МАТЭ́ВУШАЎ (Васіль Іванавіч) (19.3.1915, в. Княжыцы Магілёўскага р-на — 6.3.1974),
бел.паэт. Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1937). Настаўнічаў, З 1948 працаваў у газ. «Магілёўская праўда», у 1971—74 сакратар Магілёўскага абл. аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся з 1930 (некат. вершы падпісваў псеўд. Васіль Нёман). Аўтар зб-каў вершаў «Магілёўскі шоўк» (1957), «Зорны шлях» (1959), «Сярэбраная кладка» (1965), «Начны дождж» (1969), «Верасы» (1972), кніг нарысаў. У вершах апяваў хараство роднага краю, прыгажосць душы чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛОК-СЕ́КЦЫЯ,
закончаны для блакіроўкі аб’ёмна-планіровачны элемент (частка) збудавання. Найб. пашырана ў жыллёвым, выкарыстоўваецца ў прамысл. і грамадскім буд-ве. Аўтаномна забяспечана ўсімі інж. сістэмамі, выкарыстоўваецца самастойна і ў спалучэнні з інш. элементамі. Бываюць рáдавыя, тарцовыя, вуглавыя, паваротныя. Даюць магчымасць ствараць эстэтычна выразныя арх. формы і горадабуд. кампазіцыі масавай забудовы, дыферэнцыраваць тыпавыя праекты будынкаў. На Беларусі прыкладам выкарыстання блок-секцыйнага метаду з’яўляюцца дамы жылых раёнаў Усход, Зялёны Луг, Серабранка ў Мінску, Форты ў Гродне, Маскоўскі праспект у Віцебску і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЖУРА́ (Юрый Васілевіч) (19.1.1931, г.п. Арцёмаўка Чутаўскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 13.8.1985),
бел. жывапісец. Скончыў Маскоўскі паліграф.ін-т (1965). У творчасці пераважалі адлюстраванне велічы і прыгажосці бел. прыроды, ваен. тэматыка, лірычныя матывы. Сярод твораў: «Партызанскі бор» (1974), «На безыменнай вышыні» (1975), «Станькава. Радзіма Марата Казея» (1976), «Станцыя Мядзел», «Зялёны луг», «Восень» (усе 1978), «Вясна на Палессі», «Пагранічны атрад» (абодва 1979), «Нарачанскі край», «Лагойшчына — край партызанскі» (абодва 1980), «Зямля, на якой жыў М.Багдановіч» (1981), «Капыльскія дудары» (1983), «Вілейшчына» (1984), «Нарачанскія рыбакі» (1985) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАРАЁН,
структурная адзінка сучаснай жыллёвай забудовы буйных населеных пунктаў. У вял. гарадах разлічаны на 12—20 тыс., у сярэдніх на 6—12 тыс. жыхароў. Складаецца з комплексу жылых дамоў, паблізу якіх размяшчаюцца ўстановы культ.-быт. абслугоўвання (дзіцячыя сады, школы, крамы), спарт. пляцоўкі і зялёныя зоны. Планіроўка і забудова М. робіцца на аснове адзінай або расчлянёнай на групы жылых дамоў арх.-прасторавай арганізацыі тэр. з улікам прыродных і кліматычных умоў.
На Беларусі першыя М. пабудаваны ў канцы 1950 — пач. 1960-х г. Размяшчалі іх на свабодных тэрыторыях паблізу існуючай забудовы, на ўскраінах гарадоў, а таксама на месцы забудовы, якая патрабавала рэканструкцыі. З 1970-х г. у вял. гарадах перайшлі да забудовы тэрыторый буйнымі структурнымі адзінкамі — жылымі раёнамі, у склад якіх уваходзяць М. Гэта дазволіла арганічна звязваць арх. вырашэнні з ландшафтам і трансп. камунікацыямі (Усход 1 у Мінску, Валатава ў Гомелі і інш.). Шматсекцыйныя, складанай канфігурацыі жылыя дамы ў спалучэнні з вышыннымі і малапавярховымі будынкамі культ.-быт. абслугоўвання ствараюць выразныя прасторавыя кампазіцыі. Сучасныя М. характарызуюцца большай разнастайнасцю пабудоў і іх каларыстычных вырашэнняў, добраўпарадкаванасцю тэрыторый, выкарыстаннем малых арх. форм (М. Зялёны Луг 5, Малінаўка ў Мінску, Поўдзень у Віцебску, Бабры ў Мазыры, № 12 у Салігорску і інш.).
