дрэвы, кусты і травяністыя расліны, якія выкарыстоўваюцца на азеляненне, упрыгожванне жылых памяшканняў і грамадскіх будынкаў. Д.р. ёсць сярод прадстаўнікоў пакрытанасенных і голанасенных раслін, папарацей. На Беларусі высаджваюць каля 30 відаў і форм мясц. дрэў і кустоў, з інтрадукаваных раслін — больш за 540 відаў і сартоў кветкавых раслін, каля 40 хвойных і лісцевых дрэў, 100 кустоў і больш дзесятка павойных раслін.
Пры падборы Д.р. зыходзяць з мясц. умоў і практыкі выкарыстання відаў раслін. Лінейныя пасадкі фарміруюць найчасцей з дрэў з правільнай кронай (елка, туя, клён, ліпа, бяроза і інш.), адзіночныя пасадкі або групы — з дрэў з вузкімі і шырокімі кронамі (арэх, клён, вяз, рабіна, дуб і інш.), па берагах вадаёмаў, на схілах высаджваюць з ніцай кронай — вербы і інш.; альтанкі, тэрасы, сцены будынкаў, балконы ўпрыгожваюць павойнымі раслінамі (вінаград амурскі, хмель, кірказон, капрыфоль, дзявочы вінаград пяцілісточкавы і інш.), на кветніках садзяць ружы, цюльпаны, гладыёлусы, крокусы, касачы, флёксы, нарцысы, лілеі, астры і інш. У ахаваным грунце вырошчваюць пальмы, фікусы, гартэнзіі, цыкламены, герберы і інш. Сярод пакаёвых Д.р. найб. пашыраны пеларгонія, бягонія, плюшч, глаксінія, клівія, кактусы і інш.
Да арт.Дэкаратыўныя расліны. Азеляненне будынка дзявочым вінаградам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІГЛАСКУ́РЫЯ (Echinodermata),
тып беспазваночных жывёл. 3 падтыпы: сцябліністыя (Crinozoa, або Pelmatozoa) з 1 сучасным кл.марскіх лілей; эхіназоі (Echinozoa) з 2 кл. — марскія вожыкі і галатурыі; астэразоі (Asterozoa) з 2 кл. — марскія зоркі і афіуры. Стараж. І. ўзніклі ў дакембрыі, у раннім палеазоі, мяркуюць, існавала 23 кл. І., большасць з якіх вымерла ў палеазоі, у т. л.бластаідэі, крынаідэі, цыстаідэі і інш. Каля тыс. сучасных і 16 тыс. вымерлых відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах і морах ад літаралі да глыб. 11 км. На Беларусі шматлікія рэшткі І. трапляюцца ў адкладах ардовіку, радзей — у сілурыйскіх, дэвонскіх, кам.-вуг. і зрэдку ў юрскіх адкладах.
Памеры ад некалькіх міліметраў да 1 м 20 м у некат. выкапнёвых). Форма цела нагадвае агурок, бочачку, дыск, зорку, кветку або бутон на сцябле, сэрца, чарвяка, шар. У будове цела характэрна прамянёвая (радыяльная) сіметрыя і вапнавы ўнутр. шкілет з іголкамі, шыпамі і інш. на паверхні. Свабоднарухомыя або прымацаваныя. Ёсць унікальная для І. воднасасудзістая (амбулакральная) сістэма для перамяшчэння або дыхання. Пераважна раздзельнаполыя. Развіццё з утварэннем пелагічнай лічынкі і са складаным метамарфозам. Кормяцца жывёльнай ежай, радзей водарасцямі і рэшткамі расліннасці. І. — корм для прыдонных рыб. Шэраг відаў — аб’екты промыслу. Некат. знішчаюць прамысл. малюскаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЛІБО́ЦКАЯ ШКЛЯНА́Я МАНУФАКТУРА,
мануфактура кн. Радзівілаў, якая існавала ў в. Налібакі (1717—1866) і Янкавічы (шліфавальны цэх, да 1798) Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. Створана на высокім тэхн. узроўні на ўзор Дрэздэнскай мануфактуры. Выпускала больш за 100 назваў высокамаст. вырабаў, у т. л. хрусталь, люстэркі, люстры для сцен і столі, жырандолі і падсвечнікі, посуд (шклянкі, чаркі, келіхі, бакалы, куляўкі, барылкі, бутэлькі-штофы і інш.), дробную пластыку, дзіцячыя цацкі, лямпы, гранёнае і аконнае шкло, тыглі для плаўкі шкла, а таксама шліфаваныя і гутныя аздобы для вырабаў Урэцкай шкляной мануфактуры («зоркі», «пірамідкі», «дубовае лісце», «лілеі», «званочкі» і інш.). Мела варачную печ, 2 печы для загартоўкі шкла, 2 люстэрні, 16 станкоў, паташню на 12 чанаў, кузню, ганчарню, сталярню, рысавальню, 2 шліфавальні; дзейнічаў вадзяны рухавік. У 1778 працавала больш за 100 рабочых. У 1866 выраблена 56 тыс. шклянак і штофаў. Вырабы стваралі з каляровага і бясколернага шкла, варылі рэдкае рубінавае шкло, якое афарбоўвалі калоідным золатам паводле ням. тэхналогіі 17 ст. Посуд аздаблялі гравіраваннем, шліфоўкай, контррэльефнай матавай разьбой, ніцямі рубінавага шкла, міжсценным залачэннем, размалёўкай золатам, серабром, плацінай, накладнымі (адлітымі па васковай мадэлі і разнымі) рэльефнымі медальёнамі-камеямі з партрэтнымі выявамі і інш. У гравіраваных шрыфтавых дэкорах трапляюцца жартоўныя надпісы-парады, пажаданні, вершы. Сярод выяўл. дэкораў сустракаюцца міфалагічныя і алегарычныя сюжэты, паляўнічыя сцэны, партрэты, гербы, арабескі, краявіды, выявы птушак, сабак; адлюстроўваліся самабытныя з’явы побыту, жартаў, забаў, сатыр. сцэны з заняткаў мясц. жыхароў і інш. Каляровы посуд ствараўся ў традыц. формах. Рысавальшчыкамі і гравіроўшчыкамі былі беларусы; замежныя (пераважна саксонскія) майстры займаліся тэхнал. працэсамі. Склаліся мясц. дынастыі майстроў шкляной справы: Адамовічы, Александровічы, Галубовічы, Дашкевічы, Дубіцкія, Залескія, Малішэўскія, Рымашэўскія, Санцэвічы, Сільвястровічы і інш. Традыцыі Н.ш.м. працягваюць сучасныя бел. мастакі па шкле.
Літ.:
Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло (XVI—XVIII стст.). Мн., 1977;
Яе ж Беларускае мастацкае шкло XIX—пачатак XX ст.Мн., 1984;
Яе ж. Гісторыя шкляной вясёлкі. Мн., 1986.
М.М.Яніцкая.
Да арт.Налібоцкая шкляная мануфактура. Шклянка і келіхі. 1760—75.