ДАСЛЕ́ДАВАННЕ АПЕРА́ЦЫЙ,

навуковы метад выпрацоўкі колькасна абгрунтаваных рэкамендацый для прыняцця рашэнняў у арганізац. кіраванні. Тэрмін узнік у ЗША у гады 2-й сусв. вайны (1939—45), калі пры ваен. штабах ствараліся групы, якія аналізавалі эфектыўнасць розных відаў зброі і ваенна-тактычных рашэнняў. З дапамогай матэм. аналізу і простых правіл вырашаюцца складаныя матэм. задачы. Д.а. мае значэнне ў механіцы, аўтаматыцы, электратэхніцы. Найб. ўплыў на развіццё гэтага метаду зрабілі А.​Эрланг, Дж. фон Нейман, Л.​В.​Кантаровіч, Дж.​Б.​Данцыг, Р.​Белман. Метады Д.а. маюць шырокае кола задач арганізац. кіравання, якія ўзнікаюць у прам-сці, на транспарце, у сельскай гаспадарцы, іх выкарыстоўваюць страхавыя і рэкламныя кампаніі, агенцтвы па турызме, прадпрыемствы камунальнага абслугоўвання і інш. У даследаванні кожнай аперацыйнай задачы павінна быць 6 этапаў: пастаноўка задачы; пабудова матэм. мадэлі з’явы або аперацыі; аналіз мадэлі і атрыманне рашэння; праверка адэкватнасці мадэлі з’яве і аналіз якасці рашэння; карэкціроўка мадэлі і рашэння; рэалізацыя вынікаў рашэння. Работы на ўсіх пералічаных этапах маюць сэнс, калі яны завяршаюцца ўкараненнем вынікаў даследаванняў у практыку кіравання.

т. 6, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОМ МАДЭ́ЛЕЙ у Мінску,

установа для распрацоўкі мадэлей адзення, абутку, галаўных убораў. Адкрыты ў 1948. Ажыццяўляе мадэліраванне і канструяванне швейных вырабаў для швейных прадпрыемстваў лёгкай прам-сці Беларусі, забяспечвае іх тэхн. дакументацыяй, прапагандуе новыя мадэлі і фасоны. Апрача стварэння прамысл. калекцыі адзення праводзіць метадычную работу, распрацоўвае перспектыўныя, выставачныя мадэлі. Неаднаразова дэманстраваў дасягненні бел. моды на міжнар. выстаўках, кірмашах і кангрэсах, у т. л. ў Балгарыі, Індыі, Канадзе, Францыі, Японіі і інш.

т. 6, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЗ,

сям’я легкавых аўтамабіляў, якія выпускаюцца Волжскім аўтамаб. з-дам з 1970 (г. Тальяці, Расія). Кузаў нясучы тыпу седан, універсал або комбі. Мадэлі 2101—2107 класічнай кампаноўкі маюць назву «Жыгулі», поўнапрывадная мадэль 2121 — «Ніва», пярэднепрывадныя 2108 — «Лада-Спадарожнік», 2109 і 21099 — «Лада-Самара» і асабліва малая мадэль — «Лада-Ака» (аб’ём цыліндраў 0,65 л; разам з КАМАЗам); мадэлі, што ідуць на экспарт, — «Лада». Рабочы аб’ём рухавіка да 1,6 л, магутнасць да 58 кВт, скорасць да 155 км/гадз.

Аўтамабілі ВАЗ: «Лада Ніва 4ВД» (уверсе); «Лада Самара 5д».

т. 3, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВАРНЕ́РЫ (Guarneri),

сям’я італьян. майстроў смычковых інструментаў. Нарадзіліся ў г. Крэмона, Італія.

Андрэа (1622 ці 1626 — 7.12.1698), старэйшы прадстаўнік сям’і. Вучань Н.Амаці. Працаваў у Крэмоне. Спачатку вырабляў інструменты паводле мадэлі Амаці, пазней стварыў уласную мадэль. Яго скрыпкі і віяланчэлі вылучаюцца пяшчотным, не вельмі моцным гукам. П’етра Джавані (18.2.1655—26.3.1720), сын Андрэа. Магчыма, вучань Амаці. Працаваў у Крэмоне і Мантуі. Вырабляў інструменты ўласнай мадэлі з прыгожым гукам. Джузепе Джамбатыста (25.11 1666—1739), сын Андрэа. Працаваў у Крэмоне. Спачатку камбінаваў мадэлі бацькі і Амаці, потым імітаваў працы свайго сына Джузепе Антоніо. П’етра (14.4.1695—7.4.1762), сын Джузепе Джамбатыста. Працаваў у Крэмоне, потым у Венецыі. Яго інструменты блізкія да вырабаў бацькі. Джузепе Антоніо (21.8.1698—17.10.1744), сын Джузепе Джамбатыста, вядомы як дэль Джэзу. Побач з А.Страдывары адзін з найб. выдатных майстроў. Стварыў уласны індывід. тып скрыпкі з прыгожым моцным гукам, багатым выразным тэмбрам, разлічаны на ігру ў вял. канцэртнай зале. Скрыпкі і альты яго работы высока цэняцца і цяпер. На яго інструментах ігралі Н.Паганіні, А.В’ётан, Э.Ізаі, Ф.Крэйслер і інш.