Л.С.Патапаў, С.А.Сергачоў.
Мікрараён Бабры ў Мазыры.Мікрараён Зялёны Луг 5 у Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСАВА ПО́ЛЕў С.-Пецярбургу,
плошча, адзін з найб.манум. ансамбляў горада. У пач. 18 ст, на месцы М.п. быў «Вялікі луг» для правядзення ўрачыстасцей, у т. л.ваен. парадаў. З 2-й пал. 18 ст. плошча мела назву «Царыцынскі луг», з 1818 М.п. (па аналогіі з М.п. у ант. Рыме). На М.п. помнікі П.А.Румянцаву («Румянцаўскі абеліск»; 1798—99, арх. В.Ф.Брэна, з 1818 — на Васільеўскім востраве) і А.В.Сувораву (1799—1801, скульпт. М.І.Казлоўскі). У крас. 1917 у цэнтры М.п. ў брацкай магіле пахавана 180 удзельнікаў Лют. рэвалюцыі, у чэрвені яно стала цэнтрам дэманстрацыі рабочых і салдат. У 1919 тут пахаваны ўдзельнікі грамадз. вайны. У 1917—19 на месцы пахаванняў пастаўлены помнік «Змагарам рэвалюцыі» (арх. Л.У.Руднеў, аўтар надпісаў А.В.Луначарскі). У ансамбль М.п. ўваходзяць; Мармуровы палац (1768—85, арх. А.Рынальдзі, перабудаваны ў 1844—51, арх. А.П.Брулоў, класіцызм), Інжынерны замак (да 1823 Міхайлаўскі замак; 1797—1800, арх. Брэна, В.І.Бажэнаў, класіцызм) з коннай статуяй Пятра I перад ім (1743—44, скульпт. Б.К.Растрэлі; у замку ў 1801 забіты імператар Павел I), б. Паўлаўскія казармы (1817—20, арх. В.П.Стасаў, ампір), а таксама прылеглыя да яго Летні сад і Міхайлаўскі сад. У 1920—23 на тэр. М.п. разбіты партэрны сад (арх. І.А.Фамін), у 1957 запалены Вечны агонь. Уключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАПА́ТЫ,
урочышча пад Мінскам, за 200 м на ПнЗ ад мікрараёна Зялёны Луг, на тэр. Бараўлянскага с/с Мінскага р-на; месца масавых расстрэлаў. У крас. — маі 1988 у лясным масіве К. былі знойдзены астанкі людзей. У чэрв. 1988 створана ўрадавая камісія, Пракуратурай БССР узбуджана крымінальная справа. У працэсе расследавання правяраліся 2 версіі. Паводле адной, тут да вайны супрацоўнікі НКУСБССР расстрэльвалі рэпрэсіраваных жыхароў рэспублікі, паводле другой, у К. ляжаць ахвяры фаш. генацыду. У ходзе расследавання знойдзены шкілетныя астанкі людзей, рэчы загінуўшых. Вядзенне крымінальнай справы працягваецца. На ўшанаванне памяці ахвяр у К. пастаўлены крыжы, камень, шчыты з надпісамі, мемар. пліта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕБЯДЗІ́НЫ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння, у прыгараднай зоне Мінска. Створаны ў 1984 для аховы прыбярэжнага фауністычнага комплексу рэдкіх відаў жывёл і птушак. Пл. 51 га.
