Створаны ў Гомелі ў 1968 з групы лялечнікаў, якая з 1963 працавала пры Гомельскім абл.драм. т-ры. Адкрыўся спектаклем «Снягурчына школа» Г.Ландаў. У спектаклях т-ра выкарыстоўваюцца лялькі розных сістэм (трысцінавыя, пятрушкі, планшэтныя, плоскасныя, маскі); прыём адкрытага валодання лялькай спалучаецца з дзеяннем акцёра ў жывым плане. У рэпертуары т-ра: «Дзед і Жораў» В.Вольскага, «Каб не змаўкаў жаваранак» і «Чортаў скарб» А.Вольскага, «Свецяць зорачкі калядныя» (інсцэніроўка У.Матроса), «Кветка папараці» Г.Каржанеўскай, «Казка пра храбрага салдата» Я.Шварца, «Казка пра цара Салтана» паводле А.Пушкіна, «Чалавек з хвастом» Р.Остэра, «Бука» М.Супоніна, «Запалка-невялічка» Г.Сцяфанава, «Халоднае сэрца» Ю.Каранца, «Здарэнне ў лялечным тэатры» А.Барысавай, «Алі-баба і разбойнікі» У.Маслава, «Калабок» Я.Патрыка, «Я — кураня, ты — кураня» Г.Усач і Я.Чапавецкага, «Аперацыя — ліквідацыя» М.Азава і В.Міхайлоўскага, «Мой тата — воўк» У.Арлова і інш.Гал. рэжысёры: В.Чарняеў (1968—85), У.Матрос (з 1986), гал. мастакі: А.Чабатароў (1968—78), Н.Баяндзіна (з 1980).
Гомельскі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Я — кураня, ты — кураня» Г.Усач і Я.Чапавецкага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ЛЯЛЕК «БАТЛЕ́ЙКА».
Створаны ў 1990 у г. Маладзечна Мінскай вобл. Заснавальнік і маст. кіраўнік у 1990—92 рэжысёр-лялечнік С.Юркевіч. З 1992 маст. кіраўнік Г.Карбаўнічая, у 1994—95 — Ю.Сарычаў. Т-р арыентуецца на стараж.бел. мастацтва батлейкі, у падмурку якога традыцыі хрысц. духоўнасці. Працуе з рознымі сістэмамі лялек (марыянетка, трысцінавая, пальчаткавая, планшэтная, тантамарэска, шпянёвая), а таксама ў «жывым плане». У спектаклях выкарыстоўваюцца дэкарацыі, стылізаваныя ў адпаведнасці з афармленнем традыц.бел. батлейкі, а таксама нар., аўтэнтычныя сродкі выразнасці. Т-р імкнецца стварыць свой адметны, нац. рэпертуар. Сярод найб. значных пастановак: «Дзівосныя авантуры паноў Кубліцкага ды Заблоцкага» П.Васючэнкі і С.Кавалёва, «Піліпка і Ведзьма» і «Хохлік» Кавалёва, «Меч Анёла» І.Сідарука, «Чароўны камень» В.Лукшы, «Мая Іліяда» У.Караткевіча, «Казкі з куфэрка» А.Жугжды, «Пакінуты ўсімі» А.Ляляўскага, «Казкі Несцеркі» і «Сіняя світа» А.Туравай, «Доктар Айбаліт» У.Карастылёва і інш. У розны час у т-ры працавалі рэжысёры М.Андрэеў, Жугжда, В.Калядзіч, Ляляўскі, В.Шылкоўскі; гал. мастак — В.Рачкоўскі. Т-р удзельнічаў у міжнар. фестывалях т-раў лялек Беларусі (1993, 1995, 1999), у Германіі (1992, 1993), Італіі (1996, 1997), Польшчы (1999).
С.Ф.Юркевіч.
Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка» (Маладзечна). Сцэна са спектакля «Доктар Айбаліт» У.Карастылёва.Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка» (Маладзечна). Сцэна са спектакля «Хохлік» С.Кавалёва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ ПО́ЛЬСКІ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК БССР.
