РАДЗІВІ́Л (Мацей) (10.11.1749—2.9.1800),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ, кампазітар, драматург. Атрымаў хатнюю адукацыю ў Нясвіжы. У 1786—90 падкаморы ВКЛ, з 1790 кашталян віленскі; пасол на сойм 1780. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794, уваходзіў у склад Найвышэйшай літоўскай рады. Як драматург дэбютаваў у 1784, калі да прыезду караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Нясвіжы была пастаўлена опера «Агатка, або Прыезд пана» (лібрэта Р., музыка Я.Ц.Голанда). Пазней опера ставілася ў Варшаве, Любліне, Вільні, Львове; з 1799 выконвалася ў 2-актавай версіі пад назвай «Добры пан — бацька сваіх падданых». У ёй апаэтызаваны людзі з народа, даводзілася неабходнасць аблегчыць долю сялян, паказана, што цяжкая сял. праца — аснова ўсеагульнага дабрабыту. У 1786 да імянін К.С. Радзівіла Пане Каханку ў Альбе пад Нясвіжам пастаўлена опера «Войт альбанскага сялення» (лібрэта і музыка Р.), дзе асуджалася жорсткае абыходжанне з сялянамі. З інш. яго муз. твораў: дывертысмент, саната, серэнада, 6 паланэзаў. Пісаў вершы. У творчасці Р. сентыменталізм і класіцызм спалучаліся з перадрамант. тэндэнцыямі.
Тв.:
Бел. пер. — Агатка, або Прыезд пана // Тэатр. Беларусь. 1993. № 4.
Літ.:
Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
Дадиомова О.В. Музыкальная культура городов Белоруссии в XVIII в. Мн., 1992;
Яе ж. Нясьвіжскі маэстра // Мастацтва. 1994. № 3;
Яе ж. Опера «Агатка» і яе месца ў еўрапейскай культурнай прасторы // Там жа. 1995. № 9.
В.С.Пазднякоў.
т. 13, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТО́НІЧ (Багдан-Ігар) (5.10.1909, с. Навіца на Лемкаўшчыне, Польшча — 6.7.1937),
украінскі паэт. Скончыў Львоўскі ун-т (1933). Лірыка Антоніча (зб-кі «Вітанне жыцця», 1931; «Тры пярсцёнкі», 1934; «Кніга Льва», 1936; «Зялёнае Евангелле» і «Ратацыі», 1938) адметная філасафічнасцю, своеасаблівым касмічна-планетарным светаўспрыманнем, манументальнай вобразнасцю, арыгінальнай метрыкай і метафарычнасцю. Узаемаадносіны чалавека і прыроды, сутнасць жыцця — лейтматыў яго паэзіі. Аўтар лібрэта оперы «Доўбуш», незакончанага рамана «На тым беразе», артыкулаў па эстэтыцы.
Тв.:
Пісня про незнишенність материї. Київ, 1967.
Літ.:
Богдан-Ігор Антонич // Історія української літератури XX століття. Київ, 1994. Кн. 1.
В.А.Чабаненка.
т. 1, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫСЕ́ВІЧ (Вольга Міхайлаўна) (4.7.1903, г. Порт-Артур — 13.9.1947),
бел. рэжысёр оперы. Скончыла Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). У 1926—31 артыстка БДТ-2. У 1933—47 рэжысёр Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Удзельнічала ў стварэнні нац. рэпертуару (сааўтар лібрэта оперы «Кветка шчасця» А.Туранкова). Лепшыя пастаноўкі — «Трыльбі» А.Юрасоўскага (1940), «Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха (1941). З інш. работ: «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага (1933), «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні (1934), «Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні (1945), «Русалка» А.Даргамыжскага (1946).
Б.С.Смольскі.
т. 2, с. 333
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́НСКІ ((Kamieński) Мацей) (13.10.1734, г. Шопран, Венгрыя — 25.1.1821),
польскі кампазітар. З 1760 выкладаў ігру на фп. і спевы, служыў капельмайстрам у Варшаве. Аўтар 8 опер, у т. л. першай польскай «Ашчасліўленае жабрацтва» (1778) з шырокім выкарыстаннем нац. муз. фальклору, «Зоська, або Сельскія залёты», пастаральнай «Дабрадзейная прастата» (абедзве 1779). Сярод інш. твораў: опера «Султан Вампун» (1795), 2 вадэвілі на лібрэта Ф.Заблоцкага («Памешчыцкі баль», 1780, і «Жоўты чапец, або Калядкі на Новы год», 1788), «Драматычная кантата» (1788), зінгшпілі, месы, араторыі, паланэзы. Аўтар трактата па ранняй польскай оперы.
т. 7, с. 518
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАБАРЛЫ́ (Джафар) (20.3.1899, в. Хізы Апшэронскага р-на, Азербайджан — 31.12.1934),
азербайджанскі пісьменнік, рэжысёр. Засл. дз. маст. Азербайджана (1932). Скончыў Азербайджанскі ун-т (1929). Друкаваўся з 1915. Выступаў у жанрах апавядання, сатыр. верша, п’есы. Сярод твораў: гіст. драмы «Насрэддзін-шах» (1916), «Нявеста агню» (паст. 1928), п’есы «Айдын», «Актай Эль-аглы» (паст. 1922—23), «Алмас» (паст. 1931), «Яшар» (паст. 1932) і інш. Вастрыня драм. канфліктаў, па-майстэрску пабудаваны дыялог — адметныя рысы яго твораў. Аўтар лібрэта опер, кінасцэнарыяў, літ.-крытычных артыкулаў. Пераклаў на азерб. мову асобныя творы Я.Купалы.
