ІВАНО́ВА (Дзіна Іванаўна) (н. 9.9.1929, г. Валгаград, Расія),

бел. спявачка (лірыка-драм. сапрана). Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыла Ленінградскую кансерваторыю (1961). У 1962 салістка Петразаводскага муз. т-ра. З 1963 у Бабруйскім муз.-драм. т-ры, з 1965 у Магілёўскім абл. т-ры муз. камедыі, у 1970—75 салістка Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі, у 1983—87 салістка Бел. філармоніі. З 1987 выкладае ў Бел. акадэміі мастацтваў. Голас шырокага дыяпазону і драм. здольнасці дазвалялі ёй ствараць разнапланавыя вобразы. Сярод роляў: Ірына, Агата («Пяе «Жаваранак» і «Паўлінка» Ю.Семянякі), Сільва, Адэта Дарымонд, Мадлен, Тэадора Вердзье («Сільва», «Баядэра», «Фіялка Манмартра», «Прынцэса цырка» І.Кальмана), Зорыка і графіня Ілона («Цыганскае каханне» Ф.Легара), Чаніта і Анжэла («Пацалунак Чаніты» Ю.Мілюціна), Віялета Леблан («Халопка» М.Стрэльнікава).

А.Я.Ракава.

т. 7, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭНЕ́ВА (франц. Genève, ням. Genf),

горад на ПдЗ Швейцарыі, на Жэнеўскім воз. і р. Рона. Адм. ц. кантона Жэнева. 172,7 тыс. ж., з прыгарадамі каля 400 тыс. ж. (1994), каля 25% насельніцтва — іншаземцы. Вузел чыгунак і аўтадарог, азёрны порт. Міжнар. аэрапорт. Гандл.-фін. цэнтр. Прам-сць базіруецца на выкарыстанні высокакваліфікаванай працы. Вылучаюцца ювелірная справа, дакладная механіка (гадзіннікі, розныя інструменты, дакладная апаратура), станкабудаванне, электратэхн. машынабудаванне, вытв-сць рухавікоў, фармацэўтычнай, парфумернай, тэкст., харч. прадукцыі. Ун-т (з 1559). Цэнтр замежнага турызму.

Першапачаткова пасяленне кельтаў (алаброгаў), умацаванае Цэзарам у 58 да н.э. ў перыяд вайны з гельветамі. З 5 ст. рэзідэнцыя біскупства; у гэты ж час заваявана бургундамі, у 534 — франкамі. У канцы 9 ст. зноў пад уладай Бургундыі, разам з ёй увайшла ў склад «Свяшчэннай Рым. імперыі». У 1162 біскупы Ж. атрымалі ад імператара Фрыдрыха 1 Барбаросы тытул князёў. З пач. 13 ст. за паліт. вяршэнства ў горадзе вяліся спрэчкі паміж біскупамі Ж. і герцагамі савойскімі. На мяжы 14 і 15 ст. Ж. славілася кірмашамі, пазней стала значным цэнтрам крэдытна-банкаўскіх аперацый. У 16 ст. ў ходзе барацьбы з герцагамі савойскімі прымкнула да Швейцарскай канфедэрацыі. З 1539 гал. цэнтр Рэфармацыі (Г.Фарэль, Ж.Кальвін) еўрап. значэння (наз. «пратэстанцкім Рымам»), Створаная ў 16 ст. алігархічная форма праўлення выклікала шэраг паўстанняў. У 18 ст. развіваецца прам-сць (пераважна вытв-сць гадзіннікаў). У 1798—1814 пад уладай Францыі, у 1815 як кантон увайшла ў Швейцарскую канфедэрацыю. З 2-й пал. 19 ст. месца склікання міжнар. канферэнцый і знаходжання міжнар. арг-цый, у т.л. гал. органаў Лігі Нацый, пасля 2-й сусв. вайны — розных устаноў ААН.

Рака Рона падзяляе Ж. на 2 часткі. На левым беразе — Стары горад (гіст. цэнтр), дзе размешчаны ун-т, т-ры, б-кі, Саборная пл. з раманска-гатычным саборам Сен-П’ер (12—14 ст.; фасад у стылі класіцызму, 1752—56), гатычныя цэрквы Сент-Мары-Мадлен (14—15 ст.), Сен-Жэрмен (14—16 ст.), ратуша (15 ст. — 1617), гатычныя, рэнесансавыя і класіцыстычныя жылыя дамы, палац Энар (1817—21). На правым беразе — Новы горад (са старым кварталам і царквой Сен-Жэрве, 15 ст.): вакзал Карнавен (1928), дом «Клартэ» (1930—32, арх. Ле Карбюзье), Палац Нацый (1928—37, арх. Гіёль), будынак Сусв. арг-цыі аховы здароўя (1961, арх. Ж.Чумі). Музеі: мастацтва і гісторыі, сучаснага мастацтва, этнаграфіі.

Н.К.Мазоўка (гісторыя).

т. 6, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)