Існаваў у 1939—41. Створаны ў Гродне з акцёраў польск. драм. т-раў. Маст. кіраўнік У.Ярэма. Значную ролю ў станаўленні калектыву адыграла знаёмства з творчасцю Цэнтр.т-ралялек пад кіраўніцтвам С.Абразцова, які ў 1939 гастраліраваў у Беластоку. У пастаноўках выкарыстоўваліся лялькі розных сістэм. У рэпертуары: «Дзед і Жораў» В.Вольскага, «Патапыч» і «Чароўны галёш» Г.Мацвеева, «Чароўная лямпа Аладзіна» Н.Гернет і інш. Спыніў дзейнасць у пач.Айч. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Лялечны тэатр, гл. Тэатр лялек
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯЛЯ́ЎСКІ (Аляксей Анатолевіч) (н. 2.2.1957, Мінск),
бел. рэжысёр т-ралялек. Сын А.А.Ляляўскага. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1980). З 1979 у Дзярж. т-ры лялек Беларусі, з 1986 гал. рэжысёр. У 1982—86 гал. рэжысёр Магілёўскага абл.т-ралялек. Адначасова з 1989 выкладае ў Бел.АМ. Рэжысёр з адметным бачаннем мастацтва т-ралялек. Значнае месца ў яго творчасці займаюць сучасныя інсцэніроўкі дзіцячай класікі. Сярод пастановак для дзяцей: у Магілёўскім т-ры — «Віні-Пух і ўсе, усе, усе...» паводле А.Мілна (1982), «Дзіўныя прыгоды ката ў ботах» Н.Слепаковай паводле Ш.Перо (1984), «Дзед і Жораў» В.Вольскага (1985); у Дзярж. т-ры — «Салавей» паводле Х.К.Андэрсена (1980), «Граф Глінскі-Папялінскі» А.Вольскага (1987), «Прыгоды Бураціна ў краіне дурняў» паводле А.Талстога і «Папялушка, ці Перамога дабрачыннасці» Ж.Маснэ (1991) і інш. 3 пастановак для дарослых: «Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты» П.Неруды (1980), «Трыстан і Ізольда» паводле сярэдневяковай легенды (1983), «Майстар і Маргарыта» паводле М.Булгакава (1987), «Бура» У.Шэкспіра, «Сымон-музыка» паводле Я.Коласа (абедзве 1990), «Прывіды каляднае ночы» («Цар Ірад») Г.Барышава (1993), «Ганэле» Г.Гаўптмана (1999) і інш. Ставіў спектаклі ў т-рах лялек Расіі, Германіі, Нідэрландаў, Літвы, Польшчы, Славеніі.
расійскі акцёр і рэжысёр; адзін з заснавальнікаў сав.т-ралялек. Засл. арт. Расіі (1934). У 1918 пачаў сцэн. дзейнасць як акцёр-аматар. У 1924 арганізаваў і ўзначаліў тэатр лялек-пятрушак у Ленінградзе, у 1930 аб’яднаны з Т-рам марыянетак Л.Шапорынай-Якаўлевай пад назвай Ленінградскі лялечны т-р пад кіраўніцтвам Я.Дземяні, дзе ён выступаў як акцёр і рэжысёр. Ставіў спектаклі для дзяцей і дарослых: «Казёл» (1925) і «Кошчын дом» (1926) С.Маршака, «Вяселле» А.Чэхава (1928), «Канёк-Гарбунок» паводле П.Яршова, «Казка пра згублены час» (1940) Я.Шварца, «Лекар паняволі» Мальера. Аўтар кніг і артыкулаў пра т-рлялек. З 1929 выступаў з лялькамі на эстрадзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛА́ШНІКАЎ (Уладзімір Аляксандравіч) (5.3.1923, Мінск — 28.9.1994),