т. 5, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЭА́ЛЬНЫХ ТЫ́ПАЎ ТЭО́РЫЯ,

сістэма паняццяў, якая ўвасабляе пэўны аспект сац. рэальнасці ў лагічна несупярэчлівай, рацыянальнай, індывідуалізаванай форме. Распрацавана ням. сацыёлагам М.Веберам, які лічыў, што І.т.т. не з’яўляецца адэкватным узнаўленнем рэчаіснасці, але выражае яе істотныя ўзаемасувязі і тэндэнцыі развіцця. Лагічная пабудова тэорыі ажыццяўляецца шляхам мысленнага давядзення пэўных элементаў сац. рэальнасці да іх «поўнага выражэння» пры дапамозе інтэгравання дыскрэтна існуючых з’яў у «адзіным вобразе». Такімі, напр., з’яўляюцца сканструяваныя Веберам ідэальна-тыповыя мадэлі сац. дзеяння: мэтарацыянальнае, каштоўнасна-рацыянальнае, афектыўнае, традыцыйнае, а таксама тры мадэлі ўлады: традыцыйная, легальная (дэмакратычная), харызматычная. І.т.т. стварае логіка-тэарэт. і метадалагічныя перадумовы для навук., перш за ўсё сацыялагічнага пранікнення ў сутнасць сац. працэсаў і з’яў.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 7, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МЕРКУ́РЫЙ»

(Mercury),

сям’я легкавых аўтамабіляў канцэрна «Форд мотар» (ЗША). Выпускаюцца з 1938. Мадэлі 2- ці 4-дзверныя, 5-месцавыя з кузавамі розных тыпаў. Магутнасць рухавіка 65—153 кВт; найб. скорасць 200 км/гадз.

Да арт. «Меркурый»: легкавы аўтамабіль «Меркурый-Сейбл».

т. 10, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІПАСО́МЫ,

штучныя ліпідныя везікулы (бурбалкі). Складаюцца з аднаго або некалькіх фосфаліпідных біслаёў, якія раздзелены воднай фазай. Дыяметр 25—10 тыс. нм. Выкарыстоўваюцца як мадэлі біял. мембран і мікракантэйнеры, якія дастаўляюць лек. рэчывы (антыбіётыкі, вітаміны, гармоны, ферменты і інш.) у органы і тканкі.

С.​С.​Ермакова.

т. 9, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКІ́ЦІН (Іван Мікітавіч) (каля 1690, Масква — 1742),

расійскі жывапісец, партрэтыст, адзін з заснавальнікаў рус. свецкага жывапісу. Вучыўся ў Пецярбургу ў І.​Танаўэра. Пасланы Пятром I у Італію, у 1716—19 вучыўся ў Венецыі і Фларэнцыі. Для ранніх партрэтаў характэрны адыход ад прыёмаў парсуны, імкненне дакладна перадаць характэрныя рысы мадэлі (партрэты Праскоўі Іванаўны, 1712; цэсарэўны Ганны Пятроўны, царэўны Наталлі Аляксееўны; абодва да 1716). У 1720-я г. вял. ўвагу аддаваў індывідуальнай характарыстыцы мадэлі, аб’ёмнай перадачы прадметаў, гучнасці каларыту з пераважаннем цёплых залаціста-карычневых тонаў: «Пётр I на смяротнай пасцелі» (1725), партрэты Пятра I, польнага гетмана (1720-я г.), С.​Строганава (1726). У 1732 арыштаваны па справе аб пасквілі на Феафана Пракаповіча, у 1737 сасланы ў Табольск.

Літ.:

Лебедева Т.А. И.​Никитин. М., 1975.

І.М.Нікіцін. Партрэт польнага гетмана 1720-я г.

т. 11, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАДЫЛА́К»

(Cadillac),

марка легкавых аўтамабіляў павышанай камфортнасці аднайм. аддзялення канцэрна «Джэнерал мотарс карпарэйшэн». Выпускаюцца сярэдне- і поўнапамерныя мадэлі з аўтам. каробкай перадач; большая частка мадэлей — пярэднепрывадныя з кузавам тыпу седан. Магутнасць бензінавага рухавіка да 220 кВт; найб. скорасць да 240 км/гадз.

Да арт. «Кадылак». «Кадылак-Эльдарада».

т. 7, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДОДЖ»

(Dodge),

марка легкавых і грузапасажырскіх аўтамабіляў рознага прызначэння. Выпускаюцца аднайм. аддзяленнем амер. канцэрна «Крайслер» з 1914. Мадэлі пераважна пярэднепрывадныя; магутнасць рухавіка 98—294 кВт, найб. скорасць да 266 км/гадз, грузападымальнасць 0,5—12 т, аб’ём грузавога адсека 0,22—4,88 м³.

Да арт. «Додж». Легкавы аўтамабіль «Додж Крайслер-Неон».

т. 6, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)