МАДУЛЯ́ЦЫЯ СВЯТЛА́,

змена ў часе паводле зададзенага закону інтэнсіўнасці светлавога патоку. Неабходна для перадачы па светлавым прамяні інфармацыі (тэлевізійнага адлюстравання, гаворкі), для аптычнай лакацыі і далёкаметрыі.

Бывае ўнутраная (ажыццяўляецца ўздзеяннем на крыніцу святла) і знешняя (уздзеяннем на светлавы паток). Для знешняй М.с. выкарыстоўваюць мадулятары, пераважна электрааптычныя (ячэйкі Кера, элементы Покельса). З паяўленнем магутных кагерэнтных патокаў святла ад лазераў пачала ажыццяўляцца фазавая М.с., пры якой паводле зададзенага закону зменьваецца зрух фазы светлавых ваганняў.

т. 9, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМПЛІТУ́ДНАЯ МАДУЛЯ́ЦЫЯ,

павольная змена амплітуды эл.-магн. ваганняў у параўнанні э іх перыядам па вызначаным законе; від мадуляцыі. Выкарыстоўваецца для перадачы інфармацыі ў радыё- і аптычным дыяпазонах хваляў (напр., перадача гукавога суправаджэння, тэлевізійных адлюстраванняў). Перадавальная радыёстанцыя, якая працуе ў рэжыме амплітуднай мадуляцыі, вылучае спектр частот. У выпадку амплітуднай мадуляцыі сінусаідальным сігналам (гл. рыс.) спектр мае 3 складальныя: нясучую (ω) і 2 бакавыя частаты ( ( ω + Ω ) і ( ω − Ω ) ) . Глыбіня амплітуднай мадуляцыі характарызуе ступень змены амплітуды: m = Aмакс − Aмін Aмакс + Aмін ; частата мадуляцыі Ω — скорасць змены амплітуды ваганняў. Для атрымання амплітудна-мадуляванага вагання нясучая частата і сігнал, якім яна мадулюецца, падаюцца на мадулятар.

т. 1, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́КЕЛЬСА З’Я́ВА,

змена паказчыка пераламлення святла ў крышталях, змешчаных у эл. поле, прапарцыянальная напружанасці прыкладзенага поля. Вядзе да ўзнікнення падвойнага праменепераламлення і яго змены. Выкарыстоўваецца ў сістэмах кіравання светлавымі патокамі з дапамогай эл. палёў (напр., мадуляцыя святла). Выяўлена ням. фізікам Ф.​Покельсам (1894).

т. 12, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСУ́ЧАЯ ЧАСТАТА́,

частата гарманічнага вагання, якое мадулюецца (гл. Мадуляцыя ваганняў) з мэтай перадачы інфармацыі. У выніку змены аднаго з параметраў вагання (радзей двух) утвараецца спектр частот, шырыня якога залежыць ад віду мадуляцыі. Напр., пры амплітуднай мадуляцыі ў спектры радыё- ці інш. частот разам з Н.ч. ёсць бакавыя частоты з перададзенай інфармацыяй.

т. 11, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАСТО́ТНАЕ ТЭЛЕГРАФАВА́ННЕ,

спосаб перадачы тэлеграфных сігналаў па лініях сувязі з выкарыстаннем пераменнага току. Пры Ч.т. сігналы пастаяннага току, сфарміраваныя ў тэлеграфным апараце, пераўтвараюцца ў сігналы пераменнага току пэўнай частаты і паступаюць у каналаўтваральную апаратуру многаканальнай сувязі. Сігналы ў кожным канале сістэмы Ч.т. перадаюцца на «сваёй» нясучай частаце з выкарыстаннем частотнай (найб. пашырана), фазавай ці амплітуднай мадуляцыі (гл. Мадуляцыя ваганняў).

т. 17, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТЭКТЫ́РАВАННЕ,

пераўтварэнне электрычных (або інш.) ваганняў, у выніку чаго атрымліваюцца ваганні іншай (як правіла, больш нізкай) частаты. Найб. важны выпадак Д. — працэс, адваротны мадуляцыі (дэмадуляцыя; гл. Мадуляцыя ваганняў, Мадуляцыя святла) — выдзяленне нізкачастотнага мадулюючага сігналу (напр., ваганняў нізкай частаты ці сігналаў відарысу) з высокачастотных прамадуляваных ваганняў. У залежнасці ад віду мадуляцыі адрозніваюць амплітуднае, частотнае, фазавае і інш. Д.

