БАГУШЭ́ЎСКІ (Ян) (1881 — ?),

бел. скульптар. Вучыўся ў Кракаўскай АМ у К.Ляшчкі, 5 гадоў жыў у Швейцарыі, дзе на яго творчасць паўплываў аўстр. сецэсіён (мадэрн). Багушэўскі — адзін з актыўных членаў культ. аб’яднання «Агніска» (Мінск, 1907), удзельнік маст. выставак, дзе экспанаваліся яго работы «Мінулыя часы», «Галава Буды» і інш., створаныя пад уплывам сімвалізму. У праграмным дакладзе на абмеркаванні маст. выстаўкі (Мінск, 1911) сцвярджаў вял. грамадска-выхаваўчыя магчымасці скульптуры.

А.К.Лявонава.

Я.Багушэўскі. Мінулыя часы. 1911.

т. 2, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАГА ТЭХНІ́ЧНАГА ВУЧЫ́ЛІШЧА БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры стылю мадэрн. Пабудаваны ў пач. 20 ст. Мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак. Кампазіцыю гал. фасада ствараюць 2 бакавыя рызаліты і павышаная цэнтр. частка. Актыўнымі элементамі фасада з’яўляюцца вял. лучковыя вокны і цэнтр. ўваход, дэкарыраваны круглым вітражом. Ліштвы падкрэсліваюць крывалінейную форму аконных праёмаў, у 1-м і 2-м паверхах бакавых рызалітаў аб’яднаны ў агульную дэкар. раму з перакрыжаваных гарыз. і верт. чляненняў.

В.М.Чарнатаў.

т. 5, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАГА ПАЗЯМЕ́ЛЬНА-СЯЛЯ́НСКАГА БА́НКА БУДЫ́НАК,

помнік грамадзянскай архітэктуры пач. 20 ст. Пабудаваны ў 1913 у Гродне паводле праекта арх. Б.Астравумава. Мае рысы стылю мадэрн. 2-павярховы Г-падобны ў плане мураваны будынак накрыты высокім 2-схільным чарапічным дахам з купалам у месцы злучэння аб’ёмаў. У дэкар. вырашэнні фасадаў выкарыстана спалучэнне адкрытага муру з жоўтай цэглы і белых ляпных дэталей. Будынак аздабляюць каваныя агароджы балконаў, унутранай лесвіцы, навес над уваходам.

В.М.Чарнатаў.

т. 5, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМО́К (замковы камень) у архітэктуры, камень ці цагліна (звычайна клінападобныя) у вяршыні аркі або скляпення. Дэкар. З. часам упрыгожвалі цэнтр. ч. плоскай перамычкі над аконным праёмам (будынак б. мужчынскай гімназіі ў Гомелі) або парталам. У бел. архітэктуры найб. шырока выкарыстоўваліся ў стылях класіцызму, неакласіцызму, мадэрн, у архітэктуры 1950-х г. З. часта аздаблялі арнаментам, арх. дэталямі (мадульёнамі і інш.), скульптурай.

Замок у афармленні акна будынка былой мужчынскай гімназіі ў Гомелі.

т. 6, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАНШТЭ́ЙН (ням Kragstein) у архітэктуры, выступ у сцяне, часта прафіляваны (з дэкар. завіткамі або інш. ўпрыгожаннямі), які падтрымлівае карнізы, балконы і інш. У бел. архітэктуры пашыраны з 18 ст. Драўляныя К. ствараліся паступовым павелічэннем выпуску астатку знізу ўверх або ў выглядзе трохвугольных кансолей. Мураваныя К. звычайна маюць прафілёўку, аздабляюцца ляпнымі дэталямі. Металічныя К. — ажурнае ліццё з расл. арнаментыкай і маст. коўкай — характэрны для стылю мадэрн. Разнавіднасць К. — мадульён.

Кранштэйны.

т. 8, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЙТА ((Lajta) Бела) (23.1.1873, Будапешт — 12.10.1920),

венгерскі архітэктар. Скончыў Тэхн. ун-т у Будапешце (1895), вучыўся таксама ў Італіі, Германіі і інш. зах.-еўрап. краінах. З 1901 працаваў у Будапешце. У пошуках выразных прасторавых і канстр. вырашэнняў спрошчваў і геаметрызаваў формы, паступова перайшоў ад стылю мадэрн да функцыяналізму: будынкі камерцыйнага вучылішча (1910—12), прытулку для бедных (1911), дом Рожавёльдзьі (1911—12) — усе ў Будапешце, будынак банка ў Эржэбетвараш (1911).

т. 9, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́КІНТАШ ((Mackintosh) Чарлз Рэні) (7.6.1868, г. Глазга, Шатландыя — 10.12.1928),

шатландскі архітэктар; прадстаўнік стылю мадэрн. Вучыўся ў Школе мастацтва ў Глазга (1885—92). Працаваў у Глазга і Лондане. Для работ характэрны пластычная выразнасць геаметрызаваных аб’ёмаў, фактурныя эфекты (будынак Школы мастацтва ў Глазга, 1898—1909), функцыян. мэтазгоднасць кампазіцыі і дэкору. Афармляў інтэр’еры, канструяваў мэблю. Творчасць М. істотна паўплывала на развіццё нац.-рамант. плыней і фарміраванне функцыяналізму ў архітэктуры Вялікабрытаніі, Германіі і Аўстрыі.

т. 9, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЁРДСЛІ, Бердслей (Beardsley) Обры Вінсент (24.8.1872, г. Брайтан, Вялікабрытанія — 16.3.1898), англійскі мастак-ілюстратар. Вучыўся ў Вестмінстэрскай маст. школе (1891). Зазнаў уплыў Э.Бёрн-Джонса, звяртаўся да прыёмаў яп. гравюры. Развіваў сімвалічныя тэндэнцыі мастацтва позніх прэрафаэлітаў. Шматлікія малюнкі Бёрдслі (іл. да час. «Жоўтая кніга», які ён выдаваў у 1894—95, і «Савой», 1896, да «Саламеі» О.Уайльда, 1894), адметныя вытанчанасцю і дэкар. элегантнасцю вобразаў, віртуознай гульнёй тонкіх ліній і сілуэтаў, адыгралі важную ролю ў фарміраванні графікі стылю «мадэрн».

т. 3, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІГО́САВА,

вёска ў Беларусі, у Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., на р. Росіца. Цэнтр сельсавета. Чыг. ст. на лініі Полацк—Даўгаўпілс. За 18 км на ПнЗ ад г. Верхнядзвінск, 193 км ад Віцебска. 2126 ж., 858 двароў (1995). Завод акц. т-ва «Інвет» па выпуску вет. інструменту. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. За 2,5 км ад Бігосава зоаветэрынарны тэхнікум. Чыг. вакзал (1924—26) — помнік архітэктуры стылю «мадэрн».

т. 3, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕА́НДР,

геаметрычны арнамент у выглядзе ламанай пад прамым вуглом лініі, якая ў цэлым глядзіцца як вузкая паласа аднолькавых звязаных паміж сабой матываў. Распрацаваны і шырока выкарыстоўваўся ў мастацтве Стараж. Грэцыі (арх. дэкор, вазапіс, аздабленне тканін і інш.), распаўсюдзіўся ў еўрап. мастацтве. На Беларусі найб. пашыраны ў пач. 20 ст. ў стылі мадэрн: арх. дэкор (фрыз будынка б. мужчынскай гімназіі ў Гомелі), маст. ліццё (балконы б. дома губернатара ў Віцебску, жылыя дамы ў Гродне) і інш.

т. 10, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)