КРАНШТЭ́ЙН (ням Kragstein) у архітэктуры, выступ у сцяне, часта прафіляваны (з дэкар. завіткамі або інш. ўпрыгожаннямі), які падтрымлівае карнізы, балконы і інш. У бел. архітэктуры пашыраны з 18 ст. Драўляныя К. ствараліся паступовым павелічэннем выпуску астатку знізу ўверх або ў выглядзе трохвугольных кансолей. Мураваныя К. звычайна маюць прафілёўку, аздабляюцца ляпнымі дэталямі. Металічныя К. — ажурнае ліццё з расл. арнаментыкай і маст. коўкай — характэрны для стылю мадэрн. Разнавіднасць К. — мадульён.