бел. акцёр. Засл.арг. Беларусі (1967). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1951). З 1951 у Дзярж. т-ры лялек Беларусі, у 1990—94 у Мінскім абл. т-ры лялек «Батлейка» ў Маладзечне. Характарны акцёр. Вобразы, створаныя К. у нац. рэпертуары, вызначаюцца мяккай лірычнасцю, сакавітасцю акцёрскіх фарбаў: у Дзярж. т-ры лялек — Дзед, Кароль Дурымонт («Дзед і Жораў», «Цудоўная дудка» В.Вольскага), Цар («Каваль Вярнідуб» паводле А.Якімовіча), Дзед («Ліпавічкі» паводле У.Галубка), Бацька («Званы твайго лёсу» А.Вольскага і П.Макаля), пёс Мамент і Паромшчык («Чаканне сабакі Тэафіла» Г.Марчука) і інш.; у т-ры «Батлейка» — Чорт, Чараўнік і Кароль («Казкі Несцеркі» і «Сіняя світа» А.Туравай), Бацька, Каваль, Казачнік («Піліпка і Ведзьма» С.Кавалёва), Пёс Барбос («Чароўны камень» В.Лукшы), Удаў («Прывітанне для мартышкі» Р.Остэра і «Насарог і жырафа» Х.Гюнтэра).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКО́Ў (Аляксандр Мікалаевіч) (н. 8.5.1958, г. Жлобін Гомельскай вобл.),
бел. акцёр т-ралялек. Засл. арт. Беларусі (1972). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1979). Працуе ў Дзярж. т-ры лялек Беларусі. Яму ўласціва абвостранае пачуццё камедыйнага — ад мяккага гумару да буфанады і гратэску. Многіх сваіх герояў надзяляе рысамі эксцэнтрыкі, выразным пластычным малюнкам. Сярод лепшых роляў: Воўк («Чырвоная шапачка» Я.Шварца), Бармалей («Доктар Айбаліт» В.Карастылёва), Купец («Граф Глінскі-Папялінскі» А.Вольскага), Арлекін, тата Карла («Прыгоды Бураціна ў краіне дурняў» паводле А.Талстога), Гермес («Хачу быць богам» А.Вярцінскага), Бегемот («Майстар і Маргарыта» паводле М.Булгакава), Сымон («Сымон-музыка» паводле Я.Коласа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБЯРЭ́ЖНЫЯ ЧАЎНЫ́,
горад у Рэспубліцы Татарстан, Расія, прыстань на р. Кама. 528,7 тыс.ж. (1996). Прам-сць; аўтамаб, вытв-сць велікагрузных аўтамабіляў КамАЗ, харч., дрэваапр., лёгкая, буд. матэрыялаў. Рамонтна-мех.з-д. Ніжнякамская ГЭС. Політэхн., пед. ін-ты. Тэатр лялек.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМО́ВІЧ (Уладзімір Пятровіч) (н. 30.9.1948, Мінск),
бел. акцёр т-ралялек. Засл. арт. Беларусі (1979). З 1967 працуе ў Дзярж. т-ры лялек Беларусі. Яго персанажы-лялькі арганічныя, выразныя, каларытныя. У спектаклях для дзяцей сыграў ролі: Дзед («Дзед і Жораў» В.Вольскага), кот Максім («Граф Глінскі-Папялінскі» А.Вольскага), Першы прыдворны («Салавей» паводле Х.К.Андэрсена), Іван («Канёк-Гарбунок» паводле П.Яршова). Жак («Кот у ботах» Г.Уладычынай). Найб. поўна раскрылася індывідуальнасць акцёра ў рэпертуары для дарослых: Адам («Боская камедыя» І.Штока), Іван («Да трэціх пеўняў» В.Шукшына), Іван Бяздомны («Майстар і Маргарыта» паводле М.Булгакава), Апалон («Цудоўная Галатэя» С.Дарваша і Б.Гадар), Гаспадар таверны («Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты» паводле П.Нэруды) і інш.