Тв.:
Рус. пер. — Пьесы. Баку, 1969.
т. 6, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМКО́ВІЧ (Святлана Міхайлаўна) (н. 26.8.1935, Мінск),
бел. пісьменніца, драматург. Дачка М.Клімковіча. Скончыла БДУ (1958). Працавала ў перыяд. друку, на Бел. тэлебачанні, у 1977—90 адказны рэдактар бюлетэня «Тэатральны Мінск», з 1994 у час. «Пачатковая школа». Друкуецца з 1958. Піша казкі-п’есы пераважна для дзяцей і юнацтва «Балада пра белую вішню» (паст. 1984), «Вясновая песня» (паст. 1993), «Мілавіца» (1997) і інш. Аўтар лібрэта оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле аповесці У.Караткевіча (паст. 1989). Піша таксама казкі, апавяданні, нарысы, інсцэніроўкі.
Тв.:
Лалі-Лаль: Казка. Мн., 1974;
Сказка о царе Юрике и кузнеце Рымше. М., 1981.
т. 8, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНЯЖНІ́Н (Якаў Барысавіч [14.10.1742) (1740?),
г. Пскоў, Расія — 25.1.1791], рускі драматург; прадстаўнік рус. класіцызму. Чл. Рас. акадэміі (1750—55). Аўтар трагедый «Дыдона» (1769), «Уладзімір і Яраполк» (1772), «Рослаў» (1784) і інш., накіраваных супраць тыраніі, дэспатызму, прасякнутых патрыят. пафасам. Тыраж трагедыі «Вадзім Наўгародскі» (1782) за антыманархічную накіраванасць спалены па загадзе імператрыцы Кацярыны II у 1793. У камедыях «Хвалько» (1784—85), «Дзівакі» (1790) — актуальныя праблемы тагачаснага жыцця Расіі. Аўтар лібрэта 6 камічных опер. Пераклаў на рус. мову асобныя творы Вальтэра, П.Карнэля, К.Гальдоні і інш. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў Э.Валасевіч.
Тв.:
Избр. произв. Л., 1961.
т. 8, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́КПЕЛНІС ((Rokpelnis) Фрыцыс) (6.10.1909, Гробіня, Латвія — 15.9.1969),
латышскі паэт і драматург. Засл. дз. маст. Латвіі (1959). Вучыўся ў Рыжскім нар. ун-це (1931—33). Друкаваўся з 1929. Аўтар зб-каў вершаў «Тчэ сястра зорку на сцягу» (1950), «Жытні хлеб» (1959, Дзярж. прэмія Латвіі 1960), п’ес «Святло» (1945), «Юнацтва Райніса» (1948), «Успомні зялёныя елкі...» (1966), кінасцэнарыяў, у т. л. «Райніс» (1949, разам з У.Крэпсам; Дзярж. прэмія Латвіі 1950), лібрэта опер і інш. На бел. мову яго асобныя вершы пераклалі Ю.Свірка, У.Шахавец.
Тв.:
Бел. пер. — у кн.: Латышская савецкая паэзія: Анталогія. Мн., 1984. Т. 1.
т. 13, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЖЭ́ ДЭ ЛІЛЬ ((Rouget de Lisle) Клод Жазеф) (10.5.1760, г. Лон ле-Санье, Францыя — 26 ці 27.6.1836),
французскі паэт і кампазітар. Па прафесіі ваен. інжынер. Напісаў словы і музыку «Марсельезы». Аўтар «Нарысаў у вершах і прозе» (1796), лібрэта камічнай оперы «Жако, або Шкала маці» (1798, разам з К.Э.Дэпрэ), драмы «Макбет» (паст. 1827), рамансаў, гімнаў, ваен., рэв. і інш. песень, у т. л. песні «Раланд у Рансевалі», словы з якой сталі лозунгам рэвалюцыянераў 1848. Перакладаў на франц. мову байкі І.Крылова.
Літ.:
Великовский С.И. Поэты французских революций, 1789—1848. М., 1963;
Цвейг С. Гений одной ночи. М., 1964.
т. 13, с. 436
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ДЫКЕ (Аляксандр Фёдаравіч) (4.3.1877, Масква — 9.7.1957),
расійскі арганіст, кампазітар, піяніст, педагог. Нар. арт. Расіі (1946). Д-р мастацтвазнаўства (1940). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1898), выкладаў у ёй (праф. з 1909). З 1923 выступаў як арганіст. Аўтар опер на ўласныя лібрэта: «Вірынея» (1916), «Каля перавозу», «Жакерыя» (абедзве 1933), «Макбет» (1947), 3 кантат, 3 сімфоній, канцэртаў для інструмента з аркестрам, у т. л. для аргана (1927), камерна-інстр. ансамбляў, арганных транскрыпцый, рамансаў і песень. Зрабіў каштоўны ўклад у пед. л-ру для фп. Сярод яго вучняў М.Старакадамскі, М.Выгодскі, В.Мяржанаў, С.Дзіжур, Г.Гродберг, Л.Ройзман. Прэмія па кампазіцыі на Міжнар. конкурсе імя А.Рубінштэйна ў Вене (1900). Дзярж. прэмія СССР 1948.
т. 5, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)