Тэрыторыя — забалочаны і меліяраваны луг з закінутымі тарфянымі кар’ерамі і хмызнякамі. У цэнтры заказніка вадаём. У арнітафауне каля 60 птушак (44 гнездавальных), у т. л. з Чырв. кнігі Беларусі: лебедзь-шыпун, малыя паганка, чайка, крачка і бугай, уліт вялікі, паручайнік і інш.; 10 відаў млекакормячых, у т. л. выдра, амер. норка, гарнастай і інш. Заказнік служыць для рассялення прыбярэжных відаў птушак па інш. вадаёмах, стварэння спрыяльных умоў для пералётных і інш. відаў птушак. Аб’ект прыродазнаўчых экскурсій.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́СЬМЯН (Leśmian; сапр.Лесман; Lesman) Баляслаў
(каля 1878, Варшава — 5.11.1937),
польскі паэт; прадстаўнік польск. сімвалізму. Чл. Польскай акадэміі л-ры (1933). Скончыў Кіеўскі ун-т (1903). У 1901—07 супрацоўнік польск. і рус.перыяд. друку. Заснавальнік эксперым.Маст.т-ра ў Варшаве (1911). Аўтар паэтычных зб-каў «Сад на ростанях» (1912), «Луг» (1920), «Цяністы напой» (1936), «Лясное дзеянне» (выд. 1938), апрацовак нар. казак «Казанні пра Сезама», «Прыгоды Сіндбада-Марахода» (абедзве 1913), эсэ, літ. артыкулаў, перакладаў. Паэзіі Л. ўласцівы шчырасць і палкасць пачуцця, імкненне спазнаць прыроду; стыль адметны ўжываннем архаізмаў, дыялектызмаў і неалагізмаў. На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў А.Мінкін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬЕЎ (Фёдар Аляксандравіч) (22.2.1850, г. Гатчына Ленінградскай вобл. — 6.10.1873),
рускі жывапісец-пейзажыст. Вучыўся ў Пецярбургу ў Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў (1866—67), у АМ (1871), зазнаў уплыў І.Шышкіна, быў блізкі да І.М.Крамскога. Ужо ў ранніх пейзажах, напісаных насычанымі фарбамі, адухоўленых і рамантычна ўзнёслых, вобразы рус. прыроды паэтычныя і глыбокія («Перад навальніцай», 1868—69, і інш.). Вынікам сумеснай паездкі на Волгу з І.Рэпіным (1870) сталі малюнкі і жывапісныя творы («Від на Волзе. Баржы»). Найб. значныя яго пейзажы («Адліга», 1871, «Мокры луг», 1872) маюць эпічны і велічны характар («У крымскіх гарах», 1873). У Нац.маст. музеі Беларусі карціны Васільева «Пейзаж» (1869), «Крым» і «Перад навальніцай» (абедзве 1873).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЕ́ЦКІЯ ПЕ́СНІ,
невялікая група песень летняга цыкла каляндарна-абрадавай паэзіі. Вядомы ў многіх земляробчых народаў свету. Спяваліся ў час касьбы і ўборкі сена. Перадаюць атмасферу касавіцы, клопат селяніна пра тое, каб своечасова ўправіцца з работай на сенажаці. К.п. пераважна лірычнага характару, у іх трапляюцца элементы рамант. ўспрымання касецкай працы («Касары косяць, вецер павявае, // Шаўкова трава на касу палягае»), паказаны яе размах («Пакосяць усе горы і даліны»), чуецца скарга касцоў на пана-прыгонніка, цяжар працы («Ой, да бокам, хмарачка, бокам»). Тэматыка К.п. уключае і любоўныя матывы («Зажурылася маладая ўдовушка», «Ветрык вее, сонейка грэе»), закранае сямейныя адносіны («На балоце касец косіць»). Некат. з іх маюць жартоўную афарбоўку. Для паэтыкі К.п. характэрна выкарыстанне вобразаў прыроды (дуброва, луг, скошаная трава, лёгкі ветрык, сонца, хмара і інш.), якія ствараюць натуральны фон працы касцоў. Мелодыка асобных К.п. набліжаецца да жніўных песень.