ВАЛЮ́ТНЫЯ КАШТО́ЎНАСЦІ,
сукупнасць грашовых знакаў замежных дзяржаў, крэдытных і плацежных дакументаў, выражаных у замежных грашовых адзінках, якія выкарыстоўваюцца ў міжнар. разліках. Могуць уключаць: наяўную замежную валюту, плацежныя дакументы (чэкі, вэксалі, траты, акрэдытывы і інш.), замежныя фондавыя каштоўнасці (акцыі, аблігацыі), каштоўныя металы (золата, серабро, плаціна і металы плацінавай групы) у манеце, злітках, ломе і сырым выглядзе, вырабы з каштоўных металаў, жэмчуг, каштоўныя камяні і вырабы з іх. Валютнае заканадаўства ўстанаўлівае для валютных каштоўнасцей спец. абмежаваны рэжым абарачэння на тэр. краіны.
Н.К.Мазоўка.
т. 3, с. 498
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІКТЫМАЛО́ГІЯ (ад лац. victima ахвяра + ...логія),
навука, што даследуе псіхал. і маральныя рысы асобы — ахвяры злачынства і любыя формы праяўлення грамадскай паталогіі, у выніку якіх прычыняецца шкода асобе. У больш вузкім сэнсе (у т. л. ў крыміналогіі) вывучае тыпы ахвяр — віноўнікаў злачынства, чые паводзіны могуць быць небяспечнымі для іх саміх і ствараюць павышаную верагоднасць замаху на іх; умовы, спрыяльныя для ўчынення злачынства; даследуе сувязі ахвяры і злачынца, ролю ахвяры ва ўчыненым злачынстве, а таксама адносіны да ахвяры органаў правасуддзя.
Н.К.Мазоўка.
т. 4, с. 156
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ КАНВЕ́НЦЫЯ АБ АХО́ВЕ ПРАВО́Ў ЧАЛАВЕ́КА І АСНО́ЎНЫХ СВАБО́Д.
Падпісана ў 1950 у Рыме дзяржавамі — членамі Савета Еўропы, увайшла ў дзеянне ў 1953, дапоўнена 10 дадатковымі пратаколамі (апошні — у 1992). Устанаўлівае кантрольны судовы механізм, які дзейнічае на падставе індывід. скаргаў фіз. асоб і скаргаў дзяржаў аб парушэннях палажэнняў канвенцыі. Для разгляду скаргаў створаны Еўрап. камісія і Еўрап. суд на правах чалавека. У гэтым удзельнічалі таксама Камітэт міністраў — гал. паліт. орган Савета Еўропы. Месцазнаходжанне ўсіх — г. Страсбур (Францыя).
Н.К.Мазоўка.
т. 6, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЯРО́ВІЧ ((Kawalerowicz) Ежы) (н. 19.1.1922, г.п. Гваздзец Івана-Франкоўскай вобл., Украіна),
польскі кінарэжысёр і сцэнарыст. Скончыў кінаінстытут (1946) і Акадэмію прыгожых мастацтваў (1948) у Кракаве. Дэбютаваў у кіно ў 1952. Сярод фільмаў: кінадылогія «Цэлюлоза» (у сав. пракаце «Дарогі жыцця») і «Пад фрыгійскай зоркай» (1954, паводле І.Неверлі), «Маці Іаана ад анёлаў» (1961, паводле Я.Івашкевіча), «Фараон» (1965, паводле Б.Пруса), «Смерць прэзідэнта» (1977), «Карчма» (1982, паводле Ю.Стрыйкоўскага), «Палоннік Еўропы» (1989, паводле Ю.Данкоўскага). Дзярж. прэміі Польшчы 1954, 1966.
Н.К.Мазоўка.
т. 7, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРА́ХМА (ад грэч. drachmē жменя, кісць),
1) старажытнагрэчаская вагавая і грашовая адзінка. Як манета пачала чаканіцца ў 6 ст. да н.э. Была пераважна сярэбранай, радзей залатой ці меднай, мела розную масу (атычная Д. 4,17 г; карынфская Д. 2,8 г). Чаканіліся манеты вартасцю 72, 1, 2 (дыдрахма), 3, 4 (тэтрадрахма), 5, 6, 8, 10 (дэкадрахма) і 12 Д.; раўнялася 6 аболам, 100 Д. складалі міну, 6 тыс. Д. — талант.
2) У сярэдневякоўі сярэбраная манета масай 2,7 г. Чаканілася ў сярэдзіне 13 ст. ў лац. дзяржавах Б. Усходу.
3) Сучасная грашовая адзінка Грэцыі (з 1833).
Н.К.Мазоўка.