Для Д. выкарыстоўваецца нелінейнасць вольт-ампернай характарыстыкі электронных прылад (вакуумных і паўправадніковых дыёдаў, трыёдаў, транзістараў і інш.). Пры амплітудным Д. ў ланцугу дэтэктара амплітудна мадуляваныя ваганні пераўтвараюцца ў высокачастотныя імпульсы адной палярнасці, амплітуда якіх змяняецца паводле закону мадуляцыі. Пры частотным (ці фазавым) Д. частотна (фазава) мадулявання ваганні спачатку пераўтвараюцца ў амплітудна мадуляваныя, а потым падаюцца на амплітудны дэтэктар. Пры прамым Д. святла на фотакатод прыёмніка падаецца толькі карысны аптычны сігнал; выхадны сігнал прыёмніка мае інфармацыю аб амплітуднай мадуляцыі зыходнай хвалі. Пры гетэрадзінным Д. святла зыходнае выпрамяненне камбінуецца на фотакатодзе з эталонным выпрамяненнем (напр., ад лазера) і выхадны сігнал нясе інфармацыю аб амплітудзе, частаце і фазе зыходнай хвалі.

т. 6, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДУЛЯ́ТАР у радыётэхніцы і электрасувязі,

складальная частка перадавальнай апаратуры, якая ажыццяўляе кіраванне якім-н. параметрам вагальнага працэсу ў адпаведнасці з сігналам перададзенага паведамлення (гл. Мадуляцыя ваганняў). Мае нелінейныя эл. ланцугі на электронных лямпах, паўправадніковых прыладах, ячэйках Кера ці інш., здольныя змяняць які-н. з параметраў вагальнага працэсу і выбраныя ў адпаведнасці з прынцыпам дзеяння перадатчыка. Выкарыстоўваецца ў апаратуры радыёсувязі, тэлебачання, радыёвяшчання, аптычных гуказапісвальных, оптаэлектронных і інш. прыладах.

т. 9, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБТУРА́ТАР (франц. obturater ад лац. obturare зачыняць),

1) прылада, з дапамогай якой у кінаапаратах перыядычна (на час, неабходны для змены кадра) перакрываецца светлавы паток, а таксама ажыццяўляецца мадуляцыя святла ў некаторых оптыка-мех. і фотаэл. прыборах. Адрозніваюць абтуратар з вярчальным рухам — дыскавыя, конусныя, цыліндрычныя і са зваротна-паступальным — шторныя; з люстраным пакрыццём або без яго. Абтуратар мае светлавыя адтуліны, праз якія святло праходзіць да кінаплёнкі.

2) Пругкі элемент у затворах гармат, які прыціскаецца пры выстрале да сценкі камеры і прадухіляе прарыў парахавых газаў.

т. 1, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁСУ́ВЯЗЬ,

перадача і прыём інфармацыі з дапамогай радыёхваль; від электрасувязі. Бывае адна- і двухбаковая сувязь, адна- і многаканальная сувязь. На вял. адлегласці (гл. Далёкая сувязь) інфармацыю перадаюць сродкамі касмічнай сувязі. У залежнасці ад формы перададзенай інфармацыі адрозніваюць радыётэлегр., радыётэлеф. сувязь, тэлебачанне, фотатэлеграф і інш.

Зыходная інфармацыя ў радыёперадатчыку пераўтвараецца ў радыёсігналы — эл. ваганні нясучай частаты, прамадуляванай на амплітудзе, частаце ці фазе ў адпаведнасці з зададзеным паведамленнем (гл. Мадуляцыя), якія выпрамяняюцца перадавальнай антэнай у навакольнае асяроддзе, дасягаюць прыёмнай антэны і паступаюць у радыёпрыёмнік. дзе пераўтвараюцца ў сігналы, адэкватныя перададзенаму паведамленню.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 13, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛЮ́САР Мікалай Міхайлавіч (н. 25.9.1947, станіца Ольгінская Краснадарскага краю, Расія),

бел. вучоны ў галіне радыёлакацыі. Палкоўнік (1988). Канд. тэхн. н. (1976). Праф. (1993). Чл. Міжнар. акадэміі інфарм. тэхналогій (1996). Засл. вынаходнік Беларусі (1988). Скончыў Мінскае вышэйшае інж. зенітнае ракетнае вучылішча ППА (1970), дзе і працаваў з 1973. З 1995 у Ваен. акадэміі Рэспублікі Беларусь. Заснавальнік і кіраўнік школы «Радыёлакацыйныя сігнатуры і радыёхвалевы маніторынг дынамічных аб’ектаў». Асн. кірункі навук. дзейнасці: рассеянне і паўторная мадуляцыя радыёхваль дынамічнымі аб’ектамі, радыёлакацыйнае распазнаванне і інш. Дзярж. прэмія СССР (1989). Залаты медаль ВДНГ СССР (1978).

Г.​П.​Маскін.

т. 18, кн. 1, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)