А.М.Талстога і М.Л.Лазінскага. Скончыла Ленінградскі ун-т. Друкуецца з 1983. У апавяданнях (зб-кі «На залатым ганку сядзелі...», 1987; «Кахаеш, не кахаеш». 1997), адметных назіральнасцю і вытанчанасцю стылю. — душэўная смута сучаснага чалавека, які перажывае разлад з рэчаіснасцю, страту маральных арыенціраў. У фантаст. рамане «Кысь» (2000) спалучэнне «чорнага» гумару з тонкай іроніяй і сатырай. Аўтар кніг эсэ, нарысаў, артыкулаў «Сёстры» (1998), «Двое» (2001, абедзве разам з сястрой Н.​Талстой) і інш.

Тв.:

День: Личное. М 2001;

Ночь: Рассказы М., 2001.

А.​В.​Спрынчан.

т. 15, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЮСТЭ́ЛЬ ДЭ КУЛА́НЖ (Fustel de Coulanges) Нюма Дэні (18.3.1830, Парыж — 12.9.1889),

французскі гісторык. Чл. Акадэміі маральных і паліт. навук (1875). Скончыў Вышэйшую нармальную школу (Парыж, 1853). Праф. Страсбурскага ун-та (1861—70), Вышэйшай нармальнай школы (1870—75, у 1880—83 рэктар), Сарбоны (1875—80, 1883—88). Працы па гісторыі антычнасці і генезісе феадалізму ў Еўропе. Асн. твор: «Гісторыя грамадскага ладу старажытнай Францыі» (т. 1—6, 1875—92). Выступіў з т.зв. раманістычнай канцэпцыяй, паводле якой у аснове еўрап. цывілізацыі ляжаць толькі рым. грамадскія інстытуты: буйное землеўладанне, залежнасць ад яго непасрэдных вытворцаў, манархічная ўлада.

т. 16, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)