т. 6, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЎ III (Leōn) Ісаўр, Леў III Сірыец (каля 675, Германікія, цяпер г. Мараш, Турцыя — 18.6.741), візантыйскі імператар [717—741], заснавальнік Ісаўрыйскай дынастыі. Узмацніў знешнепаліт. становішча імперыі: адбіў націск арабаў, якія ў 717—718 вялі аблогу Канстанцінопаля; пасля перамогі ў 740 пад Акраінонам вярнуў ч. візант. уладанняў у М. Азіі. З мэтай умацавання цэнтр. улады і абароны інтарэсаў ваенна-служылай знаці выдаў у 726 Эклогу (зб. законаў). Рэфармаваў армію, распачаў рэформы ў галіне права, грамадскіх адносін і царк. палітыкі. Узначальваў рух іканаборства, што прывяло ў 730 да разрыву адносін з рым. курыяй.
Н.К.Мазоўка.
т. 9, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́НСКІ ((Gołoński) Анджэй) (24.11.1799, г. Улацлавак, Польшча — 1854),
польскі архітэктар. Ганаровы чл. Пецярб. АМ (1853). Праф. (1838). Скончыў Варшаўскі ун-т (1828). Працаваў (пераважна ў Варшаве) у стылі позняга класіцызму, выкарыстоўваў таксама рэнесансавыя і гатычныя формы.
Сярод работ: царква Аляксандра Неўскага ў варшаўскай Цытадэлі (1835), касцёл у в. Яблонна (каля Варшавы), дамы Міткевіча, Натансона, уласны, дом і ф-ка Фрагета. Перабудаваў барочны касцёл піяраў у сабор св. Тройцы (1835—37), палац Урускіх (1844, цяпер Ін-т геаграфіі Варшаўскага ун-та), царкву ў павільёне палаца «На вадзе» ў Лазенках (1846), цэнтр. частку Гомельскага палаца (1852, з А.Іджкоўскім).
Н.К.Мазоўка.
т. 4, с. 467
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТЭ́ЛА, Вітэлій (Witelo, Vittelio) Эразм (каля 1230, каля г. Вроцлаў, Польшча — каля 1280), польскі прыродазнавец і філосаф. Вучыўся ў Парыжы і Падуі. Філасофію трактаваў як своеасаблівую навуку аб прыродзе, яго навук. дзейнасць звязана з развіццём эмпірычнага прыродазнаўства, пачатак якому дала оксфардская школа. Аўтар вядомага ў сярэднія вякі трактата па оптыцы «Перспектыва» (1270—73), тройчы выдадзенага ў Нюрнбергу (1535, 1551, 1572). У гэтым творы выкладаюцца элементы геам. оптыкі, вядомыя Эўкліду, Пталамею і Альхазену, а таксама прыводзіцца закон абарачальнасці прамянёў пры пераламленні святла, даказваецца, што парабалічныя люстэркі маюць адзін фокус, разглядаюцца будова вока і ўласцівасці зроку, тлумачыцца прырода вясёлкі на аснове пераламлення святла ў вадзяных кроплях.
Н.К.Мазоўка.
т. 4, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ТГЕР ((Grottger) Артур) (11.11.1837, в. Атыневічы Львоўскай вобл., Украіна — 13.12.1867),
польскі жывапісец і графік, прадстаўнік рамантызму. Вучыўся ў Львове ў Я.Машкоўскага і Ю.Косака (1848—52), Кракаўскай школе прыгожых мастацтваў (1852—54), Венскай АМ (1855—58). Напачатку пісаў акварэллю батальныя і жанравыя сцэны, пазней — гіст. кампазіцыі, партрэты, карыкатуры. У работах — элементы акадэмізму, містычная сімволіка, тэатр. пафас: цыклы кардонаў «Варшава I» (1861), «Варшава II» (1862), «Палонія» (1863), «Літуанія» (1864—66; абедзве прысвечаны паўстанню 1863—64), аўтапартрэт (1867), жывапісныя творы «Пераход праз мяжу» (1865), «Развітанне», «Паход у Сібір» (абедзве 1866) і інш. Аўтар цыкла «Вайна» (1866—67), у якім карціны нац. трагедыі і нар. гераізму.
Н.К.Мазоўка.
т. 5, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮБУА́ ((Dubois) Станіслаў) (7.1.1901, Варшава — 21.8.1942),
польскі паліт. дзеяч, журналіст. Чл. Польскай сацыяліст. партыі (з 1918). У 1919—21 удзельнічаў у Сілезскіх паўстаннях. Адзін з заснавальнікаў Саюза незалежнай сацыяліст. моладзі (1922). У 1928—30 дэпутат сейма. У 1929 адзін са стваральнікаў «Цэнтралеву» (блок 6 цэнтрысцкіх і левых партый). Быў арыштаваны і зняволены ў Брэсцкай крэпасці, у 1932 асуджаны на 3 гады. З 1934 прыхільнік саюзу сацыялістаў з камуністамі, у 1936—37 сузаснавальнік і нам. гал. рэдактара газ. «Dziennik Popularny» («Папулярны штодзённік»), якая выступала за адзіны фронт. У перыяд фаш. акупацыі чл. канспіратыўнай групоўкі «Барыкада свабоды». У 1940 арыштаваны гестапа, вывезены ў Асвенцім і расстраляны.
Н.К.Мазоўка.
т. 6, с. 128
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)